Вы тут

Як першакласніку хутка і лёгка адаптавацца ў школе? Простыя, але эфектыўныя парады ад псіхолага


Восень не за гарамі, а з ёй і пачатак новага навучальнага года. Дзень ведаў асабіста для мяне заўсёды асацыюецца з выразам «першы раз у першы клас». Не важна, колькі мне гадоў: 6 ці 36. Тыя эмоцыі, якія перажываюць першакласнікі ў гэты час вельмі яркія і моцныя, як кажуць, на ўсё жыццё. Здаецца, яшчэ ўчора хлопчыкі і дзяўчынкі бесклапотна наведвалі дзіцячы садок, а сёння, як дарослыя, у дзелавым адзенні, ідуць на заняткі, нібы на працу.

Гэты час можа прынесці радасць, а можа пераўтварыцца ў сапраўднае выпрабаванне для дзяцей і іх бацькоў. Як дапамагчы першакласніку хутчэй адаптавацца ў школе і перажыць гэты перыяд без наступстваў для псіхічнага і фізічнага здароўя? Пра гэта і не толькі мы пагутарылі з псіхолагам Надзеяй Аляксандраўнай Рабчук.


— Надзея Аляксандраўна, нягледзячы на тое, што асноўны ўзрост першакласнікаў у нашай краіне 6 гадоў, некаторыя бацькі не спяшаюцца аддаваць дзяцей у школу ў гэтым узросце. Тлумачыцца гэта проста: дзіця не гатова да школы. І чакаюць яшчэ год. Наколькі гэта правільна?

— З кожным годам узрастае колькасць так званых дзяцей, якія сёння маюць праблему няспеласці. Скажу больш, сустракаюцца такія дзеці і ў 7 гадоў. Канечне, кожнае дзіця – індывідуальнасць, але часцей за ўсё у такім узросце ідзе гаворка пра наяўнасць пэўнай праблемы. Сучасныя дзеці, якія ў большасці сваёй бавяць час, карыстаючыся гаджэтамі, маюць дэфіцыт рэальных маўленчых стасункаў. А гэта цягне за сабой вялікую колькасць праблем у своечасовым развіцці і, як вынік, негатыўна адбіваецца на пачатку вучэбнай дзейнасці ў школе ў агульнапрынятым узросце.

— Як зразумець, што працэс развіцця дзіцяці аб’ектыўна запавольваецца?

— Ёсць розныя адукацыйныя маршруты, якія накіраваны на тое, каб выявіць праблему і дапамагчы дзіцяці яе пераадолець. А каб не дапусціць глабалізацыі праблемы, бацькі павінны пільна сачыць за развіццём дзіцяці і, калі штосьці насцярожвае ці не падабаецца, не баяцца звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Ужо ва ўзросце 3-4 гадоў у большасці выпадкаў можна ўбачыць, ёсць праблемы ў развіцці ці не. Гэта і пытанні з маўленнем, і пытанні з пазнавальнай актыўнасцю. Ні ў якім разе не заплюшчваць на гэта вочы. Галоўнае і самае дарагое ў гэтай справе не згубіць час. Многія бацькі не звяртаюць увагу на відавочныя праблемы ў развіцці дзіцяці і ва ўзросце 6 гадоў. І калі надыходзіць час ісці ў школу, хапаюцца за галаву. Напрыклад, калі дзіця не вымаўляе пяць-сем гукаў, як правіла гэта цягне за сабой і іншыя лагапедычныя праблемы. Калі такое дзіця ідзе ў першы клас, то адназначна сутыкаецца з цяжкасцямі ў асвойванні навыкаў чытання. Але ж гэта ўсё можна было выправіць да школьнага ўзросту, калі бацькі спахапіліся б раней.

У гэтай сувязі ўспомніла выраз пра тое, што ўсё ідзе з сям’і. Наколькі вы згодны з гэтым меркаваннем?

— Вядома, бацькі павінны быць прыкладам для сваіх дзяцей. Калі я чую скаргі на тое, што дзіця не любіць чытаць, і ў ходзе размовы з бацькамі высвятляецца, што дома няма аніводнай кнігі, паўстае пытанне: як можна сфарміраваць любоў да кнігі і жаданне чытаць, калі дзіця ні разу не бачыла бацькоў з кніжкай у руках? Знайдзіце час, пачытайце дзіцяці. Такім чынам вы будзеце далучаць яго да мастацкай літаратуры. А пасля чытання абавязкова задайце некалькі пытанняў пра тое, што вы прачыталі. І не бойцеся набываць энцыклапедыі. Каб дзіця, калі ў яго з’яўляюцца пытанні, шукала адказы на іх ў кнігах, а не толькі ў інтэрнэце.

— На мове спецыялістаў, што такое псіхалагічная гатоўнасць дзіцяці да школы?

