Вы тут

Як папярэдзіць гінекалагічныя хваробы?


Як вядома, адным з найважнейшых складнікаў фізічнага стану жанчыны з'яўляецца рэпрадуктыўнае здароўе, якому варта аддаваць неабходную ўвагу. Многія гінекалагічныя праблемы нагадваюць пра сябе адразу, але мы не заўсёды звяртаем на іх увагу і не спяшаемся да доктара. На якія сімптомы трэба зважаць і пра што яны могуць сведчыць, расказала ўрач-акушэр-гінеколаг 1 катэгорыі 11-й гарадской паліклінікі Мінска, аспірант кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі БелМАПА Святлдана КРЭЕР.


Прэч запаленне!

— Святлана Аляксандраўна, назавіце асноўныя жаночыя хваробы?

— Іх можна падзяліць на некалькі груп. Найперш гэта запаленчыя захворванні — кальпіт, цэрвіцыт, эндаметрыт, аднэксіт. Далей можна вызначыць дабраякасныя новаўтварэнні — мастапатыя, міёма, эндаметрыёз, кісты яечнікаў і іншае. Злаякасныя пухлінныя захворванні — рак цела маткі, рак шыйкі маткі, малочнай залозы, рак яечнікаў. Можна вылучыць групу эндакрынных захворванняў, гэта гіперандрагенія (калі ў жанчыны сінтэзуецца шмат мужчынскіх палавых гармонаў), гарманальныя дысфункцыі, аменарэя (адсутнасць месячных на працягу некалькіх цыклаў). Асобна стаіць бясплоднасць.

— Што становіцца прычынай запаленчых хвароб? Як яны праяўляюцца?

— Сімптомамі кальпіту, цэрвіцыту, эндаметрыту, аднэксіту з'яўляюцца непрыемныя выдзяленні, боль і цяжар унізе жывата, павышэнне тэмпературы цела (у залежнасці ад ступені выяўленасці запаленчага працэсу), болі пры мачаспусканні і палавым акце. А прычыны могуць быць розныя: кішэчная палачка, стафілакок, стрэптакок, энтэрабактэрыі, хламідыя, мікаплазмы, вірус простага герпесу (2 тып), вірус папіломы чалавека, ганарэя. Трэба звяртацца да гінеколага, які прызначыць неабходныя аналізы і лячэнне.

— Апошнім часам шмат кажуць пра вірус папіломы чалавека. Чым ён небяспечны? Як яго выявіць?

— Ён з'яўляецца прычынай перадракавых захворванняў шыйкі маткі (дысплазіі 1,2,3 ступеняў), раку шыйкі маткі. Дыягнаставаць яго лепш за ўсё метадамі вадкаснай цыталогіі, ПАП-тэста, кальпаскапіі, ПЛР-тэста на вірус папіломы чалавека высокай канцэрагеннай рызыкі. Але важна яго не блытаць з папіломамі скуры, слізістай шыйкі маткі, гэта вірус папіломы чалавека 6 і 11 тыпаў, яны дабраякасныя.

Дабраякасныя, але непрыемныя

— Як праяўляе сябе міёма маткі?

— Болем унізе жывата і пры палавым акце, ускладненымі мочаспусканнем, актам дэфекацыі, крывацёкамі ў межменструальный перыяд, інтэнсіўнымі месячнымі са згусткамі, працяглымі месячнымі, павелічэннем у памерах жывата. Міёма патрабуе дакладнай дыягностыкі, лячэння і назірання ва ўрача. Таму пры наяўнасці сімптомаў варта звяртацца да гінеколага.

— Яшчэ адным распаўсюджаным новаўтварэннем з'яўляюцца кісты яечнікаў. Як іх пазбегнуць?

— Для прафілактыкі ўтварэння кістаў яечнікаў неабходна ведаць прычыны іх узнікнення. А гэта гарманальныя парушэнні, запаленчыя захворванні органаў малога таза. Таксама рызыку ўзнікнення кістаў яечнікаў павялічваюць эндакрынныя паталогіі, напрыклад, збоі ў рабоце шчытападобнай залозы, нерэгулярны менструальны цыкл, атлусценне, прыём гарманальных прэпаратаў (для кантрацэпцыі або пры падрыхтоўцы да ЭКА), хранічныя запаленчыя захворванні мачавога пузыра і кішэчніка, курэнне, аборты, некаторыя лекавыя прэпараты, прызначаныя пры злаякасных пухлінах малочных залоз, прыроджаныя анамаліі развіцця тканак, занадта ранні пачатак менструацыі (да 11 гадоў), стрэсы, аперацыі на органах палавой сістэмы.

Самае страшнае

— Якія сімптомы могуць указваць на рак малочнай залозы?

— Пухліна ў малочнай залозе, выдзяленні з саскоў (крывяністыя, светлыя), скура па тыпе «цытрынавай скарынкі», ацёк саскоў і іх уцягванне, змены ў памерах, форме малочных залоз, эрозіі і пачырваненне на скуры малочных залоз. Трэба адзначыць, што для выяўлення праблем з малочнымі залозамі самаабследавання недастаткова. Жанчыны павінны праходзіць інструментальныя абследаванні: ва ўзросце ад 18 да 49 гадоў УГД малочных залоз пажадана на 9-10 дзень менструальнага цыклу, у 50—70 гадоў — мамаграфію. Яна выконваецца адзін раз на два гады.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Жаночая доля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».