Вы тут

«Калі сэрца і душа глухія, не адчуваюць ні болю, ні радасці — не пішы, не дадзена». Як пішуцца сучасныя дэтэктывы


Дэтэктыў даўно перастаў лічыцца забаўляльным жанрам — праз пакручастую сюжэтную лінію можна гаварыць пра вельмі сур'ёзныя рэчы... Дэтэктывы беларускага пісьменніка Віктара Праўдзіна менавіта такія: за «экшэнам» — развагі аб праблемах грамадства, духоўным выбары, які кожны мусіць рабіць штодзённа... «Візіцёр з Поўначы», «Эксгумацыя», «Шлях на Галгофу», «Танцавальны марафон», «Нелюбімыя гінуць», «Вяртанне з апраметнай»...

Напісанае зойме, мусіць, не адну паліцу. Нядаўна ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла чарговая кніга Віктара Праўдзіна «Парыж, Эйфелева вежа і...» Але гаворку з аўтарам мы пачалі не з літаратуры, а з яе вытокаў.


— Вы сцвярджалі, што няма ніводнага чалавека ў свеце, які быў бы раўнадушны да жывых ведаў пра сваіх продкаў... Пра сваіх шмат цікавага даведаліся?

— На тое ён і чалавек, каб ведаць свае карані. Хто я? Адкуль? Хто мае продкі?.. Нарэшце, на каго характарам і вонкава падобныя сам і дзеці?... Гэтыя пытанні прымушаюць шукаць адказы — і, вядома, найперш бацькі распавядаюць аб сабе, дзядулях, бабулях... Калі ж хтось захоча сысці ад адказаў, то ёсць школа. У бытнасць маёй вучобы ў пачатковых класах такога не было, а цяпер дзеці і ўнукі малююць генеалагічнае дрэва, то-бок выконваюць школьную праграму, што вельмі добра.

Асабіста мяне цікавасць да ўсяго, што звязана з сям'ёй, прымушала не толькі ставіць пытанні, але часта і дапытвацца, нават вышукваць адказы. Было недастаткова ведаць імёны: Аляксандр, Рыгор і Хрыстафор, Ульян, Фёдар, Іван... І гэта толькі па лініі бацькі. Яны нарадзіліся і, акрамя майго бацькі, жыццё пражылі ў Архангельскай губерні. Але ж на долю бацькі і дзядоў выпала бараніць Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны, браць удзел у фінскай і Першай сусветнай войнах. Наогул, адкуль сям'я Праўдзіных з'явілася ў глухой паўночнай тайзе падчас кіравання Расійскай імперыяй Пятром Вялікім? Пра гэта мог бы расказаць згаданы прапрапрадзед Іван. Мог бы, але да мяне дайшлі толькі паданні...

— Вы — былы марак... Ці былых маракоў не бывае? Як адлюстравалася служба на флоце ў творах, як паўплывала на вашыя характар і лёс?

— Згодзен, былых маракоў не бывае, як не бывае былых дэсантнікаў, пагранічнікаў, танкістаў, лётчыкаў. Запытайцеся ў кожнага вайскоўца любога роду войскаў, і яны вам адкажуць тое самае. Армія — выдатная школа жыцця, і той, хто сягоння сіліцца пераканаць у адваротным, прынамсі, хітруе, прыкрывае асабістыя маральныя, духоўныя ці якія іншыя недахопы, напрыклад, баязлівасць. Армія, ваенна-марскі флот ператварае юнакоў у сапраўдных мужчын, у абаронцаў Айчыны, прывучае да дысцыпліны, выхоўвае пачуццё адказнасці, павагі да старэйшага пакалення. Той, хто служыў тэрміновую службу, ведае цану сапраўднага сяброўства... Во!.. Сказаў так, як, пэўна, і сёння скажа кожны зампаліт... Але гэта праўда, я адказваю за свае словы, бо ў тым перакананы, сам прайшоў флоцкую школу жыцця. І сёння для мяне іншага выбару не існуе: калі раптам служыць тэрміновую службу — толькі ў ВМФ.

Рашэнне прысвяціць жыццё службе ў міліцыі і быць падобным на героя з кнігі «Сяржант міліцыі», якую напісаў Віль Ліпатаў, было прынята ў нейтральных водах Балтыйскага мора на палубе супрацьлодачнага карабля.
І, вядома, у сваёй творчасці я звяртаўся і звяртаюся да падзей, што са мной адбыліся падчас службы. Памятаю сяброў, перагортваю флоцкі альбом — і маладосць вяртаецца...

— Напэўна, вашы дэтэктыўныя творы заснаваныя на ўласным досведзе работы... Але крымінальная хроніка часта пераўзыходзіць любую фантазію. Ці шмат было выпадкаў, якія ператвараліся ў літаратурныя сюжэты? Ці было, што апісвалі рэальны выпадак, а гэта лічылі вымыслам?

