Вы тут

Мядзведзі, зубры, рысі ўсё часцей з'яўляюцца на падворках беларусаў


​Апошнім часам (звычайна гэта бывае ў канцы вясны або лета) у сродках масавай інфармацыі ўсё часцей сустракаюцца паведамленні аб з’яўленні дзікіх жывёлін на вуліцах населеных пунктаў — хутароў, вёсак, нават райцэнтраў. Як нярэдка аказваецца, не заўсёды такія «візіты» лясных насельнікаў бываюць бяскрыўдныя для людзей. А часам яны з’яўляюцца самай сапраўднай пагрозай для жыцця чалавека. Звычайна гаворка ў такіх выпадках ідзе пра ліс, дзікоў, тхароў, часам ваўкоў. Яно і не дзіўна: у гэтых драпежнікаў падрастае патомства, і яго трэба навучыць правілам палявання і здабывання ежы. Паколькі многія сельскія населеныя пункты становяцца малалюдныя, то і адчуваюць сябе лясныя госці дастаткова ўпэўнена. Ад гэтага церпяць людскія гаспадаркі: знікаюць з падворкаў авечкі, птушкі — куры, нават гусі. Ды і сабакам дастаецца. Яшчэ большую пагрозу нясуць хворыя на шаленства жывёлы. Такія могуць напасці і на чалавека, бо перастаюць баяцца людзей. Але сёння мы хацелі б пагутарыць не пра гэтых візіцёраў...


Pixabay.com

Мядзведзі і іншыя буйныя драпежнікі ўсё часцей выходзяць да людзей. Але паляваць на іх у краіне нельга, паколькі той жа мядзведзь знаходзіцца ў Чырвонай кнізе, і за яго раненне ці забойства давядзецца заплаціць велізарныя штрафы, а то і адправіцца ў калонію. Жывёліне нічога не растлумачыш. Але што рабіць людзям?!

Месяца паўтара таму буры мішка некалькі дзён запар літаральна тэрарызаваў адразу тры вёскі пад Барысавам. З’яўляўся ноччу. Людзей і жывёлін не закрануў — прайшоўся па агародах, садах у пошуках вулляў і мёду. І дзесьці нават знайшоў пажыву.

Вядома, вяскоўцы перапалохаліся, сталі церабіць мясцовыя ўлады: маўляў, мядзведзя трэба адсачыць, усыпіць і перавезці далей у лес. Інакш не пазбегнуць бяды.

Упершыню касалапага заўважылі ў вёсцы Сыч Глівінскага сельсавета. Участак мясцовага пенсіянера Уладзіміра Галубоўскага — першы, які падвергнуўся нападу звера. Той раніцай мужчына, выйшаўшы на двор, заўважыў, што некаторыя вуллі распатрошаныя. Падумаў спачатку на мясцовых хуліганаў — маўляў, хто ж яшчэ такое мог натварыць. Але потым за некалькі метраў ад свайго ўчастка ўбачыў мядзведзя, які, наеўшыся, ад задавальнення качаўся па зямлі.

На яго падворку мядзведзь разбурыў тры пчоласем’і — з’еў мёд, пяргу і расплод. На выпадак наступнага прыходу кашлатага мужчына падрыхтаваўся.

Выклікаў міліцыянераў, тыя, у сваю чаргу, — эколагаў. Паколькі ў чырванакніжніка страляць забаронена, вырашылі перавезці яго ў запаведнік. Але як? Да звера трэба неяк падкрасціся, усыпіць. Потым ужо вырашаць пытанне з транспарціроўкай. А тым часам гаспадар лесу працягваў нашэсці на вясковыя падворкі.

Старшыня Глівінскага сельсавета Дзмітрый Ліпніцкі стварыў самы сапраўдны штаб па выратаванні вяскоўцаў ад рэйдаў звера. Ва ўсіх населеных пунктах у акрузе былі развешаны папярэджанні і нумары тэлефонаў экстранных службаў. Егеры і нарады міліцыі дзяжурылі літаральна кругласутачна і пры неабходнасці ў любы момант былі гатовы прыйсці на дапамогу.

