Вы тут

Як ратаваць прыгажосць


Пяць мастацкіх выставак адкрыліся 29 ліпеня ў Палацы мастацтва. Праекты «35 гадоў пад знакам “Ч”», «Пласт-21», «Чатыры чвэрці. Расліны», «Вежы. Kasia & Basia» і «Аляксандр Лышчык. Скульптура» — плён працы сяброў Беларускага саюза мастакоў. «У гэтых праектах няма агульнай канцэпцыі, мы проста хацелі паказаць розныя напрамкі, тэмы ў мастацтве, якія цяпер вельмі актуальныя, — падкрэсліла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Калі адбываецца такі «выбух» нейкіх цікавых мастацкіх форм — гэта заўсёды выклікае вялікі інтарэс. Мы ў любым выпадку павінны прыцягваць людзей. І вось камусьці падабаецца кераміка, а камусьці жывапіс. А калі мы перамешваем у адной прасторы розныя віды мастацтва, то чалавек міжволі наведвае і глядзіць усё. Гэта пэўны момант адукацыі і самаадукацыі для гледача».


Вікторыя Ільіна «Селішча Кавальцы», 2020 г.

Адзін з найбуйнеўшых праектаў мае назву «Вежы. Kasia & Basia», па якой адразу можна здагадацца, творчасці мастакоў якой мясцовасці прысвечана выстаўка. Гродзенскія вежы-блізняты пабудаваны ў ХІХ і ХХ стагоддзях як воданапорныя. Доўгі час яны забяспечвалі горад пітной вадой. Пазней вежы перасталі спраўляцца са сваім прызначэннем і з тэхнічных аб’ектаў ператварыліся ў офісныя будынкі, адначасова набыўшы статус помнікаў прамысловай архітэктуры. Хто і калі даў вежам жаночыя імёны, сёння ўжо і не выведаць. Але гарадзенцы адзначаюць, што вежам яны пасуюць. Надышоў прыдатны час — і ў іх засяліліся мастакі. Вось ужо 30 гадоў там на трох паверхах знаходзяцца іх творчыя майстэрні. Але не толькі гэта аб’яднала шасцярых вядомых мастакоў у экспазіцыі адной выстаўкі, але і шматгадовае сяброўства. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў яны прыехалі ў Гродна і стварылі тут асаблівае месца прыцягнення. Шматлікія сумесныя праекты ў Беларусі і за мяжой нараджаліся якраз у вежах.

На выстаўцы ў Палацы мастацтва прадстаўлены работы вядомых гродзенскіх мастакоў Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Уладзіміра Панцялеева, Валянціны Шобы і Вікторыі Ільіной. Кожны з іх стварае ўласную прастору, адметную ярка выяўленым аўтарскім стылем.

Вялікую частку экспазіцыі склалі графічныя творы Валянціны Шобы, якія ўтвараюць цыкл «Малітва аб творчасці». На карцінах Валянціны, даволі абстрактных, — містычная прырода, казка, магія. Так мастачка адлюстроўвае рэчаіснасць. «Фраза “прыгажосць выратуе свет” сёння ўжо не працуе, яна не ўратуе. І не таму, што апраўдала сябе, а таму, што ўжо час ратаваць саму прыгажосць, — дзеліцца разважаннямі Валянціна Шоба. — Фарматам работ не выпадкова абраны квадрат. Гэта сімвал рэальнасці, невялікая частка рэчаў, якімі мы сябе акружаем. Квадрат утрымлівае ў сабе структуру крыжа і нярэдка можа выступаць яго сімвалічным аналагам. Квадрат — гэта містычны саюз чатырох стыхій, гэта перыяды — чатыры сусветныя стагоддзі, чатыры пары сутак, чатыры бакі свету і гэтак далей. Квадрат у дадзеным выпадку выступае як інструмент у магічнамалітоўнай практыцы малявання для выратавання прыгажосці. Другім элементам выступае круг, разам з ім квадрат — аснова старажытных мадэляў свету: у старажытных трактатах неба круглае, а зямля квадратная». Ці не спужае гледача такі сімвалізм?

Праект Валянціны Шобы, па яе вызначэнні, — «містычны рытуал па выратаванні прыгажосці». У кожным квадраціку з вялікага мноства ў серыі адлюстраваны стан мастачкі і яе настрой, духоўная праца. Многае тлумачыцца ў шматлікіх запісках, таксама змешчаных у квадрацікі. «І чакаць толькі тых, хто прыйдзе, і гаварыць толькі тым, хто чуе…» — цытуе яна вядомы выраз, што, здаецца, можа ахарактарызаваць сённяшнія стасункі творцы і гледача, якому бывае невыносна складана расшыфраваць усе коды і спасылкі, схаваныя ці выстаўленыя на пярэдні план карціны. Але ў выпадку з Валянцінай Шобай усё зразумела — прызнанага майстра жадаюць убачыць, імкнуцца пачуць і, што важна, зразумець.

