Вы тут

Сацыяльны аспект: чаму ў краіне падтрымліваюць сельгаспрадпрыемствы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму ў краіне падтрымліваюць сельгаспрадпрыемствы і кааператывы. Справа ў тым, што яны нясуць яшчэ і дадатковую сацыяльную нагрузку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы ААТ «Ціхінічы» ў Рагачоўскім раёне, перадае БелТА. 


Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся станам спраў у сельскай гаспадарцы раёна, развіццём арганізацый і ў прыватнасці ААТ «Ціхінічы». Асобны акцэнт быў зроблены на ўключэнні зямель у сельгасабарот, іх эфектыўным выкарыстанні, меліярацыі. 

Цяпер прапрацавана пытанне аб далучэнні да ААТ «Ціхінічы» яшчэ аднаго невялікага сельгаспрадпрыемства. У планах пабудаваць новы малочнатаварны комплекс, павялічыць дойны статак. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта павінен быць поўнасцю прадуманы крок, каб не перагрузіць асноўную гаспадарку, якая па факце выступае інвестарам. Такое рашэнне — аб далучэнні — падтрымлівае і само кіраўніцтва ААТ «Ціхінічы», з чым у тым ліку звязвае планы па далейшым развіцці. «Калі кіраўнік за, — гэта трэба вітаць, — сказаў Прэзідэнт. — Калі ён выцягне яго і яшчэ два возьме і пацягне, дык гэта толькі радавацца трэба. Але каб мы асабліва на горла не наступалі».

«За тое, што гаспадарку папрасіў далучыць, за гэта дзякуй. Трэба мець на ўвазе: такія людзі заслугоўваюць узнагарод, падтрымкі і заахвочвання», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў і сацыяльны аспект. У зоне работы такіх вялікіх прадпрыемстваў знаходзяцца многія вёскі. «Вось таму я і не развальваю сельгаспрадпрыемствы і кааператывы. Не дзялю на часткі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён растлумачыў, што ёсць фермеры, якія жадаюць узяць зямлю, але несці сацыяльную нагрузку не хочуць. «Мы падтрымліваем сельскую гаспадарку (сельгаспрадпрыемствы. — Заўвага БелТА), таму што яны глядзяць за вёскамі. А сацыяльная сфера і вёскі — людзі (пенсіянеры ў асноўным) — гэта наша адказнасць, дзяржаўная. Але калі мы на іх (сельгаспрадпрыемствы. — Заўвага БелТА) пераклалі, значыць, павінны падтрымаць. Вось у чым асноўная сутнасць падтрымкі сельскай гаспадаркі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі толькі мы цяпер вёскі аддадзім сельскаму Савету... А што ў сельсавета? Стол, кабінет і ручка. І ён нічога не зробіць».

Размова ў першую чаргу ідзе аб падтрыманні парадку, добраўпарадкаванні, дапамозе вяскоўцам у тых ці іншых пытаннях, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні з сельсаветам.

Прэзідэнт нагадаў і пра пытанні падтрымкі шматдзетных сем’яў у вёсцы, падрыхтоўкі дзяцей да школы. Гэтым у свой час Аляксандр Лукашэнка займаўся і сам, будучы кіраўніком сельгаспрадпрыемства. «Трэба працаваць па месцы так, як вы бачыце. Каб абараніць людзей, каб не было няроўнасці», — сказаў ён.

Спачатку ў ААТ «Ціхінічы» Аляксандр Лукашэнка наведаў машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства. Тут ішла размова аб тым, як можна эканомна і па-гаспадарску падыходзіць да тых ці іншых пытанняў у частцы ўтрымання і будаўніцтва аб’ектаў, абслугоўвання і захоўвання тэхнікі. Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане ўказаў на існуючыя рэзервы. Размова не толькі і не столькі пра машынны двор ААТ «Ціхінічы» — Прэзідэнт маштабіруе пытанне на краіну ў цэлым, бо ад эфектыўнасці ў асобных момантах залежыць агульны фінансавы рэзультат прадпрыемстваў, даходы работнікаў.