«Людзі папярэджаныя, каб лес пакуль не наведвалі. Плануем вырабіць клетку, абсталяваць аўтамабіль і, калі ўдасца, перасяліць мядзведзя ў іншы квартал непадалёк ад лясніцтва Бярэзінскага запаведніка, каб не рабіў нікому шкоды», — адзначылі ў сельсавеце.

У Глускім раёне ўжо некалькі разоў бачылі бурага мядзведзя: мабыць, касалапы вырашыў пасяліцца тут надоўга. Аб тым, што бачыў у лесе буйнога драпежніка, першы паведаміў у інспекцыю старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Генадзь Корбут. Гэта быў канец мая. Тады вырашылі, што, хутчэй за ўсё, звер «транзітны», бо раней у гэтых мясцінах заўважаны не быў. Аднак у чэрвені Генадзь Корбут зноў бачыў мядзведзя, а праз некалькі тыдняў — ужо дваіх, аднаго каля вёскі Зубарэвічы, другога — на аўсяным полі ў раёне Падлужжа.

Мядзведзь — самы буйны драпежнік у нашай краіне, па сіле не мае сабе роўных сярод драпежных млекакормячых Беларусі. Ён аддае перавагу жыццю пустэльніка і пасяляецца толькі ў буйных густых лясных масівах, вельмі прыдзірліва выбірае месца для пражывання. Упадабаных мясцін прытрымліваецца, і толькі ў галодную пару вымушаны пакідаць іх у пошуках корму. Мядзведзі вельмі любяць чарніцы, у сезон могуць харчавацца выключна яе ягадамі, ахвочыя яны і да маліны, таму «ходзяць» у маліннікі, пакуль не з’ядуць увесь ураджай. У канцы ліпеня і ў жніўні мядзведзі наведваюць пасевы аўса, каб паласавацца збожжам. Спецыялісты папярэджваюць: цяпер і чалавеку трэба быць больш асцярожным. На той жа Глушчыне звер можа быць у лесе на ўсім працягу ад Зубарэвіч да Поўсткі, яго можна сустрэць на аўсяных палетках; як паспеюць журавіны, ён можа адправіцца і да балота на Баравое. Таму грыбнікам, ягаднікам і турыстам варта узмацніць пільнасць і не адпраўляцца ў лес вечарам (летам мядзведзь актыўны ў змрочны і начны час, восенню, у перыяд назапашвання запасаў тлушчу, — большую частку сутак). Звычайна мядзведзі баяцца людзей, яны малаагрэсіўныя і здаюцца непаваротлівымі. Зыход сустрэчы шмат у чым залежыць ад паводзін чалавека.

Летам жа з памежнай вёскі Ласіцк, на поўдні Пінскага раёна, сталі паступаць звесткі, што ў акрузе людзі сталі заўважаць рысь. Лічыцца, што ў тутэйшых краях чырванакніжны драпежнік не водзіцца. Але людзі запэўнівалі, што памылкі быць не можа. Нябачаны раней звер стаў наведвацца на ўскраіну вёскі увесну. Яго неаднаразова заўважалі мясцовыя жыхары, прыезджыя рыбакі, паляўнічыя. Аднаму з вяскоўцаў удалося нават сфатаграфаваць рысь у густой траве. Ласіцкі сельвыканкам паведаміў аб незвычайнай жывёліне ў прыродаахоўныя арганізацыі і егерам — перажывалі, каб звер не аказаўся шалёны.

Пінскі раён наведала група навукоўцаў. Экспедыцыя праходзіла на тэрыторыі заказніка «Сярэдняя Прыпяць і Прастыр». Па праекце «Палессе — дзікая прырода без меж» навукоўцы правяралі сітуацыю з папуляцыяй вяртлявай чаротаўкі. Яны пашырылі сваю праграму работы на Піншчыне з-за сітуацыі з выяўленнем рысі. Спецыялісты пагаварылі з відавочцамі, мясцовымі жыхарамі, сустрэліся з уладамі і кіраўніком заказніка, прайшлі па месцах, дзе бачылі рысь. Недалёка ад вёскі знайшлі сляды і месцы ляжанкі начнога драпежніка.

