Вы тут

У Чавусах з’явілася «Тэрыторыя аб’яднання»


Сімвалічная назва «Тэрыторыя аб’яднання» — гэта не паказальны жэст у сувязі з Годам адзінства, а вынік карпатлівай работы мясцовых улад, дэпутатаў і насельніцтва па рэалізацыі маштабнага праекта, які рэалізоўваўся на працягу апошніх двух гадоў. Пляцоўка адкрылася ў мікрараёне Льнозавода — аднаго з самых аддаленых куточкаў горада. У савецкі час, калі гаспадарка была моцная і перспектыўная, тут будаваліся шматпавярховікі, стваралася інфраструктура. З развалам Саюза ўтрымліваць такую вялікую тэрыторыю ў належным стане стала цяжка. З’яўленне буйной спартыўна-забаўляльнай пляцоўкі стала сапраўднай падзеяй для жыхароў. Бо гэта быў зусім не тыповы вопыт. І, як паказала практыка, вельмі рэзультатыўны.


Першы крок

Што рабіць, калі праблем шмат? Адназначна — з чагосьці пачынаць іх вырашаць. Каардынатарам стала дэпутат райсавета Алена Максімовіч — дырэктар Чавускай бібліятэчнай сеткі. Мікрараён Ільнозавода — якраз яе выбарчая акруга. Насельніцтва ўскладала на народную абранніцу вялікія надзеі, бо праблем сапраўды было шмат.

— Пачалося ўсё з першага сходу, на які сабралася шмат жыхароў, — успамінае яна свае першыя дні ў ролі дэпутата. — Мікрараён знаходзіцца на адлегласці 5-6 кіламетраў ад горада. На сённяшні дзень з сацыяльных аб’ектаў тут засталіся, лічы, толькі крама і дзіцячы садок. Былі пытанні па рамонце дарог і дамоў, арганізацыі месца адпачынку. Мы са старшынёй райсавета Анатолем Мацюліным прааналізавалі ўсё і вырашылі пачынаць менавіта са стварэння дзіцячай пляцоўкі. Бо дзяцей у мікрараёне шмат — больш за сто, а на тэрыторыі не было нават, мякка кажучы, арэляў. Гэта і было агучана на чарговым сходзе. Прычым з умовай, што людзі дапамогуць сваім непасрэдным удзелам. І нас падтрымалі.

Да збору сродкаў падключыліся маладыя маці. Сход быў у канцы лета, а да вясны ўжо назбіралася амаль тысяча рублёў. Хапіла на тое, каб заказаць мясцовым умельцам арэлі-балансір, пясочніцу, дзве альтанкі. Мясцовае прадпрыемства «Мір ільну», якое цяпер базіруецца на плошчах былога льнозавода, дапамагло разраўняць пляцоўку па вуліцы Гагарына, якую арганізатары ўзгаднілі з мясцовай уладай, прывезці тое гульнявое абсталяванне, якое было зроблена. Сектар культуры райвыканкама арганізаваў працоўны дэсант, каб усё гэта ўстанавіць. Далучыліся і мясцовыя прадпрымальнікі, з’явіліся сродкі на фарбы. Насельніцтва натхнёна наводзіла на пляцоўцы марафет. Адным словам, першы крок быў зроблены.

Другі крок

Дадатковыя сродкі атрымалася прыцягнуць за кошт удзелу ў некалькіх праектах. У рамках конкурсу, які быў аб’яўлены Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, пашчасціла ўвайсці ў пяцёрку пераможцаў і купіць невялічкі гульнявы комплекс — горачку з арэлькамі. Але хацелася чагосьці больш значнага. І ўдзел у конкурсе аднаго з праектаў па развіцці тэрыторый дапамог гэтага дасягнуць.

— На адным з пасяджэнняў асацыяцыі выступіў кіраўнік праекта, — расказвае Алена Максімовіч. — І мы вырашылі падключыцца. Разам з жыхарамі дамовіліся ўдасканаліць нашу дзіцячую пляцоўку і зрабіць на ёй нешта і для дарослых. Усім жа хочацца дзесьці адпачыць. Ініцыятыву назвалі «Тэрыторыя аб’яднання». Заявілі шматфункцыянальны комплекс, які ўключаў у сябе зону адпачынку са сцэнай пад адкрытым небам для канцэртаў і сходаў, трэнажоры, пешаходныя сцежкі ўнутры самой пляцоўкі, азеляненне, карусель для дзяцей, лаўкі, кветнікі, уваходную групу з назвай праекта. Ініцыятыва была настолькі незвычайная і ўсёабдымная, што была падтрыманая. Мы не маглі паверыць, калі даведаліся, што перамога і прызавы фонд — нашы. Як потым высветлілася, арганізатарам конкурсу спадабалася арыгінальнасць нашай ідэі, тое, што яна ахоплівала ўсіх — і дзяцей, і моладзь, і людзей сталага веку.

