Твор выйшаў ў 1975 годзе на Беларусі. Кніга-памяць, якая сабрала сотні сведчанняў пра злачынствы фашысцкай акупацыі на беларускай зямлі. На вокладцы значацца тры аўтары: Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Усе вельмі розныя, крытык Калеснік жыў у Брэсце, загадваў кафедрай у у педагагічным інстытуце, празаік Янка Брыль працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў БССР, быў дэпутатам, Алесь Адамовіч, змушаны пакінуць Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт за адмову падпісаць ліст, які асуджаў літаратараў-дысідэнтаў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, патрапіў у Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Але ўсе трое прайшлі вайну, былі партызанамі, бачылі жахі акупацыі на свае вочы. Задума была грандыёзнай...
«Дзесяткі кіламетраў магнітафонных запісаў — расказы больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый — склалі змест гэтай кнігі. Тысячы 3 кіламетраў дарог — асфальтаваных, палявых, лясных — звязваюць іх, ахвяры фашысцкіх зверстваў. Жывуць яны, гэтыя цудам ацалелыя людзі, па ўсёй Беларусі, у тых 147 вёсках, у якіх мы на працягу 1970-1973 гадоў пабывалі, аб’ездзіўшы трыццаць пяць раёнаў рэспублікі», — пісалі ў прадмове аўтары.
У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваюцца фонды Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Ёсць там і лісты, у якіх яны згадваюць пра сваю сумесную працу. Давайце зазірнем за кулісы стварэння кнігі-памяці праз жывыя галасы яе стваральнікаў.
Рухавіком ідэі, мяркуючы па ўсім, стаў Алесь Адамовіч. Ён даўно задумваўся над стварэннем «сімфоніі галасоў», дзе гістарычная падзея раскрывалася б праз расповеды рэальных людзей. Пасля таго, як у 1971-м Адамовіч напісаў «Хатынскую аповесць», ён наракаў: «Выявіў, падняў, паказаў адну толькі макулінку праўды, кроплю з таго, што ўбачыў, зразумеў, а бяздонны акіян народнай, вогненнай, Хатыньскай памяці застаўся, там жа, нячутны, нябачны свету».
Пачнем з ліста Алеся Адамовіча да Янкі Брыля.
«Дарагі Янка!
Ты нас загоніш у сарамлівы румянец сваёй працавітасцю. Я таксама ўлез было ў справу, ва ўсякім разе 2 раздзелы (адзін на аснове палымянскага арыткула) склаліся. Другі — ахвяры, дакументальнасць іх расказаў (псіхалагічная), тыпы расказчыкаў. Нешта трохі даследчае, і такое, думаю, патрэбна, і тут „вучоны муж“ (як кажа Бакланаў) дарэчы.
Артыкулы мае (я ўжо ўлавіў) атрымліваюцца ў той ступені, у якой я прапітваюся матэрыялам і наколькі магу свабодна ўспамінаць тую ці іншую дэталь, факт. Думаю, што нават паўтараючы іх (калі ў тваіх нарысах ці ў расказах тыя ж факты), мы не парушым норму. Бо я гэта даю зусім у другім ключы, не столькі мастацкім (як у цябе), колькі даследчым. Чаго мне трэба, ох, як трэба — дык гэта пратаколы, дакументы. Не хварэй! І мне забарані!»
Праца над кнігай доўжылася пяць гадоў. У архіве захоўваецца фотаздымак: аўтамабіль, на якім літаратары калясілі па глыбінцы, заехаў у калюжыну ледзь не на ўсе колы. Алесь Адамовіч, схіліўшыся, працягвае руку Янку Брылю, які спрабуе вылезці з машыны…
Пагартаем нататкі Янкі Брыля «Думы ў дарозе». Вось зацемкі за 1971 год:
«Дванаццаць новых запісаў пра жахі мінулага. Бабкі з папрабіванымі галовамі, — адна з сотні, з дзвюх соцень, адна з тых, каму не папалі ў патыліцу правільна. Былыя дзеці, ужо даўно дарослыя, што ў час расстрэлу ўпалі неяк пад маму або старэйшую сястру і не зайшліся пад трупамі, як многія іншыя дзеці, якіх пасля, хаваючы, даставалі з-пад трупаў „без аніводнае раначкі“. Мужчына, трактарыст, якому тады было пяць год, які ацалеў пад мамай, цяпер ужо старэнькай, побач з якою ён сядзіць перад намі».
