Вы тут

З шэрагу сапраўдных інтэлігентаў


Таццяна Кабржыцкая — вядомы літаратуразнаўца, паважаны педагог, прызнаны спецыяліст у галіне міжславянскіх і ў першую чаргу ўкраінска-беларускіх літаратурна-культурных сувязей. Сфера яе даследчыцкіх інтарэсаў і навукова-творчых зацікаўленняў арганічна вырасла з родавых каранёў, замацавалася жыццёва-сямейнымі традыцыямі і знакавым шлюбным саюзам.


Таццяна Кабржыцкая. Фота з уласнага архіва.

Таццяна Вячаславаўна нарадзілася 15 жніўня 1941 года ў Кіеве ў сям’і, напоўненай інтэлектуальнай атмасферай, пазначанай асаблівай нацыя- і культурацэнтрычнасцю і ў той жа момант зацікаўленай адкрытасцю сусветным духоўна-культурным тэндэнцыям і набыткам. Думаецца, што менавіта прыклад бацькоў (бацька — заслужаны артыст Украіны, прафесар Львоўскай кансерваторыі; маці — вядомы доктар) стаў вызначальным у фарміраванні такіх рыс яе характару, як мэтанакіраванасць, настойлівасць і адказнасць, прадвызначыў сапраўдную інтэлігентнасць і высокую культуру думкі і паводзін.

У 1964 г. скончыла філалагічны факультэт Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта, настаўнічала ў вясковай школе, вучылася ў аспірантуры. На навуковай канферэнцыі ў Адэсе пазнаёмілася з будучым мужам, тады мінскім студэнтам Вячаславам Рагойшам, таму далейшы лёс звязала з Беларуссю. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па ўкраінска-беларускіх літаратурных узаемасувязях (1971), працавала ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце педагогікі, а з 1980 г. — на кафедры рускай і славянскіх літаратур філалагічнага факультэта БДУ.

Справай гонару для яе было не толькі дасканала авалодаць беларускай мовай, але і пранікнуцца беларускай культурай, актыўна і натхнёна папулярызаваць і ўзбагачаць духоўныя скарбы ў цеснай узаемаабумоўленай сувязі са славянскім кантэкстам, найперш украінскім. Гэта маральна-этычнае і навукова-творчае крэда даследчыцы адразу ярка праявілася ў даследаваннях Таццяны Вячаславаўны і дзякуючы сямейна-творчаму саюзу з мужам. У дэбютнай сумеснай манаграфіі «Карані дружбы» (1976) сабраны, старанна вывераны, грунтоўна прааналізаваны багаты і змястоўны фактычны матэрыял па гісторыі беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Праяўленыя ёй скрупулёзнасць, настойлівасць і нястомнасць у пошуку фактаў і іх дакладнай аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі прадвызначылі характар і кірунак далейшых навуковых адкрыццяў. Руплівымі даследчыкамі па крупіцах былі сабраны і выдадзены ўсе прыжыццёвыя публікацыі Сяргея Палуяна, узноўлены яго жыццёвы і творчы шлях. Тым самым яго імя вярнулася ў беларускую літаратуру амаль з небыцця і стала важкім набыткам нацыянальнай культуры. «Код Палуяна» быў паспяхова расшыфраваны. Гэта знайшло адлюстраванне ў зборніку твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню» (1986), выданнях «Сляды знічкі» (1990) і «След, вечна жывы: Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні» (2018).

Дзякуючы манаграфіі «Наш і не наш Сяргей Пясецкі: Зоркі Радзімы пісьменніка над кодам яго жыццёвых і творчых калізій» (2014) у айчынную нацыянальна-культурную прастору абгрунтавана і доказна ўведзена творчасць гэтага ўраджэнца Беларусі, таленавітага раманіста. У яго яркіх творах адлюстраваны авантурныя і захапляльныя падзеі супярэчлівай пострэвалюцыйнай эпохі на нашай зямлі.

