Вы тут

Алесь Бадак: Пішу я марудна, а самае складанае для мяне — прыдумаць пачатак


Здавалася б, надзвычай складана цяпер знайсці аўтара, які, маючы камп’ютар, не набірае тэксты, а менавіта піша — ручкай, на паперы, як гэта рабілі ў мінулым стагоддзі (за выключэннем хіба што самага яго завяршэння)… Адусюль, дзе даводзіцца бываць — з кожнай камандзіроўкі альбо прыватнай вандроўкі — пісьменнік Алесь Бадак прывозіць аўтаручкі — у асноўным, падораныя, але часам набывае іх сам. Навошта мець іх так шмат, Алесь Бадак распавёў карэспандэнту «ЛіМа».

— Алесь Мікалаевіч, адзін з вашых твораў пачынаецца з таго, што галоўны герой бярэ новую аўтаручку, якую спецыяльна бярог для чагосьці адметнага, і пачынае пісаць аповед. Пачатак вельмі арыгінальны, але я была ўпэўнена, што вы ўсё выдумалі! Выходзіць, гэта праўда, што вы па-асабліваму ставіцеся да пісьмовых прылад?


— Пішу я марудна, а самае складанае для мяне — прыдумаць пачатак. Што тычыць аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца»… Нейкія думкі, звязаныя з яе сюжэтам, сталі праясняцца ў маёй галаве яшчэ пад канец 1990-х гадоў (аповесць пабачыла свет на старонках часопіса «Маладосць» у 2007 годзе — заўв. рэд.). Але яна ў многім аўтабіяграфічная, асноўнае дзеянне там адбываецца на мяжы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў, і мяне доўга не пакідала сумненне, ці будзе сюжэт цікавы сённяшнім падлеткам. Бо ён пра іх, толькі ранейшых. Калі ўрэшце сеў за пісьмовы стол, каб пачаць пісаць, галоўнай праблемай стаў першы сказ — менавіта ён задае рытм усяму твору. Урэшце, сказ прыйшоў сам — «Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі…» Напэўна, таму, што ў руках у мяне была аўтаручка.

Далей аповесць пайшла лёгка. Але тое не было фактам маёй біяграфіі — ручкі тады не збіраў, проста спадабаўся рытм і сказ. Калі аповесць была надрукаваная, у вобразе галоўнага героя чытачы ўбачылі мяне. Знаёмыя і сябры пачалі дарыць мне аўтаручкі — яны былі ўпэўненыя, што я распавядаў пра сваё захапленне. І тады падумаў: а чаму б і не? Бо насамрэч вельмі важна: якой ручкай і якім стрыжнем пісаць. Маладзейшыя пісьменнікі ўсё набіраюць на камп’ютары, таму не разумеюць падобных тонкасцей. Але я пішу ад рукі. І тут важна, каб падчас творчага працэсу цябе нішто не адрывала, не перашкаджала. Бо калі пачынаеш тэкст і раптам стрыжань дзярэ паперу ці перастае пісаць альбо аказваецца вельмі тлустым — гэта збівае з думкі. Што да хуткасці, то ёсць ручкі, якія могуць крыху запавольваць тваё пісьмо, ёсць, што наадварот — паскараюць яго, і гэта таксама варта ўлічваць. І вельмі важна, каб рытм ручкі адпавядаў рытму твайго аповеду. Таму заўжды адмыслова шукаю ручку для твора, доўга перабіраю. Тонкі стрыжань шкрабе. Тоўсты — запаволены. Люблю сярэдняе паміж імі. Гэта ж датычыць і формы ручкі: не люблю вельмі тонкія — іх не адчуваеш у руцэ — і асабліва тоўстыя, цяжкія — яны запавольваюць пісьмо. Не падабаюцца тыя, што пішуць светла-сіняй пастай. Але колер пасты не павінен быць і занадта кідкім, напрыклад, чырвоным, рэзаць вочы. Найбольш люблю чорныя — таму ў маёй калекцыі шмат з чорным стрыжнем. Ёсць і вельмі дарагія: але не таму, што імі напісана нешта адмысловае, што падабаецца больш, чым іншае, а таму, што імі вельмі лёгка пішацца. Калі казаць пра камп’ютар і клавіятуру, то адпаведнага адчування задавальнення падчас набору тэксту няма.

