Вы тут

Прытулак спадчыннікаў Малевіча і Шагала


Будынак, у якім размясцілася Арт-прастора, адна з найцікавейшых выставачных пляцовак Віцебска, быў узведзены ў канцы XIX стагоддзя ў стылі класіцызму і стаў адным з жылых асабнякоў заможных сем’яў горада. Адрас на той час — Падзвінская вуліца, каля якой было сканцэнтравана культурнае і грамадскае жыццё Віцебска. З 1910 года вуліца носіць імя Талстога, а ў знакамітым доме пад нумарам 7 доўгі час месціцца філіял Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва — Арт-прастора. Акрамя выставак, тут праходзяць музычныя і літаратурныя вечары, адукацыйныя семінары і лекцыі, навуковыя канферэнцыі, кінапаказы, творчыя сустрэчы з мастакамі і майстар-класы.


Некалькі слоў пра музей

Эксперыменты знакамітых і далёкіх ад мэйнстрыму мастакоў у сценах будынка з векавой гісторыяй… Усё гэта пра прытулак нефармальных спадчыннікаў Малевіча і Шагала, які называе сябе першым у Беларусi альтэрнатыўным музеем сучаснага выяўленчага мастацтва. Няхай патэнцыянальнага госця не бянтэжаць абшарпаныя сцены і пэўная няўтульнасць: лічыцца, што ледзь не любому арт-аб’екту папярэднічае творчы хаос. Несумненна, экспазіцыі гарманічна дапаўняюць адна адну і надаюць незвычайнаму выставачнаму цэнтру, дзе кожны з дзесяці пакояў адрозніваецца неардынарным дызайнам і экспазіцыйным рашэннем, непаўторную аўру. Дзверы выставачных залаў адкрыты для наведвальнікаў, таму кожны мае магчымасць пераканацца ў гэтым альбо абвергнуць. Увазе чытача прапануем некалькі адметных праектаў, але дададзім, што ў асноўнай экспазіцыі можна пазнаёміцца з творамі такіх віцебскіх мастакоў, як Валянціна Ляховіч, Кірыл Дзёмчаў, Алена Пятрова і інш.

Наталля Лісоўская. «Цяпло нашага дома»

Наталля Сяргееўна атрымала адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава і ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці. Пасля заканчэння апошняга працавала мастаком друкаванага малюнка на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін. Потым — у родным горадзе, дзе выкладае на кафедры дызайну, а з 1993-га яна — дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Працуе ў галіне габелена, у тэхніцы ручнога ткацтва і ў тэкстыльным дызайне. З’яўляецца навукоўцам-практыкам па распрацоўцы і ўкараненні вялікай колькасці структур тканін і малюнкаў на шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Шмат выстаўляецца на рэспубліканскіх і замежных выстаўках.

На пытанне, што прываблівае ў мастацтве габелена, майстар некалі адказала так: «Мой любімы колер — чырвоны. Ён сімвалізуе каханне. Любімы пісьменнік і паэт — Іван Бунін; з беларусаў — Максім Багдановіч. З габеленшчыкаў Беларусі мне даспадобы работы Валянціны Бартлавай, Галіны Крываблоцкай, Ларысы Густавай, Тамары Лісіцы. Цікавасць да габелена выяўляюць і зусім маладыя мастакі. Гэта значыць, што мастацтва габелена будзе жыць доўга. Захапляюся і жывапісам, але габелену ніколі не здраджваю, бо ў ім — мая душа і сэрца, мой настрой…»

Прыгажосць і захапленне беларускімі традыцыямі ўвасоблены аўтарам з дапамогай поўсці, сізалю, ільну. Творца пераасэнсоўвае мінулае, падвяргае яго мадэрнізацыі, тым самым звяртаючы ўвагу на спадчыну продкаў. Метафары, асацыяцыі, сімвалы — усё гэта характарыстыкі творчых пошукаў мастачкі, здольнай аб’яднаць абстракцыю і рэальнасць. Тэкстыль Наталлі Лісоўскай, вельмі яркі і кідкі (асабліва на фоне сцен без звыклага рамонту), складаецца не толькі з традыцыйнай ніці, але і не адхіляе нечаканыя матэрыялы: кераміку і шкло, драўляныя палачкі і метал, сізаль, лыка і г. д. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, дзякуючы спалучэнню розных па структуры валокнаў і пляценняў, паверхня габелена ажывае, набывае рэльеф, а часам і прасторавую глыбіню.

