Вы тут

У жніўні 1941-га Лунінец літаральна здрыгануўся ад акта масавага тэрору


Як вядома, Генеральная пракуратура краіны распачала крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі.


Следчая група стала вывучаць архіўныя дакументы і крымінальныя справы ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, весці пошук жывых сведак, якія маглі б падзяліцца сваімі ўспамінамі. Пра гэта расказаў пракурор Лунінецкага раёна Юрый Пракапчук:

— Была арганізавана работа па ўстанаўленні невядомых раней месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў. У пракуратуру сталі звяртацца неабыякавыя землякі. Паступіла паведамленне пра ахвяр фашызму, пахаваных паблізу вёсак Галы Бор і Добрая Воля. Сведкі паказалі меркаваныя месцы расстрэлаў вяскоўцаў у перыяд 1941–1944 гадоў.

Юрый Іванавіч адзначыў, што зварот, які датычыўся самага масавага знішчэння ў Лунінцы, быў заснаваны на ўспамінах аднаго з ураджэнцаў горада. Пасля падзей верасня 1939 года Сандамір Абрамавіч Эльпінер стаў загадчыкам друкарні, выпускаў першы нумар раённай газеты. У маі 1940-га яго прызвалі ў Чырвоную Армію. З першага дня Вялікай Айчыннай быў на фронце, тройчы паранены. Гвардыі старшы сяржант, камандзір аддзялення сувязі 50-га гвардзейскага стралковага палка 24-й гвардзейскай стралковай дывізіі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» (тройчы), «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Вярнуўшыся дадому, удзельнік вайны даведаўся, што ўся яго сям’я знішчана фашыстамі... Праз год пасля Вялікай Перамогі ажаніўся з такой жа сіратой, якая ўратавалася ў эвакуацыі, — усе родныя яе загінулі ад рук акупантаў… У Лунінцы нарадзіліся дзве іх дачкі, а ў сярэдзіне 1950-х сям’я рэпатрыіравалася ў Ізраіль. З-за палітычных рознагалоссяў паміж СССР і Ізраілем наш зямляк змог наведаць малую радзіму толькі ў 1991 годзе. Праз 50 гадоў інфармацыя пра расстрэл мужчын-яўрэяў у жніўні 1941-га ўпершыню стала вядома лунінецкай грамадскасці...

Пракурор падкрэсліў, што пацвярджэнне гэтых звестак маецца ў акце Лунінецкай раённай камісіі садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на часова акупаванай тэрыторыі раёна ад 10 красавіка 1945 года. З гэтага дакумента, напрыклад, вынікае:

«У ваколіцах г. Лунінца камісія даследавала магілы масавых ахвяр фашысцкага тэрору... Ва ўрочышчы „Мачула“ выяўлены сем магіл, размешчаных за 400 метраў на поўнач ад сеннай базы пры насыпе чыгуначнай веткі Лунінец — Пінск. Памер кожнай з трох невялікіх магіл: 6×2,5 метра; памер кожнай з чатырох меншых магіл: 4×1,5 метра. У гэтых сямі магілах пахаваны 1312 чалавек мужчын...»

У пасляваенны час былі апытаны і сведкі трагедыі: Жук Уладзімір Сцяпанавіч і Аляшкевіч Пракоп Акімавіч ды іншыя мясцовыя жыхары. На падставе іх паказанняў было ўстаноўлена наступнае — зноў працытуем дакумент:

«...У пачатку жніўня 1941 г. па заданні мясцовых органаў „СД“ гарадская ўправа Лунінца абвясціла збор мужчын-яўрэяў пад выглядам праверкі дакументаў і ўстанаўлення спецыяльнасцяў. Акрамя дакументаў, ім было загадана ўзяць з сабой рыдлёўкі, сякеры і пілы, быццам бы іх адправяць на працу пасля праверкі дакументаў. Тых, хто сабраўся, пад канвоем нямецкай жандармерыі павялі ва ўрочышча „Мачула“, загадзя ачэпленае немцамі. Тут частку прыведзеных прымусілі выкапаць ямы. Перад кожнай ямай па дзесяць чалавек прымушалі класціся на зямлю тварам уніз. Тых, хто ляжаў, нямецкія каты расстрэльвалі ва ўпор у патыліцу, а тых, хто застаўся жывы, прымушалі скідаць забітых у ямы і самім класціся на іх месца. Тых, хто супраціўляўся, расстрэльвалі на месцы...».

