Вы тут

Дабрыня супраць булінгу


Праект, скіраваны на змяншэнне ў школах колькасці канфліктаў сярод вучняў і прадухіленне сітуацыі булінгу і фізічнага і псіхалагічнага ціску, працуе ўжо год. Апрабаваная ў Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі і Балгарыі мадэль дапамагла напалову зменшыць узровень гвалту ва ўстановах гэтых краін, а булінг — на тры чвэрці. Пра вынікі ўкаранення ў Беларусі харвацкай мадэлі, якую ў межах эксперымента на працягу пяці гадоў рэалізоўваюць у 26 школах краіны Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) і Міністэрства адукацыі, расказалі эксперты.


Камфортны клімат для ўсіх

Мэта праекта па стварэнні мадэлі «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», які будзе ўкараняцца ў айчынных школах да 2025 года, — зрабіць псіхалагічныя ўмовы для навучання школьнікаў як мага больш спрыяльнымі. Прынамсі, вялікую працу па адаптацыі мадэлі правялі спецыялісты Інстытута псіхалогіі БДПУ і Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ, заўважыў Аляксандр ЖУК, рэктар БДПУ:

— Распрацаваны дапаможнік для педработнікаў школ. Па праграме «Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах» абучаны ментары і спецыялісты сацыяльна-псіхалагічных службаў, а сама яна пратэсціравана ў пяці школах. Беларуская версія праграмы прэзентавана для дзяржаўных устаноў адукацыі — для магчымага ўключэння асобных модуляў у праграмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педработнікаў.

Вынікі праекта арганізатары бачаць у фарміраванні ўзаемнай павагі ў вучняў, устаноўцы сістэмы правіл і маніторынгу іх выканання. Чакаецца, што ў працэс прафілактыкі гвалту сярод аднагодкаў уключацца бацькі, настаўнікі і мясцовыя ўлады. Мяркуецца таксама, што ва ўстановах адукацыі будзе створаны камфортны клімат для ўсіх. Праект важны таксама для аднаўлення педагагічнай адукацыі ў краіне ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, упэўнены рэктар:

— Місія ўніверсітэтаў — падрыхтаваць педагогаў, якія змогуць выхаваць моладзь з гуманістычным светапоглядам, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем і актыўнай грамадскай пазіцыяй. Рэаліі патрабуюць стварэння сяброўскіх дзіцяча-дарослых супольнасцяў як галоўнага механізму фарміравання новых сацыяльных практык у адукацыйнай прасторы.

Падчас другога года дзеяння праграмы, якая распачата ў 2000-м, мяркуецца замацаваць напрацаваныя вынікі, а на трэці — далучыць да эксперымента новыя школы, падкрэслівае Алена ГАЛАЎНЁВА, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі:

— Міністэрства мае на мэце стварэнне бяспечнага і сяброўскага асяроддзя ў школе для кожнага дзіцяці, незалежна ад асаблівасцяў яго псіхафізічнага развіцця і ўзроўню ведаў. Будзе ўдасканальвацца работа з ментарамі і павялічвацца іх колькасць. Мэтазгодна, пэўна, унутры кожнай установы гадаваць свайго ментара, незалежна ад яго пасады. Галоўнае, каб да яго са сваёй праблемай мог падысці кожны навучэнец.

Амбіцыйныя планы

Напачатку былі амбіцыйныя планы пачаць рэалізацыю праекта адразу ў сотні беларускіх школ у першы ж год, аднак немагчыма было знайсці столькі валанцёраў для работы, заўважыла Таня РАДАЧАЙ, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі. Акрамя таго, многія проста не верылі, што булінг — сур'ёзная праблема, ці папросту закрывалі на гэта вочы. Аднак знайшліся школьнікі, якіх вельмі зацікавіла гэтая праблема, і якія з ёй сутыкаліся, і якім трэба было дапамагчы справіцца з праявамі стыгматызацыі. Давялося працаваць і з бацькамі, дзеці якіх сутыкаліся з булінгам і цкаваннем і якія дапускалі памылкі ў вырашэнні гэтых праблем.

— Важна паўтараць назапашаныя і створаныя практыкі з году ў год, каб дасягнуць станоўчых вынікаў у супрацьдзеянні гвалту з кожным новым пакаленнем вучняў і настаўнікаў.

Яна выказала спадзяванне, што ў Беларусі будзе створана адаптаваная мадэль, якая пасля будзе прымяняцца ў большай колькасці школ.

— Аднак не існуе ідэальных парад для розных сітуацый, таму неабходна рыхтавацца да таго, што заўжды трэба будзе ствараць нешта новае для вырашэння праблем, з якімі будуць сутыкацца дзеці і ў рэальным свеце, і ў анлайн-прасторы. І трэба навучыць дзяцей расказваць пра праблемы, якія з інтэрнэтных пераходзяць у рэальнае асяроддзе, і добра, калі ў школе і дома ёсць людзі, якім яны могуць давяраць. Год, за які рэалізоўваецца праект, ужо паказаў, з якімі праблемамі ў адносінах рэальна сутыкаюцца школьнікі і ментары.