«Трэба разумна падысці і стварыць узорны машынны двор. Але ўсюды трэба эканоміць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не абмежаваўся дакладамі чыноўнікаў і кіраўніцтва арганізацыі. Канкрэтнымі дэталямі ён цікавіўся ў радавых работнікаў — ці хапае інструменту, як арганізаваны рамонт і абслугоўванне тэхнікі і г.д. Як расказалі кіраўніку дзяржавы, выкарыстоўваюцца інструменты айчыннай вытворчасці, у тым ліку прадукцыя Аршанскага інструментальнага завода, рашэнні па развіцці якога некалькі гадоў таму прымаліся на ўзроўні Прэзідэнта.

Убачаным Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены, падзякаваўшы работнікам за працу і падкрэсліўшы важнасць якаснага і своечасовага абслугоўвання тэхнікі. А інакш і купляць не трэба, адзначыў Прэзідэнт.


«Людзям патрэбна дастойная работа» — Лукашэнка арыентуе на развіццё вытворчасцей у «вёсках будучыні»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, наведваючы аграгарадок Ціхінічы ў Рагачоўскім раёне, азнаёміўся з развіццём і добраўпарадкаваннем сельскіх населеных пунктаў у рамках праекта «Вёска будучыні».

Усяго па краіне ў гэты праект уключылі больш за 170 аграгарадкоў і вёсак, у Гомельскай вобласці пераўтварыць у «вёскі будучыні» плануюць 23 населеныя пункты (з улікам пілотнага праекта ў аграгарадку Ляскавічы).

Населеныя пункты падзялілі на пяць узроўняў у залежнасці ад колькасці насельніцтва: першы — больш за 700 жыхароў, другі — 500-700, трэці — 200-500, чацвёрты — 50-200 і пяты — да 20 чалавек. У іх актыўна развіваюць вытворчасць і сацыяльную сферу.

«Мы, напэўна, калі-небудзь прыйдзем да таго, што людзі ў асноўным будуць жыць у аграгарадках. І дай бог нам захаваць вёскі другога ўзроўню», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на развіццё вытворчай сферы ў «вёсках будучыні». «У нас заўсёды адставала вытворчая сфера. Быццам бы ўсюды школы ёсць, магазіны, дамы культуры, дарогі і гэтак далей. А вытворчая база адставала. Гэта значыць людзей мы паселім, але ім жа трэба там даць дастойную работу. Таму трэба і вытворчасцю займацца», — падкрэсліў Прэзідэнт.

За апошнія два гады ў Ціхінічах абнавілі дарожную інфраструктуру, адрамантавалі і пабудавалі новыя сацыяльныя і спартыўныя аб’екты, азелянілі і добраўпарадкавалі тэрыторыю аграгарадка. Таксама была ўдасканалена вытворчая сфера прадпрыемстваў камунальнай уласнасці.

Работа па добраўпарадкаванні Ціхінічаў і пераўтварэнні аграгарадка ў «вёску будучыні» прадоўжыцца да 2025 года.


Лукашэнка: у спорце павінен быць свой сацыяльны ліфт

У спорце павінен быць свой сацыяльны ліфт. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы фізкультурна-аздараўленчы комплекс у аграгарадку Ціхінічы Рагачоўскага раёна.

«Трэба зрабіць „ліфты“ ў спорце, як сацыяльныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у любой вёсцы кожны юны спартсмен павінен мець магчымасць, калі ён хоча і паказвае добры вынік, прабіцца наверх. «Трэба даць ім магчымасць хутка падымацца, каб ён трэніраваўся і разумеў, што яго нідзе не закупораць, не застапараць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што на мясцовым узроўні многае залежыць і ад саміх трэнераў: яны павінны рухаць наперад сваіх вучняў і змагацца за іх будучыню.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай фізкультурна-аздараўленчага комплексу, паразмаўляў з трэнерамі і юнымі спартсменамі, абмеркаваўшы з імі іх планы і перспектывы, а таксама выступленне беларускіх атлетаў на Алімпіядзе ў Токіа. 