— Вы пішаце толькі аўтаручкай?

— Так, а потым набіраю з чарнавіка і праўкі ўношу на камп’ютары. Працаваць такім чынам прасцей, бо правак у мяне вельмі шмат. І чарнавікі не захоўваю. Зазвычай знішчаю.

— А почырк у вас прыгожы?

— Часам згадваю сустрэчу з Уладзімірам Юрэвічам, які доўгі час працаваў на радыё, вёў перадачу «Жывое слова». Калі я быў школьнікам, шмат пісаў, у тым ліку і на радыё. І ён сказаў мне тады: «Алесь, які ў цябе прыгожы почырк!» Але з часам ён зусім сапсаваўся. Рэч у тым, што калі трэба запісаць фразу альбо абзац, які толькі прыйшоў да галавы, зазвычай спяшаешся і табе вельмі цяжка спыніцца. Вось гэтая спешка і прывяла да таго, што літары пачалі скакаць: калі выводзіць кожную, можна страціць настрой, з якім пішаш…

— А ці гэтак жа адмыслова вы выбіраеце паперу, на якой пісаць?

— Так. Усё лішняе на ёй — непрымальнае. Таму не люблю разлінееных сшыткаў, незалежна ад таго, у клетачку яны ці ў лінеечку. Аркуш павінен быць чыстым, памер — А4 — менавіта той, на якім можна рабіць шмат правак.

— Ручка ў вас пры сабе ёсць заўжды?

— Не. Я пішу толькі дома. У дарозе зазвычай думаю. Бо калі думаю, не магу сядзець — тут патрэбен рух, пажадана шпацыр па вуліцы. Часам нават не ведаю, куды іду. Не заўважаю, як далёка адышоў — для цела патрэбны той фізічны рытм, які адпавядае рытму ў вершы і ў прозе. Большасць вершаў, пачатак іх, канкрэтныя радкі, сюжэты і вобразы прыдуманыя менавіта ў дарозе. Калі саджуся запісваць, бывае, раблю паўзу і пачынаю хадзіць з пакоя ў пакой...

— Гавораць, у вашай калекцыі больш ад тысячы аўтаручак…

— Так, таму я іх ужо амаль і не набываю. Асабліва люблю ручкі старыя. Яны ж таксама, як і  любая рэч, нясуць на сабе адбітак свайго часу. А паколькі аўтаручкі, што называецца, мой рабочы інструмент, то і стаўленне да іх асаблівае. Гэтак жа стаўлюся і да кніг: самы хвалюючы момант для мяне — паход у букініст. Невядома, хто чытаў старую кніжку, выдадзеную паўстагоддзя таму, што трапіла да цябе ў рукі — як шмат тут таямніцы! Прыцягвае іншы час і стагоддзе. Як і ў ручках, так і ў іншых старых прадметах. Таму ў мяне шмат даўніх дакументаў і фотаздымкаў — часам я не ведаю людзей, чые выявы захаваліся, але прыцягвае тая эпоха, якая за імі стаіць. Маю часопісы, напрыклад, «Полымя» 1948 года, «Бярозка» 1930 – х гадоў — з хваляваннем глядзіш на паперу, на творы… І хай сабе яны ёсць і ў кніжным фармаце новага выдання — такога трапяткога адчування не выклікаюць, як пад шурпатай, пажаўцелай ад даўнасці вокладкай… Не за гарамі той час, калі рарытэтам стануць і ручкі — каштоўнасць іх павялічыцца. Асабліва для тых, хто любіць чытаць і пісаць. Хоць часам жартую: шкада, што не пачаў свайго «Адзінокага васьмікласніка» сказам: «Я збіраю залатыя манеты».

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Выводзячы эпоху...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.