Вы тут

Лукашэнка: Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці


Рэспубліканскі педагагічны савет распачаў сваю работу у панядзелак, 23 жніўня. Каля тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і галіновага прафсаюза абмеркавалі стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года на круглых сталах і тэматычных секцыях. Змены ў галіне, якія вынесены на форум, закладзеныя ў прынятым у першым чытанні Кодэкса аб адукацыі і праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Учора дыскусія працягнулася на пленарным пасяджэнні ў Нацыянальным выставачным комплексе з удзелам кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. 


Адукацыя — гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот дзяржаўнасці

На пасяджэнні аб перспектывах развіцця сістэмы адукацыі, Кодэкс аб адукацыі, які рыхтуюць да прыняцця ў другім чытанні, напрамкі павышэння якасці ведаў, фарміраванне каштоўнасцяў, падрыхтоўку кадраў, выхаванне моладзі расказалі ў дакладах міністр адукацыі Ігар Карпенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, прадстаўнікі кіраўніцтва ўстаноў усіх формаў адукацыі. Пасля іх выступленняў слова ўзяў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што час ставіць перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур’ёзнасці выклік і апошнія два гады былі няпростымі і для краіны, і для сістэмы адукацыі. Шмат было выпрабаванняў — і пандэмія, якая стварыла стрэсавыя ўмовы і прымусіла на хаду перабудоўваць навучальны працэс, і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржслужачых.

«І сёння я дзякую вам, хто не завагаўся, і ў вашай асобе ўсёй нашай педагагічнай грамадскасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой, паверце, залежала вельмі многае. Вы зрабілі ўсё, каб нашы дзеткі вучыліся, калі мы нічога не ведалі пра вірус і было страшна выходзіць на працу. Ведаю, якія пагрозы сыпаліся ў ваш адрас, калі пачаліся бунты і бліц-крыг асабліва ў Мінску. Ва ўмовах ганення вы мужна рабілі сваю працу: вучылі, выхоўвалі, цярпліва размаўлялі з агрэсіўна настроенымі бацькамі»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ведае, як педагогам удалося ўтрымаць падлеткаў ад супрацьпраўных дзеянняў, як яны ледзь не за руку іх лавілі. Паводле кіраўніка краіны, у чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя — гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі.

«Урокі засвоены. Падзеі, што здарыліся, прадвызначылі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці. Мудра было сказана больш за дзвесце гадоў таму: пасля хлеба самае важнае для народа — гэта школа. Не прымяншаючы ролю сям’і, мы ўсе з вамі добра разумеем, што менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. Навука гэта называе нацыянальнай ідэнтычнасцю. Па-простаму — гэта патрыятызм»,— акцэнтаваў Прэзідэнт.

У гэтым паняцці, ён дадае, шмат сэнсаў — любоў да Радзімы, павага да дасягненняў мінулага і прыхільнасць традыцыям, шанаванне старэйшых пакаленняў і гонар за поспехі сучаснікаў, імкненне ўнесці свой уклад у гісторыю краіны.

Вайна каштоўнасцяў і барацьба за патрыятызм

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у свеце ідзе вайна за каштоўнасці, а ў іх ліку класічная сістэма адукацыі (заснаваная на змесце і метадалогіі), роўны доступ да атрымання ведаў, запатрабаванай прафесіі, гарантаванае першае працоўнае месца.

Удзельнікі педсавета пазначылі новыя пытанні, якія трэба будзе вырашыць. Прэзідэнт вылучыў важнейшыя, на яго погляд, — тыя, што наўпрост звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі дзяржавы.

«Апошнія падзеі прымусілі звярнуць увагу на адну з галоўных функцый адукацыйнага працэсу — выхаваўчую. Адразу скажу: сур’ёзных, катастрафічных праблем няма. Усе гэтыя размовы, што мы выпусцілі моладзь, настойвае міністр, што гэта адна дэмагогія, я так не скажу, але дзесьці блізка лічу. Моладзь ва ўсе часы аднолькава бунтарская, часам радыкальная, але ў большасці — канструктыўная, — сцвярджае кіраўнік краіны. — Аднак аб’ектыўна мінулы год нам паказаў, што ёсць перадумовы, якія могуць прывесці да непапраўных наступстваў. Чым менш застаецца тых, хто быў выхаваны на каштоўнасцях савецкага часу, тым больш востра мы гэта адчуваем. У чымсьці мы расплачваемся за рэформы 90-х. У шматлікіх працэсах не апошнюю ролю адыгралі знешнія сілы».