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Ціхінічы» ўвялі ў эксплуатацыю ў канцы 2010 года. Тут ёсць трэнажорная зала, стандартны і дзіцячы басейны, спартыўная гульнявая зала, зала настольнага тэніса, аднаўленчы цэнтр. Таксама на тэрыторыі комплексу размешчаны футбольнае і міні-футбольнае палі са штучным пакрыццём.

На базе ФАК з 2011 года працуе філіял спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву нумар 1 Рагачоўскага раёна.


Распрацоўваемую ў Беларусі вакцыну ад каранавіруса можна будзе аператыўна прыстасаваць да любога штама

«Будзем прыстасоўваць вакцыну пад будучыя хваробы. Мы вырабляем вакцыну такую, каб прыстасаваць яе да любога змянення, да любога штама гэтага віруса’», - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні адпаведныя пытанні разглядаліся на нарадзе ў Віцебскім раёне пры наведванні прадпрыемства, дзе будуць вырабляць айчынную вакцыну. «Як мы зрабілі выснову, мы яшчэ доўга будзем жыць з гэтай заразай. А таму трэба рыхтавацца і краіну да гэтага рыхтаваць. Адсюль вытворчасць уласных лякарстваў і вакцын, каб засцерагчы людзей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што ўчора на мерапрыемства прывезлі ў прабірцы айчынную вакцыну. «Ведаеце, многія будуць кпіць: ды ну, там беларусы нешта зрабілі. Мяне пераканаў той, хто распрацоўваў гэтыя вакцыны. Ён гаворыць: таварыш Прэзідэнт, калі нехта не верыць, я магу ўзяць з прабіркі гэту эксперыментальную вакцыну і сабе ўкалоць. Я гавару: пачакай, не трэба, ты павінен нам вырабіць паўмільёна доз вакцын, мы яе праверым, як належыць, а потым запусцім у вытворчасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


«Убіраць не было чым» — Лукашэнка нагадаў, як 25 гадоў таму ў полі прымалася рашэнне наконт айчыннага камбайна

Аднак размова пачалася не з тэхнічных характарыстык навінкі. Генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Федаровіч нагадаў, што 24 жніўня спаўняецца 25 гадоў, як было прынята прынцыповае рашэнне аб развіцці ў Беларусі айчыннага камбайнабудавання. 

«25 гадоў таму мы з ім на полі вырашалі, быць камбайну беларускаму ці не быць, — успомніў Аляксандр Лукашэнка. — Убіраць не было чым».

Прэзідэнт адзначыў, што тады многія выказваліся супраць такога рашэння, прапаноўваючы купляць неабходную тэхніку за мяжой. Цяпер жа ў Беларусі ёсць цэлая лінейка айчынных камбайнаў сусветнага ўзроўню. 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць над тым, каб 24 жніўня сустрэцца недзе ў полі і «заняць» гэту дату.

Прэзідэнту прадэманстравалі новы камбайн ў справе. Машына ў тым ліку можа аснашчацца сістэмамі аўтаматычнага кіравання, карціравання ўраджайнасці, відэанагляду. Усё зроблена як для высокай прадукцыйнасці, так і для зручнасці камбайнера.


«Свой лёс мы павінны вызначаць самі» — Лукашэнка пра сутнасць суверэнітэту і незалежнасці

«Нам трэба мець сваю краіну, каб жыць сваім розумам. І ў любыя, складаныя і не толькі, часы свой лёс і лёс кожнага чалавека мы павінны вызначаць самі. Па-народнаму ў гэтым сэнс суверэнітэту і незалежнасці», — заявіў беларускі лідар.

«Захаваўшы сваю незалежнасць, мы будзем вызначаць свой лёс, вырашаць, у якой дзяржаве нам жыць. А за намі нашы дзеці», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што беларусы і ён асабіста абсалютна мірныя людзі і не збіраюцца ні з кім біцца: «Мы вясковыя людзі. Мы ніколі без прычыны не біліся. Але калі ўжо нехта выхапіў жэрдку ці аглоблю і на цябе папёр, то мы маглі адказаць. Мы ж нікога не чапалі, нікому не перашкаджалі жыць, чаго яны ўзрушыліся там?! (на Захадзе і ў некаторых суседніх краінах. — Заўвага БелТА). Ашалелі наогул. І па ўсіх напрамках нам выстаўляюць прэтэнзіі. З дапамогай нашых гэтых адмарозкаў збеглых звар’яцелых, якія бегаюць ад Амерыкі да Польшчы: санкцыі, санкцыі, санкцыі».


