Вы тут

Беларускія баскетбалісты — у асноўным этапе кваліфікацыі чэмпіянату свету — 2023


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем, як спорт вяртаецца да звыклага існавання пасля Алімпійскіх гульняў.


Цытата тыдня 

Расціслаў Вяргун, галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па баскетболе: «Нягледзячы на ўсе складанасці, якія суправаджалі нас падчас перыяду падрыхтоўкі і самога турніру, хлопцы праявілі сябе самымі сапраўднымі прафесіяналамі і байцамі. Мы змаглі разлічыць свае сілы і выйграць тыя гульні, перамогі ў якіх дазволілі нам працягнуць наш шлях да мары. Дзякую ўсіх гульцоў за іх час, цярпенне, адносіны да справы і праведзеную работу. Жадаю кожнаму поспеху ў клубах у новым сезоне. Спадзяюся, што ў наступным лістападзе мы працягнем наш шлях ужо на больш высокім узроўні і з яшчэ большымі ўпэўненасцю і жаданнем. Усіх заўзятараў — з перамогай і дзякуй вам за падтрымку». Нацыянальная баскетбольная зборная ў заключным матчы другога раўнда прэкваліфікацыі чэмпіянату свету абыграла каманду Румыніі. Вынік сустрэчы — 94:66.

У другім раўндзе прэкваліфікацыі чэмпіянату свету беларусы двойчы былі мацнейшыя за румынаў і два разы ўступілі Латвіі. Беларуская зборная размясцілася на другім месцы ў пуле D, што дало ёй пуцёўку ў асноўны этап кваліфікацыі чэмпіянату свету — 2023. Чэмпіянат свету па баскетболе 2023 года ўпершыню пройдзе больш чым у адной краіне. Планетарнае першынство прымуць Інданезія, Японія і Філіпіны. У розыгрышы ўзнагарод возьмуць удзел 32 каманды.

Каманда тыдня

Хакеісты «Дынама-Мінск» выйгралі Кубак Салея сезона 2021/2022. У вырашальным матчы на «Чыжоўка-Арэне» «зубры» перамаглі сапернікаў з «Юнацтва». Вынік паядынку — 4:2. Вырашальная шайба ў актыве нападаючага дынамаўцаў Рамана Гарбунова, які закінуў яе за паўтыры хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду. Кропку паставіў Тэйлар Блэк, што паразіў пустыя вароты «Юнацтва», якое замяніла галкіпера на шостага палявога гульца.

«Дынама-Мінск» у чацвёрты раз у гісторыі выйграла ганаровы трафей. Раней яны перамагалі ў 2005, 2006 і 2020 гадах.

Медаль тыдня

Беларус Арцём Джавадаў заваяваў «бронзу» на чэмпіянаце свету па парусным спорце ў Бодруме. Медаль беларус узяў у класе «Тэхна-293», гэта неалімпійская дысцыпліна. Пасля першай гонкі Арцём Джавадаў быў на першым месцы, пасля другой гонкі паказваў другі вынік. Затым на працягу дзвюх гонак утрымліваў лідарства, аднак у апошняй зрушыўся на 3-ю пазіцыю (48 балаў). У выніку перамогу атрымаў італьянец Давід Антагнолі (32 балы). «Серабро» — яшчэ ў аднаго італьянца Джорджыа Фалка (33 балы).

Перамога тыдня

У Брэсце завяршыўся міжнародны турнір па гандболе — «Кубак Белгазпрамбанка», у якім узялі ўдзел беларускі клуб «Мяшкоў Брэст», расійскі «Чэхаўскія мядзведзі», украінскі «Матор» і польскі «Азот». Пераможцамі спаборніцтваў сталі гаспадары — гандбалісты клуба «Мяшкоў Брэст». На другім месцы — «Чэхаўскія мядзведзі», на трэцім — «Азот». Найлепшымі гульцамі турніру ў сваіх клубах сталі: «Мяшкоў Брэст» — Яка Малус, «Чэхаўскія мядзведзі» — Аляксандр Котаў, «Азот» — Давід Давыдзік і «Матор» — Айдэнас Малашынскас.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.