Вы тут

Крэатыўны патэнцыял сучаснай беларускай паэзіі


Інавацыі — заканамерны вынік творчай дзейнасці чалавека. Для стымулявання наватарскіх пошукаў апошнім часам навукоўцы раяць звяртацца да метадалогіі сінэргетыкі, якая вывучае дынаміку складаных сістэм. Вялікі поспех адбываецца і на шляху выкарыстання міждысцыплінарных метадаў. Можна вылучыць прыклады канцэптуальнага і сінтэтычнага наватарства, пераносу жанраў з іншых відаў мастацтва ў паэзію і пераносу жанраў з іншанацыянальнай традыцыі на беларускую глебу.


Фота з сайта mag-rukodel.ru.

Інавацыйную стратэгію можна разглядаць і як пераадоленне паэтамі жанравых зададзенасцей, удасканаленне фармальных ці змястоўных характарыстык верша, і як самапераадоленне, імкненне выйсці за межы традыцыі, не пабаяцца абнавіць сваё света- і вершаўспрыманне. Пра мадэрнізацыю паэзіі як выйсце за рамкі зададзеных змястоўна-фармальных схем і шаблонаў афарыстычна гаворыць Алесь Разанаў: «Жанр плённы тым, што ў яго ёсць мяжа — мяжа лука. І што ёсць пераўзыходжанне гэтай мяжы — палёт стралы».

Якраз творчасць Алеся Разанава можна разглядаць як праяву канцэптуальнага наватарства. Не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі ў перакладах вядома паэзія гэтага аўтара як аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў філасофскай лірыкі. Ён стварыў наступныя паэтычныя жанры: квантэмы, вершаказы, зномы і пункціры. Апошнім часам з’явіліся злёсы — у кнізе 2011-га года. Гэта творы-ўспаміны, або аўтабіяграфічныя творы. У прынцыпе, аўтабіяграфічныя творы, без заяўкі на аўтарскую жанравую назву, існавалі ў беларускай (і не толькі) паэзіі. Т. А. Ціхановіч (Аляшкевіч) у сваёй кандыдацкай дысертацыі разглядае гэтыя творы (без злёсаў) адназначна як новыя жанры. Хоць пры дэталёвым разглядзе вершаказы і зномы нам больш нагадваюць вершы ў прозе (з дабаўленнем гукапісу), а квантэмы і пункціры — лірычныя мініяцюры. Якраз апошнія — лірычныя мініяцюры, з іх выяўленнем «…адзінкавага, асабовага, індывідуальнага…» (Г. М. Кісліцына) — у вершах многіх паэтаў мелі назву, нават блізкую да жанравай (звычайна ў адно слова — адзор’і Казіміра Камейшы, ясачкі (трохрадкоўі) Рыгора Барадуліна, экспромты і пацеркі Сяргея Грахоўскага, бліскавінкі і шрацінкі Міхася Пазнякова і інш.), аднак іх ніхто асобным жанрам не лічыў.

Наватарскімі можна лічыць цвёрдыя формы чаргаві (чатырохрадковік з перакрыжаваным спосабам рыфмоўкі радкоў і філасофскім зместам) Ганада Чарказяна і вігінтуну (тры страфы па сем радкоў з рыфмоўкай абабвбв і скразным чаргаваннем мужчынcкіх і жаночых рыфмаў) Антона Францішка Брыля з яго кнігі «І ўпаў жолуд» (2011).