Па ўмовах праекта прадугледжана сафінансаванне з боку партнёраў. А гэта яшчэ дадатковыя грошы — тысячы долараў. Раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын, праз якую была пададзена заяўка на ўдзел у конкурсе, падтрымалі раённы орган мясцовага самакіравання мікрараёна льнозавода, раённы Савет дэпутатаў, сектар культуры Чавускага райвыканкама, прадпрыемства «Мір ільну», жылкамгас, лясгас, раённы камітэт БРСМ і іншыя. Актыўны ўдзел бралі жыхары мікрараёна.

— Праект даў магчымасць лепш зразумець нашых жыхароў, — кажа Алена. — У нас было каля 10 акцый па выраўноўванні пляцоўкі, пасадцы дрэў, устаноўцы абсталявання, навядзенні парадку. Каля 70 чалавек пастаянна ўдзельнічала ва ўсіх гэтых работах. І кожны чымсьці дапамагаў. Нехта прыносіў фарбы, нехта — саджанцы, нехта — расаду. Мы ўзнагародзілі ўсіх — і партнёраў, і валанцёраў. Усім вялікі дзякуй!

Крок трэці

Па сутнасці, прэзентацыя пляцоўкі — і ёсць выніковы ў дадзеным праекце крок. Гэта было вялікае свята з мастацкай самадзейнасцю, танцамі, спевамі, гульнямі. І малыя, і дарослыя выпрабоўвалі новае абсталяванне, радаваліся, што ёсць нарэшце месца, якое можа іх аб’яднаць. Адбыўся нават невялічкі фуршэт з салодкім кавуном, ліманадам і печывам для дзяцей. На памяць засталіся сотні здымкаў і яркіх уражанняў.

— Жыхароў гэта так натхніла, што яны закідваюць мяне новымі ідэямі, — смяецца Алена Максімовіч. — Вырашана і далей развіваць згаданую пляцоўку, а яшчэ ўзяцца за добраўпарадкаванне былога стадыёна. Ён у нас пакуль не вельмі дагледжаны, там амаль нічога са спартыўных снарадаў няма. Так што працэс працягваецца.

— Алена Уладзіміраўна — вельмі адказны і дзейны дэпутат, — кажа прадстаўніца органа мясцовага самакіравання мікразоны «Льнозавод» Раіса Аўраменка. — Мы і раней разам з неабыякавымі жыхарамі мікрараёна рабілі нейкія конкурсы, невялічкія святы, але з яе прыходам усё стала больш сур’ёзна. Яна змагла аб’яднаць нават дзяцей. Стварыла ў сацсетках групу, куды ўключыла іх, і яны там абменьваюцца інфармацыяй. Калі трэба сабрацца, ніякіх праблем няма. Раней актыўнасць праяўлялі ў асноўным жанчыны, але падчас работы над пляцоўкай далучылася і шмат мужчын. Бо там і пясок прыходзілася цягаць, і абсталяванне ўстанаўліваць. Гэтая справа сапраўды нас злучыла. І цяпер з раніцы да вечара на пляцоўцы людна. Прыемна, што наша тэрыторыя становіцца больш утульнай і прыгожай. Акрамя пляцоўкі, у нас ёсць шмат аб’ектаў, зробленых з непасрэдным удзелам жыхароў. Сёлета, напрыклад, мы пасадзілі невялічкі пладовы сад з 20 яблынь. У нас шмат кветнікаў, якія мы залажылі без удзелу тых жа камунальнікаў. Наш раён хоць і аддалены, але тут жыве шмат зараджаных на прыгажосць людзей. І не перабольшу, калі скажу, што да нас ужо трэба прыязджаць пераймаць вопыт.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота з газеты «Іскра»


Каментарый у тэму

Старшыня Чавускага райсавета дэпутатаў, старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін:

— Мікрараён Ільнозавода — крыху адарваная ад горада зона, і тут сапраўды існавалі складанасці з арганізацыяй культурнага адпачынку людзей. Спачатку жыхары звярнуліся да нас з патрабаваннем «нам гэта трэба», але скончылася ўсё дэмакратычным: «мы гэта зробім разам». Мы разам шукалі спосабы рэалізацыі іх пажаданняў, прыцягвалі сродкі асацыяцыі, грошы адмысловага конкурсу. Дапамагалі і прыватныя прадпрыемствы, і дзяржаўныя. Мы зрабілі прыгожую зону адпачынку з невялічкім амфітэатрам, альтанкамі, трэнажорамі і для дзяцей, і для дарослых. Гэтая пляцоўка нас усіх аб’яднала. На адкрыцці наш дэпутат Алена Максімовіч ушанавала каля 70 тутэйшых актывістаў. Яны вельмі ініцыятыўныя, спаборнічаюць у конкурсах на найлепшы пад’езд, найлепшую тэрыторыю. Гэта сапраўды было сапраўднае свята дружбы і адзінства.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?