Вы тут

Новыя школы ў аграгарадках: басейн, трэнажорныя залы, мультымедыйнае абсталяванне


Сёння яны мала нагадваюць тыя школкі «проста ў драўлянай хаце» з печкамі замест цэнтральнага ацяплення, пра якія пісалі нашы класікі. Ёсць школы нават з басейнамі, як у аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна або як Хонаўская ў Магілёўскім раёне, куды мы завіталі, — з трэнажорнай залай. І на выгляд гэты вучэбна-педагагічны комплекс нічым не адрозніваецца ад гарадской установы. Сучасны двухпавярховік з прасторнымі класамі і, хоць і ў меншай колькасці, але ж таксама з мультымедыйным абсталяваннем. У будынку яшчэ крыху пахне фарбай. Да новага навучальнага года тут кардынальна адрамантавалі за кошт апякунскіх і спонсарскіх грошай клас інфарматыкі і спальны пакой для дашкалят, у астатніх памяшканнях зрабілі касметычны рамонт. Найбольш красамоўная прыкмета вясковай прыналежнасці школы — мова. Яна тут родная, беларуская.


Роднае месца

Ужо з парога адчуваецца цеплыня роднага слова. Уся інфармацыя, у тым ліку афіцыяльная і азнаямленчая, на беларускай мове. Над дзвярыма — прымаўкі і прыказкі, падзякі і прывітанні. На ўваходзе ў сталовую, напрыклад, вісіць шыльда з надпісам «Шчыра вітаем», а ў самой зале — «Смачна есці». Бацькі ўслед за дзяцьмі паўтараюць гэтыя словы і пакрысе ўлюбляюцца ў родную мову. Нават не беларусы. Знаёмлюся з Арміне Асян, якая якраз прывяла ў садок двух сваіх пяцігадовых дачушак-двайнятак Аліну і Арыяну. Тут жа вучыцца яе сын-сямікласнік Армен. Сям'я жыла ў Мінску, але лёс прывёў жанчыну з дзецьмі сюды, да бацькоў, якія пераехалі ў Завадскую Слабаду 20 гадоў таму.

— Для мяне гэта роднае месца, і я нікуды адсюль не хачу ехаць, — кажа яна. — Тут усё для мяне блізкае. Мой малодшы брат вучыўся ў гэтай школе. Школа вельмі добрая, настаўнікі — таксама. Адносіны да дзяцей цёплыя. І сыну тут нават больш камфортна, чым у сталічных умовах. Тое, што ўсе прадметы на беларускай мове, нават да лепшага. І даецца яна яму лёгка. Тут і людзі больш добразычлівыя, настаўнікі пастаянна дапамагаюць.

Дырэктар установы Ірына Сырамалотава праводзіць экскурсію па школе і паказвае дасягненні навучэнцаў. Тое, што гэта творчыя асобы, можна не сумнявацца. Дастаткова наведаць фотазону, дзе шмат розных цікавых фішак, зробленых пры ўдзеле дзяцей. Упрыгожвае куток дрэва пажаданняў, дзе школьнікі выказваюць свае прызнанні ў любові да краіны. Яны зрабілі яго ў рамках акцыі «Люблю цябе, Беларусь». Летась за поспехі ў шматлікіх конкурсах раённы аддзел і абласное галоўнае ўпраўленне адукацыі падарылі школе мультыборд. Цяпер тут, у фотазоне, праводзяць і «Школу актыўнага грамадзяніна», пры жаданні можна падключыць і інтэрнэт.

— Гэтую ўстанову будавалі на перспектыву, агульная ўмяшчальнасць 320 чалавек, — расказвае дырэктар. — Цяпер тут 77 вучняў і 27 выхаванцаў дзіцячага садка. Садок існуе з 2004 года. Нашы настаўнікі, сапраўды, як у рамане Якуба Коласа «На ростанях», усе як адзін адданыя справе ўсёй душой. Восем чалавек прыязджаюць з Магілёва, дванаццаць — мясцовыя жыхары. Сярэдні ўзрост — 45—47 гадоў, вакансій амаль няма. Мая намесніца пайшла ў дэкрэт, і трэба на час яе адсутнасці знайсці чалавека.

Дырэктар дэманструе дыпломы і граматы за апошнія тры гады.

У школе спадзяюцца, што колькасць дзяцей будзе павялічвацца. Пасля таго як мясцовы саўгас «Барок» аб'ядналі з філіялам прадпрыемства «Магілёўэнерга» «Вендараж», з'явіліся перспектывы. Гаспадарка пашыраецца, плануецца будаўніцтва дамоў. Так што ёсць надзея, што сюды прыедуць новыя сем'і.

Сто гадоў практыкі

Школу называюць хонаўскай, хоць яна знаходзіцца ў аграгарадку Завадская Слабада. І гэта пры тым, што існуюць вёскі і Малое Хонава, і Вялікае Хонава.

— Раней яна і размяшчалася ў вёсцы Малое Хонава, а пазней яе перанеслі сюды — у Завадскую Слабаду, — усміхаецца Ірына Міхайлаўна. — Назву вырашылі не мяняць, таму што нашай школе ўжо болей чым 100 гадоў. І нават зрабілі музей, каб усіх знаёміць з традыцыямі і гісторыяй.

