Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: У нас засталася адна нявырашаная задача — атрыманне ўласнай вакцыны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў віцебскую кампанію «БелВітуніфарм», якая будзе ствараць айчынную вакцыну супраць каранавіруса. Па словах кіраўніка краіны, гэта вытворчасць даць велізарны імпульс для развіцця не толькі Віцебшчыны, а ўсяго паўночнага рэгіёна. 


Фота: «Пул Першага».

Акцыянернае таварыства «БелВітуніфарм», размешчанае ў Віцебскім раёне, адно з вядучых па стварэнню ветэрынарных прэпаратаў у краіне. У асартыменце каля 150 лекавых сродкаў для жывёл. Гэта забяспечвае палову патрэб рэспублікі. Падчас візіту на прадпрыемства кіраўнік краіны заслухаў даклады чыноўнікаў, азнаёміўся з магутнасцямі кампаніі і перспектывай адкрыцця новых цэхаў. У парадку дня таксама была нарада па пытаннях распрацоўкі супрацьвірусных вакцын.


Для людзей і для жывёл

«БелВітуніфарм» гатовы перайсці ад стварэння лекаў для жывёлы да вытворчасці вакцын для людзей. Пачаць мяркуюць са стварэння і разліву беларускай вакцыны ад каранавіруса. Эксперыментальны цэх для гэтага плануюць размясціць у асноўным корпусе. Пасля для вытворчасці вакцыны прадпрыемства пабудуе новы корпус, тэрыторыя ўжо падрыхтавана.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будзе арганізавана вытворчасць вакцыны ад каранавіруса, якія прадпрыемствы будуць задзейнічаны ў гэтай працы і на якіх этапах. «Нам жа сёння трэба лячыць ковід, а заўтра — іншую заразу. Каб мы маглі, атрымаўшы вакцыну, тут жа яе і размножыць, вырабіць у большай колькасці», — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што цяпер у свеце асаблівай папулярнасцю карыстаюцца расійская і кітайская вакцыны ад COVID-19. Ён падкрэсліў, што і беларуская павінна мець высокую эфектыўнасць.

На «БелВітуніфарме» размова ішла таксама аб штодзённай дзейнасці прадпрыемства па вытворчасці прэпаратаў для жывёл. Было адзначана, што на рэгістрацыю новых вакцын сыходзіць два-тры гады, за гэты час на рынак паспявае трапіць замежны прэпарат. Таму на прадпрыемстве прапанавалі ўдасканаліць парадак рэгістрацыі айчынных прэпаратаў для жывёл. «Падрыхтуйце ўсе рашэнні на працягу месяца, каб у верасні прынялі, — даручыў Прэзідэнт. — Да канца года закрываем гэтую тэму. Кантроль — у Косінца (Аляксандр, памочнік Прэзідэнта — „Зв.“)».

Пад патранатам «БелВітуніфарма» знаходзіцца адна гаспадарка. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрыемства зможа ўзяць пад апеку яшчэ некалькі калгасаў. «У вас вельмі магутнае прадпрыемства. Разумныя людзі, шмат людзей — яны пацягнулі б. А мы маглі б дапамагчы тэхнікай. Трэба разгледзець гэтае пытанне, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я не кажу, што трэба ўзяць і пакласці яму груз на плечы, каб ён паваліўся. Я хачу вашыя мазгі, нагрузіўшы іх, выкарыстоўваць для сумежных мэтаў».


«У нас засталася адна нявырашаная задача — атрыманне ўласнай вакцыны»

Тэма барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй застаецца ў ліку прыярытэтных не толькі для нашай краіны, але і ўсяго свету, пачаў Прэзідэнт нараду па пытаннях распрацоўкі супрацьвірусных вакцын. Але адзначыў, што сёння няма глабальных падстаў для хвалявання. «У чарговы раз хачу запэўніць усіх: мы з каранавіруснай бядой сёння спраўляемся. Думаю, на годным узроўні, без лішняга інфармацыйнага шуму, палітычных сварак, дэманстрацый, каменданцкіх гадзін, як у асобных краінах, асабліва з так званай развітай дэмакратыяй», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён працягнуў, што не атрымалася ні ў кога пераламаць эканоміку і яе законы — лакдаўны, падзенне BУП, беспрацоўе, вар’яцкія эмісійныя грошы, якія сёння ўкінутыя ў эканоміку планеты, узлёт сусветных цэн і іншыя наступствы ацвярозілі абсалютна ўсіх.