Урыўкі з гэтага акта апублікаваны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Лунінецкі раён» (1995). Праз некалькі гадоў у раённай газеце сваімі ўспамінамі аб трагедыі падзяліўся Леў Леанідавіч Коласаў. Вядомы краязнаўца пісаў:

«...У гэтай першай групе расстраляных лунінецкіх яўрэяў былі галоўны рабін горада Юдэль Іегуда Зулер, урач Гурвіч, камунальнік Іцка Муляр, узнагароджаны бронзавым медалём за заслугі перад Лунінцам (бацька вядомага ў горадзе футбаліста), і шмат-шмат іншых. А вось прозвішчы варшаўскіх бежанцаў сёння вызначыць ужо немаг-
чыма...

Пакуль за горадам расстрэльвалі яўрэяў, у самім Лунінцы ўмела была арганізавана аблава на тых, хто не з’явіўся да ўправы. Паліцаі і нямецкія салдаты не прапусцілі ніводнага двара, саду і агарода, ніводнай вуліцы і завулка. На жаль, фашыстам дапамагалі не толькі лунінчане-паліцаі, але і асобныя добраахвотныя старанныя памочнікі з грамадзянскіх асоб. На Чырвонай вуліцы „вызначыліся“ двое маладых братоў, якія з палкамі ў руках шукалі ахвяр па агародах. Аблава дала свае вынікі — было злоўлена каля 40–50 мужчын, якіх таксама расстралялі за горадам...

Першае масавае пакаранне людзей выклікала ў горадзе шок. Лунінец прыціх, скурчыўся. Асаблівае ўражанне зрабіў расповед паліцэйскіх, як Якаў Грынштэйн на каленях, плачучы, маліў аднаго з іх аб літасці, а яго збівалі палкамі і потым расстралялі... А што рабілася ў сем’ях забітых! У дамах усюды чуліся рыданні, маленні аб дапамозе. Прыгадваць пра гэта страшна...».

Прадстаўнікі Таварыства выхадцаў з Лунінца і Кажан-Гарадка ў Ізраілі, якія з 1990-х гг. штогод наведваюць Беларусь, планавалі ўсталяваць памятны знак на пахаванні мужчын-яўрэяў, але не змаглі знайсці дакладнае месца знішчэння. Самыя дасведчаныя жыхары сцвярджалі, нібыта зараз там размешчаны гаражны масіў. Не так даўно ключ да пошуку дала лунінчанка Надзея Іванаўна Карпуковіч. Яна нарадзілася ў пасляваенны час, але менавіта на вуліцы Пясчаная, дзе была размешчана вышэйпрыгаданая сенная база. Так было ўстаноўлена меркаванае месца пахавання 1312 ахвяр фашызму.

Сабраныя матэрыялы перададзены ў Генеральную пракуратуру, якая і прыме рашэнне аб наступных дзеяннях. Раённы пракурор заклікаў мясцовых жыхароў працягваць дзяліцца інфармацыяй пра невядомыя месцы масавых пахаванняў перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Каб не дапусціць падобных злачынстваў на нашай мірнай зямлі, неабходна ўвекавечанне памяці аб усіх ахвярах фашызму.

Днямі прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі традыцыйныя 6 руж (гэта лічба азначае 6 мільёнаў ахвяр Халакосту) да брацкай магілы вязняў гета — у памяць аб 80-й гадавіне гібелі 1312 лунінецкіх мужчын-
яўрэяў.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Загаловак у газеце: У жніўні сорак першага...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.

Грамадства

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Асобнае месца займае будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча.

Эканоміка

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

З кожным днём на нашых дарогах усё больш электратранспарту.

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.