Манументальныя кампазіцыі Аляксандра Сільвановіча ствараліся пад уплывам знаёмства з творчасцю гродзенскага тэатра лялек і па выніках непасрэднага ўдзелу ў стварэнні сцэнаграфіі спектакля «Фауст. Сны» (рэжысёр А. Жугжда). Яго галоўныя героі — лялькі-марыянеткі, якія ўдзельнічаюць у розных тэатральных эпізодах. Работы выклікаюць шмат асацыяцый, адрозніваюцца таемнасцю паэтычнай недасказанасці. Другі праект — «Каралеўскія гісторыі» — прысвечаны славутаму гістарычнаму мінуламу краіны. Праз міфалагічныя і казачныя матывы аўтару ўдалося паказаць асабістае бачанне свету прыгажосці, сонечнага і ў нечым ідэальнага.

Юрый Якавенка паказвае адразу некалькі новых серый афортаў. Вытанчанае майстэрства лініі, метафары, лаканічнасць — адметны стыль, «брэнд» знакамітага мастака, адзначаюць стваральнікі экспазіцыі. Сапраўды, можна пагадзіцца з тым, што яго работы вабяць у прыцягальны казачны свет, дзе блукаюць патаемныя жаданні і вельмі невыразныя асацыяцыі. Дапаўняюць гэтую частку выстаўкі металічныя матрыцы-дошкі і калекцыя парцалянавых талерак з выявамі работ мастака. Над унікальнымі праектамі ён працуе апошнія некалькі гадоў.

Трэба сказаць, што творы Юрыя Якавенкі — найбольш складаныя для ўспрымання з усіх, прадстаўленых на выстаўцы. Зразумела, што гэта набор свабодных асацыяцый, дзе зыходная тэма і сюжэт патрэбны для арыентацыі гледача, і яны не абмяжоўваюць разважанні мастака. Загадкавасць і шматсэнсоўнасць — асноўныя характарыстыкі работ графіка, не здольнага падстройвацца пад густы гледача. Апошняму ж застаецца заглядаць у свет творцы і шукаць у ім знаёмых ці прывабных герояў, каб наладзіць з імі дыялог.

Уладзімір Панцялееў «Начное», 2020 г.

У адносна невялікім праекце Сяргея Грыневіча прадстаўлены новыя творы, якія дагэтуль не экспанаваліся ў Мінску. Гэта фрагменты некалькіх серый, над якімі аўтар працуе ўжо некалькі гадоў — цыкл, звязаны з экалогіяй, і серыя твораў на сакральную тэматыку («ECO» і «Біблейскія сюжэты» адпаведна). Найяскравейшая яго работа — велізарнае насычанае палатно «Табун» (2019), дамінанта выстаўкі «Вежы. Kasia & Basia». Кампазіцыя можа ўспрымацца па-рознаму, у залежнасці ад бэкграўнда гледача, аднак колеры, колькасць герояў і, галоўнае, «кропка назірання» мастака кажуць пра сапраўды сакральныя для творцы сюжэты.

Метафарычная серыя драўлянай скульптуры, якую паказвае на выстаўцы Уладзімір Панцялееў, ужо дэманстравалася ў Мінску не так даўно — у рамках Фестывалю скульптуры. У ёй чалавек падаецца вельмі схематычна, абагульнена, як частка сусвету і сімвал дасканалай формы. Усе работы аб’ядноўвае архетыпічны вобраз, які адсылае да найлепшых узораў айчыннай і сусветнай скульптуры. 

Найбольш шматаблічны праект — Вікторыі Ільіной — мае назву «Ад колеру да манахрому» і цалкам адлюстроўвае экспазіцыю. У ёй спалучаюцца падкрэслена каляровыя палотны з манахромнымі, пабудаванымі на фактурнасці і гульні ліній. «Яшчэ ў гады вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце наш мудры настаўнік Алег Уладзіміравіч Хадыка выказаў такую думку: “Самае жывапіснае — гэта графіка”. І яшчэ адну: “Чым больш колеру, тым менш жывапісу”. Тады мяне гэта моцна кранула, інтуітыўна была згодна, што так і ёсць.

А вось зрабіць жывапіс з дапамогай адно чорнай і белай фарбы ўдалося толькі праз многія гады. Вядома, цяпер няма ў мяне такой катэгарычнасці, што вось гэта “самае-самае”, а другое не такое “самае”. Кожная манера пісьма мае права на існаванне». Яркасць колераў і манахромнасць, лінія і пляма, вывераная геаметрыя і абстракцыя — наколькі яны спалучаюцца адно з адным можна прасачыць якраз дзякуючы праекту «Ад колеру да манахрому».

Выстаўка «Вежы. Kasia & Basia» будзе экспанавацца да 15 жніўня.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.