Задача была — данесці праўду, непрыкрашаную, тую, якая камусь не прыдзецца даспадобы, бо не ўпішацца ў ідэалагічнае клішэ.
«І яшчэ адзін не саромецца, што перш за ўсё баяўся за самога сябе. Дзядзька расказваў, як пад пахай у яго, недастрэленага, заплакаў таксама толькі ранены, сынок, а немец (ці паліцай) пачуў, падышоў і пачаў цягнуць малога. „А я сваю руку паслабляю, паслабляю, як быццам бы я нежывы...“ Такое чуваць было ў расказах і іншых. Ніхто з тых, што нам тут расказвалі, не ўзняўся да гераізму, якога „патрабуе наша літаратура“.
І партызаны таксама не ўздымаліся. Каля Васілевіч, як бабкі-пакутніцы ўчора расказвалі, яны ляжалі на ўзлеску і толькі глядзелі, баючыся аказацца.
Амаль усе гавораць, што стралялі не немцы, а свае. Немцы толькі камандавалі, начальнікі, а радавыя часам і чалавечнасць праяўлялі, пра што людзі расказваюць амаль са свежым здзіўленнем».
Згадзіцеся, трэба была грамадзянская смеласць, каб гэтак выказвацца ў час, калі ўсіх павінны былі падзяліць на герояў і здраднікаў, не прызнаючы адценняў. Вось найлепшая ілюстрацыя тагачасных настрояў з запісаў Брыля:
«Сакратар райкама па ідэалогіі, сімпатычны І., прызнаўся мне, што піша работу пра партызанскі рух на Клічаўшчыне (па адукацыі ён гісторык), але ў абкаме яму хтосьці там сказаў, што на гэтым, калі ён апублікуе сваю працу, закончыцца яго партыйная кар’ера… Не парушайце зацверджаных, акасцянелых схемаў!..» Яны збіраліся парушаць. Але, вядома, усё-ткі не ўвесь матэрыял мог увайсці ў кнігу...
«Не прыдумаеш нічога такога страшнага, чаго б ужо не было ў жыцці. Бабуля крыкнула на немцаў-карнікаў: «Без’языкія вы!» і яны ёй выразалі язык, адрэзалі грудзі, сямідзесяцігадовай жанчыне. Другая цётка расказвала (у вёсцы Горваль):
Скуб хлопец курэй, якіх яны, карнікі, настралялі. А немец-кухар яму: «Уцякай! Табе засталося цвай мінуты жыць». Угаварыў, а той потым зноў сумняваецца, «дык ён яму яшчэ і нагой пад сраку даў, а хлопец — у кукурузу».
Ужо напачатку працы, калі былі гатовыя першыя раздзелы, іх з ахвотай пачалі публікаваць. Упершыню старонкі з будучай кнігі «Я з вогненнай вёскі...» былі надрукаваны ў часопісе «Маладосць» у 1971 годзе пад назвай «Памяць».
Пераходзім да запісаў Янкі Брыля за 1972 год:
«Едзем полем, лугам, лесам, у сонцы і ў пыле, — каб зноў знайсці што-небудзь з таго, што не павінна загінуць.
З новай сілай адчуў, уявіў прыход немцаў, — гледзячы на расонскіх юнакоў і дзяўчат, што гулялі па вуліцы ў сонечным адвячоркавым шчасці. Такімі былі і тыя, якім улетку сорак першага давялося рабіцца героямі, гінуць, цярпець нахабны здзек захопнікаў.