Пачалі таксама з’яўляцца вершы-формулы (у кнізе «Сцяблінка на лязе» Ірыны Дарафейчук, пасля — у аўтара гэтых радкоў) — як спроба паказаць з’яву, якая складаецца з некалькіх кампанентаў. З’яўляюцца таксама вершы-адлюстраванні (у А. Мінкіна, Э. Акуліна, аўтара гэтага артыкула), калі схема паўтору радкоў адпавядае таму, як быццам пасярэдзіне верша паставілі люстэрка. З’яўляюцца ў беларускай паэзіі антыжанры і аўтажанры. Эпітафіі «Гультаю», «Лавеласу», «П’яніцы» А. Зэкава з кнігі «Кругі ў галаве» (2007) і «Лагічна» Р. Барадуліна з кнігі «У неба пехатою» (2014) — сатырычныя, супрацьлеглыя паводле пафасу традыцыйным (жалобным), значыць, іх можна лічыць антыэпітафіямі. З аўтажанраў, якія адрасатам робяць не старонняга чытача, а самога аўтара, можна назваць «Аўтаэпіграму» і «Аўтарэцэнзію» — пародыю Анатоля Зэкава, «Аўтаэпіграму» Ніла Гілевіча, «Аўтаэпіграму» Міколы Татура, «Эпіграму на самога сябе» Станіслава Шушкевіча і «Аўтапрысвячэнне» Алеся Жыгунова.

Прыкладамі фармальна-сінтэтычнага наватарства можна назваць «Акрасанет» (акраверш + санет), «Акрамадрыгал» (акраверш + мадрыгал), «Акраліст» (акраверш + ліст) і «Акранавагодняе» (акраверш + віншаванне) Рыгора Барадуліна, «Рок-санет» Алеся Звонака, газелі-туюгі, лімэрыкі-туюгі, «І шал і сум і бур» («скразны санет з аплікацыяй, двайной газеллю і чатырма залюстраванымі туюгамі»), «Дождж од» (танка-паліндром), «Космас» (хайку-паліндром)  Сержа Мінскевіча, «Эпікурэйства» (санет-газель-туюг) і «Шчадрыца» (санет-брахікалан) Юрася Пацюпы, «Зрух» (санет-брахікалан) Уладзіміра Мархеля, «Вяртанне» (паэма-трыялет) Генадзя Аўласенкі, хоку-паэма Аксаны Спрынчан, паліндрамічная паэма «Рогі гор» Віктара Жыбуля, «Трыялет» — пародыя на радкі Сержука Сокалава-Воюша і «Лічылка» — пародыя на радкі Нэлі Тулупавай Анатоля Зэкава, «Вянок парадыйных санетаў» (вянок санетаў + пародыі-прысвячэнні розным аўтарам, дзе мадрыгалам з’яўляецца аўтапародыя) Міхася Пазнякова, «Парадыйная балада» (пародыя на балады В. Шніпа) Юрася Нератка, «Элегічны рытурнель-манарым» Міколы Віняцкага і інш. У сінтэтычных жанравых формах мы заўважылі наступную заканамернасць. Чым больш кампанентаў-жанраў у складзе сінтэтычнага мастацкага твора, тым цяжэй кожнаму са складнікаў захоўваць сваё жанравае аблічча. Тады ў складзе сінтэтычнага цэлага цвёрдыя формы і віды верша «ідуць на кампраміс» і ахвяруюць некаторымі сваімі ўласцівасцямі.

Наватарствам аўтара гэтых радкоў можна лічыць стварэнне жанра «верш-аўтатрэнінг» («Формула веры»), дзе, у адрозненне ад прыхільнікаў сугестыўнай лірыкі, якія ўнушаюць настрой чытачам, прапанавана ўстаноўка на лепшага сябе (падобнага кшталту вершы пазней з’явіліся ў Таццяны Будовіч, Адама Шостака і інш.). Да 70-гадовага юбілею прафесара БДУ Ірыны Скарапанавай намі быў напісаны верш формы «залатое сячэнне», не вядомай у айчыннай і сусветнай паэзіі, які быў надрукаваны ў «Настаўніцкай газеце» за 25 красавіка 2015 года. Твор мае 13 радкоў (5-радкоўе з яго самай распаўсюджданай схемай рыфмоўкі абааб і 8-радкоўе са схемай рыфмоўкі вгвг деде), што адпавядае прапорцыям залатога сячэння (тром суседнім лічбам з рада Фібаначы — 5-8-13).

