Вы тут

Алімпійская чэмпіёнка Аліна Гарнасько: Мы ўсе людзі, і трэба заўсёды імі заставацца


Спартсмены — людзі не толькі моцныя целам, але і духам. Спорт вучыць думаць на тры крокі наперад, аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. Таму ў атлетаў ёсць чаму павучыцца, да іх думак варта прыслухоўвацца. У дадзенай рубрыцы «Звязды» мы прапануем даведацца, пра што яны думаюць.


Мастацкая гімнастыка — від спорту, які нікога не пакіне раўнадушным. Можна ёю захапляцца, крытыкаваць, не разумець яе. Але абыякавы не застаецца ніхто. Асабліва калі гэта датычыцца алімпійскіх спаборніцтваў. Гульні ў Токіа не сталі выключэннем. Адну з гучных сенсацый у японскай сталіцы стварыла Аліна Гарнасько. «Вельмі яркая асоба ў мастацкай гімнастыцы» — так ахарактарызавала сваю вучаніцу алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач. Аліна ўпэўнена выканала чатыры практыкаванні ў індывідуальным шматбор'і і дастойна прайшла праз шматлікія спрэчкі, звязаныя з алімпійскім фіналам у мастацкай гімнастыцы. У такой дзяўчыны адназначна толькі моцныя і цікавыя думкі.

«Прывезла дадому шмат станоўчых эмоцый»

Бронзавы медаль. Я, мабыць, яшчэ не да канца зразумела, што ў мяне алімпійскі медаль. Магчыма, гэта і добра, бо я не з тых спартсменаў, хто заканчвае пасля выніку на Алімпіядзе. Таму, мабыць, так і трэба, каб сабрацца і працаваць далей, а не ўзвышаць свой поспех. Я, праўда, не ў поўнай ступені ўсведамляю ўсё, што цяпер адбываецца, але не вельмі на тым зацыкліваюся. Я ўспрымала Алімпійскія гульні як звычайны старт. І так была вялізная псіхалагічная нагрузка, каб яшчэ думаць пра іх статус і значнасць. Але, вядома, мы рыхтаваліся больш старанна. І кваліфікацыя была вельмі жорсткая, па шэсць-сем гадзін, я такога ніколі не праходзіла.

Павышаная ўвага. Я, мабыць, ніколі не адчувала такой цікавасці людзей да сябе. Тое, што ў Мінску я буду нарасхват, зразумела, калі ўбачыла, колькі людзей прыехала сустрэць мяне ў аэрапорт. А потым у палацы мастацкай гімнастыкі мяне чакалі дзеці. І цяпер там усе да мяне ставяцца інакш, дзякуюць, віншуюць, жадаюць поспеху. Гэта фантастычна і надае сіл. Але стомленасць пасля Алімпійскіх гульняў адчуваецца, і таму такая ўвага мяне крыху бянтэжыць, бо да такога я не прывыкла.

Алімпійская вёска. Я не ўдзельнічала ў Еўрапейскіх гульнях, да Токіа не была на Алімпіядзе. Таму я не ведала, што такое Алімпійская вёска. Там такая асаблівая атмасфера. Там сабраліся вялікія спартсмены з розных куткоў планеты. Яны ўсе прайшлі вялікі шлях, каб быць у гэтай вёсцы. Пераважна панаваў спакой, усе былі засяроджаныя на сваіх выступленнях і выніках. Але былі і вельмі пазітыўныя людзі, якія знаёміліся, жадалі поспеху, радаваліся. І гэта стварала такую непаўторную атмасферу! Мне вельмі спадабалася традыцыя абменьвацца значкамі са спартсменамі з розных краін, у мяне ўся акрэдытацыя была ў гэтых значках. У Алімпійскай вёсцы я бліжэй пазнаёмілася з рознымі культурамі і прывезла адтуль шмат станоўчых эмоцый.

Эпідэмічныя абмежаванні. Ужо пяць гадоў летам мы ездзім на збор у Японію. І сёлета, напярэдадні Алімпіяды, мы таксама змаглі туды прыехаць, каб там акліматызавацца, патрэніравацца. Там ужо нават сабраўся наш фанклуб. І вось на зборы абмежаванні былі вельмі жорсткія. Акрамя трэніровачнай залы і гасцінічных нумароў, мы нічога не бачылі, бо нельга было выходзіць. На верхнім паверсе ў невялікім пакоі мы елі, карысталіся службовай лесвіцай. І пасля гэтага абмежаванні Алімпійскай вёскі не здаліся вельмі жорсткімі. І мы, безумоўна, адказна іх выконвалі. Тым больш быў такі насычаны і цесны расклад, што нават думак не было выйсці ў горад.