Па словах Прэзідэнта, Беларусь выдаткавала на барацьбу з ковідам толькі бюджэтных грошай 750-800 мільёнаў долараў у эквіваленце. Плюс амаль столькі ж — самі арганізацыі ўсіх формаў уласнасці.

«Наша небагатая краіна ўклала рэсурсы па ўсіх напрамках — надбаўкі ўрачам, закупка лекаў і вакцын, арганізацыя вытворчасці масак і сродкаў дэзінфекцыі. Мы бясплатна прышчапляем сваё насельніцтва і за невялікія грошы прымаем на прышчэпку ўсіх жадаючых замежнікаў. Па сутнасці, у нас засталася адна нявырашаная задача — атрыманне ўласнай вакцыны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што для гэтага створана прававая база і падпісаны шэраг дакументаў.

Прэзідэнт расказаў, што ў няпросты час за кошт іншых напрамкаў знайшлі 10 мільёнаў рублёў інавацыйных грошай і бюджэтных сродкаў на карысць Міністэрства аховы здароўя і Акадэміі навук на першы этап вытворчасці вакцыны.

«Засталося галоўнае — вынік у заяўленыя тэрміны! Тут прысутнічаюць тыя, хто ў свой час шпарка дакладваў тэму і пераконваў, што вакцыну мы атрымаем. І з Акадэміі вучоныя, і з Міністэрства аховы здароўя. Таму сёння патрэбны не справаздачы аб вашым гераізме», — абазначыў кірунак размовы Прэзідэнт і заявіў, што яму хацелася б пачуць канкрэтныя захады і крокі, якія прынясуць эфект.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што даўно планаваў наведаць «БелВітуніфарм», як адну з патэнцыяльных пляцовак для вытворчасці вакцыны. Але тады прадпрыемства было не гатова прыняць кіраўніка краіны і папрасіла адтэрміноўку.

«Для віцябчан выбар вашага прадпрыемства для вытворчасці беларускай вакцыны — не толькі каласальная адказнасць, а гэта велізарны імпульс для развіцця ўсяго нашага паўночнага рэгіёна, — сказаў Прэзідэнт і растлумачыў, чаму: у сродках масавай інфармацыі кажуць, што калектыўны імунітэт не дапаможа. А вось тое, што гэта зараза з намі будзе заўсёды — з гэтым тэзісам ніхто не бярэцца спрачацца. На планеце ўжо больш за 7 мільярдаў чалавек. Пры гэтым заходнія вытворцы заявілі, што падымаюць цану. Адсюль вынік — запыт на гэты тавар будзе вельмі значным. Не праспім, як мы ўмеем, развернемся — значыць, хутка атрымаем вытворчасць з экспартным патэнцыялам на сотні мільёнаў долараў».

Прымусовай вакцынацыі быць не павінна

На нарадзе абмеркавалі некалькі пытанняў. Першае — бягучыя тэмпы захваральнасці, справы з ковідам у краіне, як лечаць і якія вынікі. 

«Я хачу адразу папярэдзіць: ніякай самазаспакоенасці быць не павінна. Гэта як і ў палітыцы. Пратэстуны, хвалі гэтыя схлынулі, але супакойвацца нельга. Вы бачыце, што нас цярэбяць з усіх бакоў, але Бог ёсць. Памятаеце, як прайшоўся па заходніх краінах засухай, ліўнямі і што ў нашых суседзяў адбываецца, больш за ўсё у Літве, Латвіі і Польшчы. Пра Украіну не кажу...», — параўнаў медыцыну і палітыку Прэзідэнт. 

Ад міністра аховы здароўя ён чакаў ацэнку дзеянняў кіраўнікоў рэгіёнаў і сталіцы па забяспечанасці лекамі, медыцынскім персаналам, бальнічнымі ложкамі, кіслародам, па рэабілітацыі і аднаўленні цяжкіх пацыентаў, захаванні выпрацаваных сацыяльных мерапрыемстваў.