Відавочны ўплыў санетаў на гэтую форму, бо тут падобная схема рыфмоўкі катрэнаў у складзе васьмірадкоўя, аўтар імкнулася пазбягаць паўтору самастойных часцін мовы, у апошнім сказе падводзяцца высновы, асаблівы семантычны акцэнт зроблены на апошнім слове — «Асоба» — як найістотнай характарыстыцы лірычнага адрасата. На сёння напісана больш за 10 вершаў гэтай формы, і яна сапраўды ўспрымаецца як вельмі гарманічная.

Наватарскім можна лічыць і перанос жанраў з іншых відаў мастацтва і сфер дзейнасці ў паэзію як праяву міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння. Так, напрыклад, з маўленчых жанраў у паэзію прыйшлі «парады» («Парады для Ліліт», «Боскія парады» аўтара артыкула, «Парада» («Не спяшайся ў рай…») Рыгора Барадуліна, «Не бойцеся!» Алеся Чобата), з дакументальнага эпісталярнага жанру — жанр «ліст» («Ліст да каханага», «Акраліст» аўтара гэтых радкоў, пазнейшы па часе напісання «Акраліст» Р. Барадуліна). Як перанос маўленчага жанру палілогу — верш «Чалавек — чалавеку...» (размова з класікамі: спроба аплікацыі) аўтара гэтага артыкула — яе палілог з Плаўтам, Фёдарам Дастаеўскім, Статыем і Максімам Багдановічам. Перанос маўленчых жанраў віншавання і зычэння ў паэзію — «Акранавагодняе» (акраверш + віншаванне), «Vivat!» (Акразычэнне), «Акравітаньне», «Акрачалом праз акіян» (акраверш + вітанне) Р. Барадуліна. Перанос жанра навуковага даследавання кшталту манаграфіі ў паэзію нарадзіў верш-«супермінілекцыю» «Роля жанчыны ў гісторыі філасофіі», «Эпіграму на паэтаў» аўтара гэтых радкоў і «Кароткі крос-культурны аналіз эмацыянальнай парадыгмы» Ірыны Хадарэнка. Перанос малітвы як царкоўна-рэлігійнага жанру ў сферу паэзіі — гэта «Малітва ратавання душы» аўтара гэтага артыкула, прысвечаная памяці Яўгеніі Янішчыц, а таксама малітвы, створаныя паэтамі Рыгорам Барадуліным, Данутай Бічэль і Алесем Чобатам. Запазычаннем са сферы кінамастацтва выглядаюць «Дыяфільм пра мора» (вершы-кадрыкі) Міколы Маляўкі («Прыбой», «Буёк», «Матылёк», «Каменьчыкі-праменьчыкі» і інш.), «Episode 801/11» Таццяны Сівец. Як перанос жанраў з жывапісу, музыкі і танца ў сучаснай беларускай паэзіі мы сустракаем вершы-эцюды («Восеньскі эцюд» Таісы Мельчанка, «Чарнобыльскія эцюды» Генадзя Аўласенкі, «Эцюд» Анатоля Дэбіша, «Крымскі эцюд» Уладзіміра Мазго), эскізы («Вячэра» Алеся Пісьмянкова, «Зімовы эскіз» Юрася Свіркі, «Эскіз да партрэта Сяргея Законнікава» РаманаТармолы-Мірскага, «Эскіз» Эдуарда Акуліна), акварэлі («Акварэлі» Навума

Гальпяровіча, «Акварэлі вясны» Міколы Мятліцкага, трыпціх «Акварэлі» Змітрака Марозава), партрэты (кніга «Аўтапартрэт» аўтара гэтых радкоў, «Барада Міколы Мятліцкага» эпіграма Кастуся Жука, накцюрны, серэнады, санаты (у Зьніча), вальсы («Вальс» Міколы Шабовіча, «Бэзавы вальс, або Вясновы сантымент» Таццяны Будовіч), фугі, полькі.

