Вы тут

Перакладчык Герберта Уэлса нарадзіўся ў гродзенскай Індуры


Расійская імперыя, Савецкі Саюз — тыя бязмежныя прасторы, у якіх праявілі сябе многія ўраджэнцы Беларусі. І Гродзеншчыны — таксама. Адзін з іх — перакладчык мастацкай літаратуры, арганізатар выдавецкай справы ў СССР Давід Лазаравіч Вейс (1878 — 1938).


Pixabay.com

Апошнія сляды нашага гродзенскага земляка (нарадзіўся Давід у Індуры, паблізу ад Гродна) засталіся ў Падмаскоўі, на тэрыторыі легендарнай Камунаркі. 29 снежня 1937 года Давід Вейс быў арыштаваны. Абвінавачванне традыцыйнае — удзел у антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі. Зараз некаторыя гатовы прымірыцца не іначай, як з такімі тэрарыстамі, як талібы, а вось у 1930-я... 22 жніўня 1938 года прысуд быў прыведзены ў выкананне. Палігон, дзе ў 1930-я расстрэльвалі асуджаных, — на захад ад пасёлка Камунарка. Вядома, што менавіта тут было пакарана 32 000 чалавек. Непадалёк размяшчалася лецішча старшыні АДПУ і наркама НКУС Генрыха Ягады... У сакавіку 1956 года Давіда Вейса рэабілітавалі...

Нарадзіўся будучы перакладчык 26 кастрычніка 1878 года. У хуткім часе пасля нараджэння Давіда сям’я пераехала ў Гродна. У 1897 годзе малады чалавек закончыў Гродзенскую гімназію. Яшчэ ў гімназічны час стаў членам марксісцкага гуртка. Вёў агітацыю сярод рабочых. У 1897 годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1899 годзе прымаў актыўны ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Давіда неаднаразова высылалі са сталіцы. А пасля і арыштавалі і асудзілі да высылкі ў Гродна. Зразумела, пад нагляд паліцыі.

У час першай рускай рэвалюцыі Давід прымае ўдзел у працы выдавецтва «Молот». У 1906 — 1917 гг. працуе ў выдавецтве «Шиповник». Захварэўшы, не здолеў прыняць удзел у падзеях 1917 года...

Некалькі слоў пра выдавецтва «Шиповник», якое ў сталіцы Расійскай імперыі адчынілі ў 1906 годзе Зіновій Гржэбін і Саламон Капельман. Гэтая выдавецкая структура вызначалася шырокім кніжным рэпертуарам і зрабіла надзвычай многа для развіцця літаратуры Сярэбранага веку. Да 1906 г. Гржэбін ужо меў вопыт выдавецкай і рэдактараскай працы. За рэзкія артыкулы і карыкатуры атрымаў нават турмны тэрмін і адбываў пакаранне ў легендарных «Крыжах». Давід Вейс загадваў канторай выдавецтва. У «Шиповнику» былі створаны чатыры аддзелы: па наступных накірунках — мастацкі, мастацка-літаратурны, сацыялістычны і дзіцячы. За гады існавання на тэматыку выдавецтва істотна паўплывалі тры рускіх пісьменнікі — Леанід Андрэеў, Барыс Зайцаў і Фёдар Салагуб. Тыражы кніг дасягалі 33 тысяч экзэмпляраў. Кошт кнігі складаў ад 50 да 77 капеек, у залежнасці ад вокладкі. Самыя папулярныя кнігі перавыдаваліся да 10 разоў. У «Бібліятэцы замежных пісьменнікаў» выдаваліся творы Герберта Уэлса, Гі дэ Мапасана, Гюстава Флабера... Быў выдадзены і цыкл «Паўночных зборнікаў» з творамі пісьменнікамі скандынаўскіх краін: Кнута Гамсуна, Сельмы Лагерлёф, Аўгуста Стрындберга. Адзін з аўтарытэтных праектаў — «Гісторыя жывапісу ўсіх часін і народаў» Аляксандра Бенуа. У «Шиповнику» друкаваліся кнігі Аляксея Рэмізава, Аляксея Талстога, Івана Буніна, у зборніках розных гадоў былі змешчаны творы Міхаіла Прышвіна, Ларысы Рэйснер, Андрэя Белага, Валерыя Брусава, Аляксандра Блока... Канешне ж, з многімі з іх, калі не з усімі, Давід Вейс быў знаёмы асабіста.

У 1918 г. Д. Вейс паступіў на службу ў Народны камісарыят асветы. Давіда Лазаравіча адправілі ў камандзіроўку ў Самару, дзе ён уступіў у Камуністычную партыю. Узначальваў губернскі аддзел народнай адукацыі. Чытаў лекцыі ў мясцовым педагагічным інстытуце. Стаў першым загадчыкам рабфака пры Самарскім універсітэце. Праз некаторы час Вейса прызываюць у Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію і прызначаюць начальнікам Палітасветы войск Туркестанскага фронта. Затым ён займае такую ж пасаду ў Заволжскай ваеннай акрузе.

Са жніўня 1920 па студзень 1922 гг. Д. Вейс працуе намеснікам загадчыка Дзяржвыдата, затым — упаўнаважаным Дзяржвыдата ў Петраградзе. У 1925 — 1926 гг. наш зямляк — намеснік старшыні праўлення ленінградскага выдавецтва «Прибой». З чэрвеня 1926 па студзень 1929 Д. Вейс — загадчык выдавецтва «Экономическая жизнь». І ў той самы час (па снежань 1930 г.) — загадчык і старшыня праўлення выдвецтва «Безбожник». З канца 1927 года таксама працуе памочнікам Галоўнага рэдактара Малой Савецкай энцыклапедыі. У студзені 1931 г. ураджэнца гродзенскай Індуры прызначаюць загадчыкам Дзяржаўнага выдавецтва медыцынскай і біялагічнай літаратуры.

Давід Вейс — перакладчык на рускую мову вядомых твораў Герберта Уэлса ( 1866 — 1946) «Чалавек-невідзімка», «Машына часу», «Вайна светаў», «Востраў доктара Мора» і іншых твораў. У навукова-фантастычных творах фактычнага пачынальніка жанра навуковай фантастыкі адлюстравана шмат цікавостак па тым часе — часе пачатку новага стагоддзя. І гэта, відавочна, і прыцягнула ўвагу нашага земляка як перакладчыка...

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».