Вы тут

Лукашэнка: Улада нечага каштуе, калі яна не толькі сябе можа абараніць, але і свой народ


Аб ахове і забеспячэнні фінансава-эканамічных інтарэсаў краіны ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым.


«Многія пачнуць казаць, што ў нас у бюджэце грошай не хапае, таму мы пра падаткі загаварылі. Гэта звычайныя заявы нашых свядомых пратэстуноў. Абсалютна не. Дзіўна, але бюджэт складваецца лепш, чым мы думалі і магло быць», — пачаў Прэзідэнт.

Але адзначыў, што пры гэтым нельга адысці ад фундаментальных пытанняў — выплаты падаткаў.

«Выплата падаткаў — справа святая. Я вельмі часта прыводзіў прыклады іншых дзяржаў, дзе адказнасць за парушэнне падатковага заканадаўства самая сур’ёзная — у так званых дэмакратычных краінах (ЗША і іншых). Злачынства нумар адзін — няўплата падаткаў. Таму яны багатыя дзяржавы, бо там любы чалавек не думае нават пра тое, каб не заплаціць падаткі ці абысці падатковае заканадаўства. Наперад заплаціць, каб да яго не было прэтэнзій», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён дадаў, што ў мінулыя гады дадзена шмат даручэнняў па ўдасканаленні падатковага заканадаўства, таму як ідзе гэта работа — адно з галоўных пытанняў сустрэчы.

«Каб чалавек мог заплаціць падаткі, ён павінен разумець, за што і колькі ён павінен плаціць. А гэта павінна быць проста і не трэба для гэтага заканчваць факультэт, вывучаць вышэйшую матэматыку. Таму падатковае заканадаўства заўсёды патрабуе ўдасканалення. Тым не менш мы пра гэта дамовіліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заявіў, што патрабаваць выплаты падаткаў з бізнесменаў з-за падзей у краіне мінулага года пачалі жорстка.

«Я не маю на ўвазе, што бізнесмен — гэта бяспраўны чалавек, не мае права на ўласнае меркаванне. Але заўсёды падкрэсліваю і думаю разумныя бізнесмены мяне пачулі, што палітыка і бізнес — рэчы розныя. Усё ў законах не прапішаш і законы розныя, што ў палітыцы, што ў бізнесе. Любы бізнесмен, які хоча займацца палітыкай, павінен строга адпавядаць закону. Палітыкі і бізнесмены павінны выконваць законы», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, бываюць выпадкі, калі прадпрымальнік «правараваўся» і пайшоў у палітыку, каб гэта прыкрыць, абвінаваціць уладу.

«Кажуць: “Вось, я сумленны бізнесмен, пайшоў у палітыку, мяне прыціснулі”. Так некаторыя сядзельцы так сябе і паводзілі. Гэта будзе высякацца і нельга на ўладу скардзіцца. Дзядуля Ленін калісьці казаў, я гэта добра вучыў на гістфаку: “Толькі тады ўлада нечага каштуе, калі яна ўмее абараніць сама сябе”. Прыкладна так ён казаў. Я магу дадаць: улада нечага каштуе, калі яна не толькі сябе можа абараніць, але і свой народ», — мяркуе кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ўлада — сур’ёзная справа, і бізнесмены, якія збіраюцца ісці ў палітыку, павінны гэта разумець.

