Вы тут

«Вы жывяце ў цудоўнай краіне з вялікай будучыняй»


Так лічыць журналіст з Грузіі, які меў магчымасць першы задаць пытанне кіраўніку дзяржавы Валерый КВАРАЦХЕЛІЯ застаўся пад уражаннем ад «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», якая днямі адбылася ў Мінску. Увогуле, доктар філасофіі, пісьменнік, кіраўнік Цэнтра грузінска-расійскага сяброўства, прэзідэнт Грамадскай акадэміі нацыянальных і сацыяльных адносін у захапленні ад нашай краіны. Гэтым медыйны эксперт падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» падчас інтэрв'ю.


— Валерый Давідавіч, ці не стаміліся падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», якая доўжылася рэкордныя 8 гадзін і 15 хвілін?

— Захапляюся вашым кіраўніком дзяржавы, які столькі часу змог вытрымліваць такі наплыў пытанняў, у тым ліку не самых прыемных і добразычлівых. У мяне свае ўяўленні аб Прэзідэнце Лукашэнку, Беларусі, вашым укладзе жыцця. І яны пацвердзіліся, калі я ўсё ўбачыў на свае вочы. Як яго сустракалі, як праводзілі — гэта ж трэба заслужыць!

— Вас даўно не было ў нашай краіне. Што памянялася ў Беларусі з таго часу, калі вы былі тут апошні раз?

— Я не быў у Мінску з 2010 года. І хачу сказаць, што за гэты час не змянілася нічога: у вас, як і раней, прыгожа, утульна, спакойна. Калі нешта і памянялася, дык толькі да лепшага. Нават з ілюмінатара самалёта відаць, якая ў вас цудоўная краіна. Беларускія самазвалы, трактары, халадзільнікі ведаюць ва ўсім свеце. Я днямі зайшоў у адну з мінскіх крам, дзе мне вельмі спадабаўся касцюм. Падумаў, што, хутчэй за ўсё, ён пашыты ў Францыі ці Італіі. Аказалася, што ён беларускі. І цана даступная. Як і мінулым разам, цяпер у Беларусь я прыехаў са сваім сынам. І мы шмат ходзім, глядзім. Я дзеля інтарэсу нават прапанаваў сыну знайсці ў Мінску хоць адзін недакурак. Нідзе няма! З прыгожых праспектаў і вуліц зайшлі ў двары: чыста фасад прыгожы, а за ім — зусім іншы бок медаля. І там здзівіліся: усё чыста, культурна. Нават у двары не ўбачылі ні аднаго недакурка. Трапілі на яго самым вечарам. Адзін за некалькі дзён, прычым жа наўмысна шукалі!

— Акрамя таго, гуляючы па мінскіх вуліцах, вы яшчэ паспелі правесці сацыялагічнае даследаванне. Пра што вы размаўлялі з беларусамі?

— Я ставіў перад сабой мэту вывучыць грамадскае меркаванне. Як толькі мы выйшлі з будынка аэрапорта і селі ў таксі, ужо ў кіроўцы аўтамабіля я пачаў пытацца пра тое, ці задаволены ён тым, што адбываецца ў Беларусі. Ніякага негатыву! Наадварот, людзі падтрымліваюць вашага Прэзідэнта. Кажуць, што тыя, хто бегаў за Ціханоўскай, нічога не даб'юцца, бо народ разумее, дзеля чаго гэта ўсё. Я і дагэтуль лічыў той шлях, па якім ідзе цяпер Беларусь, правільным. І мне прыемна, што маё меркаванне супала з думкамі саміх беларусаў. Размаўляў з людзьмі на вуліцы, у крамах, у гасцініцы, дзе спыніўся, і ні адзін чалавек мне не выказаў сваё незадавальненне ўладай і тым, што адбываецца ў Беларусі.

— Вам ёсць з чым параўноўваць...

— Я прыехаў у Беларусь з той краіны, у якой абсалютна ўсё па-іншаму. Народ не хацеў развалу Савецкага Саюза. 30 гадоў прайшло з тых падзей. Што мы маем сёння ў Грузіі? Нам казалі, што мы станем незалежнай дзяржавай. Мы ж сёння больш залежныя ад Злучаных Штатаў Амерыкі, ад калетыўнага Захаду, чым тады былі залежныя ад СССР. Нам абяцалі, што эканоміка будзе квітнець. Яна ж увогуле развалілася. Пры Савецкім Саюзе ў Грузіі працавалі такія прамысловыя гіганты, як заводы авія-, судна-, станка-, машынабудавання, добра развіваліся металургія, хімічная вытворчасць, якія гарантавалі годнае жыццё кожнаму жыхару рэспублікі. Пасля развалу СССР гэтыя заводы разбурылі і прадалі за мяжу як металалом. Некалькі чалавек разбагацела пасля гэтай прыватызацыі, якую народ назваў «прыхватызацыяй». А людзі засталіся ні з чым. Пасля таго ў Грузіі адбыліся грамадзянская вайна, войны з Абхазіяй, Южнай Асеціяй. Пазакрываліся некаторыя навучальныя ўстановы, сталі платныя медыцына, навучанне, якое яшчэ і знізілася па якасці. Жыццё пагоршылася — і народ пачаў бегчы як мага падалей ад сваёй Радзімы ў пошуку кавалка хлеба. Калі насельніцтва Грузіі пры Саюзе дасягала 6,5 мільёна чалавек, то сёння нас каля 3 мільёнаў. Мы страцілі палову свайго насельніцтва, 22 % тэрыторый. І гэта ўсё называюць дэмакратыяй і свабодай! Нам абяцалі, што мы далучымся да НАТА, уступім у Еўрасаюз. Прайшло 30 гадоў — нас нікуды так і не прынялі. А краіна працягвае развальвацца. Вы самі бачыце, што адбываецца ва Украіне. А гэта адна з самых вялікіх еўрапейскіх дзяржаў! І таксама ва ўсім вінаватая празаходняя арыентацыя.

У Беларусі нічога падобнага не адбылося. Ваш кіраўнік як у ваду глядзеў і добра разумеў, чым могуць скончыцца так званыя мірныя пратэсты, таму не даў разваліць краіну. Аляксандр Рыгоравіч абараняў не сябе, а народ. Гераічны народ, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны страціў кожнага трэцяга свайго жыхара. І няўжо ён можа здрадзіць гэтым людзям, якія з'яўляюцца нашчадкамі пераможцаў?! Эканоміка працуе, прэса функцыянуе, народ задаволены. Што яшчэ трэба зрабіць, каб Захад прызнаў вашу дэмакратыю? Абавязковы такі сцэнарый, як у Грузіі ці ва Украіне? Абавязкова трэба страціць чвэрць сваіх тэрыторый, давесці насельніцтва да паловы? Вы на правільным шляху. Зрабіць больш, чым зрабіў Лукашэнка, было немагчыма. Падчас візіту ў вашу краіну я пераканаўся, што вы жывяце ў цудоўнай краіне з вялікай будучыняй.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».