Паводле Прэзідэнта, глабальная задача для адукацыйнай супольнасці: знайсці і запоўніць прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе, шчыра прызнацца, дзе мы недапрацавалі, закасаць рукавы і зрабіць усё, каб нам не страшна было перадаваць краіну тым, хто заўтра выйдзе за парог школы, тэхнікума ці ВНУ.

«Пытанне, якое сёння, як той казаў, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Але палітыка там павінна быць толькі адна — дзяржаўная. Сцяг і гімн — дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэтую тэму. Так адбываецца ва ўсіх краінах, якія паважаюць сябе, — ад ЗША да Кітая, уключаючы брацкую Расію», — сказаў кіраўнік краіны.

Паводле Прэзідэнта, фундамент любой палітыкі закладваецца ў школе, а патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт.

«Чаму так стаўлю пытанне? Таму што частка нашай моладзі, атрымаўшы адукацыю тут, імкнецца з’ехаць за мяжу. Нe ўсе, але тэндэнцыя насцярожвае. Бо тыя, хто з’язджае, адрываюцца ад сваіх каранёў. Добра, калі едуць за новым вопытам або ведамі, каб прымяніць іх на Радзіме. І тое трэба больш уважліва паглядзець, хто і чаму іх там вучыць. Калісьці я даручыў міністру адукацыі разабрацца з такімі, што з’язджаюць (у нас ёсць вопыт), вяртаюцца да нас — дзе яны»,— паведаміў Аляксандр Лукашэнка і расказаў, што многія з іх аказаліся падчас мітынгаў па іншы бок барыкад.

Прэзідэнт заўважае: едзьце, вучыцеся за мяжу, але там і заставайцеся.

«Там не столькі вучаць. Ім далёка да нашай адукацыі. Яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас як агентуру. Гэта ўжо ідэйныя, калі не ворагі, то супраціўнікі нашай дзяржавы. І нам прыходзіцца з імі змагацца, яны ўжо складана выхоўваюцца», — заўважыў кіраўнік краіны.

Ён дадае, што выкладчыкі выпускаюць са школы перспектыўных студэнтаў, высакакласных спецыялістаў, якія цэняцца за мяжой, а якасць ведаў і кампетэнцый вышэй усіх пахвал. Кіраўнік краіны ацаніў на 10 балаў працэс навучання моладзі.

«А якую ацэнку мы з вамі павінны паставіць сабе за патрыятычнае выхаванне дзяцей? Верагодна да 10 мы не дацягваем, пра гэта кажуць факты. Але ўсе нашы падзеі мінулага года — нашы школьныя касякі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна кіраўнік дзяржавы засяродзіўся на падзеях мінулага года і ролю настаўнікаў у іх. «У мінулым годзе не ўсе разумелі некаторыя пытанні. І мы цярпліва паказвалі, што такое краіна, што мы можам страціць, калі не будзем шанаваць тое, што мы стварылі за апошнюю чвэрць стагоддзя», — адзначыў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнка, вялікая недапрацоўка была выяўлена ў вышэйшых навучальных установах. «Мне варта было сустрэцца з групай студэнтаў у БДУ, мы гэта транслявалі і на іншыя ВНУ і на наступны дзень ні адзін студэнт не выйшаў на вуліцы. Мы проста забыліся размаўляць са студэнтамі звычайнай, зразумелай мовай. Я, як выкладчык, не разумею людзей, якія прыходзяць у аўдыторыю для птушачкі. І зараз мы фарміруем новую праграму, каб з людзьмі размаўлялі», — расказаў ён.

Адукацыйны тандэм школы і бацькоў

Прэзідэнт цытуе Сухамлінскага: калі чалавек выбірае прафесію настаўніка, ён павінен аддаць дзецям сваё сэрца. І тут не важна, хто і як трапіў у прафесію.