«Яшчэ раз падкрэсліваю. Гэта не значыць, што бізнесменам, кіраўнікам кампаній забаронена ісці ва ўладу. Можна, але для гэтага ёсць выбары. Ідзіце, змагайцеся і будзьце непадкупнымі, паступайце так у жыцці, каб не было за што цябе зачапіць. Як тут адзін з карцінамі накраў мільёны долараў і пайшоў на выбары. Чаго пайшоў? Зразумела: трэба было гэта ўсё прыкрыць», — кажа кіраўнік краіны.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам вельмі прынцыпова па законе адносяцца да тых, хто займаецца прадпрымальніцкай справай. Але пры гэтым, падкрэслівае Прэзідэнт, нельга крыўдзіць сумленных бізнесменаў: «Калісьці я іх сюды запрашаў і абяцаў ім: усё, пра што мы дамовімся на аснове закона, будзем свята выконваць. Ні адзін волас з прадпрымальніка і бізнесмена, які да нас прыйшоў і сумленна працуе, не ўпадзе. Мы ні ў якім разе не павінны ў моду ператварыць, задушыць нейкага бізнесмена ці прадпрымальніка. Гэтыя людзі працуюць на дзяржаву і прыносяць ёй карысць. Адзінае: падаткі трэба плаціць, людзей, што ў цябе працуюць, не крыўдзіць. Нельга, каб ты набіваў свае кішэні, а людзі па-жабрацку існавалі».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні выбараў ставіў прыватнікам задачу — плаціць работнікам крыху вышэй за сярэдні заробак па краіне.

«Гэта, ой, як не спадабалася бізнесу. „Як гэта я аддам грошы?“ Гэтыя ж людзі на цябе працуюць, прыносяць табе грошы. Гэта не значыць, што ты дзесяць працэнтаў ім аддаў, а 90 сабе ў кішэню паклаў. Такі бізнес нікому не патрэбны», — заяўляе Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны прыводзіць у прыклад палітыку Кітая. Кампартыя Кітая і яе лідар Сі Цзыньпін заявілі, што багатыя павінны дапамагчы бедным.

«Трэба дзяліцца. Вы зарабілі, дапамажыце бедным. Павінна быць грамадства сярэдняга дастатку. Гэта нядаўна яны аб’явілі такі тэзіс. Мудрыя кітайцы, багацейшая краіны. Мы заўсёды праводзілі гэтую палітыку. Калі ты зарабіў, падзяліся з тымі, хто на цябе працуе, і плаці падаткі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, нельга прыціскаць і за нешта неабгрунтавана наказваць індывідуальных прадпрымальнікаў, ІТ-спецыялістаў, якія сабе павялі дрэнна ў складаны для дзяржавы перыяд.

«Нельга проста ўзяць і за нешта іх пакараць. Не трэба шукаць зачэпкі, прычыны. Хай працуюць па законе. Парушыў закон — няхай на ўсю катушку адказваюць. Я хачу, каб бізнесмены мяне пачулі: ніхто з імі квітацца не будзе. Хтосьці памыліўся, заблукаў, няправільна зразумеў нешта. Трэба патлумачыць. Я гатовы нават на сваім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Тыя, хто сумленна ў нас працаваў, хто хоча да нас прыйсці працаваць, мы іх павінны прымаць як сваіх людзей», — прапаноўвае Прэзідэнт.

Таксама ён папрасіў дакласці, як ідуць справы з барацьбой з «заробкамі ў канвертах».

«Гэта падаткі і паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны. Мы ж утрымліваем пенсіянераў, калісьці і нас будуць утрымліваць. Яны ў нас і так небагатыя. Іх крыўдзіць нельга», — пазначыў Аляксандр Лукашэнка.


Каментарый у тэму

Міністр па падатках і сборах Сяргей НАЛІВАЙКА расказаў журналістам пасля дакладу, што асноўны пасыл Кіраўніка краіны — сумленнаму суб’екту гаспадарання няма чаго хвалявацца, калі ён выконвае ўсе падтковыя і сацыяльныя абавязкі, да яго не будзе пытанняў і з боку праверак.

«Пра гэта кажа і статыстыка. У нас за апошнія шэсць гадоў у параўнанні 2015-га года з 2020-м — больш чым у восем разоў знізілася колькасць праверак. Калі ў 2015 годзе іх было больш 50 тысяч па краіне, то па выніках мінулага года іх крыху больш шасці тысяч», — заявіў міністр.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што пры ўдасканаленні падатковага заканаўства ў ведамстве надаюць важнае значэнне электронным сервісам, і бачуць задачу ў адыходзе да бескантактнага метада работы з плацельшчыкам.

