Вы тут

Лукашэнка: Сітуацыя ў Афганістане — гіганцкая параза заходняй палітыкі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ў Афганістане гіганцкай паразай заходняй палітыкі і прыкладам таго, да чаго прыводзіць бяздумнае і ўзброенае насаджэнне дэмакратыі. З такой заявай ён выступіў на пазачарговым саміце кіраўнікоў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.


Нагодай для тэрміновай сустрэчы лідараў стала сітуацыя, якая склалася ў Афганістане пасля захопу ўлады рухам «Талібан». Прэзідэнты абмяркуюць магчымыя рызыкі для дзяржаў, звязаныя з новым раскладам сіл у Афганістане, і ўплыў падзей на бяспеку краін АДКБ. Нагадаем, у АДКБ уваходзіць шэсць членаў — Беларусь, Расія, Арменія, Кыргызстан, Казахстан і Таджыкістан, які мае агульныя межы з Афганістанам. Удзел у саміце прыняў таксама Прэзідэнт Узбекістана. 

З беларускага боку ў зале, з якой выходзіў у эфір відэаканферэнцыі Аляксандр Лукашэнка, прысутнічалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч і першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч.

У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на тэзісы Уладзіміра Пуціна і адзначыў, што нягледзячы на геаграфічную аддаленасць ад Афганістана, наступствы крызісу Беларусь адчула адной з першых.

«Верагодна, вы інфармаваны, спецслужбы вашы мы дакладна інфармавалі: Меркель (Ангела, канцлер ФРГ — „Зв.“) вам паабяцала, Захад паабяцаў, што ўсіх, хто будзе бегчы з Афганістана, прымуць. Што адбылося за апошнія двое-трое сутак. Праз Беларусь некалькі дзясяткаў, соцень (усіх не пералічыш) ужо афганцаў, не іракцаў, не сірыйцаў, якіх яны паклікалі на Захад, пайшлі туды. Што зрабілі палякі... Яны адлавілі каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як прызналіся, ішлі ў Германію, і пад пагрозай зброі, страляючы паверх галоў, выціснулі іх на граніцу з Беларуссю», — паведаміў Прэзідэнт.

Па яго словах, такім чынам Польшча арганізавала пагранічны канфлікт з Беларуссю, парушыўшы дзяржаўныя межы нашай краіны. 

«Абяздоленыя людзі (бежанцы. — „Зв.“), сёння мне трэба думаць, што з імі рабіць. Вы чулі і бачылі многія факты, гэта ўвесь свет бачыў, а Захад маўчыць. Як яны хворых, цяжарных, паўжывых людзей, а часам і мёртвых выкідваюць на граніцу з Беларуссю, вяртаючы іх назад. Вось іх абяцанні, іх палітыка. Таму, як тут гучала з вуснаў Прэзідэнтаў Расіі і Таджыкістана, верыць ім, я перадусім маю на ўвазе Захад, нельга. Яны прайгралі гэтую вайну (гэта неабходна ім прызнаць) баязліва адтуль уцяклі», — заўважыў кіраўнік краіны.

Вынікаючы з саюзных прынцыпаў, Прэзідэнт Беларусі падтрымаў заяву Уладзіміра Пуціна, што палёты баявых самалётаў ЗША над краінамі АДКБ непрымальныя для ўсіх членаў Арганізацыі.

«Я абсалютна салідарны з ім, што рух НАТА (яны ўжо зрабіліся нахабнымі да крайнасці і, зразумела, рухаюцца праз Беларусь на Расію) спрабуе асесці ў Цэнтральнай Азіі. Гэта для Расійскай Федэрацыі і нас непрымальна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што на саміце з вуснаў расійскага калегі прагучала прапанова выпрацаваць агульную пазіцыю па праблеме.

«Неабходна адкінуць усялякія фармальнасці і да саміта ў Душанбе падрыхтаваць агульную пазіцыю. Пакуль яна выражаецца так: „Давайце паглядзім, што будзе далей. А потым будзем сітуацыйна на гэта рэагаваць“. Гэта няправільна. Мы будзем глядзець, што будзе далей, але нам неабходна дакладна разумець, што зыходзячы з той інфармацыі і фактаў, што прыведзены аратарамі, якія выступілі раней, нам неабходна выпрацаваць агульную пазіцыю, а не займацца заклінаннямі і заклікамі, бо спазнімся», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, Беларусь у адрозненне ад Расіі і Таджыкістана не была актыўна ўцягнута ў афганскія падзеі. Але ён успамінае выступленні Прэзідэнта Таджыкістата Эмамалі Рахмона, які заўсёды нагадваў, што Афганістан — небяспечная кропка на карце.

«Таму нам неабходна рэагаваць і старацца не перабіраць. Мы не ведаем, як будуць развівацца падзеі, але на граніцы Таджыкістана (чытай АДКБ) з Афганістанам, мы спазніліся (умацоўваць. — „Зв.“), давайце прызнаем. Таму трэба навёрстваць упушчанае», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Ён дадаў: у Беларусі вельмі насцярожана і ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ў Афганістане, але сітуацыю неабходна ацэньваць без эмоцый, максімальна рэальна і адэкватна.

