Вы тут

Кампазітар Алена Атрашкевіч: Муж не чакае, што я буду ідэальнай гаспадыняй дома


Кампазітар, педагог і першая жанчына-старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч — абаяльная і самадастатковая. Вакол яе заўсёды шмат людзей — вучні, калегі: яна прыцягвае іх, нібы магніт.


Алена Атрашкевіч.

Калі мы сустрэліся, то пасмяяліся: у нас аказаліся аднолькавыя маскі. На жаль, ад тэмы ковіду сёння нікуды не падзецца. Алена Віктараўна сказала, што яе 89-гадовая маці прайшла курс вакцынацыі. «Мая вялікая радасць», называе яна сваю маму. У голасе столькі цяпла, захаплення, падзякі...

— Мая мама, Ганна Лявонцеўна, — чалавек неверагоднага лёсу. У 13 гадоў, у 1944 годзе, яна засталася круглай сіратой, — распавядае Алена Віктараўна. — Пры гэтым яна — адна з нешматлікіх дзяцей са сваёй вёскі, хто пазней закончыў 10 класаў. Старшыня калгаса даў ёй грошай на дарогу і сказаў: «Табе трэба далей вучыцца, едзь паступаць у Ленінград». І мама паехала. Можна ўявіць, якое ў яе было жыццё: і голад, і холад, і беднасць. Але ўспамінаючы той час, яна ніколі не скардзілася, маўляў, было цяжка. Яна казала пра тое, як заўсёды імкнулася да ведаў, як ёй было цікава працаваць, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Мае бацькі стараліся, каб у мяне і маёй старэйшай сястры Наташы было ўсё: дзіцячыя забавы, прыгожае адзенне. Убачыўшы ў сяброўкі піяніна, я таксама сказала бацькам, што хачу займацца музыкай, потым з'явілася цікавасць да малявання. І піяніна, і самыя лепшыя фарбы — усё гэта ў мяне было. У той жа час нельга сказаць, што мы былі распешчаныя. Улетку з сястрой спачатку дапамагалі сваякам па гаспадарцы, потым ужо і працавалі на канікулах. Бацькі ўмелі знайсці нейкую залатую сярэдзіну ў выхаванні. Яшчэ мне вельмі падабалася, што нас ніколі не лаялі за розныя выбрыкі, а спакойна размаўлялі, разбіраліся, да чаго тое можа прывесці.

Памятаю, калі маме было 77 гадоў, яна паднімалася на пяты паверх у доме без ліфта, і ў яе трохі збілася дыханне. Яна кажа: «А што ж будзе, калі я пастарэю?» Захапляюся яе па-ранейшаму ўчэпістым інжынерным розумам, любоўю да жыцця. Ёй усё цікава, яна вельмі прасунуты чалавек. Упэўненая, што менавіта мама прыклала максімум намаганняў для таго, каб усе мы адбыліся, былі паспяховыя і шчаслівыя.

— Дзе працавалі вашы бацькі?

— Пасля размеркавання мама працавала на цэлюлозна-папяровым камбінаце ў Калінінградзе. Яна ж настаяла, каб тата таксама атрымаў вышэйшую адукацыю. Потым яны пераехалі ў Казахстан, у Кзыл-Арду, там прайшлі першыя шэсць гадоў майго жыцця.

— Вось як! А чамусьці ўсе лічаць, што вы родам з Маладзечна.

— Нарадзілася я ў Барысаве. Мама спецыяльна прыехала з Кзыл-Арды на радзіму, таму што ў Казахстане ў той час была вялікая дзіцячая смяротнасць. У Маладзечна я трапіла па размеркаванні, пражыла там больш за дванаццаць гадоў, атрымала вядомасць як кампазітар і педагог. Мабыць, таму гэты горад лічаць маёй радзімай. З Казахстана бацькі пераехалі ў Чашнікі і працавалі там на папяровай фабрыцы «Чырвоная зорка»: тата — галоўным інжынерам, мама — намеснікам дырэктара. Тата ўжо пайшоў з жыцця, а мама па-ранейшаму жыве ў Чашніках. Гэта я пералічваю ўсе мясціны, дарагія майму сэрцу. Працягваем спіс: Мінск, Ленінград, маміна радзіма — вёска Астраўкі ў Крупскім раёне. Менавіта там мы праводзім лета, там крыніца майго натхнення: кранальная прыгажосць, цішыня — гэта тое, што трэба кампазітару для творчасці.

— Раскажыце, як дзяўчынка з невялікага гарадка апынулася ў найпрэстыжнейшай сталічнай сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі, цяперашняй Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі?