Ілья Гусакоў «Сучасны танец у Віцебску. Канец XX — пачатак XXI стагоддзя»

Галоўныя героі работ Ільі Гусакова — цела танцора і паветра. Яго фотапраект прысвечаны Міжнароднаму фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC), які праводзіцца ў Віцебску штогод з 1987-га. Фестываль стаў першым і да 1997 года заставаўся адзіным форумам сучаснага танца на тэрыторыі былога СССР. Як лічыць стваральнік выстаўкі, знакаміты фэст узнік «на роўным месцы», без якіх-небудзь гістарычных і культурных перадумоў, дзякуючы выключна творчай энергіі пэўнай суполкі. Фотаздымкі аўтар адабраў зыходзячы з жадання адлюстраваць эстэтычную форму і атмасферу IFMC. Летась арганізатары абвясцілі перанос свята. Пра лёс сёлетняга пакуль невядома.

Аснова экспазіцыі — эпізоды фестывалю розных гадоў у выпадковым парадку. Аўтар прысутнічаў на кожным і за час, калі змяняліся тэхналогіі, магчымасці фотакамеры і ўвогуле жанры мастацтва, паспеў зрабіць каля 20 тысяч фотаздымкаў на розныя апараты. Дакладную ж колькасць пакуль не падлічваў, але для творцы яна і не мае значэння.

Аўтар наўмысна не суправаджаў экспазіцыю інфармацыяй. Год здымкі, назва калектыву ці танцораў на сцэне, згадка спектакля — гэтага глядач не знойдзе, бо Ілья Гусакоў упэўнены: кожны твор жыве сваім жыццём і не мае патрэбы ў каментарыях. «Многія людзі, якія глядзелі тую ці іншую пастаноўку, заўважаюць, што адлюстраванага на фота яны не бачылі. Перад імі было шоу, а пасля ва ўяўленні кожнага складвалася свая карцінка. Асобны ж момант, які фіксуе фатограф, убачыць адзін з тысячы, — расказвае Ілья Гусакоў. — Да таго ж большасць гледачоў выказвалі такое меркаванне: нават калі пэўны нумар не ўдаўся, фотаздымак перадае зусім іншую атмасферу. І наадварот».

Некаторыя спыняюцца каля работ, якіх, дарэчы, не так ужо шмат, ледзь не на дзве гадзіны. Аднак знаходзяцца і тыя, каму творы такога кірунку зусім не даспадобы. Больш-менш нейтральнымі засталіся самі героі — яны, як правіла, бачаць (і, магчыма, хочуць бачыць) сябе іначай.

Фрагмент экспазіцыі Наталлі Лісоўскай

Галіна Васільева. «Madonna di Vitebsk»

