Вы тут

Сакрэты паспяховай адаптацыі першакласніка


Хутка надыдзе той чароўны дзень, калі самы старэйшы дашкольнік стане самым малодшым школьнікам — першакласнікам. Для новаспечанага вучня і для яго бацькоў гэта не толькі хвалюючая падзея, але і прыкмета будучых выпрабаванняў. У школе першакласніка падсцерагаюць дакладны распарадак і строгая дысцыпліна. Ад дзіцяці чакаюць хуткага пераходу ад гульнявой да вучэбнай, пазнавальнай дзейнасці. Вакол малога з'яўляецца шмат новых людзей, як сярод дарослых, так і сярод дзяцей, з якімі неабходна ўсталёўваць сувязі. Да такіх перамен першакласніку прывыкнуць няпроста, таму на дапамогу лепш прыйсці дарослым. Пра тое, як гэта зрабіць і на што звярнуць увагу, бацькам расказала псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Вольга ВАРАНЬКО.


Фота: pixabay.com

Шукаць настаўніка, а не школу

— Бацькі звычайна разумеюць і ведаюць, як іх дзіця ўзаемадзейнічае з іншымі малымі, як рэагуе на крытыку дарослага, абзыванні дзяцей, як яно пачынае зносіны, ці ідзе першае на кантакт, — тлумачыць спецыяліст. — Таму пры ўладкаванні свайго малога ў школу трэба больш звяртаць увагу не на прэстыж установы, а на рэпутацыю настаўніка. Справа ў тым, што менавіта настаўнік вызначае мікраклімат у класе. У пачатковай школе першы настаўнік — арыенцір. На жаль, і сёння можна даведацца пра тое, што педагог вылучае якіх-небудзь вучняў, напрыклад, па добрай паспяховасці, ці, наадварот, адасабляе дзяцей за «дрэнныя паводзіны». Такія рэчы вызначаюць міжасобасныя зносіны ў класе.

Калі ж настаўнік знойдзены, бацькі могуць сустрэцца з ім загадзя і расказаць пра асаблівасці наладжвання кантакту са сваім дзіцем. Калі ж не атрымалася, хвалявацца не трэба: у першым класе праз некалькі месяцаў псіхолагам школы праводзіцца дыягностыка адаптацыі. Адным з крытэрыяў з'яўляецца дабрабыт, камфортнасць знаходжання ў класным калектыве. Гэта не закрытая інфармацыя, таму бацькі могуць пацікавіцца вынікамі і, калі патрэбна, своечасова зрэагаваць на праблему.

— Часта для згуртавання дзіцячага калектыву выкарыстоўваюць так званыя класныя гадзіны, — расказвае спецыяліст. — На іх дзеці разам з настаўнікам разважаюць на тэмы сяброўства, раскрыцця талентаў, інтарэсаў кожнага дзіцяці. Класныя гадзіны звычайна арганізоўваюць настаўнікі ці псіхолагі, але нядрэнна далучацца час ад часу і бацькам.

Лайфхак ад псіхолагаў

У адказ на новыя павышаныя патрабаванні да першакласніка ў першыя тыдні і месяцы навучання могуць з'явіцца скаргі дзяцей на стомленасць, галаўныя болі, малое можа стаць раздражняльнае, плаксівае, пачаць дрэнна спаць. У некаторых зніжаецца апетыт, а разам з тым і маса цела.

Праблемай адаптацыі становяцца і цяжкасці псіхалагічнага характару, такія як, напрыклад, адчуванне страху, негатыўнае стаўленне да вучобы, настаўніка, няправільнае ўяўленне аб сваіх здольнасцях і магчымасцях, агрэсіўнасць.

— Дапамога ў такіх сітуацыях — аднаўленне ў дзіцяці станоўчага стаўлення да жыцця, у тым ліку і да штодзённай школьнай дзейнасці, да ўсіх асоб, якія ўдзельнічаюць у навучальным працэсе (дзіця — бацькі — настаўнікі — калектыў), — гаворыць спецыяліст. — Асабліва нельга ў гэты перыяд параўноўваць дзіця з іншымі: малое можа стаць няўпэўненае, агрэсіўнае ў адносінах да аднакласнікаў.

