Вы тут

Усё толькі пачынаецца, або Першы раз у першы клас


Восень не за гарамі, а з ёй і пачатак новага навучальнага года. Сёлета толькі ў Мінску першы раз за парты сядзе амаль 25 тысяч малых. А гэта значыць, што амаль для 25-ці тысяч сталічных сем'яў пачнецца абсалютна новы этап жыцця. Сярод тых, хто вядзе свайго малога «першы раз у першы клас», і вядучая спартыўных навін на «Другім нацыянальным тэлеканале» Марыя Лемешава. Марыя ўпэўненая: чым бы ў будучым ні займаўся яе сын, самае важнае — любіць сваю справу і быць канкурэнтаздольным. І прыкладае шмат намаганняў для выяўлення здольнасцяў хлопчыка. З уласцівымі ёй шчырасцю і гумарам Марыя расказала пра гатоўнасць сям'і да першага Дня ведаў.


Марыя ў першым класе.

— Марыя, многія бацькі цяпер «шкадуюць» сваіх дзяцей і не вельмі жадаюць аддаваць іх у школу раней за 7 гадоў. Вашаму сыну Яну зараз 6, і вы вырашылі ісці ў першы клас сёлета. Наколькі няпростым было прыняцце гэтага рашэння?

— Калі быць зусім дакладнай, то Яну ўжо 6 гадоў і 8 месяцаў. Шчыра кажучы, я даволі доўга не магла прыняць рашэнне: адпраўляць яго ў школу цяпер ці ўсё ж пачакаць яшчэ год. Але аднойчы, гледзячы на майго раптам пасталелага сына, зразумела, што яшчэ аднаго бесклапотнага года ў дзіцячым садку, хутчэй за ўсё, не прадбачыцца. З іншага боку: чым раней пачне, тым раней скончыць (смяецца).

— Ёсць меркаванне, што хлопчыкі сталеюць пазней за дзяўчат. Якія моманты для вас як для мамы паказвалі, што Ян ужо гатовы сесці за парту?

— Калі ў чалавека ёсць магчымасць выбіраць, то, вядома, лепш пачакаць і не аддаваць дзіця ў школу раней за 7 гадоў. І прычыны тут могуць быць самыя розныя: ад праблем з вымаўленнем асобных гукаў да сіндрому дэфіцыту ўвагі, калі дзецям цяжка канцэнтравацца і яны вельмі хутка пераключаюцца з аднаго віду дзейнасці на іншы. Што датычыцца майго сына, у цэлым, я бачу, што псіхаэмацыянальна, фізічна і ментальна Ян гатовы. Памяняліся зубкі, ростам вышэйшы за сярэдні, можа зрабіць заўвагу і даросламу чалавеку, калі яны няправільна ставяць націск у словах. Што гэта, як не гатоўнасць да школы? (Смяецца.)

— Сёння, ідучы ў першы клас, дзіця, як правіла, можа чытаць, пісаць і лічыць. Наколькі патрэбна так сур'ёзна рыхтаваць малога?

— Я не за тое, каб дзіця, ідучы ў першы клас, умела бегла чытаць і ідэальна пісаць. Дзеля гэтага і існуюць школа і першы клас, і ўсяму свой час. І прыспешваць яго не трэба. Я не кажу, што вывучаць англійскую мову ў 4 гады — гэта дрэнна. Я заўсёды за асэнсаванасць. Шмат чытаючы на гэты конт, я прыйшла да высновы, што, не ведаючы добра сваёй роднай мовы, дзіця не можа глыбока вывучаць мову замежную. Толькі калі ёсць жыццёвая неабходнасць на ёй размаўляць. А валодаць мінімальным замежным «вакабулярам» — гэта, хутчэй за ўсё, асаблівасць дзіцячай памяці, ні больш ні менш. Што датычыцца майго сына, то ён можа чытаць па складах. А вось што выклікае мой асабісты гонар і задавальненне, дык гэта тое, як лёгка яму даюцца азы матэматыкі. Лічу, што такія здольнасці да дакладных навук у яго ад мяне! (Смяецца.)

Марыя з сынам Янам.

— Раскажыце, як вы рыхтавалі Яна да школы? Можа, наведвалі спецыяльныя заняткі?

— За пару гадоў да школы я вырашыла, што трэба «паднаціснуць» і знайшла для сына цудоўнага педагога, якая змагла не толькі яго падрыхтаваць, але і надаць яму ўпэўненасці ў сваіх сілах, даць тую базу, з якой ён зможа смела ісці вучыцца далей! Былі і заняткі з псіхолагам, крыху з лагапедам, сеансы ў астэапата. Я бачыла значныя змены ў сваім дзіцяці і была вельмі гэтаму радая. Ян стаў больш спакойны, уседлівы, уважлівы. Зніклі капрызы без нагоды. Стала больш выразнае маўленне. Лічу, што ўсё гэта працуе толькі на карысць.

— Як выбіралі навучальную ўстанову для сына? Што было ў прыярытэце?

— Дакладна не статус навучальнай установы быў на першым месцы. Мы пойдзем у звычайную агульнаадукацыйную школу, а не ў гімназію. Чаму? Для мяне як для мамы ў прыярытэце, хутчэй за ўсё, блізкасць да дома і добры настаўнік. Да таго ж гісторыя нашай школы налічвае ўжо больш за 115 гадоў. Акрамя таго, яна з музычным ухілам, так што татавым генам, якія ёсць у сыне, будзе выхад (бацька Яна — Кірыл Кедук — вядомы беларускі піяніст). Я толькі «за»! Мне б хацелася, каб Ян займаўся на якім-небудзь духавым інструменце. Лічу гэты выбар вельмі карысным, асабліва для дыхальнай сістэмы. Калі не атрымаецца, пойдзе па слядах таты.