«Сапраўдны настаўнік ніколі нe будзе падзяляць адказнасць за дзіця паміж школай і сям’ёй. Ён і бацькоў уцягне ў працэс, зробіць іх саюзнікамі на перыяд усяго навучання. А тое, што адбываецца сёння, нікуды не ідзе. Некаторыя бацькі раптам вырашылі, што могуць глядзець і на навучальны працэс, і на выхаванне дзіцяці з боку, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік краіны. — Я скажу так: ад Прэзідэнта краіны да нянечкі ў дзіцячым садзе, мы ўсе — грамадства, школа, бацькі — адказваем за маральнае і духоўнае развіццё дзяцей. Іншых варыянтаў быць не можа».

Ён ацаніў важнасць праекта «Бацькоўскія ўніверсітэты» і параіў такую практыку распаўсюдзіць на ўсю сістэму — і бацькоў, якія прывыклі стаяць каля парога настаўніцкай і высвятляць адносіны з настаўнікамі, хай ідуць на тэматычныя сходы і пачынаюць працаваць са школай у тандэме.

«Вельмі шмат залежыць ад сям’і. Стаўленне да вучобы, настаўніку — усё фарміруецца там. Дзіцяці заўсёды будзе камфортна і ў дзіцячым садзе, і ў сценах школы, калі бацькі першапачаткова настроены да выхавальнікаў і педагогаў пазітыўна. Але, перш чым патрабаваць нешта ад настаўніка, бацькі хай спачатку адкажуць на пытанне, што яны зрабілі для школы, у якой дзіця часам праводзіць больш часу, чым дома. Чытай, што яны зрабілі для свайго дзіця», — канстатуе Прэзідэнт.

Ён патрабуе адносіцца да школы як да храма ведаў, і парадак, і дысцыпліна там залежаць і ад настаўнікаў.

«Навядзіце парадак у школе. Навядзіце, чаго б гэта нам не каштавала. І вы ўбачыце, што праз год-два школа будзе іншая, і статус настаўніка стане іншым. Я  больш вам сказаў бы: выкарыстайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адна з праблем, лічыць ён, — бюракратызм, папяровая валакіта. «Давайце парадак у школе навядзем, каб была дысцыпліна. Настаўнік павінен прыходзіць у школу, з думкай выхаваць дзяцей так, каб яны беглі па веды. І не дазваляйце сабой панукваць. Вы гаспадары ў школе і будзьце гаспадарамі», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да настаўнікаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу на бяспеку дзяцей у інтэрнэце. «Усё, што там адбываецца, — гэта, вядома, віртуальнае, не сапраўднае жыццё. Але наступствы такіх з’яў, як булінг, тролінг, грумінг і іншых пагроз цалкам рэальныя. Паўтару: адказныя ўсе. Калі, не дай Бог, дзіця падвяргаецца ганенню ў сетках, ды і ў жывых стасунках, то пытанні ёсць і да бацькоў, чые дзеці паводзяць сябе неадэкватна, і да класнага кіраўніка, які адказвае за псіхалагічны клімат у калектыве», — кажа кіраўнік краіны.

Па словах кіраўніка краіны, трэба больш часу надаваць адносінам з дзецьмі па-за школьных заняткаў.

«Пастаўцеся сур’ёзней да шостага школьнага дня. Калі ён напоўнены спартыўнымі, культурнымі мерапрыемствамі, у іх уцягнутыя ў тым ліку бацькі, калі ўсё арганізавана цікава і з душой — школа і сям’я аб’ядноўваюцца», — дадаў Прэзідэнт.

Не абышоў ён тэму статусу педагога. На яго думку, усе зацікаўленыя ў тым, каб аўтарытэт настаўніка быў беспярэчны і ў вачах вучняў, і сярод бацькоў, і ў грамадстве.

«A з 1 студзеня 2022 года мы павінны знайсці магчымасць значна прастымуляваць у матэрыяльным плане працу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Даручаю Ураду ў бліжэйшы час унесці адпаведныя прапановы. Падумайце і далажыце, як мы можам падтрымаць спецыялістаў дашкольных устаноў. Праца выхавальнікаў і іх памочнікаў такая ж складаная і вельмі важная», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручае разабрацца з залішнім дакументазваротам. «Калі пытанні не вырашаныя, паляцяць галовы. Перш за ўсё з міністра адукацыі, і віцэ-прэм’ера профільнага», — абураецца кіраўнік краіны.

