Вы тут

Гісторыя з пасажырамі


Што звычайна робяць пасажыры ў зале чакання на вакзале? Яшчэ гадоў пятнаццаць-дваццаць таму сярод варыянтаў адказу ў ліку першых было б слова «сумуюць». Бо і сапраўды, калі трэба некалькі гадзін чакаць свайго цягніка, то час ідзе асабліва марудна. А вось цяпер адказы на пастаўленае пытанне выглядаюць амаль аднолькава: «Сядзяць у смартфонах». Ды ўсё роўна, калі чакаеш доўга, і гэты занятак можа надакучыць. Але на брэсцкім вакзале з'явілася магчымасць правесці час у зале чакання з карысцю, даведацца шмат новага пра гісторыю Брэста, будаўніцтва Брэсцкай крэпасці і яе гераічную абарону, а таксама пра абарону вакзала, пра знакавых гістарычных асоб.


Валерый Герасімаў.

Чамадан інфармацыі

Інтэрактыўная выстаўка зроблена ў выглядзе адкрытага чамадана, які ўтвараюць стэнды, адсюль і назва — «Гістарычны багаж». Цэнтральнае месца экспазіцыі займае інтэрактыўны дысплэй. Тут жа можна пачуць відэааповед гісторыка, краязнаўца, супрацоўніка музея пра тую ці іншую падзею, убачыць слайд-шоу з элементамі інфаграфікі, якое ў асноўным складаецца з фотаздымкаў, у тым ліку архіўных. Па ўласным жаданні можна выбраць той ці іншы раздзел і атрымаць даведку пра славутасці, музеі, помнікі, выдатных асоб.

Скажам, на экране з'явіўся партрэт. Націскаеш на подпіс і чытаеш пра Дзмітрыя Карбышава, генерал-лейтэнанта інжынерных войскаў, Героя Савецкага Саюза, які ў свой час будаваў фарты Брэсцкай крэпасці, які пасля няўдалых спроб нямецкага камандавання прымусіць супрацоўнічаць быў зверскі закатаваны ў нямецкім палоне. У цэнтры Брэста ёсць вуліца Карбышава. А вось пра асобу найбуйнейшага савецкага вучонага — ваеннага інжынера ведаюць далёка не ўсе цяперашнія школьнікі, старэйшыя юнакі і дзяўчаты. А тут, на вакзале, можна даведацца пра славутых людзей або асвяжыць, папоўніць свае веды.

Начальнік сектара ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы Брэсцкага аддзялення беларускай чыгункі Валерый ГЕРАСІМАЎ гаворыць, што ініцыятыва такой выстаўкі належыць расійскаму фонду «Нацыянальная культурная спадчына»:

— Канцэпцыю распрацавалі сумесна навукоўцы Расійскай акадэміі навук і нашай Нацыянальнай акадэміі навук пры садзейнічанні Беларускай чыгункі. Так з'явіўся гісторыка-асветніцкі праект «Гістарычны багаж», мэта якога — даступна і цікава расказаць наведвальнікам пра гісторыю гарадоў і рэгіёнаў, акцэнтуючы ўвагу на асобных сюжэтах і фактах. Вядома ж, галоўнай задачай праекта бачыцца выхаванне ў падрастаючага пакалення патрыятызму, любові да Радзімы. Такія інфармацыйныя пляцоўкі неўзабаве з'явяцца на вакзалах сталіцы і іншых гарадоў.

Дадзеная экспазіцыя, працягвае Валерый Уладзіміравіч, прысвечана гісторыі Брэста і Брэсцкай крэпасці, подзвігу іх абаронцаў. Значная частка матэрыялу прысвечана абароне Брэсцкага вакзала.

Подзвіг абаронцаў вакзала

І сапраўды, калі гутарка заходзіць пра першы дзень вайны, амаль любы чалавек скажа хоць колькі слоў пра абарону Брэсцкай крэпасці. Але мала каму вядома, што літаральна за некалькі кіламетраў ад легендарнай цытадэлі ў тыя дні разгортваліся не менш трагічныя падзеі, і людзі праяўлялі такія ж мужнасць і гераізм.

Важна адзначыць, што пры ўзвядзенні вакзала і станцыі Брэст-Цэнтральны ў 80-х гадах ХІХ стагоддзя знарок пабудавалі сетку падземных лабірынтаў на выпадак вайны: каб захоўваць запасы харчавання і хавацца на час абстрэлаў. Гэты фактар стаў вырашальным пры абароне 1941-га года. У апошнюю мірную ноч на службе ў раёне вакзала знаходзілася каля 30 супрацоўнікаў лінейнага аддзялення міліцыі. Яны і сустрэлі ворага разам з работнікамі чыгункі, асобнымі вайскоўцамі. Бой за вакзал працягваўся чатыры гадзіны. Сілы былі няроўныя, захопнікі занялі вакзал. Абарону падземнага сховішча ўзначаліў начальнік лінейнага аддзялення міліцыі Андрэй Вараб'ёў. Немцы шмат разоў заклікалі іх скласці зброю. Абаронцы адказвалі агнём. Толькі за адну ноч вораг страціў 11 чалавек. Фашысты залівалі падвальныя памяшканні бензінам і падпальвалі, закідвалі гранатамі, запаўнялі падвалы вадой. Калі ўзровень вады дасягнуў крытычнай адзнакі, абаронцы пайшлі на прарыў. Жменьцы байцоў удалося прабіцца з пекла на волю. Андрэй Вараб'ёў загінуў пасля таго, як выбраўся з падвалаў. Пад яго кіраўніцтвам некалькі дзясяткаў байцоў у нечалавечых умовах пратрымалася дзевяць дзён.

Начальнік вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны Віктар КУЛАЙ адзначыў, што праект рэалізоўваецца ў рамках Года народнага адзінства: «І тое, што да экспазіцыі праяўляюць цікавасць пасажыры, найчасцей каля экранаў-стэндаў спыняецца моладзь, гаворыць, што праект патрэбны і своечасовы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.