Вы тут

Беларускіх параалімпійцаў праводзілі на Гульні ў Токіа


Алімпійскія гульні ў Токіа скончыліся, але спартыўны азарт у японскай сталіцы працягвае кіпець. Пачынаюцца XVІ Летнія Параалімпійскія гульні. Беларусь на гэтым форуме прадставяць 20 спартсменаў. Выступяць яны у пяці відах спорту: плаванні, лёгкай атлетыцы, фехтаванні, дзюдо і веславанні.


Параалімпійскую каманду на Гульні ў Токіа праводзілі 12 жніўня ў Мінску каля стэлы «Мінск — горад-герой», знакавага месца беларускай сталіцы. «Прыемна бачыць вас у такім баявым настроі! Гэта пяцігадовая праца цэлага калектыву, трэнерскага штаба, навукі, тэхнічнай групы паступова пераходзіць да завяршэння. Упэўнены, што яна не пройдзе дарма. Вынікі гэтага сезону кажуць пра тое, што мы ў добрай фізічнай форме і ведаем, як змагацца з наймацнейшымі атлетамі на міжнароднай арэне. Упэўнены, што ўсё ў вас атрымаецца. Зрабіце тое, што ўмееце, а ўмееце вы многае», — павітаў спартсменаў першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дурноў.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч падкрэсліла, што для таго каб трапіць на Параалімпійскія гульні, спартсмены выканалі найскладанейшую работу. «У вас усё атрымалася. Вы героі! Я шчыра вам жадаю верыць у сябе, і ў вас усё атрымаецца. За вамі краіна і з вамі краіна. Кожны беларус верыць, што вы пераможаце. Вы беларусы, вы моцныя і вы зможаце ўсё!», — сказала
міністр.

Па словах старшыні Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Алега Шэпеля, поспехі спартсменаў-параалімпійцаў будуць прыкладам для ўсіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі: «Краіна ўклала многае ў вашу падрыхтоўку. І вы павінны паказаць, што вы людзі з вялікай літары. Я ўпэўнены, што ў вас усё атрымаецца. І калі вы сваім прыкладам выцегняце з чатырох сцен хоць бы некалькіх калясачнікаў — гэта вялікі поспех. Я ў вас веру! Я вамі ганаруся!»

Ад імя Нацыянальнага алімпійскага камітэта параалімпійскую зборную прывітала генеральны сакратар НАК Беларусі Паліна Галавіна. «Мне здаецца, што кожны, хто сёння вытрымаў адбор, — ужо герой і пераможца, таму што змог прадэманстраваць каласальную волю да перамогі, упартасць, цярпенне і вялікую мужнасць. Мы верым, што вы зможаце паказаць тое, на што вы здольныя. Мы верым, што вы станеце яркім прыкладам мужнасці і спартыўных перамог», — адзначыла яна.

Капітанам беларускай каманды ў Токіа будзе Ганна Канюк, адна з самых тытулаваных лёгкаатлетак у беларускай параалімпійскай зборнай. У яе спартыўнай гісторыі чатыры Параалімпіяды. У Афінах-2004 і ў Лондане-2012 яна станавілася бронзавым прызёрам у скачках у даўжыню
сярод слабавідушчых спартсменак. Капітан беларускай алімпійскай каманды Іван Ціхан перадаў Ганне беларускі сцяг, які ўжо пабываў на алімпійскім стадыёне ў Токіа. «Яны дакладна ведаюць, што едуць па сваю мэту і каб увасобіць мару ў рэальнасць. Размаўляючы са спартсменамі, я ўбачыў у іх жаданне змагацца і кампенсаваць наша выступленне. Пажаданне простае — зрабіць тое, што яны могуць, на што гатовыя. І калі яны гэта выканаюць, то ў іх будуць і медалі, і ўнутраная задаволенасць сабой», — падкрэсліў Іван Ціхан. Па яго словах, самае складанае ў Токіа — не шматлікія каранавірусныя абмежаванні, а перамога над уласнымі страхамі і хваляваннем.

А сама Ганна Канюк настроена па-баявому. «Мы сур'ёзна трэніраваліся, рыхтаваліся. І кожны з нас хоча паказаць высокі вынік, выступіць годна і заваяваць медаль. Мы цяжкасцяў не баімся, яны робяць нас мацнейшымі, і мы настроены на тое, каб усё лёгка перанесці і выступіць добра. Я ўжо другі раз капітан каманды і вялікі гонар, што каманда абрала мяне», — падзялілася яна.

Параалімпійскія гульні ў Токіа адбудуцца з 24 жніўня да 5 верасня. Усяго будзе разыграна 539 камплектаў медалёў у 22 відах спорту. Плануецца, што ў Гульнях возьме ўдзел каля 4400 спартсменаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.