Вы тут

Cяргей Сівец: Мы вельмі шмат ужо зрабілі ў заканадаўстве, каб папярэдзіць магчымасць паўтарэння поствыбарных падзей


Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Cяргей СІВЕЦ у размове з журналістамі паведаміў, што лейтматывам «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» стаў аналіз падзей, якія адбыліся падчас і пасля мінулых выбараў кіраўніка краіны.


«Мы вельмі шмат ужо зрабілі ў заканадаўстве, каб папярэдзіць магчымасць паўтарэння тых падзей. У нас сістэмна змянілася большасць заканадаўчых актаў — Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, законы аб масавых мерапрыемствах, СМІ. Гэта адбылося за кароткі тэрмін», — сказаў Сяргей Сівец.

Пры гэтым ён дадаў, што засталіся праблемныя моманты, якія сёння не ўрэгуляваны заканадаўствам і стаяць на парадку дня. Напрыклад, наданне статусу замежнага агента, супрацьдзеянне заклікам да санкцый супраць нашай дзяржавы.

«На мой погляд, парламентарыі чакалі, што Прэзідэнт агучыць сваю пазіцыю па гэтых пытаннях і задасць вектар далейшага развіцця нашай прававой сістэмы», — адзначыў сенатар.

Карыстаючыся магчымасцю, журналісты папрасілі Сяргея Сіўца як члена Канстытуцыйнай камісіі пракаментаваць, на якой стадыі знаходзіцца работа.

«Праект Канстытуцыі, апублікаваны на сайце Круглага стала дэмакратычных сіл Юрыем Васкрасенскім, — вядома, не той варыянт, які павінен быць сёння прадметам дыскусіі. Гэта рабочы варыянт. Па шэрагу пазіцый у членаў Канстытуцыйнай камісіі ёсць прынцыповыя разыходжанні. Колькасць выказаных заўваг па праекце — сведчанне таго, што работа ў самым разгары», — паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве верхняй палаты парламента.

Разам з тым ён заявіў, што не трэба забывацца — Прэзідэнтам жорстка пастаўлены тэрміны падрыхтоўкі праекта Асноўнага закона. Таму рэдакцыйная група Канстытуцыйнай камісіі ў паскораным рэжыме стараецца зняць наяўныя заўвагі, каб аператыўна перадаць праект на разгляд кіраўніку краіны.

Сяргей Сівец звяртае ўвагу: многія прапановы, што прагучалі на дыялогавых пляцоўках, былі ў лістах грамадзян, датычацца ключавых раздзелаў Канстытуцыі. Большасць — чацвёртага раздзела, які фармалізуе і фіксуе асновы палітычнай сістэмы дзяржавы.

«На парадку стаіць і пытанне надання канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу. Безумоўна, гэтыя пытанні патрабуюць усебаковай прапрацоўкі і вельмі складаныя з пункту гледжання юрыдычнай тэхнікі. Іх неабходна абмяркоўваць у сістэме, інтэграваць УНС такім чынам у палітычную сістэму дзяржавы, каб гэта не прывяло да нейкага дысбалансу сярод іншых дзяржаўных органаў. Неабходна дакладна размеркаваць паўнамоцтвы паміж выканаўчай, заканадаўчай, судовай уладамі, Прэзідэнтам. Гэта вельмі складаная, карпатлівая работа», — мяркуе сенатар.

Па словах парламентарыя, вельмі ідэалістычна ўспрымаць, што такая адказная дзейнасць не пацягне за сабой значных заўваг і праблемных момантаў, якія запатрабуюць дадатковага часу.
«Але работа далёка за экватарам, набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. Зразумела, вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, які напрацаваны, павінен быць усебакова прааналізаваны. Нам трэба паглядзець, як на будучае мы зможам залажыць палажэнні, якія будуць стратэгічным шляхам нацыянальнага развіцця нашай дзяржавы на дзесяцігоддзі. Бо Канстытуцыя павінна быць балансам, стабілізуючым фактарам нашага развіцця, і не дапускаць канстытуцыйна-прававых крызісаў паміж галінамі ўлады», — рэзюмуе Сяргей Сівец.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: «Мы вельмі шмат ужо зрабілі ў заканадаўстве, каб папярэдзіць магчымасць паўтарэння поствыбарных падзей»

Выбар рэдакцыі