Лукашэнка: мы павінны не проста перадаць краіну новаму пакаленню, а дапамагчы яму стаць на патрэбныя рэйкі

«Прыходзіць новае пакаленне. Вы бачыце, што жыццё мяняецца. Хацелася б, каб тое, на чым заўсёды трымалася жыццё і наш чалавек, засталіся: гэта праца і хлеб, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ідзе новае пакаленне, яно будзе іншае. Але мы павінны не проста ім перадаць краіну. Мы паступова, прыводзячы ў тым ліку і да ўлады іх, павінны бачыць, кантраляваць, дзе трэба, падказваць, каб яны не страцілі ўсё тое каштоўнае, што мы з вамі напрацавалі за гэтыя гады. Вось у чым сутнасць і маёй работы цяпер. І мы пачалі з заканадаўства».

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым нагадаў, чаму ў Беларусі вырашылі абнавіць Канстытуцыю. «Не толькі таму, што час прыйшоў. А таму, што ўсе крычалі: дайце „перамен“! Добра. Вы таксама хочаце перамен — гэта не праблема. Усе людзі хочуць перамен. Пажадана да лепшага, а не да горшага. Але калі ўжо і перамены, то іх трэба рабіць у адпаведнасці з законам. А асноўны закон — гэта Канстытуцыя. Гэта не я прыдумаў», — адзначыў Прэзідэнт.

«Прыйшоў час — прыйдуць іншыя людзі. Мы павінны ім перадаць краіну, паставіць іх, як у народзе кажуць, на патрэбныя рэйкі і падштурхнуць. А далей — няхай будуюць для сябе і сваіх дзяцей жыццё. Але проста так кінуць іх мы не можам. Нельга кідаць, таму што будзем жыць слабыя і будзем бачыць, як мучацца нашы дзеці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: не хачу, каб Беларусь стала полем бітвы

«Вы не думайце, што я спецыяльна ўскладняю абстаноўку, каб развязаць нейкую вайну. Тое, што я кажу, што можа ўспыхнуць трэцяя сусветная вайна, гэта не жарт», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў гісторыі ўжо не раз было, калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі перасякаліся інтарэсы вялікіх сусветных ігракоў, вынікам чаго станавіліся войны.

«Калі яны ўлезуць у Беларусь, то, зразумела, Расія глядзіць на гэта як на сваё. Таму што, не дай бог, рухне Беларусь — пад Смаленскам будуць стаяць гэтыя ракеты. Не там недзе за Кіевам і на Чорным моры, а пад Смаленскам. І тут счэпяцца ўсе вось гэтыя сілы. Яны ж — амерыканцы, еўрапейцы — задраліся не толькі з Расіяй, але і з кітайцамі. І я не хачу, каб Беларусь стала полем бітвы, як гэта было заўсёды. Мы ўжо наеліся гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я ніколькі не драматызую сітуацыю, але яна няпростая», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да вяскоўцаў, ён сказаў: «Мы будзем вырашаць усе пытанні, якія павінны вырашаць Прэзідэнт, урад, губернатары; у вас ёсць свая работа, жыццё, свае сем’і — глядзіце іх. Трэба будзе ваша дапамога — я паклічу вас. Пакуль жывіце спакойна, нікога не бойцеся. У нас ёсць каму вас абараніць».


