Вы тут

Тут ёсць месца і смеху, і слязам: на «Беларусьфільме» здымаюць «X-Factor»


За апошнія гады беларускае тэлебачанне не надта каб здзіўляла гледачоў музычнымі шоу. З найбольш цікавых нацыянальных праграм можна згадаць «Великолепную пятёрку» або «Я пяю!» Да гэтых праектаў слова «ўтульны» падыходзіць лепш за ўсё. Напэўна, з-за фармату: удзельнікамі былі, як правіла, простыя людзі. Але ў гэтым жніўні прыляцела цікавая навіна, у нейкім сэнсе сенсацыя: здымаюць беларускі «X-Factor». Гэтае шоу ўжо даўно вырасла да фармату франшызы, а выступленні ўдзельнікаў набіраюць мільёны праглядаў у YouTube.


Здымаць праграму пачалі 10 жніўня ў найбуйнейшым павільёне нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». «Звязда» трапіла на пляцоўку ўжо на восьмы дзень работы праекта, але прызнаемся шчыра: студыя напоўнена такой моцнай энергіяй, што здаецца, быццам усё пачалося пяць хвілін таму, няма і следу стомы і руціны.

На студыі задзейнічана некалькі лакацый, дзе і здымаюцца фрагменты шоу. Асноўная і самая маштабная — знакамітая сцэна ў форме «ікса», пазнавальнага лагатыпу праграмы. Нават седзячы ў пустой зале, да пачатку здымак, лёгка ўявіць, як хвалююцца ўдзельнікі. На сцэну накіравана шмат апаратуры, але і гэта не пужае так, як стол журы. Ён знаходзіцца ўсяго за некалькі метраў ад выступоўцы. Так што ўсе эмоцыі настаўнікаў артыст пабачыць з лёгкасцю. Нагадаем, што ў журы беларускага «X-Factor» будуць Сяргей Саседаў, Руслан Аляхно, Сяргей Пархоменка і Вольга Бузава.

Не менш важная лакацыя — пакой, дзе ўдзельнікі знаёмяцца паміж сабой, адпачываюць, а таксама здымаюць візіткі. Атмасфера тут не такая афіцыйная, як на сцэне. Хтосьці іграе на гітары, хтосьці распяваецца, хтосьці проста чакае свайго выхаду. Але ўсё роўна выступоўцы не могуць свабодна перамяшчацца па павільёне — толькі з дазволу арганізатараў. Гэта ўваходзіць у рэгламент конкурсу. Нам удалося задаць некалькі пытанняў вядучым шоу — Уладзіміру Богдану і Марыяне Мурынковай. Менавіта яны раскрываюць удзельнікаў яшчэ да пачатку асноўных здымак, а таксама падтрымліваюць кожнага падчас выступлення:

— Я нават не памятаю, якая сёння дата, — прызнаецца Уладзімір. — Я блытаю імёны людзей і ўвогуле ўжо амаль не ўяўляю, што адбываецца. Але я не скарджуся, бо адчуваю вялікі кайф. Мы працуем тут восьмы дзень, з самага ранку і да адзінаццаці або дванаццаці ночы. І кожны дзень мы сустракаемся з вялікай колькасцю людзей, падтрымліваем артыстаў — гэта наша асноўная мэта. Усё выходзіць лёгка і шчыра, таму што я па сваёй натуры добры чалавек. Хай і на хвіліначку, раблюся членам іх сям'і і хвалююся гэтак жа моцна, як і групы падтрымкі, якія прыязджаюць разам з удзельнікамі.

Марыяна дадае:

— Мне здаецца, такога праекта нашай краіне не хапала: каб знайсці з кожнай вобласці, раёна і вёскі такіх таленавітых людзей. Улічваючы, што «Х-Factor» — шоу сусветнае, яно пабудавана такім чынам, каб зацікавіць гледача, у першую чаргу псіхалагічна.

Чарговую лакацыю арганізатары паміж сабой назвалі загадкава: «Ціхі пакой». Тут таксама даюць інтэрв'ю, але больш асабістыя. Перашкаджаць нельга, бо ўдзельнікі з артыстаў ператвараюцца ў простых людзей, кожны з якіх распавядае ўласную гісторыю:

— Хочацца даведацца, які чалавек на самай справе, — расказвае інтэрв'юер Алена Кавалёва. — Таму што ўсе тут добра спяваюць і валодаюць талентамі. Але заўсёды цікава падгледзець, якая ў артыста душа. З гэтых дэталяў і будуецца асоба. Мы тут плакалі не адзін раз. Бываюць вельмі сумныя гісторыі, якія не могуць не крануць. Напрыклад, мне прынеслі анкету маладога чалавека, там быў складзены вялікі спіс усіх конкурсаў, дзе хлопец удзельнічаў і перамагаў. Але толькі падчас гаворкі мы даведаліся, што ён рос без бацькоў. Тут адкрываюцца асабістыя таямніцы... Таму гэтае месца негалосна празвалі «пакоем плачу». Нягледзячы на гэта, часцей за ўсё нашы ўдзельнікі выходзяць адсюль смеючыся.

Арганізатары падкрэсліваюць, што «Х-Factor» — у першую чаргу не музычнае шоу, а перадача аб людзях і іх марах. Знайсці агульную мову з удзельнікамі вельмі проста: яны з вялікай ахвотай даюць каментарыі і распавядаюць аб праекце. Здаецца, што яны з самага дзяцінства прызвычаіліся да камер. На пытанне, адкуль прыехалі, адна з каманд удзельнікаў адказала: «Мы з Бобр-cіty». Вось так, жартуючы, яны прыдумалі новы брэнд для Бабруйска. Але, акрамя смеху, гучаць і вельмі глыбокія думкі, якія можна выкарыстоўваць не толькі падчас удзелу ў конкурсе: «Як можа быць страшна людзям, якія нясуць любоў у сэрцы? Ведаеце, чым адрозніваюцца героі ад простых людзей? Яны не маладушнічаюць. Вось і мы не можам сабе гэтага дазволіць — проста робім сваю работу і ніяк інакш».

Прэм'ера адбудзецца 2 кастрычніка на канале «Беларусь 1». Але сачыць за праектам можна ўжо зараз у сацыяльных сетках. Хутка даведаемся, што атрымаецца. Пабачыўшы працэс здымак, можна з упэўненасцю сказаць: нас чакае нешта яскравае.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.