«Нам здаецца, што на першы погляд, гэта гіганцкая параза заходняй палітыкі. Гэта сапраўды так. І перадусім ЗША — адназначны прыклад таго, да чаго прыводзіць бяздумнае і ўзброенае насаджэнне, так званых прынцыпаў дэмакратыі. ЗША і іх саюзнікі цалкам нядбайна аднесліся да гістарычных, этнакультурных, рэлігійных асаблівасцяў дзяржаў і, самае галоўнае, да інтарэсаў людзей. Пацверджанне таму тое, што адбываецца ў аэрапорце Кабула», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звяртае ўвагу, што нельга скідваць з рахунку магчымы стратэгічны разлік кааліцыі на чале з Вашынгтонам. Іх дзеянні — цалкам усвядомлены крок па стварэнні нестабільнасці ў дадзеным рэгіёне, у зоне адказнасці АДКБ.

«Яны стварылі праблемы, а цяпер перакладаюць іх рашэнне на іншых. Пры гэтым, па сутнасці, яшчэ і спрабуюць выйсці сухімі з вады. Амерыканцы гэта любяць. Мы ў Беларусі, можа быць, не настолькі глыбока бачым сітуацыю ў Афганістане. Таму для нас важна было пачуць вашы думкі і ацэнкі, на якія шмат у чым мы таксама будзем спадзявацца як вашы саюзнікі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пералічыў галоўныя пытанні, на якія разам краіны АДКБ павінны адказаць: што будзе далей, якая абстаноўка на знешніх межах АДКБ, якія першачарговыя і наступныя крокі мы вымушаны распачаць па нейтралізацыі пагроз? І гэтыя крокі, па словах Прэзідэнта, павінны вызначыць да сустрэчы ў Душанбе.

Яшчэ адно адчувальнае пытанне, нагадаў кіраўнік Беларусі, звязанае з зыходам ЗША з Афганістана — магчымыя планы аб размяшчэнні ўзброеных кантынгентаў амерыканскай арміі ў суседніх краінах, у тым ліку членах АДКБ.

«Як бачыце, тут пазіцыя Беларусі супала з расійскай пазіцыяй. Мяркую, што гэтая тэма таксама заслугоўвае ўважлівага вывучэння з пункту гледжання бяспекі ў зоне адказнасці нашай Арганізацыі. Яшчэ раз падкрэслю: падтрымліваю Прэзідэнта Пуціна ў тым, што непрымальна ні для Расіі, ні для АДКБ размяшчэнне войскаў ЗША і кааліцыйных войскаў у зоне адказнасці АДКБ, не толькі на тэрыторыі краін АДКБ», — паўтарыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуўся да праблемы бежанцаў і мігрантаў — цалкам дакладна, што да патокаў з разбураных Сірыі, Ірака і Лівіі дадаліся людзі з Афганістана.

«Нават калі яны ў канчатковым выніку накіруюцца на Захад, яны будуць ісці і ляцець праз нас», — паведаміў кіраўнік Беларусі.

З тэрарызмам, на яго думку, наўпрост звязаныя рызыкі трансгранічнай злачыннасці, незаконнага абароту наркотыкаў і зброі, якія будуць узрастаць.

«Улічваючы пэўную празрыстасць межаў паміж нашымі краінамі, гэтае пытанне нас таксама сур’ёзна турбуе. У дадзеным кантэксце неабходна надаць увагу практычным мерам па далейшым умацаванні таджыцка-афганскай мяжы. Гэта тое, што нам неабходна зрабіць у першачарговым парадку», — заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

Ён прапанаваў разгледзець пытанне аб правядзенні ў рамках АДКБ пазачарговых міждзяржаўных аперацый «Канал» (барацьба з наркатрафікам) і «Нелегал» (супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі), а ў ходзе маючых адбыцца 18-23 кастрычніка бягучага года ў Таджыкістане вучэнняў АДКБ «Узаемадзеянне-2021», «Пошук-2021,» Эшалон-2021″ адпрацаваць пытанні процідзеяння актуальным пагрозам з афганскага напрамку.

«Пры гэтым мы не збіраемся шантажыраваць Афганістан, сённяшнія ўлады, талібаў — не. Мы проста выбудоўваем абарону нашых рубяжоў АДКБ на ўсялякі выпадак», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне, якое заўважыў кіраўнік Беларусі, звязана з дыпламатычнымі намаганнямі талібаў. Яны імкнуцца ўсталяваць іх з ключавымі сусветнымі і рэгіянальнымі гульцамі, а шэраг краін ужо схіляецца да прызнання руху.

«Для нашай Арганізацыі важна выразна разумець, наколькі такія перспектывы рэальныя і якая павінна быць наша пазіцыя ў гэтым выпадку. У гэтым плане мы вельмі разлічваем на тое, што Прэзідэнт Расіі, як заўсёды своечасова, праінфармуе нас аб сваёй пазіцыі. Расія — гэта не проста адзін з ключавых гульцоў у гэтай праблеме. Гэта самы галоўны гулец. Ад Расіі будзе вельмі шмат залежыць у саюзе з цэнтральна-азіяцкімі рэспублікамі», — сцвярджае Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, у рашэнні афганскага пытання павінен быць задзейнічаны і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, як адной з самых уплывовых структур у Азіі, бо яе краіны-члены амаль усе размешчаны вакол Афганістана. Там знаходзяцца іх глабальныя інтарэсы (прынамсі Кітая, Расіі, Індыі і Пакістана).

