Вы тут

Кніжны гасцінец. Усмешка, якую пранеслі скрозь дождж


Васіль Вітка. Шчыгол-флейтыст. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.


«Адкажы, чаму ты, дрозд,

Гэтак здорава падрос?

— Шмат увосень еў рабіны,

Ну, а гэта ж — вітаміны».

Класіку беларускай дзіцячай літаратуры Васілю Вітку, сапраўднае прозвішча якога Крысько, заўсёды ўдавалася размаўляць з дзецьмі на цікавай ім мове. Недарэмна менавіта ён прыдумаў брэнд часопіса «Вясёлка», дзе працаваў шмат гадоў, — вясёлага персанажа Васю Вясёлкіна. Было на кім адпрацоўваць якасць твораў — у сям’і расло двое дзетак... Вітка і брат Міхася Лынькова, Рыгор Суніца, былі жанатыя на родных сёстрах, прыгажунях з яўрэйскай сям’і.

З пачаткам вайны Васіль Вітка страціў сувязь з жонкай і спаткаўся з роднымі толькі незадоўга да Перамогі. Ім цудам удалося ацалець.

Сёлета Васілю Вітку спаўняецца 110 гадоў, і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выдалі ягоны зборнік у серыі «Жывая класіка дзецям». Яркія ілюстрацыі Надзеі Барай дапамогуць маленькаму чытачу ўявіць герояў і даць волю ўласнай фантазіі... А пасля з новым імпэтам пачаць даследаваць прыроду роднай Беларусі, услухоўвацца ў галасы птаства... Бо менавіта птушкі — героі гэтага зборніка: амялушка, гарыхвостка, жаўна, круцігалоўка, крыжадзюб... Не ўсе дарослыя пазнаюць іх, убачыўшы ўжывую, а вершы Васіля Віткі дапамогуць дапоўніць імёны крылатых стварэнняў яркімі вобразамі. Кампактнае, бюджэтнае, але пры гэтым якаснае выданне.

Данііл Хармс. «Аб з'явах і існаваннях». «Азбука», Масква, 2020.

Памятаеце знакамітае выказванне барона Мюнхаўзена: «Я зразумеў, у чым ваша бяда. Вы занадта сур’ёзныя. Сур’ёзны твар — гэта яшчэ не прыкмета розуму».

Данііл Хармс, у сапраўднасці Ювачоў, увесь час даказваў грамадству гэтую ісціну...

«Жила-была четвероногая ворона. Собственно говоря, у нее было пять ног, но об этом говорить не стоит».

Гэта што? Занадта мудрае альбо занадта дурное?

Калі замест усмешкі падобнае выклікае ў вас жаданне грэбліва падціснуць вусны, лепш ніколі не бярыцеся чытаць Хармса.

Ён, выхаваны ў пабожнай сямі, паслядоўна цвеліў грамадства цынічнымі выказваннямі і эпатажнымі ўчынкамі. Увесь час дэкларуючы сваю нелюбоў да дзяцей, праславіўся цудоўнымі дзіцячымі вершамі, а калі чытаў юным слухачам, яшчэ і паказваў ім фокусы, і дзеці бегалі за ім, як за чараўніком...

У зборнік, пра які мы гаворым, увайшла проза Данііла Хармса. Абсурдысцкая, хуліганская, горка-іранічная, добрыя лекі ад пафасу і шаблонаў... Самавіты чалавек ніколі ж не напіша пра сябе:

«Я родился в камыше. Как мышь. Моя мать меня родила и положила в воду. И я поплыл».

Героі яго — маленькія людзі, абсурд жыцця якіх, калі ўдумацца, проста гіпербалізаваная нуда існавання. Сусед Мікалай Іванавіч Ступін, у якога тэорыя, што ўсё — дым... Нейкі спадар Дзярняцін, якога на вуліцы муха ўдарыла ў лоб і прайшла праз галаву наскрозь, толькі свіст у мазгах пачуўся... Аляксей Аляксеевіч Аляксееў, які захацеў быць рыцарам, убачыў, як дама спатыкнулася і разбіла каўпак ад настольнай лямпы, вырашыў прынесці сябе ў ахвяру, выскачыў з трамвая і разбіў сабе твар... А калі вымаўляў словы «сцяг», «фанфара» ці проста «эпалеты», па ягоным твары бегла сляза замілавання. І нават вялікія людзі — накшталт Пушкіна і Гогаля, у гэтым свеце здрабняюцца, прапушчаныя праз прафаннае ўспрыманне, робяцца мізэрнымі мноствамі, радамі клонаў...

Чалавецтва дарэмна надзімае шчокі, сцвярджаючы, што дасягнула вяршынь прагрэсу. Калі ласка, навука ў свеце Хармса:

«Одиннадцать утверждений Даниила Ивановича Хармса…                                                                                                                 

І утверждение.                                                                                                                                                                           

Предметы пропали.                                                                                                                                                                                   

ІІ утверждение.                                                                                                                                                                               

Было: Числовой ряд начинается с 2. Единица не число. Единица первое и единственное совершенство. Первое множество, первое число и первое от совершенства — это 2. (Пифагорова Единица)».

І гэтак далей, са здзеклівым пафасам.

Часцяком зацемкі Хармса, з вельмі вострымі падтэкстамі, бязлітасна «троляць» уплывовыя фігуры эпохі:

«Ольга Форш подошла к Алексею Толстому и что-то сделала.

Алексей Толстой тоже что-то сделал.

Тут Константин Федин и Валентин Стенич выскочили на двор и принялись разыскивать подходящий камень. Камня они не нашли, но нашли лопату. Этой лопатой Константин Федин съездил Ольге Форш по морде. Тогда Алексей Толстой разделся голым и, выйдя на Фонтанку, стал ржать по-лошадиному. Все говорили: „Вот ржет крупный современный писатель“. И никто Алексея Толстого не тронул».

Здзек, падобны да сучаснага інтэрнэтаўскага сцёбу, ці не праўда? 1934 год, калі гэта было напісана, такіх жартаў не дараваў.

Хармс памёр у турэмнай псіхарні падчас ленінградскай блакады.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.                                      

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.