Вы тут

Сузіральнік і лірык Леў Лейтман


Нацыянальны мастацкі музей з тых устаноў, якія радуюць гледача не толькі надзвычай цікавымі, але, калі так можна сказаць, невідавочнымі і нечаканымі выстаўкамі. Здавалася б, наколькі заўважна ў мастацкім календары такая дата, як 125 гадоў з дня нараджэння… Аднак, напэўна, тут не столькі імкненне супрацоўнікаў выконваць пэўныя планы выставачнай дзейнасці, колькі жаданне звярнуць увагу на творчасць прызнаных майстроў, імёны якіх згадваюцца ўсё радзей. Сярод такіх — імя Льва Лейтмана (1896—1974), якому сёлета споўнілася 125 гадоў. Экспазіцыя ў НММ мае магчымасць стаць адным з самых прадстаўнічых паказаў яго работ. Якім паўстае савецкі мастак перад сучасным гледачом?


Спявак горада. Праект Нацыяльнага мастацкага ахапіў усе перыяды творчага жыцця майстра, пачынаючы з карцін віцебскага перыяду 1930-х гадоў і заканчваючы работамі, створанымі ў апошні год жыцця. Адна з ключавых тэм Льва Лейтмана (і гэта відаць па дадзенай выстаўцы) — гарадскі пейзаж. Дарэчы, пра дзяцінства і перадумовы творчага лёсу будучага мастака амаль нічога не вядома. Застаецца толькі згадаць дзве важныя падзеі ў жыцці Льва Лейтмана — навучанне ў Юлія Бяршадскага ў Адэсе і Юдэля Пэна ў Віцебску (пазней скончыў курсы па павышэнні кваліфікацыі мастакоў пры Усерасійскай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе прафесара Сямёна Абугава). Лічыцца, што менавіта падчас пленэраў у наваколлі Віцебска хлопец захапіўся пейзажам.

Сярод найбольш вядомых работ у гэтым кірунку — «Вуліца Леніна» (1970), «Паркавая магістраль» (1969), «Вясна ў парку» (1967), «Агні Мінска» (1959), «Каля таполі Янкі Купалы» (1957), «Восень. Цэнтральная плошча» (1966), «З акна майстэрні» (1966)… Як асобнае прысвячэнне сталіцы — работы серыі «Новыя абрысы гарадоў Беларусі (Новы Мінск)», прадстаўленыя ў экспазіцыі. Створаныя ў перыяд інтэнсіўнага горадабудаўніцтва «Праспект імя І. В. Сталіна» (1952), «Галоўны паштамт» (1954), «Галоўны ўваход на стадыён “Дынама”» (1952) вылучаюцца светлымі колерамі і мяккімі пераходамі. Аўтар не толькі паказаў прыгажосць Мінска з яго плошчамі, магістралямі, архітэктурнымі ансамблямі, праспектамі, бульварамі, але і перадаў спакой мірнага жыцця, надзеі на светлае і радаснае герояў — звычайных жыхароў, якія ідуць на працу, прагульваюцца з сябрамі, чакаюць на прыпынку.

Горад Віцебск глядач можа ўбачыць на карціне «Дажджлівы дзень (Дзвіна. Віцебск)» 1934 года, здаецца, самай ранняй з прадстаўленых на выстаўцы. Тут угадваецца стыль, якому Леў Лейтман ніколі не здрадзіць, нягледзячы на эксперыменты з фактурай паперы, змешваннем гуашавых і акварэльных асноў, — вялікая ўвага да паказу неба, уменне перадаць стан прыроды і яе гармонію з горадам, а таксама адмаўленне ад выразнага дзеяння і прыкметных персанажаў. У гэтым бачыцца жыццесцвярджальнасць і прага ўсяго сонечнага, хоць уласна самога сонца на карцінах аўтара, прынамсі тых, што знаходзяцца ў экспазіцыі, няма.