«Настаўнік і падручнік — гэта галоўнае»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на змест школьнай праграмы. Па яго словах, ў гісторыі незалежнай Беларусі школьныя падручнікі абнаўляюцца на зайздрасць рэгулярна. «Проста нагадаю. Асобныя савецкія падручнікі вытрымлівалі больш за дваццаць перавыданняў. Адзначаліся Дзяржпрэміяй. Напісаны былі яркай, жывой мовай з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў. Былі паслядоўнымі, лагічнымі і займальнымі. Іх змест меў выяўлены выхаваўчы складнік. А што сёння?», — падкрэсліў ён.

Па словах Прэзідэнта, да сучасных падручнікаў па-ранейшаму шмат прэтэнзій, у тым ліку і з боку педагогаў. Ён канстатаваў, што так быць не павінна і эксперыменты з падручнікамі павінны быць спыненыя. «І вас, настаўнікаў у тым ліку, заклікаю. Давядзіце да розуму тое, што напісана, і тады давайце справаздачу. Настаўнік і падручнік — гэта галоўнае», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўсіх прысутных. 

Беларускі лідар заўважыў, што падручнік быў і будзе асноўным працоўным інструментам настаўніка, нават нягледзячы на ​​імклівае развіццё электронных адукацыйных рэсурсаў. «Безумоўна, мы будзем выкарыстоўваць элементы дыстанцыйнага навучання, укараняць іх у навучальны працэс. Гэта аб’ектыўная неабходнасць. Тым не менш хачу вас засцерагчы. Лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць навучэнцаў. Настаўнік на ўроку — не блогер, не ютубер або інфармацыйны аніматар. Гэта пытанне прафесійнай прыдатнасці і іміджу. Дарэчы, і статусу таксама», — сказаў ён.

Асобна Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на падручніках па гуманітарных дысцыплінах — гісторыя і грамадазнаўства. «Час паставіць кропку ў пытаннях ацэнкі гістарычных эпох і персаналій. Мы павінны вызначыць, хто герой, хто гістарычная асоба, а хто здраднік свайго народа», — канстатаваў ён. Прэзідэнт нагадаў сваю гутарку са студэнтамі-гісторыкамі 3 ліпеня на Кургане Славы. Яны распавялі, як іх захапляе тэма Вялікай Айчыннай вайны і выступілі з ініцыятывай падрыхтаваць падручнік пра вайну, які быў бы цікавы моладзі.

«Я разлічваю, што ў новым падручніку з улікам адкрытых фактаў будуць расстаўлены ўсе акцэнты і па генацыдзе беларускага народа, і па калабарацыі, і па іншых вострых тэмах, пра якія мы раней мала казалі. Відавочна, што трэба больш актыўна прыцягваць да такой дзейнасці моладзь, студэнтаў, аспірантаў, пачынаючых навукоўцаў. Улічваць іх меркаванне, іх бачанне. Няхай спрачаюцца, няхай адстойваюць свой пункт гледжання. Гэта нармальна. Ад гэтага будзе толькі карысць для ўсіх», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Жорсткая канкурэнцыя непазбежная

Па словах кіраўніка дзяржавы, не менш важная задача — падрыхтоўка кадраў для эканомікі, а гэта сфера адказнасці ВНУ, тэхнікумаў, ПТВ.