«Таму добра, што ў Душанбе адбудзецца і нарада Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Варта ўзмацніць узаемадзеянне па лініі АДКБ і ШАС, выкарыстоўваючы для гэтага саміты дзвюх арганізацый, запланаваныя на 16-17 верасня ў Душанбе. Магчыма, прапрацаваўшы гэтае пытанне, мы выйдзем на сумеснае пасяджэнне па праблематыцы афганскага ўрэгулявання, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Захочуць члены ШАС ісці ў плыні абмяркоўваемага сёння пытання, добра. Не захочуць, — мы сваю пазіцыю абазначым і прапануем, а ім вырашаць. Думаю, тут мы можам сур’ёзна прасунуцца. Гэта будзе пазітыўны, а магчыма, для кагосьці і негатыўны крок з боку будучых улад Афганістана. Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ, ШАС немагчыма».

На думку Прэзідэнта Беларусі, пазіцыя дзвюх арганізацый у гэтай сітуацыі будзе важнейшай, чым пазіцыя заходняй кааліцыі.

У завяршэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў АДКБ распрацаваны ўсе неабходныя планы, падпісаныя дакументы — для прыняцця і рэалізацыі рашэнняў інструментаў дастаткова.

«Хачу запэўніць усіх вас, што мы абавязкова, хоць геаграфічна і не мяжуем з Афганістанам, будзем прытрымлівацца ўзгодненай, агульнай пазіцыі ў рамках АДКБ. Іншага не дадзена. Ні ў якім разе нельга імкнуцца адсядзецца, быццам мы далёка. Наша планета невялікая, цесная, а свет ашалеў і не вядома, што будзе далей. Прэзідэнт Пуцін правы, што лепш салідавацца і дзейнічаць разам. Тады наш голас будзе пачуты», — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.


Каментарый у тэму

Пасля пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ генеральны сакратар Арганізацыі Станіслаў Зась расказаў на брыфінгу пра вынікі перагавораў.

Станіслаў Зась звярнуў увагу, што лідары краін АДКБ выказаліся за неабходнасць прыняць дадатковыя меры па ўмацаванні бяспекі дзяржаў-членаў арганізацыі, а кансалідаваная пазіцыя дзяржаў АДКБ па сітуацыі ў Афганістане будзе выпрацавана ў найбліжэйшы час.

«У ходзе сённяшняга абмеркавання была выказана неабходнасць у сувязі з сітуацыяй у Афганістане і яе пагаршэннем распачаць дадатковыя меры па ўзмацненні бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ, перш за ўсё Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна», — перадае словы генсека АДКБ ТАСС.

Паводле слоў Станіслава Зася, у высновах, якія прагучалі ў ходзе сесіі, адзначалася: імклівы і непадрыхтаваны сыход з Афганістана войскаў ЗША і саюзнікаў па кааліцыі вядзе да дэградацыі абстаноўкі, павышэння пагрозы бяспекі Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна, а ў доўгатэрміновай перспектыве і міжнароднаму міру і стабільнасці.

Як перадае словы Станіслава Зася ТАСС, краіны АДКБ на пазачарговай сесіі дамовіліся ў найбліжэйшы час выпрацаваць сумесную заяву па сітуацыі ў Афганістане на ўзроўні кіраўнікоў МЗС.

«Сёння ў ходзе абмеркавання была выказана такая думка кіраўнікамі нашых дзяржаў, што неабходна ў кароткія тэрміны сфарміраваць узгодненую пазіцыю АДКБ па той сітуацыі, якая цяпер складваецца ў Афганістане і вакол Афганістана. Мы такую работу правядзём у найбліжэйшы час. На сесіі (Савета АДКБ. — «Зв.»), якая пройдзе 15—16 верасня, мы будзем рыхтаваць сумесную заяву на ўзроўні міністраў замежных спраў аб сітуацыі ў Афганістане, у якой будзе выказана кансалідаваная пазіцыя ўсіх нашых дзяржаў», — адзначыў Станіслаў Зась.

Генеральны сакратар АДКБ пацвердзіў гатоўнасць АДКБ да дыялогу з НАТА па сітуацыі ў Афганістане.

«Калі казаць аб узаемадзеянні з НАТА, то мы досыць даўно выказвалі гатоўнасць, і на ўзроўні міністраў замежных спраў, да развіцця ўзаемадзеяння з НАТА па ўсіх актуальных для нашых арганізацый пытаннях, у тым ліку па Афганістане, — сказаў Станіслаў Зась. — На жаль, з боку дзяржаў НАТА такой гатоўнасці не праяўлена. Таму зараз казаць пра нейкія крокі не мае сэнсу».

Акрамя таго, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў найбліжэйшы час мае намер разгледзець тэму бежанцаў з Афганістана.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.