Мастачка Галіна Васільева вядома сваім захапленнем абстракцыянізмам. У творчай скарбонцы — 17 выставачных праектаў за болей чым 30 гадоў арыгінальнага выяўлення ў творчасці, дзе дамінуюць простыя геаметрычныя формы, суіснуюць лаканічная канструктыўнасць, статычнасць і строгасць кампазіцыйна-пластычных рашэнняў, а таксама выкарыстоўваюцца лакальныя каляровыя плямы. Аднак праект у Арт-прасторы, прысвечаны Марку Шагалу, прадстаўляе выключна графіку, прытым даволі звыклую для вока аматара. Гэтым кірункам мастачка стала займацца ў 2011 годзе, пачынаючы з віцебскіх замалёвак. «30 гадоў Малевічаўскага абстракцыянізму і раптам — Шагалаўская графіка! — крыху здзіўляецца сама сабе Галіна Васільева. — Ніколі не паверыла б, што гэта зраблю, каб мне сказалі некалькі гадоў назад. Але ж так склаліся абставіны. У 2011-м у мяне не стала ўласнай майстэрні. Ствараць супрэматычныя аб’екты было немагчыма. З’явілася болей вольнага часу, які можна было праводзіць на вуліцах горада. Так, нарадзілася задума адлюстраваць мастацкі твар Віцебска. Вольны час бавіла ў шпацыры па родных вуліцах. І ўбачыла горад такім, якім яго бачыў Шагал, — узнёслым і паветрана лёгкім. А які мастацкі твар у сучаснага Віцебска? Я шукала адказ на гэтае пытанне. Стала рабіць замалёўкі на вуліцах: маленькія, 10 х 15, 18 х 20. А летась, калі пачалася пандэмія, пачала пісаць жаночыя вобразы. І ўсё гэта неяк пераплялося. Тады і нарадзіўся вобраз горада. Вось маюць жа гарады сваю абаронцу-маці: Сіксцінская мадонна, Бразільская, Беларуская, чаму ж няма нашай Віцебскай? Мадонна — маці — жыццё. Гэта мая тэма. Вырашыла — трэба стварыць сваю Віцебскую мадонну. І гэта абавязкова павінна быць Шагалаўская мадонна. Адсюль і стыль маёй графікі: празрыстыя колеры і нябесны палёт».

На выстаўцы прадстаўлены творы з некалькіх серый: «Віцебская мадонна», «Анёл над Віцебскам», «Імправізацыі на тэму», «Біблейскія сюжэты». Ірына Ніканорава, куратар выстаўкі, у сваю чаргу адзначае: «Калі ўбачыла малюнкі Галіны Сцяпанаўны, то адразу ўявіла іх у нашым памяшканні. Старадаўнія белыя цагляныя сцены і невялікая ўтульная зала — найлепшае атачэнне ўзнёслага сюжэта. Была мэта стварыць цікавую гісторыю. Атрымалася цэльнае апавяданне мастачкі — у стылі Шагала, але ж гісторыя асабіста “васільеўская”».

Артур Ісачэнкаў. «Без слоў»

Выстаўка жывапісу «Без слоў», якая праходзіць у межах праекта «Імунітэт», прысвечана сучаснікам і іх здольнасці захоўваць сваю індывідуальнасць у часы абмежаванняў і змен «кавіднай» эпохі. З падзеямі і з’явамі, пачуццямі і эмоцыямі, якія прымушаюць маўчаць, любы чалавек можа сутыкнуцца кожны дзень, і гэта настолькі натуральна, што часцяком ніхто не задумваецца пра перадумовы і вынікі. Аднак, падкрэслівае мастак і паэт Артур Ісачэнкаў, маўчанне — гэта таксама размова. Натуральна, вядзе яе кожны — з блізкімі і далёкімі людзьмі, з соцыумам і самім сабой ці, урэшце, са сваімі багамі.

Алегорыя — галоўная характарыстыка творчасці дадзенага мастака. І тут насамрэч не трэба шмат слоў. Артур Ісачэнкаў спрабуе адлюстраваць рэальныя і віртуальныя светы чалавечага існавання, зафіксаваць знешнія і ўнутраныя станы асобы, паказаць непаўторнасць і ўнікальнасць вопыту кожнага, хто здольны думаць, жадаць, марыць. Экзістэнцыянальныя пытанні, на якія шукае адказ творца, выразна гучаць у работах, у многім сімвалічных, але ў пэўным сэнсе рэалістычных. Магчыма, пераважна светлыя колеры, прыемныя адценні, плаўныя лініі і размытыя абрысы герояў-«прывідаў» здатныя прывабіць гледача, але асацыяцыі з арганізмам чалавека, якія несумненна ўзнікаюць, жыццесцвярджальнымі назваць складана. Дысананс у выпадку з карцінамі Артура Ісачэнкава цалкам апраўданы, але знаходзіцца побач з імі проста некамфортна. Што даводзіць: мастак дасягнуў сваёй мэты.

Яўгенія ШЫЦЬКА,

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.