Вы тут

«На выратаванне былі накіраваныя каласальныя рэсурсы»


Драматычныя гісторыі 16-гадовага Вадзіма Пальчанкі з Мсціслаўскага раёна і 12-гадовага Рамана Кагадоўскага з Мядзельшчыны, якія ў красавіку гэтага года на працягу невялікага адрэзка часу атрымалі моцныя апёкі — адзін падчас рыбнай лоўлі, калі зачапіўся вудай за электрычны дрот, другі — пры ратаванні малодшага брата на пажары — нікога не пакінулі абыякавымі. Дзеці, лічы, былі на мяжы жыцця і смерці, бо плошчы апёкаў складалі больш за палову паверхні целаў. Прэзідэнт асабіста ўзяў пад кантроль іх лячэнне. І вось прыемная навіна: стан Рамана Кагадоўскага ўдалося стабілізаваць, а Вадзім Пальчанка ўжо дома!


Людміла Рыбчынская — маці Вадзіма, працуе аператарам на Ходасаўскім паштовым аддзяленні, але цяпер у дэкрэтным водпуску. У яе другі шлюб — акрамя старэйшага Вадзіма, у сям’і выхоўваецца шасцігадовы сын Арсеній, а хутка народзіцца яшчэ і дачка. Жанчына лічыць, што ўрачы зрабілі неверагоднае — паставілі сына на ногі. Трэба радавацца, але яна ўвесь час плача, бо колькі ёй прыйшлося перажыць за гэтыя некалькі месяцаў, калі ішла барацьба за жыццё яе сына, — словамі не перадаць. У яе сітуацыі гэта цяжэй удвая. Прызнаецца, што 23 красавіка, калі сына забралі ў апёкавы цэнтр у Мінск, стаў другім днём яго нараджэння. І тая дата цяпер у яе сэрцы.

— Я прадчувала бяду, не хацела адпускаць яго на тую рыбалку, бо возера далёка ад дому, — гэтыя ўспаміны ёй даюцца вельмі цяжка нават цяпер, калі страшнае ўжо мінула. — Але ён вельмі прасіўся, з ім ехаў старэйшы сябар. І я здалася. Калі мне паведамілі, што здарылася, падалося, зямля сыходзіць з-пад ног.

Вадзім дома, але сэрца маці працягвае балець. Кажа, што сын трымаецца малайцом, не скардзіцца, але яна бачыць, як ён сутуліцца пры хадзе, якая чырвоная і грубая скура на яго руцэ і назе. Хлопец пасля Мінскага апёкавага цэнтра некаторы час знаходзіўся ў Магілёўскай абласной бальніцы на рэабілітацыі. Пакуль яму далі невялічкую перадышку, каб ён крыху пабыў дома і набраўся сіл. Але наперадзе яшчэ працяг лячэння. Вадзім перанёс 19 аперацый, і не выключана, што будуць яшчэ.

Ходасы — невялічкі аграгарадок у Мсціслаўскім раёне, кожная навіна тут на слыху. І калегі, і жыхары заўсёды ў курсе падзей. Трагедыю Людмілы перажываюць, як сваю асабістую.

— Мы вельмі спачуваем Людміле, дапамагалі, хто чым мог, — прызналася Святлана Громава, начальнік Ходасаўскага паштовага аддзялення, дзе працуе Людміла. — Ведаем, што хлопчык ужо дома і нават сустракаецца з аднагодкамі. Мы вельмі перажываем за нашу Людмілу, бо ўсё здарылася, калі яна збіралася ў дэкрэт. Гэта быў шок.

Святлана кажа, што Вадзім — ветлівы і добры падлетак, чулы, разумны. Любая маці такім сынам можа ганарыцца. На тэрыторыі аграгарадка не было чалавека, арганізацыі, прадпрыемства, якія не ўзялі б удзел у яго лёсе. За хлопца маліліся ў мясцовай царкве; нават вучні Ходасаўскай сярэдняй школы, дзе той вучыўся, падавалі запіскі.

Былая настаўніца, а сёння пенсіянерка Наталля Бліннікава і яе старэйшая калега Любоў Лехава арганізавалі збор грошай, каб дапамагчы сям’і.

— Ніводны не адмовіўся далучыцца да добрай справы, — кажа Наталля Дзмітрыеўна. — Усе спачувалі.

Калі б не тая трагедыя, Вадзім, напэўна, ужо сёлета б стаў курсантам Магілёўскага інстытута МУС.

— У Мсціслаўскім РАУС ёсць заява на яго паступленне да нас, — адзначыла афіцыйны прадстаўнік ВНУ Марына Грамыка. — У нас прыём заявак быў да 25 красавіка, але ён падаў дакументы загадзя.

Цяпер галоўная задача Вадзіма — набірацца сіл і змагацца далей. Пакуль — ніякіх прагнозаў. Усе, з кім атрымалася паразмаўляць, жадалі яму хутчэй стаць на ногі і, як той казаў, вярнуцца ў строй. Маці Вадзіма, Людміла Рыбчынская, папрасіла ад яе імя і ад імя ўсёй сям’і падзякаваць усім за клопат і ўвагу да сына. Яна ўдзячная Прэзідэнту, які ўзяў пад асабісты кантроль лячэнне Вадзіма, урачам, якія выцягнулі яго, лічы, з таго свету, землякам, усім тым жыхарам Беларусі, якія сачылі за ходам лячэння, маліліся за падлетка і падтрымлівалі сям’ю.

Як паведамляюць афіцыйныя сродкі інфармацыі, медыкаў, што выратавалі Рамана і Вадзіма, прадставяць да дзяржаўных узнагарод. Маці Вадзіма ні на секунду не сумняваецца, што людзі ў белых халатах здзейснілі сапраўдны подзвіг.

Ігар Каско, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, сенатар ад Магілёўскай вобласці:

— Асноўны блок тэрапіі хлопчык атрымаў у Мінску ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе яму зроблена 19 хірургічных карыруючых умяшанняў, дзе толькі паўтара месяца праводзілася інтэнсіўная тэрапія. У нас ён быў кароткі прамежкавы перыяд перад выпіскай дамоў — 2-2,5 тыдня. Яго чакае яшчэ вялікі блок рэабілітацыйна-аднаўленчых мерапрыемстваў і хірургічнай карэкцыі, якая будзе выконвацца ў Мінску. Мы ў гэтай гісторыі моцна не задзейнічаныя, але ў якасці каментарыя магу сказаць адно: на выратаванне гэтага дзіцяці былі накіраваныя каласальныя рэсурсы. Выжывальнасць людзей, якія атрымліваюць такія вялікія апёкі цела, вельмі нізкая. Такая медыцынская дапамога магла быць аказана толькі ў высокатэхналагічнай развітой краіне, у якой хапае рэсурсаў для выратавання дзіцяці ў такой сітуацыі. Мне вельмі горка чуць, калі нехта заклікае да ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Да чаго мы заклікаем? Да таго, каб мы не маглі аказваць дапамогу дзецям? Не давалі ім надзею на жыццё? Тое, што зрабілі мінчане па аднаўленні гэтага хлопчыка, — неверагодна. Я знімаю шапку і кланяюся гэтым дактарам у ногі. Мы пастараемся працягнуць тое, што яны пачалі, і максімальна аднавіць гэтае дзіця.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота з архіва Людмілы Рыбчынскай: Вадзім, папраўляйся!

Загаловак у газеце: «На выратаванне былі накіраваныя каласальныя рэсурсы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.