Вы тут

Як беларусы збіраюцца забяспечыць на Крайнім Поўдні сваю пастаянную прысутнасць?


«Работа палярнікаў у Антарктыдзе — рамесная, карпатлівая, фізічна цяжкая, і слабы там проста не выжыве», — кажа нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей ГАЙДАШОЎ. Восенню гэтага года на лядовы кантынент адправіцца ўжо 14-я экспедыцыя беларускіх палярнікаў. З 1955-га да 1992 года, у часы Савецкага Саюза, больш як 100 беларусаў удзельнічала ў савецкіх антарктычных экспедыцыях, у тым ліку і Аляксей Гайдашоў. Айчынныя метэаролагі, біёлагі, геафізікі, лётчыкі, будаўнікі ўпісалі нямала яркіх старонак у гісторыю даследаванняў Паўднёвага полюса. Потым быў вялікі перапынак. А ў жніўні 2006 года па ініцыятыве НАН і пры падтрымцы Прэзідэнта краіны была зацверджана першая Дзяржаўная праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці беларускіх антарктычных і арктычных экспедыцый на 2006—2010 гады і на перыяд да 2015 года».

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 15-годдзя ўдзелу Беларусі ў вывучэнні Антарктыкі, прайшлі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Да ўрачыстасцяў далучыліся ўдзельнікі антарктычных экспедыцый розных гадоў, дэлегацыя «Расгідрамета» і Расійскай антарктычнай экспедыцыі Інстытута Арктыкі і Антарктыкі, супрацоўнікі арганізацый НАН, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, датычныя да антарктычнай тэматыкі, члены Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі і маладыя навукоўцы.


Лічба «13» аказалася для ўдзельнікаў апошняй Беларускай антарктычнай экспедыцыі вельмі ўдалай: фарміраванне першай чаргі інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі завершана.

У спартанскіх умовах

«15 гадоў — гэта многа ці мала? — разважае Аляксей Гайдашоў. — Азіраючыся назад, мне здаецца, што ўсё было быццам бы ўчора. Калі ўпершыню прагучала прапанова зноў накіравацца ў Антарктыду, я не раздумваў, хоць вопыт удзелу ў антарктычных экспедыцыях зусім не азначае вопыт распрацоўкі дзяржаўных праграм. Тым не менш, мэтавая праграма была напісана і зацверджана...»

Менавіта з 2006 года і вядзецца адлік навейшай гісторыі палярных даследаванняў. У лістападзе гэтага года з Санкт-Пецярбурга ў складзе сезоннага атрада 52-й Расійскай антарктычнай экспедыцыі на станцыю «Маладзёжная» адправіліся два беларускія спецыялісты — Аляксей Гайдашоў (на той момант намеснік начальніка Рэспубліканскага гідраметэацэнтра) і Леанід Турышаў (намеснік дырэктара Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ). І ў тым жа 2006 годзе Беларусь далучылася да Дагавора аб Антарктыцы.

— Першыя сем-восем гадоў нам было вельмі цяжка, мы працавалі фактычна ў палявых умовах, — канстатуе Аляксей Гайдашоў. — І ўвесь наш энтузіязм быў накіраваны на тое, каб забяспечыць пастаянную прысутнасць беларусаў у Антарктыдзе. Мы не маглі сабе дазволіць узняць сцяг, перарэзаць стужку, сказаць прамову, што мы былі ў Антарктыцы, а праз месяц пра ўсё забыцца. Гэта быў грандыёзны нацыянальны праект...

Расійскі бок даў у бязвыплатнае карыстанне некалькі закансерваваных збудаванняў, якія захаваліся з часоў савецкіх антарктычных экспедыцый. Жыць і працаваць даводзілася ў даволі суровых умовах, на старой інфраструктуры. Умовы там былі спартанскія. Добра прагрэць памяшканне не было магчымасці. Гатавалі на невялічкай газавай плітцы на дзве фаеркі...

Начальнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі Інстытута Арктыкі і Антарктыкі Аляксандр Клепікаў даў высокую ацэнку дзейнасці беларускіх вучоных за мінулыя гады.

А ў 2013 годзе ўрад, Нацыянальная акадэмія навук і Мінпрыроды па ўзгадненні з Мінфінам зацвердзілі план будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі. Два гады распрацоўвалася дакументацыя, вяліся падрыхтоўчыя работы. І ў 2015—2016 гадах пачалося ўзвядзенне першай яе чаргі.

Інжынер-механік Аляксей ЗАХВАТАЎ, неаднаразовы ўдзельнік і прызёр этапаў спаборніцтваў для пазадарожных аўтамабіляў, майстар на ўсе рукі (і слесар, і зваршчык, і кіроўца), стаў удзельнікам адразу чатырох беларускіх антарктычных экспедыцый. Першая яго экспедыцыя на Паўднёвы полюс Зямлі прыпала якраз на сезон 2015—2016 гадоў. «Тады мы мыліся ў тазіку з дапамогай чайніка, на наступны год у нас ужо з'явіўся санітарна-гігіенічны блок. А цяпер на нашай станцыі ёсць і паўнацэнная душавая, і пральная машына, і тэлебачанне, і інтэрнэт. Станцыя расце і развіваецца», — канстатуе Аляксей.

Удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

Наконт кліматычных умоў у Антарктыдзе ён жартаўліва кажа: «Звычайнае надвор'е там — гэта «лёгкі» ветрык», які гайдае цяжкую тэхніку і спрабуе зрушыць з месца станцыю, хоць наша сезонная экспедыцыя і праходзіць падчас палярнага лета. А калі сур'ёзна, то надвор'е ў Антарктыцы вельмі імкліва змяняецца. І калі з раніцы адносна цёпла і штыль, то праз гадзіну-дзве можа быць шторм, вецер 30-40 метраў у секунду, мяцеліца і амаль нулявая бачнасць. Увогуле, Антарктыда пастаянна адкрывае сябе з розных бакоў. У маю першую экспедыцыю мяне ўразілі вельмі моцны кантраст белага, сіняга і блакітнага колераў, цішыня, што літаральна звініць у галаве, і туманы, якія падчас адлігі шчыльна ахутваюць усе збудаванні. Наша станцыя — прыбярэжная, і мы можам бачыць, як нараджаецца айсберг — гэта дзіўная з'ява. Хоць там усё дзіўна і ўнікальна. Ці хачу я зноў трапіць у Антарктыку? Так, мяне клічуць, але сям'я з цяжкасцю мяне адпускае. Майму сыну ўсяго 9 гадоў. Таму я пакуль узяў невялікую паўзу, але кропку не стаўлю...»

Адчуйце розніцу

13-я экспедыцыя, якая вярнулася дамоў у маі, завяршыла фарміраванне першай чаргі інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі. Праверка ўсіх тэхналагічных сістэм прайшла паспяхова, прычым неаднаразова. Станцыя на дадзены момант падрыхтаваная да правядзення ў перспектыве зімовачных мерапрыемстваў. Яе інфрастуктура ўключае модуль кіравання сувязі і навігацыі са службова-жылой секцыяй (там размешчаны метэаралагічнае бюро, навігацыйнае абсталяванне, апаратура для сувязі як па Антарктыдзе, так і з Вялікай зямлёй, авіяцыяй і марскімі суднамі). Другі аб'ект — васьмісекцыйны лабараторна-жылы модуль. У ім размяшчаюцца навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, тэхналагічны модуль кантролю за электраэнергіяй, санітарна-гігіенічная секцыя з душавымі, пральнымі машынамі, секцыя-саўна з пакоем адпачынку, амбулаторыя-медпункт з сучасным кантрольна-дыягнастычным, фізіятэрапеўтычным абсталяваннем. І яшчэ адна секцыя — аперацыйна-хірургічны блок, уладкаваны па самых сучасных патрабаваннях медыцынскага абслугоўвання. Абсталяванне дазваляе ў выпадку неабходнасці праводзіць нават складаныя хірургічныя ўмяшанні.

У сезон 2020—2021 гадоў у рэжыме тэставай эксплуатацыі была паспяхова апрабавана новая сістэма спадарожнікавай сувязі сістэмы VІSAT, якая дазваляе ажыццяўляць кругласутачны аператыўны абмен навуковай і службовай інфармацыяй, выкарыстоўваць інтэрнэт-каналы для аператыўнай тэлемедыцыны і правядзення анлайн-кансультацый па ўсіх напрамках дзейнасці Беларускай антарктычнай станцыі, перадаваць вялікія аб'ёмы фота- і відэаінфармацыі. Акрамя таго, ва ўсіх членаў каманды было некалькі гадзін у канцы рабочага дня для стасункаў у месенджарах.

Аляксей Гайдашоў: «Усё, чаго мы дасягнулі ў Антарктыдзе, — заслуга вялікай каманды...»

Аляксей Гайдашоў расказаў, што падчас 12-й экспедыцыі ў сезон 2019—2020 гадоў беларускую станцыю наведала міжнародная інспекцыя Дагавора аб Антарктыцы, якая вывучала пытанні бяспекі, экалогіі, энергазабеспячэння, водазабеспячэння, бяспекі транспартных сродкаў, сувязных камунікацый, арганізацыю навуковых даследаванняў. Праводзілася комплексная, непрадузятая і аб'ектыўная праверка. Па выніках не было ніводнага негатыўнага водгуку. Інспектары падкрэслілі высокую ступень экалагічнай бяспекі станцыі, яе тэхналагічнасць, шырокае выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі, аснашчэнне энергаэфектыўным абсталяваннем. Вельмі высокія водгукі атрымаў і навуковы складнік: прыборная база, комплексы, тыя віды навуковых праграм і назіранняў, якія рэалізоўваюцца Беларускай антарктычнай экспедыцыяй. Па заключэнні інспектараў, на станцыі працуе вельмі кваліфікаваны персанал, пануе ўзорная дысцыпліна.

«Ветэраны»-палярнікі. Удзельнікі савецкіх антарктычных экспедыцый.