Прыродалюб. Леў Лейтман праявіў свой талент у розных тэхніках: туш, соус, італьянскі аловак, сангіна, сепія, манатыпія, фламастар і алей, але асабліва віртуозна ім выкананы творы ў тэхніцы акварэлі і гуашы. З іх дапамогай мастак адлюстроўваў і спакой воднай роўнядзі, і яркі заход сонца, і цяпло восеньскай прыроды. На выстаўцы ж у Мастацкім сярод светлых пейзажаў вылучаецца «Зімовая ноч» (1971) — завяршальная работа экспазіцыі. Кантрасная і гарманічная, яна пераносіць гледача ў звычайную занесеную снегам вёску пад поўняй. Сюжэт, нягледзячы на паравіну года на карціне, выпраменьвае цяпло і спакой.

Асабліва пяшчотнымі ў Льва Лейтмана атрымліваліся нацюрморты. Пры іх стварэнні мастак выкарыстоўваў у афармленні інтэр’ера вазы рознай канфігурацыі і колеравай палітры, але адценні чырвонага — нязменны складнік. Недаўгавечнае кветкавае хараство Леў Лейтман перадаваў шырокімі і шчодрымі мазкамі. Як адзначае куратар выстаўкі Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX—XXI стст., спадчына Льва Лейтмана адрозніваецца выразнасцю, сузіральнасцю, лірычнымі інтанацыямі. Мастак неаднаразова казаў, што яго творчасць фарміравалася пад уплывам найбуйнейшых майстроў рускага і французскага мастацтва. Сваімі настаўнікамі лічыў Ісаака Левітана, Міхаіла Урубеля, Клода Манэ і Эдуарда Манэ.

Сведка вайны. Заслужаны дзеяч мастацтваў, мастак-графік і педагог Леў Лейтман прайшоў Вялікую Айчынную: служыў у часцях Ваенна-будаўнічага ўпраўлення Заходняга фронту. Між тым у ваенны перыяд удзельнічаў у выстаўках твораў беларускіх мастакоў у Маскве (1941) і «Вялікая Айчынная вайна» (1942). Шмат карцін, створаных ім перад вайной, было страчана, захаваліся толькі тыя, што былі прадстаўлены ў экспазіцыі ў Маскве.

На франтавых будоўлях, у месцах нядаўніх баёў і на тэрыторыях, вызваленых Чырвонай Арміяй і яе саюзнікамі ад фашысцкіх захопнікаў, творца зрабіў шэраг накідаў і эцюдаў акварэллю, гуашшу, алоўкам. У іх адсутнічаюць батальныя сцэны: Леў Лейтман засяроджваўся на раскрыцці паўсядзённага ходу жыцця. У цэнтры ўвагі — віды ўцалелых і жылых будынкаў, абрысы разбураных і пакінутых пабудоў, простыя людзі і салдаты… Лірычныя, поўныя веры ў дабро, у экспазіцыі прадстаўлены работы «Магістраль Мінск — Масква» (1944), «Зімовы пейзаж» (1943), «Вёска Серада» (1943—1944), «У раёне Валакаламска» (1943), «Чырвоныя дахі (Калуга)» (1942—1943), «Клязьма» (1943), «Арэхава-Зуева» (1944).

Партрэтыст герояў свайго часу. Усяго ў экспазіцыі да 125-годдзя з дня нараджэння мастака экспануецца звыш 50 твораў арыгінальнай графікі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама творы, дакументы і фатаграфіі розных гадоў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Вялікая колькасць карцін — прысвячэнне працаўнікам.

У 1930-я гг. яго захапіла індустрыяльная тэма. Як вынік — серыя работ «Жанчына на вытворчасці» (дарэчы, у гэты ж час стварыў серыю «Жыццё, быт і вучоба Чырвонай Арміі», за якую быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР). Пазней былі «Разведчыкі будучыні — людзі камуністычнай працы» і «Людзі калгаснай працы». Героі амаль заўсёды пададзены буйным планам, яны спакойныя і задуменныя, прамяністыя і жыццярадасныя. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, партрэты Льва Лейтмана сведчаць аб яго назіральнасці, выдатным разуменні чалавека і здольнасці пераканаўча гэта перадаць. Падкрэсліваючы індывідуальныя рысы героя, мастаку ўдавалася ўвасобіць вобраз сучасніка. Для аўтара гэта было надзвычай важна.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?