Экспанатаў шмат, іх пачалі збіраць вельмі даўно. Ірына Сырамалотава прыйшла сюды ў 2014 годзе, калі музей быў у заняпадзе. І вырашыла яго аднавіць. Кожная музейная рэч тут з гісторыяй. Дзякуй захопленаму сваёй справай былому кіраўніку музея Уладзіміру Ласькову. Ён кіраваў музеем у Дасовіцкай школе, а калі яе закрылі, частка экспанатаў трапіла сюды.

— Вось гэта люстэрка са спаленай хаты з вёскі Рэпішча, — паказвае дырэктар школы экспанат у драўлянай аправе. — Гэта адзіная рэч, якая захавалася падчас пажару. Люстэрка перадалі Уладзіміру Ласькову. Бытуе меркаванне, што люстэркі забіраць нельга, каб не перанесці энергетыку другога жытла, але гэта для нас шчаслівае.

А вось вясельная ікона, — Ірына Міхайлаўна звяртае ўвагу на рарытэт. — Усе ёй цікавяцца. На ікону Казанскай Божай Маці накладзены самаробны вясельны вяночак. Абраз таксама з Рэпішча.

На стале ляжыць вялікі фаліянт — кніга славы з імёнамі ветэранаў, якія працавалі ў гаспадарцы і школе. А вунь і жорны. На іх нават сёння можна намалоць мяшочак мукі.

Пад столлю вісіць драўляная люлька. Тутэйшыя дзеці ведаюць, што і калыску, і крук, на які яна падвешана, павінен быў рабіць бацька. Ён жа — гаспадар сям'і!

За перагародкай — экспанаты, звязаныя з Афганістанам і ваенным часам. Экскурсіі, дарэчы, праводзяць навучэнцы. Уражвае прафесійны падыход у афармленні вітрын. Вітражныя тумбы і пакрыццё для падлогі школе дапамог купіць філіял «Сервалюкс Агра» СЗАТ «Сервалюкс», якім кіруе Васіль Мазурык. А ўжо выставачныя тумбы школа набыла з дапамогай бацькоў.

Музей папаўняецца і сучаснымі прадметамі, так званай школьнай дзейнасці. Гэта распрацоўкі грамадзянска-патрыятычнага праекта, які атрымаў высокую адзнаку на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Тутэйшыя школьнікі распрацавалі фірменны нататнік і нават дызайн абгорткі для шакаладу.

Школа з творчым характарам

— Мы пяць гадоў запар з'яўляемся пераможцамі сярод вучэбна-педагагічных комплексаў Магілёўскага раёна, — ганарыцца сваёй установай, калектывам і вучнямі дырэктар школы. — Нашы дзеці займаюць месцы і на рэспубліканскіх спаборніцтвах творчага характару. Мы два гады запар — пераможцы конкурсу сярод аздараўленчых лагераў адпачынку і ў вобласці, і на рэспубліканскім узроўні. Сёлета ў міжнародным конкурсе «Мы разам» наша навучэнка Ульяна Пускова заняла трэцяе месца са сваім фільмам «Мы розныя, мы разам». Нашы дзеці дэманструюць добрыя вынікі ў спартыўных спаборніцтвах. Мы лідары па настольным тэнісе, лыжных гонках, валейболе. Шмат нашых конкурсных работ займаюць першыя месцы на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні сёлета лідзіраваў на абласным узроўні, а на рэспубліканскім этапе атрымаў заахвочвальную грамату.

Суразмоўца дастае фаліянт з надпісам «Скарбонка грамадзянска-патрыятычнага выхавання». І гэта толькі апісанне! Колькі тут усяго — інтэрактыўныя гульні, квэсты, ток-шоу, пазначаныя QR-кодамі, каб ацаніць усё ў разгорнутым выглядзе.

У школе шмат увагі ўдзяляецца менавіта грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Шырока святкуюцца Масленіца, народныя і дзяржаўныя святы. На Дзень абаронцаў Айчыны, напрыклад, ладзіцца конкурс строю і песні.

— Сёлета да нас завіталі прадстаўнікі ваеннай часці з Галынца, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — Яны сказалі, што некаторыя іх навабранцы нават пасля першага года службы не ўмеюць рабіць тое, што нашы дзеці, і нават падарылі нам шмат вайсковай формы.


У тэму

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі:

— Сёлета ў вобласці з'явіцца яшчэ адна сучасная школа — у Бабруйску на 1020 чалавек. Ва ўсіх астатніх праведзены планавыя рамонты. Глабальныя рамонты праходзілі ў рамках фінансавання Банкам рэканструкцыі і развіцця. У Магілёўскай вобласці гэта школа ў аграгарадку Аўсянка. І басейн там адрамантавалі. Школа стала як цукерка. Наогул, на рамонт школ было накіравана 8,5 мільёна рублёў. Да 20 жніўня ўсе сертыфікаты гатоўнасці ўстаноў сярэдняй агульнай адукацыі павінны быць падпісаны. Першага верасня 341 установа агульнай сярэдняй адукацыі прыме 114 тысяч вучняў, у тым ліку 12 тысяч першакласнікаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён.

Загаловак у газеце: Школа з вокнамі ў заўтра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.