«Па стане на сёння, у нас 83 працэнты суб’ектаў гаспадарання ўжо ўзаемадзейнічаюць у электронным выглядзе з падатковымі органамі. Па праграмме ўрада да 2025 года мы павінны выйсці на лічбу 90 працэнтаў. Мы стараемся так арганізаваць работу, каб гэтая лічба была вышэйшая. Тут няма прымушэння, а сэрвісная частка, умовы, механізмы ўзаемадзеяння простыя, зразумелыя, і людзі павінны самі іх выбіраць», — сказаў міністр і дадаў, што ў заканадаўстве не будзе ніякіх глабальных змяненняў.

Па словах Сяргея Налівайкі, летась вялікая ўвага надаецца барацьбе з «заробкамі ў канвертах». Гэта стала адным з галоўных кірункаў працы ведамства.

«Акрамя недапаступлення грашовых сродкаў у бюджэт, тут ёсць рызыка недапаступленняў сродкаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і невыканання сацыяльных абавязкаў перад самымі сацыяльна неабароненымі пластамі насельніцтва — пенсіянерамі, асобамі ў дэкрэтных водпусках», — паведаміў ён.

Запыталі ў міністра і пра транспартны падатак, даведкі аб яго выплаце па новай сістэме павінны прыйсці ў хуткім часе да ўсіх аўтаўладальнікаў. Сяргей Налівайка нагадаў: фізічным асобам, што маюць электронныя кабінеты ў адпаведных падатковых сістэмах, паведамленне ўжо прыйшло. Калі там ёсць недакладнасці, варта звярнуцца ў органы ДАІ.

«Будуць накіраваны апавяшчэнні тым фізічным асобам, у якіх па стане на 1 ліпеня ёсць транспратны сродак. Ім будзе налічаны падатак. Але ў гэтым годзе ідзе авансавы плацеж у рамках адной базавай велічыні», — дадаў міністр.

Васіль ГЕРАСІМАЎ, старшыня КДК, расказаў журналістам, што большая частка падаткаў выплочваецца асобамі добраахвотна, але ёсць выпадкі свядомай няўплаты, якімі ведамства займаецца.

«Па сутнасці, мы не ідзём да больш жорсткага пакарання за няўплату. Так, была ўведзена крымінальная адказнасць за „заробкі ў канвертах“, але гэта зона раней была ўпушчана, і некаторыя гэтым скарысталіся», — сказаў Васіль Герасімаў.

Ён прывёў лічбы, што за пэўны час на рашэнне КДК аб выманні падаткаў была пададзена толькі адна скарга. Старшыня КДК адзначыў, што з моманту ўвядзеяння крымінальнай адзказнасці за «заробкі ў канвертах» узбуджана 21 справа.

«Калі гэта перакласці на колькасць грамадзян, якія атрымліваюць заработную плату, то гэта будзе вельмі маленькі працэнт. Але ёсць факты, калі на фірмах са 100-150 работнікамі выплочвалі заработную плату ў канвертах. Лічбы ішлі не на тысячы, а на мільёны рублёў. Я думаю, што з цягам часу гэтага будзе ўсё менш. Мы разам з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва праводзілі аналіз — многія фірмы ўжо на гэта адрэагавалі і павысілі заработную плату. То-бок паказалі той рэальны заробак, які ёсць», — дадаў Васіль Герасімаў.

Па яго словах, у Тэлеграм-канал ведамства за два месяцы яго існавання ўжо звярнулася каля 150 грамадзян, якія паведамілі, што ім уплочваюць «заробак у канвертах».

Акрамя таго, старшыня КДК расказаў журналістам, як ідзе кантроль за правядзеннем уборачнай кампаніі.

«Мы сітуацыю адсочваем штотыднёва з аблвыканкамамі, Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Калі правяралі захаванне тэхнікі разам з Міністэрствам унутраных спраў, пытанні былі ў кожнай вобласці. Самая вялікая бяда, калі ў час не рыхтуюць тэхніку», — адзначыў Васіль Герасімаў.

Цяпер ведамства збірае інфармацыю, як гэта сітуацыя выпраўлена, і ў большасці, рэзюмаваў кіраўнік КДК, праблема вырашаецца хутка.

Марыя ДАДАЛКА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.