Плён удумлівых росшукаў Таццяны Вячаславаўны ў дыяпазоне беларуска-ўкраінскага культурна-гістарычнага, духоўна-творчага ўзаемадзеяння сабраны ў кнізе з сімвалічнай назвай: «Дзве Радзімы — Украіна і Беларусь — пад міратворчымі крыламі буслоў: нацыянальныя гісторыка-культурныя міфы, ідэйна-эстэтычныя пошукі ўкраінскай і беларускай літаратур» (2011).

У адзінстве з насычанай змястоўнасцю назва працы адлюстроўвае і шырыню кругагляду, і бліскучую эрудыцыю, і высакародную мэту навукова-творчага і глыбока гуманістычнага імператыву даследчыцы. Яна пераканана, што «тэндэнцыі суіснавання агульнага і адрознага ў ментальнасці, побыце, культуры ўкраінцаў і беларусаў, закладзеныя яшчэ ў старажытнасці, працягваюць сваё жыццё праз вякі. З цягам часу выспявае працэс афармлення ўласна нацыянальнай мовы і літаратуры. Пры гэтым, як сведчаць дасягненні апошніх стагоддзяў у кожным з нацыянальных мастацтваў, першапачатковыя імпульсы роднасці па-ранейшаму застаюцца жыватворнымі».

Дзякуючы «інтэлектуальна падвоеным» намаганням Таццяны Кабржыцкай і Вячаслава Рагойшы ўкраіністыка ў Беларусі аформілася як цэласная і перспектыўная галіна гуманітарных ведаў, са сваім праблемна-дыскурсіўным полем, ключавымі ідэямі, канцэпцыяй, стратэгіяй даследаванняў, згодна з якімі літаратура і — шырэй — культура Украіны прадстаўлены ў яе цеснай увязцы з беларускім кантэкстам.

Таццяна Вячаславаўна актыўна садзейнічала адкрыццю аддзялення ўкраінскай філалогіі на філфаку БДУ, дзе чытала лекцыі па гісторыі ўкраінскай літаратуры. Пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выдадзены шэраг грунтоўных навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў, якія прапануюць навукова-канцэптуальнае асэнсаванне літаратурнага працэсу ва Украіне ад старажытнасці да нашых дзён, праілюстраванае корпусам мастацкіх тэкстаў, і «надзейны інструментарый пазнання нацыянальна-непаўторнага і агульна-гуманістычнага пры комплексным даследаванні працэсаў міжнацыянальных камунікацый».

Выданні «Хрэстаматыя ўкраінскай літаратуры ў 5-ці частках» (2004—2011), «Фальклор і літаратура: феномен беларуска-польска-ўкраінскага культурнага сумежжа» (2011), «Нарысы суседазнаўства: Украіна, Польшча ў прасторы і часе вачыма беларусаў: знакавыя адметнасці міфалогіі, фальклору, культуры, народазнаўчых канцэптаў мастацкага твора» (2012); «Гісторыя ўкраінскай літаратуры: Украінска-беларуска-польскія літаратурныя дыялогі. У 2-х ч.» (2012, 2014), «Гісторыя славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэння: тэорыя і практыка» (2015), «Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі. У 3-х частках» (2012—2016) прэзентуюць не толькі салідны асабісты партрэт іх арганізатара, прафесійнага вучонага-кампаратывіста, але і важкую сумесную працу цэлай плеяды бясспрэчна таленавітых і адданых сваёй справе выкладчыкаў філалагічнага факультэта згаданай навучальнай установы. Адлюстраваны асноўныя заканамернасці развіцця і спецыфіка працэсаў узаемадзеяння літаратур Беларусі і краін суседак, найперш Украіны і Польшчы. Прапанаваны карысныя як для студэнтаў, так і для вучоных-літаратуразнаўцаў, кампаратывістаў матэрыялы аб найбольш яркіх і цікавых праявах гэтага ўзаемадзеяння. Даследаванні праведзены ў адпаведнасці з гісторыка-літаратурнымі перыядамі, змяшчаюць глыбокія тэарэтыка-аналітычныя развагі, багаты фактычны матэрыял, асэнсаванне найбольш яскравых мастацкіх з’яў, аналіз ключавых у нацыянальных карцінах свету канцэптаў.