— Гатоўнасць дзіцяці да школы — паняцце шматграннае. І складаецца яно з некалькіх кампанентаў.

1. Асобасная гатоўнаць (эмацыянальны кампанент). Гэты кампанент адказвае за стаўленне дзіцяці да школы. Яно павінна быць пазітыўным і асэнсаваным. Школа – гэта не проста прыгожыя рэчы і форма. Школа — гэта нешта новае, тое, што будзе карысна для яго будучага развіцця. Калі ў дзіцячым садку вядучы від дзейнасці — гульня, то ў школе ён паступова змяняецца на вучэбны. Такім чынам, дзіцяці павінна быць цікава пазнаваць навакольнае асяроддзе з новага боку.

2. Валявая гатоўнасць (матывацыйны кампанент). Адказвае за самакантроль дзіцяці. Першакласнік павінен выконваць інструкцыі настаўніка, павінен ўтрымліваць свае імпульсы: сярод урока ён не можа проста так устаць і пабегчы куды-небудзь. Даўжыня ўрока ў першым класе 35 хвілін! Менавіта гэты час пачынаючыя школьнікі павінны ўмець вытрымліваць.

3. Інтэлектуальная гатоўнасць характарызуецца сталасцю пазнавальных працэсаў такіх, як увага, памяць, мысленне, успрыманне прасторава-часавых, элементарных матэматычных катэгорый, маўленне. Іх сталасць абумоўлівае поспех дзіцяці ў працэсе навучання.

Адзначу, калі некаторыя з гэтых працэсаў недастаткова саспелі, іх трэба абавязкова трэніраваць. Ёсць шмат цікавых практыкаванняў. Але спачатку трэба звярнуцца за кансультацыяй да спецыяліста.

— Якую ролю адыгрывае ў перыяд школьнай адаптацыі першы настаўнік?

— Ролю першага настаўніка без перабольшання можна назваць адной з асноўных у пачатковай школе. Нездарма даецца адзін настаўнік на чатыры гады! Каб дзеці адчулі новы аўтарытэт, акрамя бацькоў, які звязаны з вучэбнай дзейнасцю. На мой погляд, вельмі карысна ў першым класе аддаваць дзяцей яшчэ і ў спартыўныя секцыі. Спорт, калі няма супрацьпаказанняў, карысны для здароўя. Ён выхоўвае сілу волі, прымушае дзяцей рухацца і развівае цела. Важнай асобай для дзіцяці з’яўляецца трэнер. На занятках ён патрабуе захоўваць дысцыпліну і дае выразныя інструкцыі, якія неабходна выконваць. Гэта таксама спрыяе больш лёгкай адаптацыі дзіцяці ў школе.

— Як доўга ў норме праходзіць адаптацыйны перыяд?

— Адаптацыя ў школе для кожнага дзіцяці доўжыцца індывідуальна і залежыць перш за ўсё ад асабістых якасцяў. Тыя дзеці, якія маюць лідарскія якасці, камунікатыўныя, перажывалі нейкія стрэсавыя сітуацыі, справяцца з адаптацыяй хутчэй. Калі бацькі да 6-7 гадоў засцерагалі сваё дзіця ад навакольнага асяроддзя, ад стрэсавых сітуацый, то і працэс адаптацыі можа зацягнуцца. Чаму дзіцяці перад школай раяць хоць бы год пахадзіць у дзіцячы садок? Каб ён адчуў, што такое вучэбны працэс, калектыў, што такое спрэчкі, канфліктныя сітуацыі і вучыўся знаходзіць выхад.

— Што параіце бацькам першакласнікаў на пачатку новага перыяду ў іх жыцці?

  • Захоўвайце спакой! Эмацыянальны стан бацькоў заўсёды адлюстроўваецца на дзецях.
  • Супрацоўнічайце з педагогам! Ваша задача растлумачыць яму асаблівасці свайго дзіцяці, каб настаўнік разумеў, як трэба сябе весці ў пэўных сітуацыях. Калі будзе адкрыты дыялог, тады і працэс адаптацыі пройдзе лягчэй і хутчэй.
  • Супрацоўнічайце са сваімі дзецьмі! Быць побач з імі, паважаць іх інтарэсы, размаўляць пра тое, як прайшоў іх дзень і акцэнтаваць увагу на пазітыўных момантах школьнага жыцця, вельмі важна.
  • Хваліце сваіх дзяцей за любыя іх дасягненні! Памятайце, у гэтым узросце фарміруецца самаацэнка. Добрымі словамі вы надаеце ім упэўненасці і ствараеце перадумовы для поспеху.
  • І не забывайцеся казаць сваім дзецям, як моцна вы іх любіце! І тады у вас усё абавязкова атрымаецца!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».