«Тут адзін крытэрый эфектыўнасці працы — канкурэнтаздольнасць. І ўстаноў адукацыі, і выкладчыкаў, і падрыхтаваных імі кадраў. Мы бачым, з якой хуткасцю мяняюцца спосабы вытворчасці, структура эканомікі, рынкі працы. Гэта сур’ёзны выклік сістэме прафесійнай адукацыі. Адміністрацыйны механізм вырашэння такой задачы ёсць. Мінэканомікі і Мінпрацы павінны загадзя рабіць прагнозы на запатрабаваныя часам і нашай эканомікай прафесіі, фарміраваць заказ для Міністэрства адукацыі. Але што мы бачым на практыцы, асабліва калі адкрываем новыя прадпрыемствы? Дэфіцыт кадраў», — адзначыў Прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, усё пачынаецца са школы, з якасці прафарыентацыйнай работы. «Наколькі мы сапраўды дапамагаем нашым дзецям зразумець сваё прызначэнне, вызначыцца з прафесіяй, якая стане справай усяго жыцця? Наколькі актыўна ў гэтым працэсе прымаюць удзел нашы прадпрыемствы — заказчыкі кадраў?», — запытаўся ён.

Прэзідэнт растлумачыў, чаму робіць акцэнт на пытаннях, якія мільён разоў абмяркоўваліся. «Да гэтага часу мы назіраем ашалелую гонку за дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Атрымліваюць іх дзеці, а потым, як цяпер модна казаць, усё жыццё шукаюць сябе. То зарплата не тая, то статус не той, то дабірацца далёка і гэтак далей. Бацькі і дзеці па-ранейшаму недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што моладзь, якая навучаецца ў тэхнікумах, па сваіх кампетэнцыях не саступае студэнтам ВНУ. І выбарам сваім яны задаволеныя. Паводле яго слоў, на такіх спецыялістах трымаецца эканоміка краіны. І стратэгічная задача — зрабіць так, каб прэстыж гэтых прафесій быў высокім.

«Усе добра ведаюць, што лепшай формай забеспячэння дзяржзаказу, чым мэтавы набор, на сённяшні дзень не прыдумана. Такая форма работы сябе абсалютна апраўдала. Ёсць даручэнне кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый, галін эканомікі яе пашырыць. Тым больш што праблем з выбарам ВНУ для падрыхтоўкі кадраў у заказчыкаў сапраўды быць не павінна», — звярнуў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама заўважыў, што ў Беларусі паўсотні ўстаноў вышэйшай адукацыі. Па тэрыторыі і колькасці насельніцтва краін (Швейцарыя, Данія, Фінляндыя, Ізраіль) ВНУ ў 2 — 3 разы менш. Гэта кажа аб тым, што непазбежная жорсткая канкурэнцыя сярод саміх устаноў у падрыхтоўцы неабходных для эканомікі спецыялістаў.

«Будзеце на грэбні прагрэсу, дасце краіне навукоўцаў, інжынераў, канструктараў, іншых спецыялістаў, здольных ствараць новыя прадукты і тэхналогіі, — будзеце працаваць. Не — трапіце пад натуральны адбор», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Будучы год мы прысвяцім адукацыі»

Па словах Прэзідэнта, трэба будзе вырашыць прынцыповыя пытанні, ад якіх залежыць паспяховасць  адукацыйнага працэсу. Многія з іх ужо адлюстраваны ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Кіраўнік дзяржавы даручыў выпрацаваць стандарт, дзе будуць замацаваныя патрабаванні ад арганізацыі ўрока, выканання школьнага этыкету і заканчваючы знешнім выглядам вучня і настаўніка. «І ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны будуць прытрымлівацца палажэнняў дадзенага дакумента бясспрэчна. Гэта робіцца для таго, каб зняць усе спрэчныя пытанні ці непаразуменне паміж сям’ёй і школай», — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе прапановы, якія прагучалі на педагагічным савеце, будуць абагульнены. І каб вырашыць пастаўленыя задачы, ёсць год. «Мы ўмеем рабіць усё: ратаваць жыцці людзей, здзяйсняць гераічныя ўчынкі, вырашаць эканамічныя задачы. Гэта вы — настаўнікі і выкладчыкі ВНУ. Але і негатыўныя, касякі нашага жыцця — гэта таксама вы. Таму давайце зробім, каб гэтых касякоў было як мага менш, і будзем у гэтым кірунку працаваць», — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што наступны год будзе прысвечаны адукацыі. І за гэты тэрмін трэба будзе разгледзець усё — ад прыёму ў агульнаадукацыйную школу і ад размяшчэння школ, будаўніцтва.