Характэрнай рысай педагічнай методыкі Таццяны Кабржыцкай з’яўляецца настроенасць на «садуманне», «сатворчасць», прадуктыўны дыялог са студэнтамі, абуджэнне сапраўднай цікавасці да прадмета вывучэння, жывасці думкі, пазнаваўчай скіраванасці і арыгінальнасці мыслення. Таццяна Вячаславаўна выхавала не адно пакаленне прафесійных філолагаў. Сярод яе вучняў шмат вядомых і таленавітых людзей: Сяргей Кавалёў, Мікола Хаўстовіч, Язэп Янушкевіч, Алесь Пісьмянкоў, Алесь Бельскі, Мікола Хмяльніцкі, Мікола Трус і інш. З удзячнасцю прыгадваю лекцыі, у якіх прафесіяналізм, эрудыцыя, шырокі кругагляд гарманічна спалучаліся з душэўнасцю і добразычлівасцю, прыроджаным талентам Настаўніка, і я.

Плённая перакладчыцкая дзейнасць Таццяны Вячаславаўны нястомна папулярызуе дасягненні беларускага прыгожага пісьменства ва Украіне, а творы ўкраінскіх пісьменнікаў — у Беларусі. Як перакладчык, укладальнік яна спрычынілася да беларускамоўных выданняў твораў Лесі Украінкі, Міхайла Кацюбінскага, кнігі народных легенд, паданняў, казак «З крыніц адвечнай прыгажосці» (1997), для якой перастварыла ўкраінскія тэксты, напісала прадмову да кнігі перакладаў з Івана Франко «Народзе мой» (2006). Намаганнямі Таццяны Кабржыцкай і Вячаслава Рагойшы ў 2008 годзе пабачыў свет зборнік «Мае браты, мае суседзі», у якім у лепшых беларускіх перакладах змешчаны творы ўкраінскіх, а таксама польскіх, латышскіх, літоўскіх і чэшскіх аўтараў.

Знакавай падзеяй з’явіўся выхад з друку кнігі Тараса Шаўчэнкі «І мёртвым, і жывым, і ненароджаным…» (2014), у якой упершыню прадстаўлена ўся яго ўкраінскамоўная паэзія ў класічных перакладах на беларускую мову. Выданне стала сапраўдным падарункам беларусам да 200-гадовага юбілею Тараса Шаўчэнкі. Адметны мастацка-эстэтычны густ Таццяны Кабржыцкай і прафесіяналізм тэарэтыка і даследчыка перакладазнаўства Вячаслава Рагойшы паспрыялі таму, што пад адной вокладкай сабраны самыя лепшыя, узорныя з вядомых на сённяшні час варыянтаў перакладаў літаральна ўсіх вершаў, паэм, балад Тараса Рыгоравіча, у тым ліку тыя, што не друкаваліся раней. Арыгінальнай і прадуманай з’яўляецца канцэпцыя зборніка, якая ўвасоблена ў яго назве і адпавядае задуме ўкладальнікаў — падаць творчую спадчыну паэта як пасланне ХХІ стагоддзю.

У скарбонцы таленавітага перакладчыцкага здабытку Таццяны Вячаславаўны літаратурна-крытычная і публіцыстычная спадчына Максіма Багдановіча, што ўвайшла ва ўкраінскае выданне выбраных твораў класіка «Максим Богданович. Стратим-лебідь» (2002), прысвечаныя Украіне эсэ Уладзіміра Караткевіча, пераклады рамана Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» (з аўтарскага рукапісу), аповесцей «Аблава», «У тумане», выдадзеныя ў Кіеве ў 1990 і 2019 гг.

Таццяна Кабржыцкая больш за дваццаць гадоў узначальвала Беларускае аддзяленне Міжнароднай асацыяцыі ўкраіністаў, з’яўляецца яго ганаровым старшынёй, членам бюро беларускага Таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. За шматгадовую падзвіжніцкую працу ў галіне ўкраіністыкі, вывучэнне і папулярызацыю ўкраінскай культуры і літаратуры ў Беларусі ўганаравана ордэнам Святой княгіні Вольгі (2008). Таццяна Вячаславаўна — лаўрэат міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франко (2000), заслужаны работнік БДУ (2011).

Жанна ШАЛАДОНАВА, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.