Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Нармальныя людзі заўсёды дамовяцца!


Фота: pixabay.com

Дзеці:

— Тата, мы прыгатавалі святочны дэсерт. Хочаш паспрабаваць?

— Дзякуй, я не галодны. (Лічу за лепшае з дзіцячымі дэсертамі не эксперыментаваць.)

— Ну, паспрабуй, калі ласка, мы ж стараліся.

— Добра, давайце.

Пачаў есці: нешта такое шакаладнага колеру, але пры гэтым не шакаладнага смаку, на зуб даволі гумовае і цяжка пражавальнае. Увогуле, незразумела што, але не есці нельга.

Дзеці:

— Ну што, смачна?

— Смачна.

— А ведаеш, як называецца?

— Як?

— Каранавірус!

Як спяваў Высоцкі, «если правда оно, ну хотя бы на треть, остается одно: только лечь помереть».

Р. S. Але наогул крыўдна: цэлы месяц націскаць кнопкі ў ліфце локцямі, каб у выніку трапіць на такое глупства.

* * *

Што мне падабаецца ў дзецях, нават у тых, што ўжо падраслі, дык гэта іх шчырасць. Гэта значыць, яны, вядома, могуць хітраваць, але гэта заўсёды адчуваецца, затое яны значна часцей за нас, дарослых, дзейнічаюць шчыра, не асцерагаючыся наступстваў.

Як свежы прыклад: мы з сынам зараз жывём дома, а жонка з чатырма дочкамі жыве за горадам. На выхадных я да іх далучаюся. А сёння мы ўсёй кампаніяй вырашылі заехаць дадому, у госці да сына, пра што жонка яго загадзя апавясціла праз вайбер: маўляў, Арсеній, мы сёння прыязджаем дадому.

І як вы думаеце, якое адзінае пытанне задаў сын у адказ? Можа, ён спытаў: «У колькі?» або «Вас сустрэць?» або «Да вашага прыезду што-небудзь прыгатаваць?» ці, можа быць, ён напісаў нешта накшталт: «Выдатна! Я так засумаваў»?

Не, нічога гэтага ён, зразумела, не спытаў. Ён напісаў у адказ усяго адно кароценькае слова, якое ўтрымлівала ў сабе велізарны сэнс: «Назусім?»

Р. S. А я на секунду ўявіў, што гэта я так адказаў жонцы на навіну пра іх прыезд, і ў мяне па спіне прабегла дрыготка.

* * *

Будучы бацькам са стажам, я для сябе даўно вызначыў любімы ўзрост сваіх дзяцей: тры гады. Лічу, што менавіта ў тры гады маленькі чалавек дасягае свайго росквіту: па-першае, ён можа самастойна хадзіць на гаршчок. Па-другое (хоць для мяне дастаткова і па-першае), ён можа самастойна есці. Ну і, па-трэцяе, ён можа сам знаходзіць сабе заняткі і забавы.

Але падабаецца мне гэты ўзрост — а менавіта столькі зараз маёй малодшай дачцэ — нават не таму. Проста ў тры гады дзіця ўжо дастаткова добра кеміць, каб з ім можна было мець зносіны практычна на роўных, і пры гэтым яно яшчэ няхітрае і простае, каб маніпуляваць іншымі. Але да чатырох гадоў гэта пройдзе.

І паспрабуйце дакажыце, што я не маю рацыі.

* * *

Сын:

— Тата, ты што, зноў пра мяне гісторыю ў Фэйсбуку напісаў?!

— З чаго ты ўзяў?

— Сябры сказалі.

— У маім Фэйсбуку няма тваіх сяброў (цьфу-цьфу-цьфу).

— Яны мне скрын скінулі.

Паказвае свой тэлефон. Гляджу: сапраўды скрын. Праўда, не з маёй стужкі, а з агульнадаступнай групы «Вар'яцкі Капялюшнік».

Кажу яму:

— Дык гэта ж не мая стужка.

— Ну і што? Ты ж гісторыю напісаў.

Спрабую загаварыць зубы:

— А ты бачыў, колькі там лайкаў? Пяцьсот!

— Значыць, так, тата. Або ты больш не пішаш пра мяне гісторый, або купляеш у мяне патэнт.

Ну вось, гэта ўжо іншая размова! А то палохае мяне сваімі сябрамі. У мяне, можа, таксама сябры ёсць. І наогул, нармальныя людзі заўсёды змогуць дамовіцца.

* * *

Старэйшыя дзеці ўбачылі ў інтэрнэце ролік, дзе трохгадовы хлопчык даведваецца ад мамы, што яна з'ела ўсе яго цукеркі. Спачатку хлопчык вельмі знерваваўся, але потым, калі мама стала плакаць, сказаў ёй: «Не плач, мамачка, усё добра, я не крыўдую».

Увогуле, дзеці расчуліліся і вырашылі паўтарыць эксперымент са сваёй малодшай, таксама трохгадовай, сястрой. Для гэтага яны ўгаварылі маму паведаміць Ксеніі, што яна вельмі хацела есці і таму з'ела яе цукеркі.

На іх здзіўленне, Ксенія адразу заплакала і запатрабавала прад'явіць цукеркі. А калі мама сказала: «Прабач мне, Ксюша, я іх з'ела», Ксенія адказала коратка, але цвёрда: «Не дарую».

На жаль, зняць гэта на відэа дзеці не здагадаліся, а другога дубля, як вы разумееце, у дадзенай сітуацыі быць не можа. Так што прыйдзецца ім або шукаць іншае дзіця, або чакаць, калі ў нас народзіцца наступнае.

* * *

Занесла мяне днямі ў тыя мясціны, дзе знаходзіцца мая школа і дзе праз шмат гадоў наша сям'я жыла першыя тры гады пасля вяселля, дзе нарадзіліся нашы старэйшыя дзеці. А цяпер мы ішлі з малодшай дачкой па алеі ўздоўж канала, яна без канца бегала за галубамі, а я ўспамінаў...

Успамінаў, як калісьці сам бегаў тут падчас школьных перапынкаў і пасля ўрокаў (а часам і замест іх). Як у далейшым гуляў уздоўж гэтага ж самага канала з каляскай, у якой мірна спаў будучы прызёр міжнародных фізічных алімпіяд.

Колькі мне было тады? 25? А цяпер 42. І вось сёння той жа самы я (або ўжо не той?) зноў іду ўздоўж таго ж самага канала — на гэты раз са сваёй малодшай дачкой — і ўдыхаю дурманлівы водар лета.

На хвілю заплюшчыў вочы і ўявіў, што мне «зноў дваццаць пяць». Уявілася дастаткова лёгка: як быццам я не так ужо моцна змяніўся за мінулы час.

Але штосьці ўсё ж незваротна пайшло. Што? Галоўным чынам знікла тое непаўторнае пачуццё або, дакладней, прадчуванне таго, што ты яшчэ вельмі малады і наперадзе цудоўнае, бясконцае і поўнае дзіўных адкрыццяў жыццё. Вось гэта пачуццё сышло незваротна.

Ішлі мы з дачкой за ручку па алеі майго дзяцінства, па плітцы, якую не мянялі яшчэ з маіх школьных часоў. Дачка бестурботна аб чымсьці балбатала, а я думаў пра тое, што менавіта ў такія хвіліны, калі ты раптам апынаешся ў тых мясцінах, якія добра ведаў па мінулым жыцці і якія памятаюць цябе іншага, ты толькі і пачынаеш па-сапраўднаму ўсведамляць, наколькі з аднаго боку хуткацечнае, а з іншага — непаўторнае і бясцэннае гэтае зямное жыццё.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.