«Давайце будзем бліжэй да зямлі, не будзем кідацца лозунгамі. Давайце паглядзім на сябе, каб дзеці атрымлівалі нармальную адукацыю і ўладкоўваліся ў гэтым жыцці. Усё, што ад нас залежыць і ад мяне, і ад вас, паверце, мы зробім для вас па максімуме. Апошнюю капейку мы аддамо выкладчыку. Без настаўніка няма краіны», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

«Нам трэба захаваць сваю краіну»

Прэзідэнт таксама звярнуў ўвагу, што людзі шмат часу праводзяць у сваіх тэлефонах. «Часам брыдка назіраць нават на некаторых дзяржслужачых. Яны нічога не бачаць, ідуць і тыкаюць у гэты тэлефон. І ўмейце чытаць, што там напісана. Там жа загалоўкамі ў асноўным інфармацыю даводзяць, а калі далей прачытаеш — не адпавядае загалоўку», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны заўважае, што дзяржаслужачым, ваенным трэба вельмі акуратна ставіцца да тэлефонаў як крыніцы перадачы інфармацыі. «Свет сёння настолькі небяспечны, настолькі жудасны — нам трэба захаваць сваю краіну. Свет перавярнуўся. Я вам да пандэміі казаў, што будзе пасля яе. Вы ж мне не верылі паўгода таму. А вы паглядзіце, што адбываецца. Амерыканцы проста так не сыдуць ад гегемоніі. Яны будуць чапляцца, утрымліваць сваю гегемонію, таму што гэта іх дабрабыт», — адзначыў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

У адукацыйным працэсе галоўная фігура — гэта настаўнік

Падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета ў НВЦ «Белэкспа» працавала выстаўка эфектыўных педагагічных практык і творчых дасягенняў педагогаў «Вопыт, творчасць, інавацыі». На тэматычных лакацыях былі прадстаўлены ўсе ўзроўні адукацыі, вопыт педагогаў і дасягненні сістэмы адукацыі.

Па словах Наталлі Дарашэевай, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Шклоўскага райвыканкама, гэтая пляцоўка, як і ўвесь педагагічны савет — выдатная магчымасць пазнаёміцца з навінкамі, якія чакаюць усіх у новым навучальным годзе, абмяняцца вопытам з калегамі. «Задач, якія мы ставім перад сабой шмат. І, вядома, самая галоўная — выхаваць чалавека, які бачыць сваю будучыню, ведае, якім яна павінна быць. На цяперашнім этапе выпускнік школы павінен быць упэўненым, выразна бачыць сваю прафесію і, атрымаўшы адукацыю, знайсці сваё месца ў жыцці, знайсці месца ў грамадстве», — канстатавала яна.

Адна з лакацый прэзентацыйнай пляцоўкі была прысвечана тэме выхавання асобы і прадстаўляла формы работы з моладдзю па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму.

Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, дырэктар гімназіі № 8 горада Віцебска, Раіса Грабоўская падкрэсліла, што першая задача кожнага сучаснага педагога — духоўна-маральнае і ідэалагічнае выхаванне моладзі.

«Школа выхоўвае моладзь, маладыя розумы — гэта будучыня нашай краіны. Мы павінны выхаваць пачуцце радзімы ў маленькага дзіцяці, а потым ужо і ў падлетка. У адукацыйным працэсе галоўная фігура — гэта настаўнік. За творчым ініцыятыўным настаўнікам заўсёды пойдуць вучні. І толькі ў творчага, адукаванага і дасведчанага настаўніка могуць быць вялікія вынікі. Фігура настаўніка — гэта ўзор для пераймання і да гэтага трэба імкнуцца ўсім нам», — упэўнена педагог.

