Вы тут

Капрамонт у метрах і рублях


Міжрамонтны тэрмін жылля ў Беларусі ў сярэднім складае 35 гадоў, аднак на справе ён значна большы, бо капітальна адрамантаваць усе будынкі згодна з іх узростам у краіне не паспяваюць. Аднак за гэты час дом можа крыху падфарбавацца ў межах бягучага рамонту. Згодна з планам, штогод у Беларусі павінны рамантаваць не менш за 3 % ад жылфонду, які эксплуатуецца, а гэта 3 млн 540 тыс м2. Сёлета ў эксплуатацыю ўведзена ўжо крыху больш за траціну — 1 млн 176 тыс м2, каля 370 тыс м2 з якіх — у сталіцы. Пра выкананне капрамонту ў краіне расказалі эксперты жыллёвай гаспадаркі.


Дом — за кошт бюджэту, пад'езд — за грошы жыльцоў

Капітальны рамонт выконваецца ў межах дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Сёлетняя дынаміка ўводу жылля пасля капрамонту на 24 % больш станоўчая, чым летась. Аднак асноўная маса ўводу жылля прыпадае на трэці квартал, паколькі на пачатак года прыходзяцца работы па праектаванні, падрыхтоўцы заданняў, правядзенні сходаў з насельніцтвам, расказаў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса:

— Ацэньваючы бягучыя графікі аблвыканкамаў, у якіх знаходзяцца 1289 дамоў з плошчай уводу 3 млн 671,5 тыс. м2, і мы прагназуем выкананне плана ў цэлым па годзе. Гэта датычыцца тэхнічных мерапрыемстваў, без уліку фінансавання і падаражання будаўнічых матэрыялаў.

Летась у сталіцы капітальна адрамантавана 187 дамоў плошчай 973,9 тысячы м2, на што пайшло 176,6 млн рублёў з мясцовага бюджэту і адлічэнняў уласнікаў (каля 40 % ад сумы агульнага фінансавання). Сёлета ў Мінску да капрамонту запланаваны 1 млн 74 тыс м2 жылля (241 дом), на што выдзелена 234 млн рублёў. На 2022 год запланавана на капрамонт 1 млн 77 тыс. м2, акрэсліў Ігар ГАНЧАРЫК, намеснік галоўнага інжынера Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Асноўныя віды работ — рамонт дахаў, балконаў, казыркоў, уваходаў у пад'езды і ганкаў, замена сетак вода- і газазабеспячэння, каналізацыі, а таксама магістраляў ацяплення. У месцах агульнага карыстання мяняюцца радыятары і вокны, электрычныя і слабатокавыя шчыткі. Пасля замены інжынерных камунікацый аднаўляецца аздабленне ў месцах агульнага карыстання і добраўпарадкавання ў дварах. Пасля капрамонту робіцца рамонт у пад'ездах (за кошт жыльцоў).

Новыя тэхпатрабаванні мінус уцяпленне фасадаў

Мінжылкамгас і Мінбудархітэктуры разглядаюць магчымыя змены ў тэхнічнае нарміраванне капрамонту. Хутчэй за ўсё будзе прапанавана распрацоўка нейкіх тэхнічных патрабаванняў або будаўнічых правіл па арганізацыі выканання капітальнага рамонту, які будзе абавязковы менавіта з тэхнічнага пункту гледжання гэтага працэсу. Існуе таксама патрэба ва ўдакладненні пераліку работ, якія робяцца падчас капрамонту, удакладніў Андрэй Рамашка:

— Найперш гэта выклікана тым, што ўжо гады два як дзейнічае палажэнне Прэзідэнта ў частцы рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў, дзе ўласнікам асобна прапануюць умовы для суфінансавання гэтых мерапрыемстваў (пакрыццё ўласнікамі на працягу дзесяці гадоў паловы сумы, затрачанай бюджэтам на энергафектыўныя мерапрыемствы). Таму сёлета мяркуецца выключыць са складу работ тыя, якія напрамую звязаны з энергаэфектыўнымі.

Прынамсі, гэта датычыцца ўцяплення фасадаў. Тым не менш падчас капрамонту будуць працягваць аднаўляцца за кошт бюджэту ўласцівасці канструктыўных элементаў, якія былі закладзены ў доме першапачаткова згодна з нормамі часу будаўніцтва жылля. Аднак на практыцы часта гэтая работа — простае атынкоўванне тонкім слоем пліты перакрыцця, каб вярнуць ёй страчаныя ўласцівасці па супраціўленні цеплаперадачы.

— Пастанова № 324, якая вызначае парадак планавання, правядзення і фінансавання капрамонту жылля, не вызначае пералік работ, якія неабходна выконваць падчас капрамонту. Гэты дакумент вызначае толькі магчымасць накіравання бюджэтных сродкаў менавіта на гэтыя работы, — акцэнтаваў увагу начальнік упраўлення.

Рашэнне аб рэканструкцыі і замене сістэм ацяплення, якія ўключаны ў сцены ў старых «панэльках», і вынасе іх унутр памяшканняў будзе прымацца індывідуальна, дадаў Андрэй Рамашка:

— Аднак такія работы ўсё ж больш падпадаюць пад паняцце энергаэфектыўных мерапрыемстваў, таму калі сістэма забяспечвае сацыяльныя стандарты па ацяпленні ў жыллі (не менш за 18°С) і яна тэхнічна спраўная, то мяняць яе не будуць.

Ліфты ў дамах павінны мяняцца кожныя 25 гадоў, аднак яны таксама эксплуатаваліся значна даўжэй. Некалькі гадоў таму ў краіне было каля 13 тысяч ліфтаў са звышнарматыўным тэрмінам выкарыстання, таму прынялі дзяржпраграму «Бяспечны ліфт», у межах якой за апошнія тры гады замянілі каля 11,5 тысячы ліфтаў. Да 2023 года ў Беларусі плануюць замяніць усе старыя ліфты, аднак гэта не азначае, што падчас капрамонту ў доме заменяць ужо заменены ліфт.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».