...Лясная вёсачка, да якое мы дабраліся па бездарожжы. Яшчэ адно жахлівае адкрыццё, яшчэ адзін ачаг супраціўлення і юдоль пакут, якія мы ўваскрашаем — для трывогі людзям.
Запісваем на кухні, а над намі на сцяне партрэты — Пушкін і Лермантаў. Жах мераю па іх — нібы яны слухаюць гэта ў мудрым зняменні.
...Сустрэчы з народным горам тых дзён, з мноствам сапраўдных подзвігаў, якія трэба выводзіць з невядомасці, мучаць суровымі дакорамі, як мала ты зрабіў, і вучаць сціпласці, адчуванню абавязку.
...Дай нам, Божа, зрабіць нашу кнігу добра!..За частку сваю вазьмуся, здаецца, па-сапраўднаму, не адчаджаючы туды нічога. Зрабіць кнігу не сумна-дакументальнай, а жывой, поўнай нашага сэрца і вопыту.»
«Стаміліся за чэрвень. Не самі па сабе, а — у першую чаргу — для справы стаміліся, і Міншчыну адкладзем усё-ткі на той год. Трэба нам новая свежасць успрымання, бо абыякавасць — грэх, злачынства ў гэтай справе, нельга з прытупленым адчуваннем падыходзіць да процьмы пакут, парослых травой, пакрытых больш ці менш удалымі помнікамі, і тых пакут, якія яшчэ ўсё жывуць у словах і вачах такога мноства нашых людзей.
Спланавалі нашу кнігу, падзялілі работу. Многа будзе яе, вельмі многа, і трэба рабіць яе з поўнай аддачай.»
Кніга задумвалася шматпланавай — каб можна было не толькі пачуць галасы, але і ўбачыць твары апавядальнікаў... Фотаздымкі падчас праекту рабіў Уладзімір Калеснік.
«Брэст, 2.04.1971.
Дарагі Янка!
Высылаю здымкі. Старайся даць у „Неман“ варыянты, а не ідэнтычныя з тымі, што ўвайшлі ў „Маладосць“. А ўвогуле я маю тую навуку на будучае, што здымкаў трэба рабіць як мага больш. Не толькі ў часе запісу ўспамінаў на магнітафон, а заставацца з чалавекам даўжэй і паздымаць яго і ў працы, і ў побыце і ў прыродзе».
Між тым у лістах тройцы суаўтараў адно да аднаго увесь час гучаць скаргі на цяжкія хваробы. Вось і Калеснік скардзіцца:
«12.01.73
Дарагі Янка!
Званіў табе ўчора і даведаўся, што ты ў Каралішчавічах. Значыць, творчы настрой працягваецца, дзякуй богу. Я хацеў спытаць, ці абавязкова табе патрэбны здымкі цяпер, ці можа ў палове лютага я адразу прывязу ўсе, што паспею зрабіць…
...Скруціла мяне праклятая язва ды падхапіў у апошні дзень сесіі аўстралійскі грып. Ляжу як старая дзеравяка.»
Усе трое, аднак, падбадзёрваюць адно аднаго, падганяюць у працы. Дарэчы, часцяком працуюць у дамах творчасці. У лісце за 16.01.73 Янка Брыль адказвае Уладзіміру Калесніку:
«Перш за ўсё — праўся і не ный, браце, наконт нейкага „закруглення“ — ёсць, безумоўна, такое і ў мяне, але перамагае галоўнае: „жыта сей“, а першую палавіну гэтай мудрасці будзем пакуль што ўспрымаць тэарэтычна. І гэта ў мяне не „бодрячество“, а стан душы, настрой, у якім бываю куды часцей, чым у нейкай дэпрэсіі, чаго і табе жадаю.