Ян у школьнай форме.

— Вельмі важна разумець, у чые рукі трапіць ваша дзіця ў пачатковай школе. Я кажу пра першага настаўніка. Як знайсці «свайго» педагога?

— Першы настаўнік, безумоўна, шмат дае дзіцяці, і выбіраць яго прыйшлося вельмі скрупулёзна. Дзесьці я чула пра гэтага выкладчыка ад бацькоў, дзесьці ад выхавацеляў дзіцячага садка. У астатнім даверылася сваёй інтуіцыі. Ды ўвогуле да некаторых момантаў стаўлюся па-філасофску: усё ў жыцці пралічыць немагчыма. Застаецца ісці на рызыку!

— Першы клас — падзея, безумоўна, вельмі важная для дзяцей і іх бацькоў. З якім настроем у вашай сям'і чакаюць надыходзячы Дзень ведаў?

— Чым бліжэй 1 верасня, тым большую адчуваю «весялосць». Вядома, з вышыні свайго вопыту я разумею, што такое рэальнае школьнае жыццё. Сацыялізацыя — працэс даволі складаны. Розныя дзеці вакол, розныя сітуацыі, з якімі прыйдзецца сутыкнуцца... Школа дае не толькі базавыя веды, але і вучыць дзіця ў нейкай ступені выжываць. І чым больш яно загартоўваецца ў школьныя гады, тым лягчэй яму будзе ісці па жыцці далей. Гэта асабіста маё бачанне. Ян жа радасна адлічвае дзянькі, якія засталіся да 1 верасня, пакуль не разумеючы, што яго чакае наперадзе.

— Пачатак школьнага жыцця цягне за сабой глабальныя перамены ў быце — з'яўляюцца новыя рэчы. Які ўдзел браў Ян пры выбары мэблі, формы, канцылярскіх прылад?

— Мяне смела можна аднесці да тых мам, якія ўсё робяць загадзя. Да навучальнага года я пачала рыхтавацца ў пачатку лета, а то і яшчэ раней. У першы дзень прыёму дакументаў у школу я была першая ў чарзе. А мэбля для Яна была набыта яшчэ мінулай зімой! Праўда, цяпер я разумею, такая тактыка была дзесьці памылковая. Растлумачу, чаму. У чэрвені мы з Янам набылі ўсё, што яму было патрэбна да школы. Адзенне і абутак выбіралі разам, хоць ў сына цудоўны густ і яму можна смела давяраць. Але ж я ўсё роўна хвалююся і на працягу лета прашу Яна прымераць школьную форму, каб пераканацца, што ён з яе не вырас. Так што, паважаныя бацькі, не рабіце маіх памылак!

Марыя з сынам Янам.

— Многія бацькі сёння скардзяцца на тое, што з пачаткам школьнага жыцця дзяцей, яны нібы самі зноў апынаюцца ў школе. Наколькі правільна, на ваш погляд, выконваць дамашнія заданні разам з малымі?

— Гэта, дарэчы, самае цяжкае пытанне і адначасова самае важнае. Назіраю карціну, як многія бацькі з прыходам новага навучальнага года пачынаюць нервавацца і, як той казаў, шукаць пяты куток. І прычына такіх паводзін — якраз «дамашка». У ідэале, зразумела, каб дзіця само займалася і звярталася да бацькоў па дапамогу, калі без яе ўжо зусім ніяк. Але спачатку трэба ў гэтым сэнсе дома наладзіць дысцыпліну. Са мной у першым класе займаліся мой бацька і старэйшая сястра. Далей я не памятаю, каб са мной хтосьці сядзеў. Я займалася сама. Як на самай справе гэта будзе адбывацца ў мяне з сынам — загадка. Адназначнага адказу ў мяне пакуль няма. Але ж заспакаяльныя лекі я ўсё ж такі набыла (смяецца).

— А як вы адчувалі сябе, апынуўшыся ў школе першага верасня? Падзяліцеся сваімі ўспамінамі.

— Памятаю, як на ўрачыстай лінейцы мяне, першакласніцу, спантанна абралі званіць у званок, седзячы на плячах у адзінаццацікласніка. Цяпер мне здаецца, тады я слаба разумела, што адбывалася, але адказнасць моманту адчувала. Шмат часу прайшло з той пары, і вось не верыцца, але ўжо я вяду свайго сына ў першы клас. Я разумею, што для яго гэты момант таксама запомніцца на ўсё жыццё!

— Марыя, што б вы пажадалі сёлетнім першакласнікам і іх бацькам напярэдадні Дня ведаў?

— Дзецям: не баяцца памыляцца. Вучыцца, займацца, чым хочацца. У жыцці ўсё спатрэбіцца. І памятаць: у любой сітуацыі, што б ні здарылася і як бы цяжка ні было, прыходзіць дамоў і абавязкова дзяліцца сваімі думкамі, поспехамі і няўдачамі. Сям'я заўсёды побач! Бацькам хачу пажадаць цярпення і мудрасці ў адносінах да сваіх дзяцей. Нам вельмі важна ўмець і слухаць, і чуць іх, таму што мы больш вопытныя. Ставіцца паблажліва да іх памылак, да іх адзнак. Даваць ім безумоўную любоў, асабліва ў нялёгкія школьныя гады. Толькі гэта дапаможа прайсці гскладаны шлях лягчэй.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Марыі ЛЕМЕШАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.