У якасці сховішчаў для адпачынку яна выкарыстоўвае зацішныя месцы. Такія ляжанкі былі выяўлены за Ласіцкім у кірунку да астраўкоў на Ладарож, — распавёў спецыяліст грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» па прыродаахоўных пытаннях Максім Нямчынаў. Вырашальную ролю ў выбары месцаў пражывання рысі мае багацце дзічыны, якая служыць ёй ежай, і наяўнасць спакойных участкаў для адпачынку. Апошнім часам на Піншчыне прыкметна павялічылася папуляцыя казулі, на якую палюе драпежнік з сямейства каціных. Акрамя кармавой базы, пад Ласіцкім спрыяльныя ўмовы для адпачынку рысі — лясіста-балоцістая мясцовасць, дзе ціха, спакойна, малалюдна. Традыцыйна месцамі рэгістрацыі рысі ў Брэсцкай вобласці лічацца Брэсцкі, Драгічынскі, Івацэвіцкі, Каменецкі, Пружанскі раёны, з іх з Пінскім мяжуе толькі Івацэвіцкі, ды і то з процілеглага Ласіцку боку — амаль за 100 кіламетраў. Матэрыялы экспедыцыі па слядах «пінскай рысі» перададзены профільным спецыялістам па дзікай прыродзе. Як запэўнілі навукоўцы, вынікі работы адаб’юцца ў навуковым аглядзе па пытаннях месцаў пражывання рысі ў Беларусі.

Трэба сказаць, што нападаў буйных драпежнікаў на людзей у нас даўно не было. Але ж... Трэба ведаць, што ў найбольшай зоне рызыкі — грыбнікі і турысты, ды і любы чалавек цалкам выпадкова можа апынуцца сам-насам з драпежнікам. Ратавальнікі распавядаюць, што рабіць і як сябе паводзіць пры такой сустрэчы:

Pixabay.com

Рысь

Рысь паводзіць сябе вельмі асцярожна і стараецца ніколі не трапляцца на вочы чалавеку. Нават калі жывёла ўбачыць турыстаў або грыбнікоў, яна не будзе нападаць і палічыць за лепшае застацца незаўважанай. Небяспека існуе толькі ў тым выпадку, калі звер паранены. Прадухіліць нападзенне практычна немагчыма, паколькі рысь звычайна хаваецца ў галінах дрэў і з’яўляецца нечакана.

Тым не менш, не варта забываць, што рысь — гэта тая ж кошка, толькі вялікая, і яна даволі палахлівая. Жывёліну можна прымусіць сысці, актыўна размахваючы рукамі і пры гэтым моцна крычучы.

Калі вы бачыце, што звер аддаляецца, не спрабуйце яго праследаваць — сустрэча можа закончыцца зуім нявесела.

Pixabay.com

Дзік

Часцей за ўсё нападзенне дзіка правакуе сам чалавек. Зусім нядаўна падобны выпадак здарыўся ў Чэрвеньскім раёне — пра гэта шмат пісалі. Звер нападае першы, калі ён паранены і раз’юшаны: у такой сітуацыі лепш не трапляцца яму на вочы. Пакуль жывёліна не бачыць вас, можна паспрабаваць непрыкметна схавацца, але калі паранены кабан убачыў чалавека і бяжыць на яго, для дзеянняў застаюцца лічаныя секунды, і марудзіць нельга.