Ехаў сюды без асаблівых надзей, думаючы нават, што як не будзе працавацца, дык хоць надыхаюся, бо снежань быў у мяне…
Зрабіў я ўжо для нашай кнігі 8 нарысаў... сёння пачаў перапісваць гэтыя два, а тыя шэсць перадрукованы і магу табе іх прыслаць…
Канкрэтна: Гулава, каля Петрыкава; 2. Іванова, каля Полацка; 3.сям’я Шчапялёвых; мужчыны, трое, што ўцяклі ад расстрэлу; 5.Савіцкі і іншыя ў Збышыне; 6. Ну, апрацаваў, як асобнае, бабровічскую Барбарку. Новае: 7. Мардаванне крымігаўскае выбарка і „тэхнічнае“ — бронепоездам, душагубкамі; 8. „Дзве старасці“ — таго дзядзьку ў Клічаўскім раёне, што ў яго забілі 15 душ сям’і і цяпер, як бабка казала, „у дзеда галоўка баліць“ (памятаеш — сядзеў на лавачцы і ні слова, толькі ўсміхаецца)…
Хочацца зрабіць асобны вялікі нарыс, з меншымі і большымі малюнкамі-расказамі, пра дзяцей і пад пятлёй. Ужо спланаваў. І другое — як забівалі Красніцу (на Быхаўшчыне).
Пішацца, дзякуй Богу, з поўнай аддачай, каб так толькі было і далей.
Фота не прысылай — паспеем і тады, як сустрэнемся. Гаварыў у „Маладосці“, яны дадуць нам чатыры нумары на тры аркушы (больш не могуць). Некаторыя рэчы можна будзе прапанаваць „Беларусі“, „Работніцы і сялянцы“. „Неман“ замахваецца на ўсё, з пачатку будучага года. Нават пачаўшы ў канцы гэтага.
Саша вярнуўся... абяцаў прыехаць да мяне, для каардынацыі работы.»
Зрэшты, калі Адамовіч быў ідэйным рухавіком праекту, Брыль, як бачыцца з лістоў, адказваў за беларускую мову — справу мелі з сотнямі сведчанняў на розных дыялектах, задача была — захаваць аўтэнтычнасць, асаблівасці маўлення, і ў той жа час пакінуць тэкст чытэльным.
Ліст Янкі Брыля да Уладзіміра Калесніка за 23.01.1973 г.:
«Суткі гасціў тут у мяне Адамовіч... Саша ў поўным рабочым настроі, нават і на нядзелю не захацеў застацца: „Работа!“ Абяцае да канца лютага даць... 200 старонак на машынцы. Дапамог твой наказ на здымку: „Цягні свой раздзел!..“
Я пасылаю сёння на машынку свой дзясяты матэрыял — расказ Вольгі Міціч. Застаецца ў мяне спланаваны расказ пра шасцёх падлеткаў, да якога даю эпіграфам словы адной жанчыны з Кіраўскага раёна: „Маленькіх хлопчыкаў, як і бабаў, яны тады не стралялі, а ўжо як катораму гадоў дзесяць — такіх разам з мужчынамі...“
Як будзеш пісаць сваю „Вірлівую Шчару“ — або не чапай вельмі моўна двух Ламакоў, Аляксея ды Радзівона, або і наогул абмяжуйся, калі не будзе вялікай патрэбы, старым
Павачкай — на Вялікую Волю ў нарысе, можа, хопіць і яго? А зрэшты, як правільна гаворыць Саша, паўтораў (дзе больш гаворачы пра тое ж, а дзе менш, толькі не ўспамінаючы) нам няма чаго баяцца: яны і непазбежныя, у пэўнай меры, у кнізе дакументальнай, якую, дарэчы, будуць чытаць „на выбарку“.
Шчыра кажучы, мне ўжо трэба, відаць, трохі адысціся ад нашага страшнага матэрыялу: пасля даволі ўпартага глядзення на яго, прабываеш у ім, не бачу пакуль што новых формаў падачы асобнымі нарысамі.»
