Вы тут

Аграэкафестываль «Спораўскія сенакосы» прайшоў у Бярозаўскім раёне ў 14-ы раз


Цяпер і ў сельскай мясцовасці чалавек з касой — вялікая рэдкасць. А каб косы сапраўды звінелі, кладучы траву ў роўны пракос, як напісана ў класіка, — гэта ўжо зусім экзотыка.Такое хіба ў старых фільмах убачыш. Цяпер траву косіць тэхніка, а на прыватных сядзібах гудуць-трашчаць трымеры. Дык вось, фестываль «Спораўскія сенакосы» дае хоць раз на год магчымасць убачыць сапраўдную дзедаўскую касьбу.


Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка таксама з задавальненнем прымаў удзел у свяце.

Паўтара дзясятка гадоў таму фестываль быў задуманы як спроба прыцягнуць увагу да праблемы захаванасці беларускіх балот, адной з галоўных крыніц кіслароду. Раней балоты пачувалі сябе добра, бо людзі іх штогод абкошвалі. А як пакінулі гэтую справу, балоты пачалі зарастаць, хварэць, сталі знікаць іх традыцыйныя насельнікі — птушкі і жывёліны. Вунь і маленькая вяртлявая чаротаўка, паводле сцвярджэння спецыялістаў, на мяжы знікнення. Пра гэта на фестывалі зноў нагадаў дырэктар рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» Вадзім ПРАТАСЕВІЧ. На тэрыторыі заказніка побач з вёскай Высокае ў чатырнаццаты раз прайшоў фэст і чэмпіянат па ручным абкошванні балота.

Да гэтага спаборніцтва яго ўдзельнікі рыхтаваліся цэлы год. Выбраць найлепшых суддзям аказалася не так і проста. Дваццаць камандаў-удзельнікаў у выніку лёсавання атрымалі пракос, які складаў 100 метраў у даўжыню і паўтара метра ў шырыню. Вышыня пакосу павінна была скласці не больш за 7,5 сантыметра. Ацэньвалася хуткасць. Пры любых парушэннях налічваліся штрафныя секунды. Правілы вядомыя, шмат разоў апрабаваныя. Касцы іх ведалі і не падвялі.

У камандным спаборніцтве перамогу атрымалі Аляксандр Іваноў і Валерый Гайко з заказніка «Выганашчанскае». Георгій Равенька і Іван Равенька з ААТ «Спорава» занялі другое месца. Трэцімі сталі «Какорыцкія асілкі» — браты Аляксандр і Андрэй Шыкулы. У асабістым першынстве перамогу заваяваў Віктар Здановіч.

Быў, вядома, і любімы гледачамі футбол на балоце. Усе дзесяць камандаў удзельнікаў былі адзначаны граматамі і каштоўнымі прызамі. Арганізатары зрабілі ўсё, каб удзельнікі і госці фестывалю пабывалі на свяце і засталіся задаволеныя. Тут разгарнулі разнастайныя гандлёвыя палаткі, праходзілі выстаўкі, гучалі песні і музыка. Ахвотныя маглі паўдзельнічаць, напрыклад, у рабоце станцыі кальцавання птушак, і нават палятаць на дэльтаплане.

А ўжо што наконт касьбы — тут можна было і палюбавацца, і павучыцца. На пакосы выйшлі нават жаночыя дуэты, а таксама асобныя дзяўчаты ды жанчыны. Адзін з такіх дуэтаў, дарэчы, удзельнічаў у спаборніцтве. І хай сабе пакуль жанчыны не ўзялі прызавых месцаў, але заахвочвальныя прызы і падарункі яны атрымалі.

Гэтым разам узяліся за косы і ганаровыя госці аграэкафестывалю. У іх ліку старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. Губернатар прайшоў добры пракос разам з удзельнікамі, а затым падзяліўся ўражаннямі, якія назваў пазітывам ад спрадвечнай вясковай работы. А яшчэ расказаў, што паходзіць з сялянскай сям'і, што касіць у старэйшых класах яго навучыў бацька. Кіраўнік вобласці яшчэ раз нагадаў прысутным пра галоўную задачу фестывалю, яго асветніцкі напрамак. Паводле яго слоў, фестываль патрэбны для таго, каб захоўваць нізінныя балоты з іх разнастайнай экасістэмай, а яшчэ каб нагадваць цяперашняму пакаленню, якая нялёгкая заўсёды была сялянская праца, каб людзей, што працуюць на зямлі, усе астатнія паважалі і цанілі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Ідуць касцы, звіняць іх косы»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.