Самы лепшы спосаб абароны — залезці на дрэва, хай нават невысокае, але моцнае. Кабаны не ўмеюць падскокваць і хутка страцяць да вас цікавасць. Жывёліну можна адпудзіць сігналамі паляўнічага — адмысловымі піратэхнічнымі патронамі. Не спрабуйце выкарыстоўваць іх як сродак самаабароны: кабан толькі яшчэ больш раззлуецца. Накіроўвайце зарады ў паветра — у большасці выпадкаў звер сыдзе.

Pixabay.com

Лось і зубр

Гэта траваедныя жывёліны, але часцяком яны могуць быць больш небяспечныя для чалавека, чым мядзведзі. Найбольш агрэсіўныя яны падчас шлюбнага перыяду, які звычайна праходзіць у пачатку восені. У дадзенай сітуацыі той жа лось вельмі небяспечны, і значна лягчэй будзе прадухіліць падобную сустрэчу, чым выратавацца.

Калі вы бачыце, што кара на дрэвах абадраная прыкладна на ўзроўні чалавечага росту, значыць, непадалёк ходзіць лось. Распазнаць яго блізкае месцазнаходжанне можна і па памёце на зямлі.

Калі жывёліна вас усё ж убачыла, паспрабуйце схавацца за дрэвам. Як вядома, лось мае дрэнны зрок і можа выпусціць вас з-пад увагі. Не бяжыце: так вы толькі выклічаце ў яго большую агрэсію. Пакуль звер глядзіць на вас, замрыце і не варушыцеся, а калі лось нападае, залезьце на дрэва і дачакайцеся, каб той сышоў.

Pixabay.com

Мядзведзь

Па-першае, нельга пакідаць харчовыя адходы ў месцах адпачынку і на дарожках. Рэшткі ежы, хутчэй за ўсё, прыцягнуць мядзведзя. У мядзведзяў вельмі тонкі нюх, і яны адчуваюць пах ежы скрозь тоўсты пласт зямлі і нават металу. Бляшанкі з-пад кансерваў нельга пакідаць у лесе, іх неабходна выносіць з сабой і выкідваць у адпаведныя кантэйнеры.

Па-другое, трэба сачыць, дзе вы разбіваеце лагер. Пажадана гэта рабіць у баку ад сцежак. Мядзведзю ўсё роўна, яго гэта сцежка або чалавечая. У лесе ён гаспадар і вельмі не любіць, калі яму нешта перашкаджае на шляху, асабліва ў вузкіх месцах і на падыходах да месцаў кармлення. Уважліва стаўцеся да выбару месца для лагера. Натуральныя перашкоды, такія, напрыклад, як паваленае дрэва, ручай, абрывісты бераг, служаць дадатковай перашкодай для мядзведзя, і ён без лішняй патрэбы пастараецца іх не пераадольваць. Вогнішча і вялікая кампанія ў лагеры таксама ўтрымаюць мядзведзя на адлегласці пры ўмове, што ён зможа абысці лагер бокам.

Па-трэцяе, калі вы рухаецеся па сцежцы, старайцеся выдаваць пабольш гукаў: размаўляйце, стукайце каменем аб камень ці палкай па дрэвах. Справа ў тым, што мядзведзь — вельмі асцярожная жывёліна, лішні раз на ражон не палезе. Яму часта хапае проста звычайнага тупату ног, каб пачуць чалавека здалёк і сысці ўбок. Але дадатковыя гукі дапамогуць вам размінуцца з мядзведзем. Наогул жа ў лесе старайцеся трымацца адкрытых месцаў і рэдкалессяў. На адкрытай мясцовасці лягчэй загадзя ўбачыць мядзведзя, чым у зарасніках.

Па-чацвёртае, мядзведзь часцяком есць загінулых жывёлін. Ён можа палічыць тыя парэшткі сваёй здабычай, а, акрамя таго, гэта сапраўды можа быць яго здабыча. Ён дбайна будзе ахоўваць яе.

Што ж рабіць, калі сустрэчы з мядзведзем не ўдалося пазбегнуць?