«Дыягностыка» пытання

Сем крокаў харвацкай мадэлі айчынныя спецыялісты перапрацавалі пад беларускія рэаліі. Вельмі важна было вызначыць сэнс ідэі для яе паспяховай рэалізацыі, расказала пра работу над айчыннай мадэллю праекта Ала МУЗЫЧЭНКА, загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы Інстытута псіхалогіі БДПУ, кіраўнік праекта.

Важна было ўсё: і падрыхтоўка рэкламнай прадукцыі для візуалізацыі прасторы ў школах, каб яна не стала проста звыклай выявай, якая не мае сэнсавай нагрузкі, і значкі, якія трансліруюць ідэю таго, што сіла ў дабрыні. Да мерапрыемстваў далучалі і выпускнікоў школ, якія ўжо з пункту гледжання бацькоў выказвалі свае думкі і бачанне праблемы.

— З дапамогай ЮНІСЕФ ментары і валанцёры (старшакласнікі гэтых жа школ) праводзілі адкрытыя ўрокі на тэму супрацьдзеяння булінгу па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Правялі конкурс-трэнінг па тэхналогіі АПШЫФТ «Пошук рашэнняў для супрацьдзеяння булінгу ў школьным асяроддзі», дзе кожная школа прапанавала сваё бачанне прымянення інструментаў для вырашэння праблемы, — расказала яна. — Былі надрукаваны буклеты і распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, як іх выкарыстоўваць, якія гульні і дыскусіі арганізаваць, каб перадаць інфармацыю іншым. Пазней праводзілі дыягностыку сітуацый і нават асобных навучэнцаў, якія аказаліся ў праблемным становішчы, каб вызначыць, каму дзіця гатовае давяраць, якія агрэсары ёсць у класе.

Якога полу агрэсар?

Праваднік ідэй праектаў у кожнай установе, дзе праходзіць эксперымент, — ментар, які, як правіла, не працуе ў школе, таму мае больш нейтральны і кампетэнтны погляд. Аднак ёсць і тыя, хто ведае працэс знутры і з'яўляецца не знешнім, а ўнутраным ментарам. З такіх — Людміла ЖУКОЎСКАЯ, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 125 г. Мінска:

— У ініцыятыўнай групе нашай школы восем педагогаў, кожны з якіх склаў індывідуальны план работы ў межах праекта. Трэба было патлумачыць і расказаць усяму калектыву школы пра рэалізацыю праекта. Трэба было прыцягнуць таксама ўсіх класных кіраўнікоў, а яшчэ патлумачыць бацькам, што гэта за праект. А стаўленне апошніх да школы вельмі рознае. Ёсць нават тыя, хто ўпэўнены: менавіта школа — галоўны булер, і праблемы ўзнікаюць менавіта тут, незалежна ад сітуацыі ў сям'і.

На старце праграмы шляхам анкетавання 201 навучэнца (сярод жадаючых) 5—9-х класаў (124 хлопчыкі і 77 дзяўчынак) даследавалі актуальны стан суполкі навучэнцаў школы. Па выніках атрымалася, што ў школе 26 % агрэсараў (большасць хлопчыкі) і 6 % ахвяр.

— Такі паказчык — прыкладна адзін агрэсар на клас, што не так і кепска, аднак паказвае, што прафілактыка булінгу — найлепшая мера. Штомесяц работу абагульнялі. Плюс быў у тым, што я магла звярнуцца ў любы час да бацькоў і настаўнікаў, мінус — у тым, што некаторыя намагаліся перакласці ўсю работу на мяне.

За год правялі шмат трэнінгаў з настаўнікамі, заняткаў па фарміраванні адэкватнай самаацэнкі і развіцці талерантнасці і самапазнання з вучнямі 5—10-х класаў.

Напрыканцы года правялі паўторнае анкетаванне ўжо сярод 402 вучняў: 226 хлопчыкаў і 176 дзяўчынак. Асобна былі адабраныя падлеткі, якія паказалі агрэсіўныя і змешаныя паводзіны ў папярэднім даследаванні (82 чалавекі ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў: 21 дзяўчынка, 61 хлопчык). Атрымалася, што агрэсарамі паказалі сябе 57 % дзяўчынак і 58 % хлопчыкаў, так што гендарная прыналежнасць ролі не іграе, падсумавала ментар.

Каб разам справіцца з булінгам, трэба каб школьнікі, настаўнікі і бацькі не толькі разумелі праблему, але і хацелі ад яе пазбавіцца і палепшыць школьнае жыццё.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.

Грамадства

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Асобнае месца займае будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча.

Эканоміка

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

З кожным днём на нашых дарогах усё больш электратранспарту.

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.