— У Чашнікі з Мінска прыехала спецыяльная камісія адбіраць музыкальна адораных дзяцей. Сказалі, чакайце, выклічам у Мінск на іспыт. Мама потым расказвала, што ўсе дзеці выходзяць з будынка школы, а мяне ўсё няма і няма. Экзаменавалі досыць сур'ёзна. Памятаю, што ўсе дзеці спявалі «У лесе нарадзілася елачка», а я выканала жартоўную песеньку «Калі мой тата быў вясёлы». Мне было 8 гадоў, калі паступіла ў ССМШ. Першыя чатыры месяцы вучобы яшчэ не было гатовае памяшканне інтэрната. Чацвёра дзяцей пасялілі ў кватэры, а бацькі па чарзе бралі чарговыя адпачынкі, нават за свой кошт, і жылі з намі. Трэба было гатаваць на ўсіх, у школу адвезці. А калі з'явіўся інтэрнат і быт быў наладжаны, мама кожныя выхадныя садзілася за руль першай мадэлі «Жыгулёў» і прыязджала да мяне. Часам тата з сястрой далучаліся. Дарэчы, практыка пошуку адораных дзяцей у глыбінцы існуе да сёння, і гэта вельмі правільна.

— Кажуць, дзеці-музыканты не бачаць таго самага дзяцінства — увесь час заняткі...

— Займацца мне было ў радасць, цікава. Калі прыязджалі бацькі, мы хадзілі ў паркі, на атракцыёны. Сярод тыдня я знаходзіла час схадзіць у кіно. І яшчэ ў мяне было захапленне: абышла пешшу большую частку Мінска. Гэта зусім не тое, што ехаць у тралейбусе і глядзець у акно. Пешшу можна зазірнуць у кожны двор, разгледзець усе дамы. Увогуле, Мінск у межах 1970—1980 гадоў я ведаю вельмі добра.

— Потым вы з'ехалі вучыцца ў Ленінградскую кансерваторыю, а з мужам калі і дзе пазнаёміліся?

— На апошніх школьных канікулах прыехала да бацькоў, і сяброўка выцягнула мяне на танцы. Я і не вельмі хацела ісці... Аб'явілі белы танец, адзін хлопец падаўся мне сімпатычным... са спіны, яго і запрасіла. Верагодна, лёс...

— І як развіваліся адносіны?

— У асноўным па перапісцы. Тады ж не было інтэрнэту, «Вайбера», пісалі папяровыя лісты. Можна было пагаварыць па тэлефоне. На канікулы прыязджала дадому. Вяселле згулялі, калі я скончыла кансерваторыю.

— Быў шанц застацца ў Ленінградзе?

— Не, у мяне было мэтавае накіраванне, гэта значыць, я павінна была вярнуцца ў Беларусь. Але я марыла пра Мінск, а мне сказалі, што паколькі я з Віцебскай вобласці, то на сталіцу не варта спадзявацца. Прапанавалі Маладзечна. Я з'ездзіла, паглядзела горад і пагадзілася. Працавала там да дэкрэта, а калі нарадзіла дачку, з'ехала да бацькоў. Я раптам зразумела, што ў мяне няма вопыту дамашняга жыцця — з 8 гадоў па інтэрнатах. З энтузіязмам пачала вучыцца гатаваць па кулінарных кнігах, асвоіла макрамэ і вязанне.

— А муж таксама з'ехаў у Чашнікі?

— Не, у гэты час ён вучыўся ў Беларускім аграрным універсітэце. Таму шлюб у нас тады быў, як цяпер кажуць, гасцявы. Мікалай прыязджаў на выхадныя. Сын у нас нарадзіўся праз год і тры месяцы пасля дачкі. Але гэта і нядрэнна, дзеці оптам выраслі (смяецца).

— Яны ладзілі паміж сабой?

— Сябравалі і сябруюць. Але ў маленькіх была і канкурэнцыя. А яшчэ ў іх было такое цікавае ўяўленне гадоў да сямі, што калі ў аднаго дзень нараджэння з падарункамі, то і ў другога таксама. Так і святкавалі дні нараджэння дзяцей — па два разы на год.

— Алена Віктараўна, а дзе вы жылі ў Маладзечне?

— Даволі доўга ў інтэрнаце, быў там сямейны паверх. Адтуль і сябры нашай сям'і. У нас атрымлівалася сябраваць, выручаць, калі трэба з дзіцем пасядзець, чымсьці дапамагчы.

— Маладосць выпала на 1990-я. Як вы іх успамінаеце?

— Гэта цяпер мы думаем: як жа мы жылі, не было таго, іншага... А тады мы ніколі не казалі і, галоўнае, не лічылі, што жывём дрэнна. Было і так, што мы эканомілі на аплаце за праезд, ішлі пешшу, але пры гэтым была заначка дзецям на чупа-чупс. Я і сёння ўспамінаю не пра тое, што не было цяперашняга дабрабыту, а, напрыклад, пра тое, што ну вось так атрымалася — з часам купілі мікрааўтобус, у які садзіліся ўсе нашы сябры з дзецьмі, мы выязджалі ў грыбы, проста адпачыць на прыродзе, і гэта было цудоўна!