Ёсць лайфхак ад псіхолагаў у такіх выпадках: параўноўваць дзіця з самімі сабой. Напрыклад, «глядзі, учора табе сказалі нешта крыўднае і ты змог пастаяць за сябе, адказаць, што табе непрыемна, значыць, і сёння атрымаецца».

Усе сілы — на дапамогу

Малое не хоча ісці ў школу, яго паводзіны раптам памяняліся, яно адмаўляецца вучыцца, становіцца замкнёнае, нелюдзімае, устройвае істэрыкі і зрываецца? Гэта першыя прыметы таго, што дзіця крыўдзяць.

— Калі дзіця паведамляе бацькам пра тое, што яно ці яшчэ хтосьці падвяргаецца здзекам, малое неабходна падтрымаць, пахваліць за тое, што яно набралася адвагі і расказала пра гэта,— раіць псіхолаг. — Абавязкова падкрэслівайце розніцу паміж «даносам» з мэтай зрабіць камусьці непрыемнасць і адкрытай размовай з дарослым чалавекам.

Нярэдка бацькі не ведаюць, як рэагаваць, яны не гатовыя дапамагчы. Не выправяць сітуацыю і такія заўвагі, як «ты сам вінаваты», «шукай прычыну ў сабе», «з табой нешта не так», «табе трэба змяніцца» ці «ты занадта або недастаткова разумны, моцны». Парады такога кшталту бессэнсоўныя і нават небяспечныя ў сітуацыі булінгу.

— Важна разумець, што цкаванне — гэта праблемы групы (класа), а не дзіцяці, — тлумачыць псіхолаг. — Малыя маюць патрэбу ў дарослым, і задача бацькоў — сур'ёзна паставіцца да сітуацыі, забяспечыць пачуццё абароненасці і накіраваць усе сілы на дапамогу. Не ператварайце абмеркаванне падрабязнасцяў непрыемных сітуацый у допыт. Супакойце і падтрымайце дзіця, далей вельмі акуратна ўдакладніце асаблівасці сітуацыі, а потым ужо пачынайце абмеркаванне праблемы з настаўнікам і школьным псіхолагам.

У шэсць ці ў сем?

Не кожнае дзіця гатовае вырашаць задачы першакласнікаў: усталяванне кантактаў з аднагодкамі і педагогамі, выкананне патрабаванняў школьнай дысцыпліны, новыя абавязкі. Вопыт паказвае, што дзеці, нават з высокім узроўнем інтэлектуальнага развіцця, з цяжкасцю пераносяць нагрузку, якую стварае школьнае навучанне.

— Для першакласнікаў адаптацыя да школьнага рэжыму можа стаць сапраўдным выпрабаваннем, — лічыць псіхолаг. — Вопыт паказвае, што часцей за ўсё ўзнікаюць праблемы ў дзяцей, якія пайшлі ў школу ў шэсць гадоў. Ім цяжэй падпарадкоўвацца школьнаму рэжыму, засвойваць школьныя нормы паводзін, прызнаваць школьныя абавязкі. Год, які аддзяляе шасцігадовае дзіця ад сямігадовага, вельмі важны для псіхічнага развіцця. З шасці да сямі ў дзіцяці фарміруецца адвольная рэгуляцыя паводзін, арыентацыя на сацыяльныя нормы і патрабаванні. У гэты час фарміруецца новы від псіхічнай дзейнасці: «я — школьнік». Таму каб адаптацыя праходзіла лягчэй, аддаваць дзяцей у школу псіхолагі рэкамендуюць у сем гадоў.

  • Сакрэты паспяховай адаптацыі
  • Безумоўнае прыняцце дзіцяці. Не спрабуйце выкараніць у гэты час «заганы», шукайце моцныя бакі.
  • Старайцеся быць адкрытымі з сынам ці дачкой.
  • Развівайце ў малым упэўненасць, што яно можа змяніць і кантраляваць сітуацыю, але калі спатрэбіцца, вы заўсёды прыйдзеце на дапамогу.
  • Дзіця мае патрэбу ў клопаце, абароне, падказках. Дом для яго — месца сілы, крэпасць, дзе яно можа адпачыць, сказаць усё, што думае і адчувае, расслабіцца. Стварайце для гэтага ўсе ўмовы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Веды плюс, перагрузка — мінус

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?