Дарэчы, упершыню ў складзе апошняй 13-й экспедыцыі ўдзельнічаў спецыяліст па арганізацыі харчавання. «Як кажуць у рэкламе, адчуйце розніцу ў параўнанні з тым, калі мы дзяжурылі на кухні па чарзе, — усміхаецца Аляксей Гайдашоў. — Па-першае, у нас цяпер было больш часу для выканання запланаваных работ плюс рэгулярнае, разнастайнае і здаровае харчаванне. А час ад часу нас чакалі нават кулінарныя сюрпрызы. Да таго ж упершыню некаторыя ўдзельнікі экспедыцыі прыбавілі ў вазе».

Амбіцыйныя планы

Як падкрэсліў у сваім выступленні перад навуковай грамадскасцю старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ, Беларусь сёння валодае фінансавымі, навукова-тэхнічнымі магчымасцямі і кадравым патэнцыялам для далейшага развіцця антарктычных і арктычных даследаванняў.

— За апошнія гады павялічыўся круг задач, што вырашаюцца ў рамках дзяржаўных праграм, узрасла колькасць удзельнікаў экспедыцый, пашырылася іх лагістыка. Варта адзначыць неацэнную дапамогу Расійскай Федэрацыі на ўсіх этапах станаўлення беларускай антарктычнай праграмы: ад планавання і правядзення навуковых даследаванняў да лагістыкі і рэалізацыі міжнародных працэдур. Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж урадамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у 2013 годзе і стварэнне рабочай групы па рэалізацыі пагаднення зрабіла нашу навуковую кааперацыю вельмі эфектыўнай.

На выстаўцы «Беларусь у Антарктыцы: 15 гадоў рэгулярных навуковых і экспедыцыйных даследаванняў».

Беларускімі навукоўцамі ўжо шмат зроблена, але, безумоўна, трэба будзе зрабіць яшчэ больш. У першую чаргу — палепшыць аснашчанасць стацыянарнай антарктычнай станцыі і сезонных экспедыцый навуковымі прыборамі і абсталяваннем. Нам належыць стварыць больш шырокі кадравы рэзерв навукоўцаў і спецыялістаў палярнага профілю, паколькі пераход да круглагадовых экспедыцый запатрабуе фарміравання шматлікай каманды даследчыкаў і спецыялістаў, дзе сплаў вопыту і маладосці дасць магчымасць вырашыць пастаўленыя перад экспедыцыяй задачы, — упэўнены Уладзімір Гусакоў.

Актыўная навуковая і экспедыцыйная дзейнасць у Антарктыцы далі падставу падаць заяўку аб прадастаўленні Беларусі статусу кансультатыўнага боку Дагавора аб Антарктыцы. Дадзенае пытанне плануецца разгледзець на пасяджэнні 54-й сесіі кансультацыйнай нарады Дагавора па Антарктыцы ў 2022 годзе ў Берліне.

Створаная інфраструктура каля гары Вячэрняя дазваляе планаваць у найбліжэйшыя гады пашырэнне навуковай дзейнасці і пераход Беларускай антарктычнай станцыі ў рэжым круглагадовай работы, у тым ліку з прыцягненнем замежных навукоўцаў. «Гэта значна больш эфектыўна з навуковага пункту гледжання і эканамічна больш выгадна, чым два разы на год адпраўляць экспедыцыю. Да таго ж круглагадовыя назіранні больш каштоўныя, бо дазваляюць ахапіць усе перыяды развіцця прыродных кампанентаў, усе змены, што адбываюцца, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — У нас ёсць кадры, жаданне, воля і стратэгічнае мысленне. І мы глядзім не пад ногі, а на перспектыву».

Начальнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі Інстытута Арктыкі і Антарктыкі Аляксандр Клепікаў заўважыў, што вучоныя Саюзнай дзяржавы многія гады паспяхова супрацоўнічаюць у сферы палярных даследаванняў. «Вось ужо 15 гадоў беларусы рэалізоўваюць сваю антарктычную праграму ў цесным супрацоўніцтве з Расійскай антарктычнай экспедыцыяй», — сказаў ён, даўшы высокую ацэнку дзейнасці беларускіх вучоных за мінулыя гады.

Аляксей Гайдашоў і Уладзімір Гусакоў на выстаўцы «Беларусь у Антарктыцы: 15 гадоў рэгулярных навуковых і экспедыцыйных даследаванняў».

— Усё, чаго мы дасягнулі ў Антарктыдзе, было зроблена не толькі непасрэднымі ўдзельнікамі экспедыцый, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — На агульны поспех працуе вялікая каманда Нацыянальнай акадэміі навук, пачынаючы ад адміністрацыі, бухгалтараў, юрыстаў-міжнароднікаў да транспартных падраздзяленняў, плюс каля дзясятка ведамстваў, уключаных у дзяржаўную праграму.

Дарэчы, для таго каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, толькі мець сваю палярную станцыю там ужо недастаткова. З боку міжнародных арганізацый узрастаюць патрабаванні да навуковых вынікаў, атрыманых падчас экспедыцый. Прычым патрабуюцца публікацыі ў сур'ёзных міжнародных выданнях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Аліна МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: На Крайнім Поўдні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.