Прыкладам пераносу жанраў, якія існуюць у іншанацыянальнай традыцыі, на беларускую глебу можна назваць з’яўленне ў Андрэя Хадановіча лімэрыкаў — кароткіх гумарыстычных вершаў часта абсурднага і непрыстойнага зместу, узятых з англійскай (у прыватнасці — з ірландскай) паэзіі. Плёнам гэтага зацікаўлення стала яго кніга «Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі» (2005). Нядоўга ён быў самотным аўтарам гэтай цвёрдай формы: у хуткім часе лімэрыкі напісалі Серж Мінскевіч, Сяргей Балахонаў, Жбан Няўмера, Эдуард Дубянецкі і Цімур Буйко. Эдуард Дубянецкі творча засвоіў шмат форм з персідскай паэзіі (з самых рэдкіх — мураба, мусаба, мухамас, шаіры і інш.).

З рэдкіх форм, якія сустракаюцца ў сучаснай беларускай паэзіі, можна назваць брахікалан (Сяргей Панізнік, Уладзімір Мархель, Юрась Пацюпа), пантум («Сціплае жаданне» Э. Дубянецкага, «Скрозь прастору і час» аўтара гэтых радкоў), туюгі («Туюгі» Э. Акуліна, «Палыновая горыч» Э. Дубянецкага), альбы і сірвенты (Андрэй Хадановіч). Адраджаюцца некаторыя паэтычныя жанры, якія даўно не выкарыстоўваліся. Напрыклад, стансы, якія пісалі рамантыкі Байран і Кітс, а з сучасных беларускіх паэтаў гэты жанр па-постмадэрнісцку інтэртэкстуальна-іранічна пераасэнсоўваюць А. Хадановіч i А. Трафімчык. На цікавасць паэтаў да гэтага жанру магла паўплываць i кніга Нобелеўскага лаўрэата I. Бродскага «Новыя стансы да Аўгусты: вершы да М. Б. 1962—1982» (1983).

Перспектыўным нам бачыцца напісанне вершаў-травелогаў — твораў, якія па сутнасці з’яўляюцца паэтычнымі падарожнымі нататкамі або падарожнымі дзённікамі. Калі ўзяць найбольш яскравы прыклад з айчыннага мастацтва слова — вандроўкі Л. Дранько-Майсюка ў Грэцыю, Францыю, Ірландыю і Арменію і паэтычныя творы, якія ўсё гэта адлюстроўваюць, — гэта таксама доказ існавання травелога ў сучасным беларускім літаратурным працэсе. Вядомы таксама прыклады паэтычнага апісання падарожжаў у Таццяны Мушынскай («Серабрысты туман прыглушыў…» пра Венецыю), у Таццяны Сівец (паэма «Баку»), у Ігара Бабкова (верш «Лёндан»), у Галіны Сіўчанка (вершы «Дзённік вершавандроўніцы. Вільня. Магіла Чурлёніса», «Этна. Для М. Х.», «Лімерык. Для А. Ф.», «Венецыя. Для Адрыі», «Балоння. Немагчымае боскае») і інш. І раней, і цяпер такія творы былі нібыта справаздача паэтаў пра іх падарожжы ў іншыя краіны, пра спасціжэнне іншанацыянальных культурных традыцый, светапогляду і менталітэту. Зразумела, што вельмі важна зафіксаваць свае яскравыя ўражанні аб іншай краіне адразу, пакуль яны яшчэ яркія.

Такім чынам, у сучаснай беларускай паэзіі мы можам назіраць прыклады канцэптуальнага і сінтэтычнага наватарства, пераносу жанраў з іншых відаў мастацтва ў паэзію і перанос жанраў з іншанацыянальных традыцый на беларускую глебу. Выкарыстоўваюцца рэдкія формы і ўваскрашаюцца забытыя. Можна зрабіць высновы, што крэатыўны патэнцыял на стварэнне новых, пераасэнсаванне і сінтэз наяўных цвёрдых форм і відаў верша ў сучасных беларускіх мастакоў слова ёсць.

Таццяна БАРЫСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».