Вы тут

Аляксандр Вярсоцкі: Заработная плата людзей — прадмет майго найпершага клопату як старшыні»


Пры наведванні Свіслачы 23 ліпеня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка вызначыў раён як перспектыўны, якому патрабуецца добрая стратэгія, скіраванасць на апераджэнне ў развіцці. Аб новых пунктах росту і далейшай стратэгіі раёна — у гутарцы карэспандэнта «Звязды» са старшынёй Свіслацкага райвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім.


Напачатку — невялікая даведка. Новы старшыня працуе крыху больш за год, яму 44 гады, мае вышэйшую педагагічную адукацыю, скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў на некалькіх кіруючых пасадах. Перад прызначэннем старшынёй Свіслацкага райвыканкама быў начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

— Аляксандр Людвігавіч, чаго, на ваш погляд, трэба дабіцца на вашай тэрыторыі найперш?

— У першую чаргу павысіць заработную плату. Раён знаходзіцца ў апошніх радках па ўзроўні заработнай платы. І гэта прадмет майго найпершага клопату як старшыні. Такая сітуацыя склалася па розных прычынах. Адна з асноўных у тым, што раён аграрны, прамысловасці амаль што няма. На сёння, калі разглядаць эканоміку ў выглядзе каравая, то 80 % — гэта прадукцыя сельскай гаспадаркі, 11 % — прамысловасць, каля 7 % — будаўнічы комплекс.

— Не ведаю, як па іншых паказчыках, але ўраджайнасць зерневых, мяркуючы па зводцы, невысокая...

— Сапраўды, у сярэднім па раёне ўраджайнасць 26,6 ц/га, у нізкай ураджайнасці ёсць і нашы тэхналагічныя пралікі. Недахоп сродкаў для закупкі неабходных угнаенняў, недахоп машынна-трактарнага парка. Але ёсць гаспадаркі, дзе ўраджайнасць дасягае і 60 ц/га. Ёсць і такія, дзе 22. Мы галоўны ўхіл робім на жывёлагадоўлю, на кармавыя культуры, тыя ж саргагібрыдныя, для якіх гарачае надвор'е, наадварот, спрыяльнае. Вырошчваем сланечнік. Павялічваем плошчу пад азімыя культуры для кармоў. І ёсць добрыя зрухі. Яшчэ год таму па надоях малака мы былі на 12-м месцы, а па сённяшніх зводках — на 5-м. Безумоўна, высокая ўраджайнасць не пашкодзіць: больш кармоў можна нарыхтаваць. Наша асноўная задача на найбліжэйшы час — пасеяць не менш за 70 % азімых культур.

— На сёння ў раёне 345 вакансій. І, як відаць, гэта аграрны сектар. Як вядзецца работа па прыцягванні кадраў, тых жа выпускнікоў каледжаў і ВНУ?

— Лічу, што цяпер важна весці работу па арганізацыі мэтавых дагавораў. Гэта перспектыўны кірунак па замацаванні кадраў. Пакуль ім карыстаюцца далёка не ўсе кіраўнікі сельгасарганізацый. Трэба гэтую работу актывізаваць, такая ўстаноўка дадзена нядаўна падчас нарады з кіраўнікамі АПК раёна. Таксама ім і самім варта клапаціцца пра свае кадры, не ленавацца паехаць у наш Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і заняцца іх падборам.

Немалаважную ролю адыгрыве і зарплата. Сёння маладому спецыялісту прапануюць зарплату 500 рублёў. Я ў іх пытаюся: вы свайго сына альбо дачку адправілі б на такую зарплату? Наўрад. Акрамя зарплаты, важна стварыць належныя ўмовы. Некаторыя задаволены бытавымі ўмовамі, гэта датычыцца медыцынскай сферы. Але ёсць сігналы, што ўмовы проста ніякія — чатыры голыя сцяны. Які малады спецыяліст там застанецца? Дарэчы, для поўнай справядлівасці трэба сказаць, што мы за апошнія два гады па колькасці мэтавых дагавораў адны з найлепшых у вобласці. Але з імі трэба працаваць, ствараць умовы, даць годную заработную плату.

— На ўмовы працы, дарэчы, звярнуў увагу Прэзідэнт, калі наведваў Свіслацкі раён...

— Прэзідэнт пабываў у хлебабулачным цэху і паставіў задачу палепшыць умовы працы. Таму будзем удасканальваць сістэму кандыцыянавання. Некаторыя ручныя працэсы будуць механізаваны. Што датычыцца прадпрыемства «Сельгастэхніка», дзе таксама пабываў Прэзідэнт, многія будынкі, якія пустуюць, будуць знесены, у іншых — наведзены парадак. Вядома, візіт кіраўніка дзяржавы не мог прайсці бясследна. Гэта магутны імпульс.

— Асаблівая ўвага падчас візіту ўдзялялася развіццю буйных інвестпраектаў у раёне, у прыватнасці будаўніцтву завода па дрэваапрацоўцы. Што гэта за праект?

— У раёне пачалася рэалізацыя даволі значнага праекта ААТ «ЭйчЭсБелакон» па будаўніцтве дрэваапрацоўчага завода на 250 рабочых месцаў. Узровень аплаты працы ў работнікаў будзе не 941 рубель, як цяпер у сярэднім у раёне, а значна вышэй. І тут важна выраўняцца па новым паказчыку, каб не пачаўся адток кадраў з аграрнага сектара. На гэта, дарэчы, звярнуў увагу і Прэзідэнт. Таму мая задача яшчэ і ў тым, каб у сельскай гаспадарцы заработная плата паступова расла.

— На якім этапе гэты праект?