— Адкажу адным cказам: калі б я не служыў у Ваенна-марскім флоце, не быў міліцыянерам Шаркаўшчынскага РАУС, не вучыўся ў Вышэйшай школе міліцыі МУС СССР і не служыў на розных пасадах, асабліва старшым участковым Першамайскага РАУС г. Мінска, — не было б і літаратара Віктара Праўдзіна. Можа, сказаў задужа эмацыянальна, нават пафасна, але тое праўда. Вельмі цяжка пісаць неперажытае, але і перажытае кімсьці хоць сто, хоць тысячу гадоў таму, калі той боль прапускаеш праз сваю душу, сэрца, — твор адбудзецца. Калі сэрца і душа глухія, не адчуваюць ні болю, ні радасці — не пішы, не дадзена.

Сухая крымінальная хроніка заўсёды жорсткая і трагічная. Там няма сантыментаў, але ж на тое і пісьменнік, каб абысці жорсткія факты і зрабіць твор чытэльным. Для мяне здзейснены ўчынак — ужо другаснае, мае значэнне толькі прычына. Што датычыцца фантазіі... Асабіста для мяне гэтага тэрміна ў чыстым выглядзе не існуе. Аўтар можа так абазначыць раман, аповесць ці апавяданне, скласці сюжэт, прыдумаць невядомых цяперашняму свету істот і прыроду. Ён робіць гэта для пэўнага кола чытачоў, і зямныя чалавечыя адносіны, дабро, зло, здрада, шантаж, каханне і іншае — аўтар абавязкова пакажа ў творы. Падзеі могуць адбывацца ў космасе, на вадзе і пад вадой — зрэшты, дзе душа пажадае, але іншых адносін не існуе, акрамя вядомых нам, людзям... Фантазіі — прыкрыты, а часта і непрыкрыты камуфляж, за якім схаваныя вядомыя аўтару здарэнні, і ён, аўтар, прапануе чытачу асабістую версію падзей, што адбыліся ў наш час ці шмат гадоў таму, а часта асабістыя жаданні пераносяцца ў будучыню. І гэта цудоўна — галоўнае, каб нас, літаратараў, чыталі і тыя, ад каго залежыць жыццё сягонняшняе. І не проста чыталі, а яшчэ звяралі градус напружання ў грамадстве. Мы балюча рэагуем, прапускаем праз сябе боль, надзеі, думкі, жаданні людзей усіх сацыяльных груп і пішам пра гэта... пішам... пішам...

Сюжэтны вымысел, блізкі да праўды, зразумела, прысутнічае. Напрыклад, у адным са сваіх раманаў я напісаў пра карабель з дзесяццю тонамі наркотыкаў, які перасякаў Атлантычны акіян і нечакана прапаў. Кніга выйшла — і во, неспадзяванка! Чытаю ў газеце крымінальную хроніку, і ажно дух захапіла. Гэткі ж карабель, з той самай краіны, што апісаў, насамрэч прапаў у Атлантыцы. Праўда, я памыліўся ў адным: карабель перавозіў не дзесяць, а пятнаццаць тон той брыдоты. І гэта не адзіны выпадак...

— Пісьменнік Васіль Хомчанка, які працаваў ваенным пракурорам, прызнаваўся, што пісаў у кабінеце, у перапынках паміж пасяджэннямі... Як пісалася вам падчас работы ў месцах, не звязаных з літаратурай, і якое для вас ідэальнае рабочае месца?

— Там, дзе пішацца, там і самае лепшае месца. Даводзілася пісаць і ў ванным пакоі. Збіў некалькі дошак, паставіў машынку-друкарку — вось табе і месца. Па-іншаму на той момант і быць не магло. Маленькія дзеці вымагалі цішыні... На службе нават падумаць пра літаратуру не мог. На творчасць заставаліся рэдкія выхадныя, ноч і штогадовы адпачынак. Калі пайшоў у адстаўку, з гэтым пытаннем стала лягчэй. У «Нёмане», «Полымі», у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі ў мяне быў свой кабінет! Заставаўся пасля работы і пісаў. Цяпер у мяне ёсць лецішча ў вёсцы Панфілаўшчына, стол каля акна, стос чыстай паперы, камп'ютар і слоўнікі... Месца добрае, але мара пра асабісты кабінет для творчасці так і засталася марай.

— Колькі факталагічнага ў рамане «Нелюбімыя гінуць»? І ці будзе працяг?

