Вы тут

Электрасамакаты, манаколы, гіраскутары, сегвэі. Актуальныя сродкі мабільнасці


Прагрэс не стаіць на месцы. Калі раней, яшчэ гадоў дзесяць таму, акрамя аўтамабіляў і матацыклаў, людзі садзіліся хіба што на двухколавы транспартны сродак пад назвай веласіпед, то сёння асаблівую папулярнасць набываюць індывідуальныя электронныя прылады перамяшчэння — электрасамакаты, манаколы, гіраскутары, сегвэі. Спрашчаючы жыццё карыстальнікам гэтых сродкаў, яны адначасова ўскладняюць яго іншым удзельнікам дарожнага руху. Паколькі выкарыстанне іх у ПДР пакуль не ўрэгулявана, уладальнікі найноўшага транспарту носяцца і па веласіпедных дарожках, і па тратуарах, і па абочынах дарог, перашкаджаючы руху аўтамабіляў, пешаходаў і павялічваючы рызыкі ўзнікнення ДТЗ.


Фота: pixabay.com

Гіраскутар, сегвэй, манакола, самакат — модныя і сучасныя сродкі перамяшчэння. Іх яшчэ называюць сродкамі індывідуальнай мабільнасці, або СІМ. Яны не абсталяваныя эфектыўнай сістэмай бяспекі, аднак цалкам здольныя развіваць хуткасць ад 20 да 80 км/г, у залежнасці ад магутнасці электрычнай сілавой усталёўкі. Менавіта гэта з'яўляецца небяспечным для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

З пункту гледжання правілаў дарожнага руху, чалавек, які перасоўваецца на сродках індывідуальнай мабільнасці, лічыцца пешаходам і падпарадкоўваецца правілам для пешаходаў. Перамяшчацца на СІМ можна па тратуарах, пешаходных і веласіпедных дарожках, у межах пешаходных зон, а таксама ў месцах, закрытых для руху транспарту: у парках, скверах, дварах і на спецыяльна адведзеных для катання пляцоўках.

Выязджаць на праезную частку на сродках індывідуальнай мабільнасці нельга! Каб перайсці дарогу, трэба спешыцца і перайсці дарогу па пешаходным пераходзе.

Важна адзначыць, што такі транспарт можа быць небяспечным, асабліва калі ім кіруе непаўнагадовы. СІМ могуць развіваць значную хуткасць, што стварае высокую верагоднасць страты кіравання. Пры гэтым многія карыстальнікі прылад, выязджаючы на праезную частку, не выкарыстоўваюць ахоўную экіпіроўку, чым падвяргаюць свае жыццё небяспецы.

Пры парушэнні правілаў дарожнага руху пешаходы і іншыя ўдзельнікі дарожнага руху прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па арт.18. 20 КаАП Рэспублікі Беларусь:

— Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам (асобай, якая кіравала СІМ), цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.

— Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам (асобай, якая кіравала СІМ) у стане алкагольнага ап'янення або стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да пяці базавых велічынь.

— Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам (асобай, якая кіравала СІМ), што пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі, цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да васьмі базавых велічынь.

— Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам (асобай, якая кіравала СІМ), што пацягнула прычыненне пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, або пакіданне месца дарожна-транспартнага здарэння, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь.

Адміністрацыйная адказнасць за вышэйназваныя правапарушэнні надыходзіць з 16 гадоў. У выпадку здзяйснення непаўналетнім правапарушэння да дасягнення ўзросту прыцягнення да адказнасці прыцягваюцца законныя прадстаўнікі (бацькі, апекуны, папячыцелі) па ч. 10.3 КаАП Рэспублікі Беларусь (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей), што цягне накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь.

Пакуль перамяшчэнне на гіраскутарах, манаколах і электрасамакатах дзеючым заканадаўствам у поўнай меры не ўрэгулявана. Людзі, якія карыстаюцца гэтымі сродкамі мабільнасці, у асобную групу ўдзельнікаў дарожнага руху не вынесеныя і не надзелены якім-небудзь статусам. Аднак у МУС ужо падрыхтавалі збор правілаў.

За 2021 год на беларускіх дарогах па віне веласіпедыстаў адбылося 62 ДТЗ, у іх 8 чалавек загінулі і 53 атрымалі траўмы. У параўнанні з 2020-м пачасціліся выпадкі ДТЗ і са сродкамі індывідуальнай мабільнасці: аўтамабілісты не паспяваюць зрэагаваць.

Як распавяла старшы інспектар па асаблівых даручэннях Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык, асоб, якія перасоўваюцца на гіраскутарах, манаколах, электрасамакатах, прапануюць разглядаць у якасці пешаходаў. У такім выпадку ездзіць на сродках персанальнай мабільнасці яны змогуць па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы альбо абочыне.

Па словах прадстаўніка Дзяржаўтаінспекцыі, да ўдзелу ў дарожным руху дапусцяць прылады, якія адказваюць наступным патрабаванням:

  • тэхнічна магчымая хуткасць — не больш за 25 км/г;
  • спраўная тармазная сістэма і рулявое кіраванне;
  • наяўнасць фары і ліхтара пры руху ў цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці.

Калі сродак персанальнай мабільнасці не будзе адказваць названым патрабаванням, яго ўдзел у дарожным руху забароняць, адзначыла Ганна Банадык. Таксама плануюць забараніць ездзіць на гіраскутарах, манаколах і электрасамакатах дзецям да 12 гадоў.

Перасякаць праезную частку на такіх прыладах трэба будзе са звычайнай хуткасцю пешахода. Пры гэтым знізіць хуткасць спатрэбіцца да перасячэння праезнай часткі, а выязджаць на дарогу — толькі пры ўмове гарантавання бяспекі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Старшы інспектар па асобых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС падкрэсліла, што не варта чакаць унясення змяненняў у ПДР — думаць аб сваёй бяспецы трэба сёння і цяпер. Таму, перасоўваючыся на сродках персанальнай мабільнасці, выконвайце простыя правілы:

  • перамяшчайцеся па тратуарах, веласіпедных дарожках, пешаходных зонах, абочынах, не ствараючы перашкоды іншым удзельнікам дарожнага руху;
  • выбірайце хуткасць, якая дазволіць у выпадку ўзнікнення перашкоды на шляху спыніцца без экстраннага тармажэння;
  • моцна трымайцеся за руль (пры яго наяўнасці);
  • не перавозьце пасажыраў;
  • не адцягвайце ўвагу на тэлефонныя размовы і прагляд паведамленняў падчас руху;
  • панізьце хуткасць і будзьце гатовыя да рэзкай змены руху, калі ўбачыце паблізу дзяцей;
  • пазначце сябе святлоадбіўнымі элементамі ў цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці;
  • усталюйце спераду транспартнага сродку фару, якая выпраменьвае белае святло;
  • выкарыстоўвайце шлем і ахоўную экіпіроўку;
  • не карыстайцеся сродкамі персанальнай мабільнасці ў стане ап'янення або пры дрэнным самаадчуванні.

Паважаныя бацькі, купляючы дзіцяці сродкі індывідуальнай мабільнасці, важна разумець, што гэта не цацка. Растлумачце дзецям асноўныя правілы бяспечных паводзін на вуліцы падчас катання. Памятайце, што няўхільнае іх захаванне — залог захавання жыцця і здароўя вашых дзяцей. Беражыце сябе і будзьце здаровыя.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?