Вы тут

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, пройдуць 1 верасня


У гэты ж дзень у сталіцы расчыняць свае дзверы для вучняў і дзве новыя школы. Адна з іх, разлічаная на 750 навучэнцаў, размясцілася ў мікрараёне Магістр: тут будуць навучацца як выхаванцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, так і жыхары з прылеглай да ўстановы адукацыі тэрыторыі. А ў мікрараёне Лошыца-9 у строй уводзіцца школа з басейнам з праектнай магутнасцю 1020 чалавек.


— Усяго ў новым навучальным годзе ў Мінску будуць функцыянаваць 245 школ і гімназій, — расказала намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ. — Пасля капітальнага рамонту ўводзіцца пяць устаноў. У тым ліку пераедзе ў рэканструяваны будынак па вуліцы Цікоцкага кадэцкае вучылішча. Нарэшце, мы з радасцю прымем у наш строй гімназію № 25. Яна функцыянавала на базе іншых устаноў. Таксама пасля капітальнага рамонту вяртаюцца абноўленыя сярэднія школы №№ 167, 48 і 60, але закрываюцца на капітальны рамонт з адсяленнем вучняў гімназія № 4 і сярэднія школы №№ 104, 160 і 210.

У Мінску на правядзенне рамонтна-будаўнічых работ ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з бюджэту горада накіравана 72 мільёны рублёў, у тым ліку на капітальны рамонт — 41,1 мільёна рублёў.

Асноўны аб'ём сродкаў быў накіраваны на мадэрнізацыю харчблокаў, для якіх закуплена 348 адзінак абсталявання на суму больш як 920 тысяч рублёў. Таксама выкананыя сур'ёзныя работы па мадэрнізацыі аўтаматычнай пажарнай сістэмы бяспекі (на гэтыя мэты выдаткавана 209 тысяч рублёў). На рамонт фасадаў, ганкаў, жылых блокаў накіравана 17 тысяч рублёў.

Сертыфікаты гатоўнасці да новага навучальнага года атрымалі ўжо практычна ўсе сталічныя ўстановы адукацыі. Вызначаны загадам Міністэрства адукацыі канчатковы тэрмін гатоўнасці — 20 жніўня, але Мінск традыцыйна ідзе з апярэджаннем.

Што датычыцца недзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, то на канец мінулага навучальнага года ў Мінску іх налічвалася 19. «Не выключана, што да 1 верасня колькасць устаноў прыватнай формы ўласнасці павялічыцца, — заўважыла Ірына Чарняўская. — Мы вельмі сур'ёзна з імі працуем, запрашаем спецыялістаў камітэта па адукацыі, МНС і санстанцыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. З імі дзеляцца вопытам найлепшыя кіраўнікі горада. Важна, каб усе ўстановы адукацыі, у тым ліку прыватныя, дзейнічалі ў рамках нарматыўнага заканадаўства». Ірына Чарняўская падкрэсліла, што горад зацікаўлены ў з'яўленні прыватных устаноў, якія на належным узроўні ўдзельнічаюць у адукацыі дзяцей.

Намеснік старшыні камітэта па адукацыі праінфармавала, што ў 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска вучні займаюцца на беларускай мове. У пяці гімназіях увесь працэс навучання цалкам арганізаваны на беларускай мове. І ў дзесяці сярэдніх школах такое навучанне арганізавана ў асобных класах (171 клас, у якіх навучаюцца каля чатырох тысяч дзяцей).

Што датычыцца сітуацыі з педагагічнымі кадрамі ў Мінску, то вакантнай застаецца 1681 пасада з больш як 33 тысяч. Па-ранейшаму не хапае выхавальнікаў у дашкольных установах і настаўнікаў пачатковых класаў у школах. Але калі аналізаваць больш падрабязна, то ў сярэднім на 486 устаноў дашкольнай адукацыі прыпадае толькі адна вакансія выхавальніка, і яна закрываецца за кошт павелічэння нагрузкі на іншых педработнікаў.