— У маі наступнага года павінен адбыцца пробны пуск прадпрыемства. На праектную магутнасць завод выйдзе дзесьці ў кастрычніку 2022 года. Тут на першым этапе будзе створана вытворчасць пялетаў, піламатэрыялаў. У далейшых планах — драўнінныя пліты для каркаснага домабудавання. Літаральна днямі я сустракаўся з кіраўніцтвам будучага прадпрыемства — яны бачаць зацікаўленасць з боку Прэзідэнта і ўрада развіваць у невялікіх раёнах такія прадпрыемствы і плануюць пасля першай чаргі прыступіць да будаўніцтва другой. З увядзеннем гэтага завода прамысловая прадукцыя ў агульным аб'ёме ў нас узрасце да 80 %. Гэта вельмі вялікія аб'ёмы. Зменіцца і падатковая структура.

— Дрэваапрацоўка ў будучыні стане асноўным кірункам дзейнасці?

— У нас ёсць яшчэ адна прапанова ад літоўскай кампаніі, і мы яе таксама разглядаем. У раёне працуе СЭЗ з выгаднымі ўмовамі. Але ёсць важны стрымлівальны фактар. Не хапае электрычных магутнасцяў, яны ўсе задзейнічаны. Таму на гэты год урадам у інвестпраграму ўключана будаўніцтва падстанцыі на 63 МгВт, якую мяркуецца ўвесці ў 2023 годзе. Тады можна будзе гаварыць і аб новых прадпрыемствах. У прыватнасці, яшчэ адным пунктам росту можа стаць стварэнне лесапільнай вытворчасці кампаніяй «Сільва Лагістык». У СЭЗ яны зарэзервавалі 45 га плошчы пад будучую вытвор-
часць. Як толькі з'явяцца электрамагутнасці, яны ўключацца ў работу. Гэта два нашыя асноўныя праекты на найбліжэйшы час.

— Я ведаю, што раён прывабны для інвестараў у плане вузкакалейкі...

— Так, гэта даволі значны фактар. Для інвестараў гэта адзін з асноўных спрыяльных момантаў у размяшчэнні менавіта тут сваіх прамысловых магутнасцяў. Можна сказаць, што мы адзіны раён, які валодае такой перавагай — наяўнасць вузкакалейнай дарогі і звычайнай чыгункі.

— Інвестыцыі патрэбны не толькі ў вытворчасці, але і ў сацыяльнай сферы. Што ўлады плануюць зрабіць тут у найбліжэйшы час?

— У нас некалькі гадоў стаіць на кансервацыі былы школьны інтэрнат, і мы спадзяёмся, што сёлета будынак будзе ўнесены ў інвестпраграму. Там можна абсталяваць 23 кватэры для маладых спецыялістаў. Гэта даволі прывабны момант. Сёлета ў адной з былых школ у Свіслачы адкрываем фізкультурна-аздараўленчы комплекс з трэнажорным і фітнес-заламі, залы для заняткаў тэнісам і більярдам.

Дарэчы, у сферы адукацыі нам ёсць чым ганарыцца. У раёне два фіналісты рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». Гэтым можа пахваліцца далёка не кожны раён краіны.

— Турыстычны патэнцыял, зразумела, стаіць на паўзе, як і паўсюдна, але, напэўна, ёсць і нейкія ідэі?

— У нас ёсць ідэя — і яна падтрымана губернатарам вобласці Уладзімірам Каранікам — па ўзнаўленні сядзібы «Багудзенкі» ў аграгарадку Поразава. Гэта былая панская сядзіба, помнік драўлянай архітэктуры і гісторыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Раней тут была бальніца, але каля 20 гадоў аб'ект пустуе. Зразумела, што яго трэба ўзнавіць. Мы распрацавалі дарожную карту, дзе распісалі, хто за што адказны. Ёсць дагавор з лесагаспадарчым аб'яднаннем аб перадачы яго ім ва ўласнасць, і яны зробяць гэты аб'ект прыдатным для турыстычнага наведвання.

— Вы на пасту старшыні райвыканкама крыху больш за год. Наколькі амбіцыйным было рашэнне прыняць раён?

— Ісці на такую пасаду без амбіцый не мае сэнсу — лепш зусім не ісці. Я палюбіў гэты раён яшчэ задоўга да таго, як прыехаў сюды. Мне былі прапанаваны чатыры раёны. Я выбраў Свіслацкі, хоць ніякім чынам з ім не звязаны. Але па былых пасадах сутыкаўся з кіруючым саставам раёна, і ўсе яны здаваліся людзьмі вельмі адказнымі, неабыякавымі. Так і аказалася. І вельмі важна, што я не памыліўся ў гэтых людзях. Я быў рады і тады і зараз гэтага не ўтойваю, што многімі кампетэнцыямі абавязаны месцічам. Гэта пасада мяне развівае, і пакуль так застанецца, я буду з вялікім задавальненнем тут працаваць.

— А ваша каманда? Яна новая ці не?

— Ёсць тыя, каго я проста ўзгадняў, ёсць тыя, каго я прызначыў. Напрыклад, раённы выканаўчы камітэт — гэта зона маёй кампетэнцыі і адказнасці. У адкрытых акцыянерных таварыствах кіраўніка выбіраюць самі работнікі. Хачу сказаць, што наш кіраўнічы састаў у сваёй большасці кваліфікаваны і скіраваны на атрыманне вынікаў. А тыя, хто перасядзеў на сваіх пасадах, не валодае патрэбнай кампетэнцыяй, паціху зыходзяць. Я не прыхільнік рэзкіх рухаў, змяніў літаральна адзінкі. Гэта работа не аднаго дня.

— Дзякуй вам за размову і поспехаў у развіцці гэтай прыгожай і перспектыўнай тэрыторыі!

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.