Ад педагагічных класаў да лічбавых кампетэнцый

На тэму адной з лакацый — прафесіяналізму педагога — выказаўся Валерый Наўныка, рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. «На мой погляд, вельмі станоўчы прыклад — стварэнне педагагічных класаў у школах. Там вучацца матываваныя дзеці, якія яшчэ ў школе атрымліваюць асновы працы педагога. Акрамя падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, ёсць такое паняцце як „замацаванасць“ выпускнікоў на першым працоўным месцы. І як паказвае практыка, менавіта дзеці, якія прайшлі праз педагагічныя класы і паступілі потым у педуніверсітэт і застаюцца надоўга ў школе. І мы ўсе прыкладаем сілы, каб з кожным годам гэтая сістэма працавала эфектыўна», — расказаў рэктар. Таксама Валерый Наўныка закрануў тэму падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. «Затрымаць выпускніка ў навуцы гэта — вельмі важная задача. Мы павінны забяспечыць пераемнасць у навуковых школах, забяспечыць выхад моладзі на міжнародны навуковы ўзровень. І павінен быць плаўны пераход ад пакалення вучоных, якія фармавалі імідж беларускай навукі, да моладзі. Я гэта бачу адным з галоўных прыярытэтаў работы вышэйшай школы. Як гэтага дасягнуць? Павінна быць сістэмная праца ў звязцы: школа — ВНУ- аспірантура. Усё павінна пачынацца ў школе», — канстатаваў ён.

Вячаслаў Даніловіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, звярнуў увагу на падрыхтоўку будучых упраўленцаў. «Ёсць ідэя арганізаваць школу кіравання для вучняў 11 класаў, якія праяўляюць лідарскія якасці і з якімі мы можам працаваць на базе Акадэміі кіравання. І тых, хто пакажа высокія вынікі, без экзаменаў прымаць у акадэмію кіравання. І вельмі важны складнік — мэтавы набор у Акадэмію, каб мясцовыя органы ўлады, кіраўніцтва дзяржаўных структур мэтанакіравана накіроўвалі да нас людзей. І вельмі важны гэты падыход на фоне падзей, якія адбыліся ў мінулым годзе ў Беларусі. І добра, што мы змаглі захаваць сваё адзінства, але яго трэба ўмацоўваць і многае залежыць ад кіраўніцкіх кадраў. Мы гэта разумеем і ўжо ўдасканальваем сваю працу».

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш засяродзіўся на лічбавізацыі адукацыі. Ён заўважыў, што сучасныя спецыялісты павінны валодаць лічбавымі і сацыяльнымі кампетэнцыямі: «Яны павінны ўмець размаўляць, працаваць у камандзе. А лічбавыя кампетэнцыі цяпер патрэбныя і ў сельскай гаспадарцы, і ў медыцыне, і ў кіраванні. БДУІР быў першым універсітэтам, які першым пачаў стварэнне сумесных адукацыйных цэнтраў і лабараторый ў супрацоўніцтве з вядучымі кампаніямі свету, заказчыкамі кадраў», — паведаміў рэктар.


Падчас пасяджэння ўдзельнікі педсавета задалі кіраўніку краіны пытанні аб перспектывах развіцця адукацыі і найбольш хвалюючых праблемах сістэмы. Падрыхтавалі адказы Аляксандра Лукашэнкі на самыя важныя з іх.

Пра экскурсійную работу з вучнямі

«Я пачуў гэты тэзіс. Сабе яго запісаў. Мы гэта заўважылі. Той, хто пабываў у Хатыні, з гэтымі анучамі (бела-чырвона-белы сцяг — „Зв.“) па вуліцы не хадзіў. Мы сваіх дзяцей з гэтымі фактамі нашай гісторыі не змаглі пазнаёміць. Што датычыцца сродкаў, дзяржава вылучыць. Але павінны падключыцца і прадпрыемствы, і бацькі, і школа арганізаваць. Хай маленькую капейку, але і бацькі прафінансуюць. Мы будзем рэкамендаваць прадпрыемствам і дзяржаўнай, і прыватнай формаў ўласнасці займацца гэтым пытаннем. За гэтым справа не стане. Трэба выпрацаваць сістэму і прытрымлівацца гэтай сістэмы. Будзе сістэма, вы атрымаеце неабходны транспарт, фінансаванне для таго, каб праводзіць гэтыя экскурсіі. Тэма не проста ўзятая на кантроль, а ўжо рэалізавана», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Якім будзе базавы стандарты адукацыі?