У сталіцы сёння робіцца стаўка на адкрыццё педагагічных класаў і павелічэнне набору ў гарадскі педагагічны каледж, дзе менавіта і рыхтуюць кадры для дашкольных устаноў і пачатковай школы. У новым навучальным годзе колькасць педагагічных класаў павялічыцца на 12 — такім чынам, іх стане 35. Гэта самыя матываваныя абітурыенты педагагічных спецыяльнасцяў.

Пэўнай праблемай для сталічнай сістэмы адукацыі застаецца даволі высокі працэнт педагогаў пенсійнага ўзросту. Іх цяпер налічваецца 24 працэнты ад агульнай колькасці.

— Не хацелася б пакрыўдзіць нашых масцітых педагогаў, але новае пакаленне патрабуе сучасных форм зносінаў, валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі і сучаснымі ведамі, — дадала Ірына Чарняўская. — Што датычыцца замацавальнасці маладых спецыялістаў, то часцей за ўсё пасля адпрацоўкі па размеркаванні са школ сыходзяць маладыя настаўнікі англійскай мовы і матэматыкі. Астатнія ж педагогі замацоўваюцца ў школах — для гэтага робіцца шмат захадаў у супрацоўніцтве з прафсаюзнымі арганізацыямі.

Сёння ва ўстановах адукацыі Мінска завяршаецца ўстаноўка сістэм бяспекі і відэаназірання — дадатковых камер і турнікетаў на ўваходах. Па стане на 16 жніўня турнікеты ўжо ўсталяваны ў 85 % школ. Дагаворы з Дэпартаментам аховы заключаны практычна ўсюды. У 82 % школ устаноўлены камеры відэаназірання. «Такім чынам, у найбліжэйшы час гэтая работа будзе завершана, — сказала Ірына Чарняўская. — На ўстаноўку дадатковых відэакамер, а таксама заключэнне дагавораў з Дэпартаментам аховы грошы былі выдзелены з бюджэту горада. А вось закупка турнікетаў вялася за кошт пазабюджэтных сродкаў, для гэтага прыцягваліся спонсары, арганізацыі-шэфы школ, дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя кампаніі. Дадатковыя відэакамеры накіраваны на ўваход з мэтай падключэння іх у далейшым да гарадской і рэспубліканскай сістэм відэаназірання».

«Новыя сістэмы бяспекі не стануць перашкодай для бацькоў і іншых людзей, якія хочуць, напрыклад, прыйсці ў школу для гутаркі з адміністрацыяй або настаўнікам. Але пры прапускным рэжыме трэба будзе папярэдне запісацца ці агаварыць час наведвання», — патлумачыла Ірына Чарняўская.

Таксама сёння яшчэ не завяршылася работа па падборы кадраў на новую пасаду — кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, што з'явіцца ва ўстановах адукацыі з 1 верасня.

«Складзеныя штатныя расклады, стаўкі ўведзены ў залежнасці ад колькасці вучняў у школах. Гэта можа быць палова стаўкі ці стаўка, — патлумачыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф'я ФІЛІСТОВІЧ. — Кандыдатуры на гэтую пасаду прапрацоўваюцца кіраўнікамі ўстаноў адукацыі сумесна з мясцовымі ваенкамамі і прадстаўнікамі МУС. У першую чаргу, разглядаюцца ваенныя з педагагічнай адукацыяй. Гэта павінен быць не проста спецыяліст, які будзе праводзіць урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а асоба з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. У яго задачы таксама будзе ўваходзіць арганізацыя патрыятычнага выхавання моладзі, прыцягненне дзяцей да ўдзелу ў акцыях, конкурсах і спаборніцтвах не проста для птушачкі, а каб яны змаглі атрымаць задавальненне ад падобных мерапрыемстваў і пасля ўжо самастойна праяўляць ініцыятыву для ўдзелу ў іх. Нам сёння патрэбныя новыя формы і метады работы з моладдзю...»

Дакладная колькасць кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія пачнуць работу ў Мінскай вобласці, пакуль невядома. Падбор такіх спецыялістаў сёння праводзіцца таксама і ў Мінску.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: На парадку дня — бяспека

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.