Вы тут

На баль едзем у Нясвіж!


Хочацца свята, ды не абы-якога? Тады гайда ў Нясвіж! Ужо ў бліжэйшую суботу, 14 жніўня, ва ўнутраным двары аднайменнага палацавага комплексу будзе панаваць баль. Кажуць, што ўпершыню. Прыгожае мерапрыемства запланавана ў рамках фестывалю гістарычных рэканструкцый. Але гэта яшчэ не ўсё! У гэты ж дзень розныя атракцыі будуць прыцягваць увагу ўдзельнікаў ажно да самай ночы…


Фота з архіва БелТА

Пра тое, што чакае яго ўдзельнікаў і гледачоў тэатральна-харэаграфічнага прадстаўлення, «Звяздзе» расказаў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Дзмітрый ЯШЧАНКА:

— З першых хвілін балю святочную атмасферу будуць ствараць статысты ў тэматычных касцюмах і артысты Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля старадаўняй беларускай музыкі «Пастараль» Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў, — адзначыў ён. — Цырымоніймайстар абвесціць гаспадароў балю — Францішку Уршулю Радзівіл і Міхаіла Казіміра Радзівіла «Рыбаньку».

Паводле яго слоў, на балі ў Нясвіжы таксама будуць гучаць і імёны іншых шляхетных родаў.

Вядома ж, будуць і танцы, але не абы-якія, а традыцыйныя бальныя: паланэз, падэграс і іншыя. Усё дзеянне будзе суправаджацца жывой музыкай у выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля старадаўняй беларускай музыкі «Пастараль» Дзяржынскай ДШМ, квінтэта капэлы «Санорус» Мінскай вобласці. Прагучыць і «Авэ Марыя» ў выкананні арт-гурта «Беларусы», якая таксама выканае і іншыя творы.

Па словах суразмоўніка, тэатральна-харэаграфічнае прадстаўленне зойме дзве гадзіны і запланавана з 17 да 19 гадзін.

— У далейшым такія мерапрыемствы стануць рэгулярнымі, бо яны прыцягваюць увагу да гісторыі нашай краіны, яе яркіх прадстаўнікоў і робяць гэта ў выглядзе «ажылых» карцін мінулага, — перакананы Дзмітрый Яшчанка.

Адзначым, што ў гэты дзень, 14 жніўня, фестывальныя мерапрыемствы распачнуцца з 11:30 і завершацца а поўначы. Арганізатарамі фестывалю гістарычных рэканструкцый «Нясвіж» выступаюць галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама і гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Такая каманда не магла не падрыхтаваць шмат цікавага.

Так, у англійскім парку, які знаходзіцца побач з палацавым комплексам, пройдзе ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Нясвіжская фатаграфія», кірмаш «Горад майстроў», выстава-прэзентацыя «Хлеб — жыцця аснова», прадстаўленне ў цырку-шапіто SIRIUS, канцэртная праграму з удзелам аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Мінскай вобласці і гурт Hard Wood, «Яварына», «Хмельны Вір», Nevrida, Yann Zhanchak, Sakramat, вогненнае шоу «вогненнае кола».

Алея паміж Старым паркам і палацавым ансамблем амаль на ўвесь дзень ператворыцца ў арт-алею «сувязь часоў» і ў зону актыўнасці «Магія цырка».

У гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» упэўнены, што фестываль гістарычных рэканструкцый «Нясвіж» стане адным з самых яркіх падзей жніўня на Міншчыне.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?