А вось ліст Алеся Адамовіча да Янкі Брыля за 25.08.1973, у якім ён згадвае наказ Уладзіміра Калесніка пра «цягнуць раздзел», і пацверджвае ролю Брыля як эксперта па беларускай мове:
«Дарагі Янка!
Не вельмі мне тут пашанцавала: раз і яшчэ раз захварэў. Ды застаўся трохі, каб у цяпле марскім трохі падраўняцца. Але ва ўсякім дрэнным бывае і лепшае. Пакуль холад стаяў і хварэў я, цягнуў раздзел. І выцягнуў да 120 старонак. Буду дапрацоўваць, але здаецца, атрымалася нешта патрэбнае. Мабыць, можна будзе гэтым абагульніць кнігу, бо тут спроба адказаць, што такое Хатыні ў глабальным значэнні. Так, яно. Раздзел утварыў Баркі (адны і другія), Красніцу і яшчэ. Выкарыстаў Валодзевы запісы і думкі таксама. Але тут будзе, мабыць, спрэчка — толькі ўжо наадварот. Ён запісы даў дакладнейшыя, чаго мы і дабіваліся раней — з усёй украінскай стыхіяй. Але такое і столькі чытач не адолее ў такім выглядзе. Прыдзецца зрабіць тут мову чуць болей беларускай і меней украінскай. Будзем вас прасіць, Іван Антонавіч!
Ну вось, яшчэ 120! А вы казалі: хопіць 15-20 аркушаў! Дай бог у 35-40 увабраць — калі яшчэ Міншчыну выкарыстаем. »
Вядома, не ўсё ў такім вялікім праекце ішло гладка. Здараліся накладкі і падчас публікацый, пра што сведчыць ліст Уладзіміра Калесніка да Янкі Брыля:
«Брэст, 3.10.73.
Дарагі Янка!
Атрымаў твае матэрыялы — цяжкія. Не думаў нават, што столькі сабярэцца па Міншчыне. Для нашай кніжкі пакуль што накідаў пару старонак чарнавога ўступу для раздзельчыка пра жанчын. Праявіў плёнкі і рады быў, што парваная плёнка з Мсціжаў, якая мне будзе такая патрэбная, усё ж сяк-так выйшла і можна будзе скарыстаць тыя кадры. Наогул фотаматэрыял на гэты раз удаўся на славу і я яго нарэшце навучыўся сістэматызаваць, так што блытаніна будзе выключана. Пра публікацыю ў вераснёўскім нумары чуў шмат добрых выказванняў ад людзей, хоць мне было прыкра, што здымак Бародаўкі падпісаны як бабуля Акушэвіч. Як маглі пераблытаць? Я ж на левым баку скрозь падпісваў. Каб не здарылася і новых ляпаў. Можа падкажы ты там Кулакоўскаму, ці хто там арганізуе той сімпозіум перакладчыкаў, хай выклічуць мяне (я ж урэшце пісаў тое-сёе пра пераклады), якраз 11-га будзе карэктура і я пагляджу хоць здымкі, бо прасіцца мне самому ў пачатку вуч. года няёмка, а так вярнуўся б у Брэст з той групай удзельнікаў, што сюды маюць ехаць, а яшчэ лепш, застаўся б на пятніцу і суботу ды з’ездзілі б у Хатынь і ў тую вёску пад Ракаў, каб ужо мець чыстае сумленне, што ўсё, што можна было і варта было, мы зрабілі.
Шкада, што нездаровіцца Сашы. Мажліва, ён замардоўвае сябе работай, табе варта было б з ім пагаварыць наконт больш бяспечных адносін да быстраплыннага часу — сябе абагнаць і цераз сябе пераскочыць немажліва, а ў сталым узросце і спрабаваць гэта рабіць сорамна».