— Як ваша сям'я, у прыватнасці, дзеці рэагавалі, калі вы працавалі дома?

— Вельмі ўдзячная сваім блізкім, што яны з разуменнем ставіліся да таго, што дома я рыхтавалася да заняткаў, пісала музыку. Дзеці ні разу не тупнулі нагой, маўляў, ім зараз жа нешта ад мяне патрэбна. Муж не чакаў, што я буду ідэальнай гаспадыняй дома, ён разумеў, што для мяне больш важна адбыцца ў творчасці. Дарэчы, пасля дэкрэта я закінула вязанне, макрамэ. Мне проста шкада марнаваць на гэта час. Хоць блізкія кажуць, што ў мяне добра атрымлівалася. Мікалай заўсёды разумеў, што калі я фізічна знаходжуся дома, не факт, што быў час прыгатаваць вячэру. Ён сам выдатна прыгатуе і ўсіх накорміць. Гэтаксама з усялякімі дамашнімі справамі — робіць той, у каго ёсць магчымасць.

Мой муж па сваім характары дамасед. І я ніколі не тое што не патрабую, нават не прашу, каб ён мяне суправаджаў на нейкія мерапрыемствы. Але на мае канцэрты ён ходзіць, як і ўсе мае блізкія. І я рада, што гэта ім шчыра цікава.

Аляксандр і Кацярына — дзеці Алены Віктараўны.

— Чым займаюцца вашы дзеці?

— Сын Саша пайшоў па маіх слядах, ён музыкант, іграе ў аркестры Вялікага тэатра Беларусі. Дачка Каця працягвае справу бабулі, дзядулі і сваёй цёткі — яна працуе ў сферы паліграфіі.

— Ваша сястра Наталля Віктараўна Чорная — доктар тэхнічных навук, прафесар. Вам лёгка знаходзіць агульную мову?

— Мы вельмі сябруем. Наташай захапляюся! Яна ў 23 гады абараніла кандыдацкую дысертацыю. Гэта цяпер падобным нікога не здзівіш, а ў савецкі час лічылася, што навуковую ступень трэба атрымліваць ледзь не бліжэй да пенсіі.

— Хто ў сям'і галоўны па фінансах?

— Галоўнага няма. Я нават не магу сказаць дакладна, колькі зарабляе муж. У мяне стабільная выкладчыцкая зарплата, прафесія кампазітара прыносіць даход, калі ёсць заказы — музыка для кіно, спектакляў. Песні я звычайна дару выканаўцам.

Мы не складваем грошы ў шкатулку, не вылучаем з заробкаў нейкія сумы на вядзенне гаспадаркі. Абмяркоўваем буйныя пакупкі — ці можам сабе іх дазволіць. Ведаю, што калі б, напрыклад, вырашыла купіць аўтамабіль, муж бы ў гэтым паўдзельнічаў, але, мяркую, хопіць і адной машыны для сям'і. Мабыць, у нас ёсць правіла, якое датычыцца грошай: выдаткоўваць іх трэба з задавальненнем, не шкадаваць ні для сябе, ні для сваіх блізкіх і сяброў.

— Ведаю, што вы прымаеце віншаванні: у сям'і вашага сына здарылася папаўненне — нарадзіўся сын Арцемій.

— Гэта вельмі радасная падзея. Але я пакуль усведамляю ролю бабулі ў тым сэнсе, як у нас гэта часцей за ўсё прынята. Лічу, што бабуля — гэта не ўзрост і нават не статус, а стан душы. Калі ўнук падрасце, вырашыць сам, як ён захоча мяне ўспрымаць. Думаю, у нас атрымаецца сябраваць.

— Як ваша сям'я любіць адпачываць?

— Любім падарожнічаць. І шмат дзе ўдалося пабываць, нярэдка сумяшчаючы канцэрты з адпачынкам. Калісьці, ідучы насустрач жаданню дачкі з'ездзіць на адпачынак у Турцыю, паехала туды і пераканалася, што «ўсё ўключана» — гэта не для мяне. Мне падабаецца нешта адкрываць, даследаваць. Не вялікая прыхільніца экскурсій. Горад пазнаеш не тады, калі табе кажуць: паглядзіце направа — паглядзіце налева, а калі ты пройдзеш яго ўласнымі нагамі ў зручным для цябе тэмпе. Самая вялікая мара як вандроўніцы — паглядзець усю Беларусь. Мне аднолькава цікавыя і вядомыя мясціны з адрэстаўрыраванымі палацамі, і якая-небудзь невялікая вёсачка, дзе са славутасцяў — толькі старая царква або руіны замка. Гэтую зацікаўленасць падзяляе ўся сям'я. І тут можна зымправізаваць: з'явіўся свабодны час, выбралі пункт на карце, селі ў машыну і паехалі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.