Сярод пытанняў зададзеных Прэзідэнтам па першым блоку пытанняў — ці можам ацаніць узровень чакаемай да восені захваральнасці COVID-19 у Беларусі, ці гатовы да магчымага новага вітку пандэміі.

Другая тэма нарады — вакцынацыя насельніцтва. Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі зафіксаваны індыйскі штам каранавіруса і выпрацаваны меры па яго лячэнні. Пакуль прагнозы апраўдваюць сябе, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: БелТА

«Але колькі яшчэ будзе гэтых штамаў, і не толькі індыйскіх, ніхто не ведае. Таму я шмат разоў казаў і паўтараю: наша галоўная задача — у тым ліку і вакцынацыя. Кожны павінен разумець, што вакцына — гэта не адзін раз вакцынаваўся і ўсё. Як паказвае сітуацыя ў свеце — не. Але тое, што вакцына паслабіць захворванне, калі заразішся, — гэта факт», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Ён адмовіўся ад пераліку лічбаў узроўню неабходнай вакцынацыі па краіне і параіў зыходзіць з іншага прынцыпу.

«Кожны чалавек — гаспадар свайго здароўя. Кожны чалавек павінен разумець, што гэта не толькі яго здароўе. Калі ён заразіўся, можа падкінуць заразу іншаму. У гэтым яго калектыўная, грамадская адказнасць», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што прымусовай вакцынацыі быць не павінна.

«Катэгарычна папярэджваю, калі да мяне дойдзе інфармацыя, што кагосьці прымушаюць, нахіляюць і далей, ведаеце, што рэакцыя з майго боку будзе імгненнай і катэгарычнай. Добраахвотная вакцынацыя. Хоча чалавек, хай вакцынуецца, не хоча — не трэба», — растлумачыў сваю пазіцыю кіраўнік краіны.

Але, на яго думку, ёсць групы людзей, якіх неабходна не прымушаць, а папрасіць. Сярод іх урачы — яны разумеюць важнасць прышчэпкі.
«Гэта дасведчаныя людзі. У нас сярод урачоў больш за ўсё вакцынаваных, больш за 70 працэнтаў. Вось і не трэба нікога прымушаць, яны самі гэта разумеюць. Ёсць яшчэ катэгорыі людзей, якія не толькі за сябе адказваюць, але і за тых, хто навокал. Гэта прадаўцы, працаўнікі аптэк, сацыяльныя службы. Але трэці раз заяўляю: ніхто не мае права нікога прымушаць. Папрасіце, пераканаеце. У нас людзі разумныя. Таму, ніякага прымушэння», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, таму што ў Беларусі не прымушаюць, як у Літве, прышчапляцца, дзве дозы ўжо атрымалі больш за мільён чалавек, адзін укол зрабілі каля двух мільёнаў беларусаў.
«Цяжка сказаць, шмат гэтага ці мала. Пакуль я не магу ні з чым параўнаць. Ды і міжнародныя даследаванні, разнастайныя заявы, артыкулы ў часопісах не даюць мне падстаў заявіць, шмат ці мала. Вакцына ёсць. Ёсць кітайская, расійская, Захад прапанаваў нам праз Рэспубліку Польшчу заходнюю вакцыну. Калі Мінаховы здароўя яна неабходна, мы можам яе завезці, каб людзі маглі выбраць», — прапанаваў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт папрасіў далажыць, як адбываецца працэс вакцынацыі насельніцтва ў рэгіёнах і калі дасягнем жаданага ўзроўню.

Трэці блок пытанняў — вытворчасць вакцын, і не толькі ад COVID-19.

«Мы засноўваем вытворчасць усіх вакцын. Сёння гэта ковід, а заўтра нейкая іншая будзе зараза. Але ў нас павінна быць вытворчасць гатова, як у Расіі. У іх вытворчасць ёсць, яны выдзелілі вірус і пачалі вытворчасць. У нас павінна быць аналагічна», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ яго цікавіць, на якой стадыі арганізацыя вытворчасці «Спутнік V» па поўным цыкле на плошчах РУП «Белмедпрэпараты», ці ўсе пытанні ўрэгуляваны з расійскімі партнёрамі. На парадку дня нарады і было пытанне вытворчасці некаторых вакцын для жывёл, у тым ліку і ад афрыканскай чумы свіней.