Лукашэнка ля школьнай дошкі расказаў вяскоўцам аб стратэгіі развіцця вёсак і аграгарадкоў

Спецыяльна для сустрэчы з Прэзідэнтам на вуліцы аграгарадка былі ўстаноўлены лаўкі для людзей, а для кіраўніка дзяржавы прыгатавалі крэйду і дошку, каб ён мог наглядна ўсё расказаць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час працаваў настаўнікам, і цяпер якраз спатрэбіўся гэты вопыт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што каля 15 гадоў таму ў Беларусі падумалі аб тым, што «даўгі вёсцы трэба вяртаць». З таго часу былі рэалізаваны праграмы па адраджэнні вёскі, ствараліся аграгарадкі, развіваўся вытворчы сектар, для патрэб сельскай гаспадаркі пачала пастаўляцца больш магутная тэхніка. Адпаведна, узнікла неабходнасць у аб’яднанні і ўзбуйненні гаспадарак. З другога боку — паўстала пытанне, што рабіць з вёскамі, якія раней былі цэнтрамі невялікіх сельгаспрадпрыемстваў. «Прынята рашэнне, што гэтыя ўсе вёскі трэба захаваць», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка ўмоўна абазначыў іх як вёскі другога ўзроўню, а аграгарадкі — першага ўзроўню.

Акрамя таго, ёсць яшчэ і так званыя неперспектыўныя вёскі або хутары. Прэзідэнт адзначыў, што калі знойдуцца тыя людзі, а такія прыклады ёсць, якія знайшлі б магчымасць захаваць гэтыя населеныя пункты і нешта там зрабіць, то іх будуць падтрымліваць. «Трэцяму ўзроўню — самаму нізкаму — гэтым вёсачкам і хутарам быць, калі знойдуцца людзі, якія вернуцца ў сваю вёску або проста яе возьмуць. Мы і зямельны ўчастак дадзім, і дапаможам. Каб толькі яна жыла», заявіў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым задачы захаваць абсалютна ўсе вёскі трэцяга ўзроўню не стаіць, і гэта пры сучасным узроўні развіцця вытворчасці ў вёсцы і не трэба. «Жыццё змянілася. За гэтай вытворчасцю падцягваецца і сацыяльная сфера — з гэтых неперспектыўных вёсак, хутароў у вялікія вёскі, а больш за ўсё — у аграгарадок», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта значыць у тым плане, што я сюды прыехаў і мы гаворым пра вёску будучага, — вось яна тут. Гэта не нейкія там расказы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб наяўнасці ў краіне асобных планаў па развіцці пасёлкаў гарадскога тыпу і гарадоў-статысячнікаў.


У нас ёсць усё для таго, каб нармальна жыць, а чаго няма — купім

«У нас ёсць усё для таго, каб нармальна жыць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А тое, чаго ў нас сёння няма, мы купім, і не за вялікія грошы».

Гаворачы пра свой візіт у Рагачоўскі раён, Прэзідэнт заявіў, што адпачыў тут душой. «Бачу, што ў нас яшчэ порах у парахаўніцах ёсць. Людзі ў нас моцныя, надзейныя, і іх нямала. Нас — большасць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Так, тут ёсць людзі са сваім меркаваннем, якія са мной не згодныя. Але гэта людзі, якія прытрымліваюцца закону і разумеюць: які б ні быў Прэзідэнт, усё роўна трэба будзе працаваць».


«Не капай яму, сам туды трапіш» — Лукашэнка пра палітычны крызіс у Літве

«Мы трацілі грошы, абаранялі літоўцаў, палякаў і іншых. Яны вырашылі ўвесці санкцыі. Перш за ўсё перасталі будаваць, фінансаваць гэтыя цэнтры (для часовага ўтрымання нелегальных мігрантаў. — Заўвага БелТА). Я што, за свой кошт буду гэта будаваць? І потым, супраць Беларусі ўвялі санкцыі. Вы што, наогул ачумелі, я вас буду пасля гэтага абараняць? Вы мяне павесіць хочаце, а я павінен вас абараняць? Не. Ідуць да вас, вы пазвалі іх — бярыце. Не справіліся. Амаль 5 тыс. сёння ў Літве мігрантаў. Трымаюць, як... У нас жывёлу так не трымаюць. Не кормяць, цяжарныя жанчыны, некаторыя з дзеткамі ішлі туды. Выкідваюць адразу на граніцы. Мы забіраем, лечым, ратуем, а што ж рабіць», — сказаў Прэзідэнт.

«У Літве палітычны крызіс. Гэта гавораць: не капай яму, сам туды трапіш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».