Японія. За столькі гадоў людзі, якія прымалі нас на зборах, сталі ўжо як родныя. Таму пасля Алімпійскіх гульняў мы затрымаліся ў Японіі. Паехалі ў горад Сіраісі, каб разам з нашымі японскімі сябрамі падвесці вынікі, падзякаваць адно аднаму. І, зразумела, крыху адпачыць, лепш пазнаёміцца з культурай. Гэта былі своеасаблівыя японскія канікулы, каб расслабіцца. Да Алімпіяды мы з залы не выходзілі зусім, таму адпачынак быў патрэбны. Тым больш што з Японіяй трэба пазнаёміцца. Там зусім іншы свет, свет высокіх тэхналогій і вельмі добрых людзей, вельмі гасцінных. Мне падабаецца гэтая краіна, але гарачыня і вільгаць крыху псуюць уражанне.

«Стужка робіць спаборніцтвы»

Першы нумар зборнай. Мы ў камандзе не дзелімся на першы і іншыя нумары. У нас няма такіх статусаў, і я пра гэта нават не думаю. Гэта больш патрэбна журналістам. Мы з Насцяй Салас ідзём вельмі шчыльна. На адным турніры лепшая я, на іншым — яна. У нас выдатная каманда і аб дзяленні на нумары нават гаворка не ідзе. І я тым больш не думаю, які я нумар.

Скандал вакол першага і другога месца. Мне хапіла абмеркаванняў гэтай тэмы. Вельмі падабаецца жарт у інтэрнэце, «як усе добра разбіраюцца ў мастацкай гімнастыцы, былі ж нармальныя палітыкі». Пераможцаў не судзяць. У Ліной і Дзіны мінімальны адрыў, гэта не катастрафічнае буйное паражэнне. Што здарылася, тое здарылася. У спорце трэба ўмець прайграваць.

Мінімальны адрыў. На чэмпіянаце Еўропы — 2020 я і Ліной Ашрам набралі аднолькавую суму балаў. Па выніках чатырох выступленняў у нас было па 100,9 бала. Некаторыя віншавалі нас абедзвюх з першым месцам. Але на п'едэстале Ліной была першая, я — другая. Суддзі пачалі дасканала вывучаць крытэрыі адзнак. І так атрымалася, што па тых нюансах, аб якіх нават не ўсе ведаюць, яна стала першая. І ў мяне не было ніякай істэрыкі, мяне гэта толькі зрабіла мацнейшай. На Алімпіядзе Ліной да мяне падышла, павіншавала з трэцім месцам, сказала шмат цёплых слоў. Я вельмі адкрыты чалавек і падтрымліваю добрыя адносіны з усімі гімнасткамі, бо мы канкурэнткі толькі на дыване. І нашы слёзы, абдымкі таксама бачыў і абмяркоўваў увесь свет. Мы ўсе людзі і трэба заўсёды імі заставацца.

Стужка. Ірына Юр'еўна Лепарская кажа, што стужка «робіць» спаборніцтвы. І яно сапраўды так. Гэта апошні прадмет у шматбор'і і самы непрадказальны. Ад яе залежыць выніковая адзнака. І на яе ўсё ўплывае — кандыцыянер, вільгаць, спёка — усё. Я ўвесь сезон са сваёй стужкай сябравала. Па выніках чэмпіянату свету, этапаў Кубка свету гэта відаць. І на Алімпійскіх гульнях я выходзіла на выступленне са стужкай спакойная. Але чамусьці яна пажадала памыліцца ў фінале. Кажу ж — непрадказальны прадмет!

Першыя імгненні. Пасля выступлення са стужкай я прыйшла да трэнераў у зону Kіss&Cry вельмі засмучаная, думала, што нават на чацвёртым месцы не буду. І толькі я прысела — мы ўбачылі адзнаку: я была другая, потым трэцяя. Трэнеры пачалі нешта казаць. Там было больш эмоцый, чым слоў. Адразу паліліся слёзы, бо напружанне было вялізнае. Але словы трэнераў няхай застануцца са мной.