«Мы дамаўляліся, што мы будзем працаваць у гэтым кірунку. Як мяне праінфармавалі, вакцына ёсць. Таксама абмяркуем гэтае пытанне»,— рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


 У тэму

Міністр аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ паведаміў, што захваральнасць не па пнеўманіях складае 73,6 на 100 тысяч чалавек за тыдзень. У параўнанні з Расіяй, Вялікабрытаніяй, Ізраілем гэта значна менш. Амаль на роўных з намі Японія.

«Два рэгіёны — Віцебскі і Гродзенскі — менш за 20 працэнтаў (18 у Віцебску і 16 у Гродне) па захваральнасці ад асенняга піку пнеўманіямі, па хворых, што ў стацыянарах. Магілёў — 29, астатнія рэгіёны — 22-23 працэнты. А ў цэлым, 23 працэнты ад піка асенняй захваральнасці пнеўманіямі», — прывёў лічбы Дзмітрый Піневіч.

«БелВітуніфарм» гатовы перайсці і на вытворчасць вакцын для людзей, у тым ліку заняцца стварэннем і разлівам беларускай вакцыны ад каранавірусу. Эксперыментальны цэх для гэтага плануюць размясціць на ўжо існуючай вытворчасці. Сяргей Бальшакоў, генеральны дырэктар «БелВітуніфарм» паведаміў, што працэс стварэння вакцыны для чалавека і для жывёлы па вытворчых пытаннях на 90 працэнтаў супадае. «Створана новае прадпрыемства сумесна з „Белмедпрэпараты“, дзе будзе ўлівацца яго вопыт у „чалавечай“ медыцыне, і нашага — у біялагічнай прамысловасці. Новае прадпрыемства будзе выпускаць вакцыну для людзей на новым абсталяванні без сувязі з жывёльным светам. Тут узаемасувязь адна — вопыт работы», — тлумачыць Сяргей Бальшакоў. Ён дадае, што практыка стварэння вакцыны для людзей на вытворчасці, якая практыкуецца на вырабе лекаў для жывёл — сусветная практыка. Так працуе, напрыклад, кампанія Pfizer. 

Уладзімір Гарбуноў, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што ўжо створаны прататып вакцыны і праводзяцца яго даклінічныя выпрабаванні.

«Праведзены выпрабаванні ін вітра (у прабірцы — „Зв.“), выпрабаванні на мышах. Вакцыну атрымалі з некалькіх штамаў — індыйскага, брытанскага і іншых, — сказаў навуковец. — Не будзе ўніверсальнай вакцыны, якая будзе актыўная ў адносінах да ўсіх штамаў вірусу. Але будзе дынамічны працэс дапрацоўкі прэпарата».

Навуковец дадае, што пакуль ствараюць платформу для вакцыны. На яе аснове будуць прыстасоўваць прэпараты ад штаму вірусу, які будзе цыркуліраваць у грамадстве. 

Пасля даклінічных выпрабаванняў вакцына пройдзе фазу клінічных выпрабаванняў, будуць спраектаваны вытворчыя плошчы і прэпарат паставяць на вытворчасць. Па словах Уладзіміра Гарбунова, гэта зойме прыкладна год.

Сергей Бяляеў, генеральны дырэктар РУП «Белмедпрэпараты», асноўнай будучай пляцоўкі па стварэнні беларускай вакцыны ад каранаріруса, акцэнтаваў увагу, што вытворчасць будзе складацца з двух этапаў. Першы — дапрамысловая вытворчасць, калі будзе лабараторная тэхналогія адаптавацца да прамысловай. На гэтым этапе плануюць задзейнічаць магутнасці «БелВітуніфарма», дзе будзе стварацца актыўны кампанент. На «Белмедпрэпаратах» вакцыну мяркуюць «збіраць» і выпускаць гатовыя дозы.

— «Белмедпрэпараты» маюць вопыт работы з вакцыннымі прэпаратамі. У нас зараз выпускаецца вакцына Спутнік V. Гэта будзе вельмі падобны працэс. Адзінае — будуць дадатковыя стадыі па зборцы вакцыннага прэпарату»,— падкрэслівае Сяргей Бяляеў.

Марыя ДАДАЛКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.