— Адразу хачу сказаць, што назву рамана «Нелюбімыя гінуць» падарыў мне Алесь Жук, выдатны празаік і чалавек. Я ніколі не сяду за пісьмовы стол і не пачну працаваць над творам, калі ў мяне няма назвы. Памятаю свой стан, мая істота аж закіпала ад падзей, фактаў, інфармацыі, а выхаду не знаходзіла, бо не было галоўнага — назвы. Алесь Жук, на той час галоўны рэдактар часопіса «Нёман», убачыў маю ўзбуджанасць і падабраў, як той казаў, да душы ключык. Так падышоў, што я коратка пераказаў сюжэт, што ніколі не рабіў і не раблю. Ён выслухаў, па-добраму ўсміхнуўся, махнуў рукой, сказаў:

— Назва ёсць, «Нелюбімыя гінуць» — якраз да твайго рамана.

Я разумеў, што Алесь Аляксандравіч аддае нешта са свайго, яшчэ ненапісанага, і не памыліўся. Ён пераказаў армейскі выпадак, што здарыўся падчас яго службы ў войску (здарэнне і цяпер памятаю да дробязяў). Трагедыя адбылася, і вінаватае было нераздзеленае каханне. Яшчэ раз хачу сказаць Алесю Аляксандравічу вялікі дзякуй.

Працяг рамана «Нелюбімыя гінуць» — ужо ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

— Ваша дачка — вядомы тэатральны мастак. Адкуль цікавасць да выяўленчага мастацтва, у сям'і нехта маляваў?

— Мая дачушка Валянціна Праўдзіна — сапраўды вядомы тэатральны мастак, і здольнасці да выяўленчага мастацтва, хутчэй за ўсё, у яе ад дзядулі, майго бацькі. Я не бачыў, каб ён нешта ці некага маляваў на паперы, а вось на пяску, калі, здаралася, былі на рыбалцы, імгненна мог з'явіцца малюнак чалавека, найчасцей мяне.

— Ці адразу пачалі пісаць на беларускай мове? Ці праўда, што мова — жывая стыхія са сваёй ментальнасцю, якая ўплывае на таго, хто ёю карыстаецца?

— Не, не адразу. Па абавязку службы мне даводзілася пісаць розныя заметкі прафілактычнага характару ў газеты. Часцей — у газету завода імя Вавілава і, зразумела, на рускай мове. Пісаў нешта і для сябе. Пра гэта даведаўся мой сябра, мастак Віктар Альшэўскі, і параіў пісаць на беларускай мове. Я паспрабаваў... і зацягнула... і быў шчаслівы... З'явіліся першыя апавяданні. Віктар Альшэўскі і Фелікс Янушкевіч амаль сілком адвялі мяне ў рэдакцыю часопіса «Маладосць», і я са сваімі пробамі пяра трапіў у надзейныя рукі Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча. У сярэдзіне васьмідзясятых убачылі свет першыя апавяданні, а яшчэ раней была надрукавана гумарэска ў
газеце «Звязда».

— У вашым рамане «Эксгумацыя» апошняе слова — «Рызыкнём». І героі, дамагаючыся справядлівасці, сапраўды часта рызыкуюць... Гэта і ваша жыццёвая пазіцыя?

— Справядлівасць і рызыка, на мой погляд, рэчы зусім рознага ўжытку і ў пэўных сітуацыях нават несумяшчальныя. Рызыка сугучная з авантурызмам... Авантурай жа, як вядома, дамагчыся справядлівасці немагчыма. А калі раптам і паспрабаваць нешта вырашыць, і нават дабіцца пэўнай мэты — гэта ўжо не справядлівасць.

— Я ведаю, што ў вас быў досвед напісання постмадэрнісцкіх твораў... Чаму адважыліся і як расцэньваеце падобныя эксперыменты?

— Часткова адказаў на гэтае пытанне, але мушу сказаць: мы ўсё жыццё ў пошуку, і спробы новага — як глыток паветра... Здараецца — не надта свежага.

— Вы любіце родную Шаркаўшчыну, яна для вас яшчэ і святая мясціна, дзе захоўваецца памяць пра свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава...

— Нарадзіўся я ў горадзе Ліда, дзяцінства прайшло ў саўгасе Гарадзец Шаркаўчынскага раёна, юнацтва — у самой Шаркаўшчыне. Мясціны старажытныя і вельмі дарагія майму сэрцу. Ёсць яшчэ вёска Панфілаўшчына Глыбоцкага раёна, дзе большую частку дзён у годзе і знаходжуся. Пра гэтыя месцы шмат напісаў, і калі чытачу цікава, лепш пачытаць кнігу «Іду насустрач...», а таксама апавяданне «Трыццаць міль да святасці», якое будзе надрукавана ў часопісе «Полымя» ў № 8. Гэты аповед пра святара Канстанціна Жданава, першага навамучаніка зямлі беларускай.

— У вас з'явіўся ўласны сайт, цікавы па дызайне... Хто ім займаецца?

— Сёлета, на дзень народзінаў дзеці падарылі сайт. Што з ім рабіць — пакуль не ведаю, але разумею, што хутка інтэрнэт поўнасцю ўвойдзе ў маё жыццё.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.