«Гэта ўсё заслуга бацькоў»

Дзень нараджэння. 9 жніўня мне споўнілася 20 гадоў. Яшчэ некалькі гадоў таму я нават не марыла, што правяду свой дзень нараджэння ў Алімпійскай вёсцы з медалём. Мяне віншавалі беларуская дэлегацыя, родныя, трэнеры. Потым мы пераехалі ў Сіраісі — і там мяне віншавалі. І калі я прымала віншаванні ў Японіі, у Беларусі мой дзень яшчэ нават не пачаўся. Таму гэта ўсё расцягнулася. Тэлефон узарваўся, закіпеў ад паведамленняў. І я нават да гэтага часу прымаю віншаванні. Нават не магу злічыць, колькі букетаў кветак стаіць дома.

Бацькі. Безумоўна, заслуга бацькоў у тым, што я стала займацца мастацкай гімнастыкай. Гэта іх выбар выпаў на яе. У тры гады я была вельмі актыўным дзіцем, займалася на фартэпіяна, спявала ў хоры і яшчэ мастацкай гімнастыкай займалася. Я сябе ў дзяцінстве амаль не памятаю. Гэта ўсё заслуга бацькоў, бабуль, дзядуль, якія падштурхоўвалі, дапамагалі, матывавалі дзіцятка, падтрымлівалі і вадзілі на трэніроўку за ручку. Фартэпіяна, хор развілі ўва мне музычны слых. У гімнастыцы вельмі важна слухаць музыку, мы ж з ёй увесь час звязаныя.

Сацыяльныя сеткі. У сацсетках ёсць мае фан-групы, імі займаецца сяброўка. Вельмі актыўная суполка «УКантакце», цяпер шмат старонак і ў «Інстаграме». Бывае, што Ірына Юр'еўна хоча скінуць мне нейкую інфармацыю менавіта ў гэтай сацыяльнай сетцы, памыляецца акаўнтам. А на наступны дзень пытаецца, чаму я не паглядзела і не адказала. Вельмі прыемная такая ўвага да мяне, але часам праз гэта кожны мой крок назіраецца і абмяркоўваецца. Я сама шмат часу праводжу ў тэлефоне. Раней хацела зрабіць нешта цікавае ў Tіk-Tok. Але зразумела, што тая платформа не для мяне.

Хобі. Яшчэ падчас каранціну палюбіла маляваць, упрыгожваю свае булавы, малюю на адзенні. Перад Алімпіядай малявала талісманы мінулых гадоў. Нядаўна захапілася вышыўкай крыжыкам, гэта добра развівае маторыку рук. Але часу на гэта ўсё, вядома, мала.

Найлепшы антыстрэс. У мяне ёсць мопс Пума. У аэрапорце яна мяне так сустракала, як ніколі. Яна мяне адчувае і ніколі не дае засумаваць. У нас даўно была мара завесці маленькага сабачку ў доме. Усім вядомы каранавірус закрануў і маю сям'ю. Яны былі на каранціне, я ж — у палацы мастацкай гімнастыкі. Мы доўга не бачыліся, і я вырашыла ажыццявіць гэтую мару. Некаторы час Пума пажыла у нас у палацы мастацкай гімнастыкі, — і тут яе любяць і чакаюць. Была для дзяўчынак як антыстрэс. На Новы год, які супадае з днём нараджэння мамы, я падарыла сям'і сабаку. І цяпер мяне тут чакае самы выдатны мопс.

Што далей? Пакуль у мяне невялікі адпачынак. А наперадзе — чэмпіянат свету ў Японіі, не адпускае яна мяне. Затым — падрыхтоўка новых праграм. Трэба вывучыць новыя правілы мастацкай гімнастыкі, яны даволі цікавыя. З задавальненнем буду працаваць далей. Наперадзе Алімпіяда 2024 года ў Парыжы, не так шмат часу засталося. Алімпійскі медаль не зменшыў маю матывацыю. Ніякіх «зорак» я не лаўлю, на нябёсы сябе не падымала. «Бронза» Алімпійскіх гульняў — гэта выдатна, але трэба ісці далей.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.