Самае галоўнае — не панікаваць ні пры якіх умовах! Мядзведзі не вызначаюцца залішняй агрэсіўнасцю. Чалавек у натуральны рацыён мядзведзя не ўваходзіць. Таму ў большасці выпадкаў дастаткова проста спакойна абыйсці мядзведзя бокам, трымаючыся на адлегласці, падкрэсліваючы гэтым, што вы не прэтэндуеце на яго жыццёвую прастору. Няма нічога горшага, чым сутыкнуцца са зверам раптам — ён можа ўспрыняць гэта як акт агрэсіі. У рэдкіх выпадках нападаючы мядзведзь можа прыняць чалавека за ежу. Але часцей сустрэчы людзей з мядзведзямі ў нашых лясах заканчваюцца мірна. Найбольшыя непрыемнасці бываюць ад маладых мядзведзяў, якія актыўна даследуюць навакольны свет, а таксама ад самцоў-дамінантаў, якія не маюць ворагаў у дзікай прыродзе і якія забылі, што трэба саступаць дарогу. Калі мядзведзь усё ж такі спрабуе наблізіцца, у 90 % выпадкаў хапае рэзкага свісту або нечаканага пляску ў далоні, каб звер пабег прэч. Калі ён працягвае набліжацца, наступны сродак — кінуць у яго што-небудзь. Як правіла, гэта спрацоўвае. Мядзведзі баяцца ўсяго нечаканага. Напрыклад, нечакана расчыненых парасонаў або нечакана падкінутага ўверх заплечніка.

Не паварочвайцеся да мядзведзя спіной! Не спрабуйце ўцячы ад мядзведзя. Ён бегае хутка, на кароткай дыстанцыі можа прасоўвацца з хуткасцю да 60 км у гадзіну, а ўжо па схіле бегае амаль як вавёрка. Пры блізкім кантакце з мядзведзем старайцеся не глядзець яму ў вочы, у жывёльным свеце гэта азначае выклік. Зрок у мядзведзя прыкладна як у чалавека, але ён больш спадзяецца на нюх і на слых. Калі вецер дзьме ў ваш бок, у вас ёсць шанц прайсці так, што мядзведзь вас проста не заўважыць. Але нават калі ён вас і ўбачыў, але не праяўляе прыкмет агрэсіі, усё роўна спакойна паспрабуйце адысці назад.

Самай небяспечнай для грыбнікоў-ягаднікаў з’яўляецца сустрэча з мядзведзіцай, у якой ёсць медзведзяняты, асабліва калі выпадкова апынуцца паміж імі. Таму як толькі ўбачылі медзведзяня, адразу ж сыходзьце туды, куды яму будзе цяжка за вамі ісці. Медзведзяняты вельмі цікаўныя, а мядзведзіца будзе слепа іх абараняць. І ўжо верхам дурасці будзе спроба падысці да медзведзяняці, каб пагладзіць яго, пагуляць з ім, зрабіць фатаграфію. Нават калі мядзведзіцы не відаць, яна, хутчэй за ўсё, дзесьці паблізу.

Існуе меркаванне, што мядзведзь, устаючы на заднія лапы, выказвае агрэсіўныя намеры. Але на самай справе, часцей за ўсё ён прымае такую позу, каб лепш разгледзець тое, што яго зацікавіла, і папярэдзіць аб сваёй прысутнасці. А вось калі мядзведзь пачынае, гледзячы на вас, прыціскаць вушы, адтапырваць ніжнюю губу і рабіць выпады ў ваш бок, гэта сігнал, што вы парушылі яго тэрыторыю, катэгарычнае патрабаванне «сыходзь». Сыходзіць трэба, не паварочваючыся да мядзведзя спіной, не трэба шумець. Не рабіце рэзкіх рухаў, проста заднім ходам плаўна аддаляйцеся з небяспечнай зоны па дыяганалі, але калі мядзведзь пачынае ісці за вамі, спыніцеся.

Наша парада ў завяршэнне: знаходзячыся ў мядзведжых мясцінах, не забывайце часам азірацца!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: Госці з лесу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».