«Калі я пачаў патрабаваць ад Міністэрства адукацыі, ад урада навесці парадак у школе, мне прапанавалі ўвесці школьныя стандарты. Я падумаў, што ў нас гэта ўсё ёсць. Мы проста нядбайна ставімся да нейкіх рэчаў, паводзін у школе. Вырашылі дапрацаваць, зрабіць больш сучаснымі стандарты,— адказаў Прэзідэнт. — Школа павінна быць храмам — вось на гэтым будзе базіравацца стандарт».

Прапанова аб’явіць 2022 год Годам настаўніка і адукацыі

«Я гляджу на гэта амаль што станоўча, — заявіў кіраўнік краіны. — Я не першы раз чую гэта і я шчыра сказаў «амаль» з гэтым згодны. Ведаеце, калі Прэзідэнт падпісвае дакумент ад аб’яўленні года, то паступае шмат прапаноў. Яны яшчэ будуць. Улічваючы тое, што мы будучы год прысвячаем у многім рашэнню праблем адукацыі, я вашу прапанову не выключаю. Але пакуль не абяцаю. Буду памятаць вашу прапанову«,— сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Ці могуць інавацыйна-адукацыйныя падыходы стаць роўнымі з класічнымі?

«Мы ўсё гэта развівалі, гэта будучыня, і гэта вельмі перспектыўна. Калі спецыялісты ўнясуць канкрэтныя прапановы, прыдатныя для школ і ВНУ, мы з задавальненнем іх прымем», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Магчымасць для мужчын-педагогаў служыць у рэзерве

«Я лічу, толькі той мужык, які служыў у арміі. Як ён можа ваенную падрыхтоўку весці, калі ён не быў у войску? Пра гэта гаворкі быць не можа. Але калі вынайсці нейкую праграму і даць магчымасць служыць педагогу ў арміі летам, можна праэксперыментаваць», — канстатаваў Прэзідэнт. 


Ігар Марзалюк: «Школа павінна выхоўваць гарманічна развітую асобу і годнага члена грамадства»

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк падчас пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета расказаў пра падрыхтоўку новага Кодэксу аб адукацыі.

Праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі» паступіў для разгляду ў Палату прадстаўнікоў у канцы снежня 2020 года. Дадзены законапраект падрыхтаваны ў мэтах удасканалення норм Кодэкса аб адукацыі з улікам практыкі яго прымянення ў сучасных умовах. І пасля паступлення законапраекта ў Палату прадстаўнікоў пачалася актыўная работа па яго падрыхтоўцы да разгляду і прыняцця.

Ігар Марзалюк акцэнтаваў увагу на тым, што падрыхтоўка такога складанага і аб’ёмнага законапраекта, як Кодэкс аб адукацыі, магчымая толькі пры ўмове ўключэння ў працу максімальна шырокага кола зацікаўленых. Змены ў дакумент абмяркоўваліся на дыялогавых пляцоўках, сустрэчах з педагагічнай грамадскасцю, працоўнымі калектывамі.

«Мы не павінны забываць і пра тое, што школа павінна выхоўваць гарманічна развітую асобу і годнага члена грамадства, а значыць, фарміраваць у падрастаючага пакалення не толькі прафесійныя навыкі, але і поўнае ўспрыманне свету. Таму ў новай рэдакцыі Кодэкса прапануецца іншае вызначэнне самой адукацыі як навучання і выхавання ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы, накіраваных на інтэлектуальнае, духоўна-маральнае, творчае, фізічнае і прафесійнае развіццё асобы, задавальненне яе адукацыйных патрэб і інтарэсаў, а таксама сукупнасці набытых ведаў, уменняў, навыкаў і кампетэнцый пэўнага аб’ёму і складанасці», — расказаў Ігар Марзалюк.

Таксама парламентарый падкрэсліў, што вялікая роля ў фарміраванні нацыянальнай, культурнай і цывілізацыйнай пераемнасці беларускай нацыі належыць цыклу гуманітарных дысцыплін, якія закліканы прышчапіць падрастаючаму пакаленню правільнае ўяўленне аб духоўна-маральных каштоўнасцях, аб абавязку, гонару, патрыятызме. Таксама вялікая роля ў адукацыйным працэсе належыць ваенна-патрыятычнаму выхаванню.

Марыя ДАДАЛКА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?