Праца над такім цяжкі матэрыялам не толькі падрывала здароўе, але і вымагала пэўнай маральнай вышыні. У 1974-м Брыль занатоўвае:
«Мы напружана працавалі, Адамовіч, Сёмуха (рэдактар кнігі — Л.Р.) і я, калі мне пазванілі выступіць па радыё, яшчэ раз гаўкнуць на Салжаніцына, прычым — неадкладна!.. І неяк вельмі ж проста і неадкладна я адмовіўся, не бачачы ў гэтым подзвігу і дагэтуль. Несалідна гэта — так доўга пераконваць саміх сябе ў тым, што паступілі правільна, прымушаць людзей брахаць ужо не на страх, а на брэх. І не тых дапускаць, што самі гэтага прагнуць, а «правяраючы лаяльнасць», «перавыхоўваючы» «непрыручаных».
Пасля выхаду кнігі рэзананс быў нечуваны... І не толькі станоўчы. Знаходзіліся і тыя, каму ўпоперак было сказанае слова непрыкрашанай праўды пра вайну, і тыя, хто зайздросціў поспеху трох суаўтараў. Пачытаем ліст Алеся Адамовіча ад 27.06.75 да Янкі Брыля, напісаны падчас чарговага адпачынку ў доме творчасці дзесь на моры:
«Дарагі Янка!
Напісаў табе паштоўку, але на СП. Я ўсё вось пра што. Жыдліцкі (польскі пісьменнік, перакладчык — Л.Р.) кніжкі нашай не атрымаў. Можа, пашлі яшчэ раз. А ў хлопца зноў быў інфаркт.
Ну, наслухаўся я тут ад В. пра ўсіх, каго толькі ўспомніла. А яшчэ Граніна дачка тут, дык у яе вочы робяцца вялікія, здзіўленыя: што ж там за бел. пісьменнікі? Як раскрые В. роцік — як з каракаціцы, чарніла! Я ўжо бегаю на другі пляж. Але ёй матрац плывучы патрэбен — знойдзе. І зноў слова скажа — яшчэ пра каго-небудзь. А за гэтым, каб толькі ж яе мілы характар, але і рэха ўсіх іхніх там, у Мінску, размоў.
З усяго плявузгання адно ўсё ж запала мне. Шкада, што не паслухаліся мяне (Валодзя, як заўсёды, пад настрой не захацеў слухаць і цябе павярнуў). Усё ж трэба было аддаць увесь наш ганарар, калі не на помнік, дык у які-небудзь камітэт. І не ў тым справа, што гавораць усяляк, а ў тым, што сам я адчуваў, што трэба так абавязкова зрабіць.
Цяпер ужо пачакаем прэміі, абяцанай Ананьевым (У 1967 годзе А. Ананьеў быў абраны членам Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР па рускай літаратуры ў рэспубліках СССР — Л.Р.) Ёсць тут чаму і парадавацца».
Абяцаную прэмію кніга «Я з вогненнай вёскі» так і не атрымала. Але працу над ёю кожны суаўтар лічыў важнай падзеяй у сваёй творчай біяграфіі. Адамовіч пасля ўзяўся за напісанне разам з Даніілам Граніным «Блакаднай кнігі» па тым жа прынцыпе — сабраць сведчанні тых, хто перажыў ленінградскую блакаду. А калі праз шмат гадоў журналістка звярнулася да Брыля з просьбай распавесці пра работу над кнігай-рэквіемам, той, ужо народны пісьменнік, адмовіўся: «Не магу зноў вяртацца да гэтай тэмы, надзвычай цяжка. Потым вы і самі зразумееце, пра што кажу...»
«Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача — да вас звяртаецца. Дык няхай жа і вам будуць адрасаваны словы, пачутыя на шматпакутнай Асвейшчыне ад жанчыны з вёскі Латыгава Ганны Грабоўскай: «...А што і ў нас такое гора было, як і ў Хатыні, дык ніхто і не ведае. Добра, што вы прыехалі, бо я ж сама... Вось і расказваць не магу — плачу...»
Так аўтары кнігі «Я — з вогненнай вёскі» звяртаюцца да чытача. А чытач мусіць звярнуцца да іх кнігі.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.