Вы тут

Аб спаленых акупантамі і іх памагатымі Воўчых Норах, што на Слонімшчыне, доўгі перыяд нічога не было вядома


Лёс Хатыні ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарылі многія населеныя пункты. Некаторым вёскам пашчасціла крыху больш — пасля вызвалення яны ў прамым сэнсе паўсталі з попелу. Праўда, нярэдка хаты засяляліся новымі гаспадарамі — летапіс спаленых вёсак пачаў пісацца наноў...


Людзі часта станавіліся сведкамі, як дагаралі іх хаты, але нічога зрабіць не маглі.

Гісторыкі, навукоўцы, краязнаўцы, а таксама неабыякавыя да свайго мінулага людзі ў свой час паклапаціліся, каб захаваць памяць аб населеных пунктах, знішчаных цалкам ці часткова акупантамі і іх памагатымі. Інфармацыя аб спаленых вёсках утрымліваецца ў кнігах «Памяць», што выйшлі па кожным раёне. Найбольш грунтоўна папрацавалі даследчыкі Нацыянальнага архіва Беларусі — вынікам іх шматгадовых намаганняў стала база даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Аднак ні адзін са спецыялістаў па тэме Другой сусветнай сёння дагэтуль не назаве канкрэтную лічбу знішчаных населеных пунктаў, а таксама не скажа, колькі з іх было адноўлена і не адноўлена пасля вайны. Навукоўцы канстатуюць: усяго падчас акупацыі было спалена звыш 9300 вёсак, а не 9200, як было прынята меркаваць доўгі час. І «сясцёр» у Хатыні значна больш.

Застаўся толькі попел...

Адной з вёсак, якая назаўсёды знікла з геаграфічнай карты Беларусі, з'яўляюцца Воўчыя Норы. У населеным пункце, размешчаным да вайны ў Слонімскім раёне, што на Гродзеншчыне, налічвалася каля 190 хат. Аб тым, што ў верасні 1942 года вёску знішчылі акупанты, а таксама па-зверску расправіліся з яе жыхарамі, доўгі час нічога не было вядома. Не сказана пра трагедыю Воўчых Нор ні ў кнізе «Памяць», ні ў іншых крыніцах. Назаўсёды знікла вёска і з людской памяці...

Гістарычную несправядлівасць аднавілі супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Беларусі, якія дакументальна пацвярджаюць факт знішчэння вёскі і яе насельніцтва. Злачынствы супраць мірных жыхароў Воўчых Нор ажыццяўлялі салдаты 1-й брыгады «СС». З 3 да 16 верасня 1942 года акупанты, а таксама іх памагатыя здзекаваліся з насельніцтва, рабавалі, забіралі на прымусовыя работы ў Германію. А неўзабаве ўвогуле спалілі вёску.

Гэта здарылася 17 верасня 1942 года. Па сведчанні мясцовай жыхаркі Паўлоўскай, якой пашчасціла не апынуцца ў тым жудасным вогнішчы, у агні загінула 465 чалавек. Расстраляных жа ніхто не лічыў. Гітлераўцы заганялі ў хаты па 30—40 чалавек: старых, жанчын, дзяцей. Дамы ўспыхвалі адзін за адным. Людзі паміралі пакутніцкай смерцю. Два дні акупанты распраўляліся з мірнымі жыхарамі. Ад вёскі, акрамя попелу, нічога не засталося...

Паўлоўская была сувязной партызанскага атрада імя Шчорса. Перад самым прыходам фашыстаў у вёску яна акурат пайшла ў лес — панесла партызанам паведамленне аб папярэднім прыходзе акупантаў. «Калі немцы акружылі вёску, адразу пачалі выганяць людзей з хат, — расказвала партызанская сувязная. — Нумара гэтай часці не ведаю, але пры першай блакіроўцы іх (акупантаў. — удакл. аўт.) было каля 40 тысяч з лішнім. Усе салдаты мелі нашыўкі «СС». Атачыўшы вёску Воўчыя Норы, адразу ж нямеція салдаты пачалі хадзіць па хатах, збіраць людзей, не зважаючы на ўзрост, выганяць на вуліцу і расстрэльваць, паліць хаты. Тыя, хто спрабаваў уцячы ў лес, затрымліваліся і расстрэльваліся. Аднак перш немцы прайшліся па хатак і падвор'ях, дзе забралі ўсе харчы і скаціну, якую пагналі на станцыю Даманава, што знаходзілася ў тагачаснай Баранавіцкай вобласці».

Астатніх расстралялі ў лесе за вёскай. Знайшлі тых, хто хаваўся. Напаткалі варожыя кулі і людзей, якіх пагналі на станцыю Івацэвічы дзеля адпраўкі ў Германію. Сям'ю партызана Васіля Снітко — жонку, семярых дзяцей, а таксама іншых родзічаў (усяго 17 чалавек!) — прымусілі ўзяць некаторую маёмасць і адправілі ў вёску Любішчыцы. На мясцовых могілках усіх іх і расстралялі. На станцыі Івацэвічы знайшлі павешанымі дваіх мужчын, якія былі сувязнымі ў партызанскім атрадзе. Гэта былі вынікі аднаго з этапаў карнай аперацыі нацыстаў «Балотная ліхаманка», якая закранула некалькі абласцей.

Не шкадавалі ні старых, ні дзяцей

У сям'і Паўлоўскіх, акрамя партызанскай сувязной, выжылі яе чатыры браты — толькі таму, што таксама былі народнымі мсціўцамі і знаходзіліся ў лесе. У Воўчых Норах заставаліся іх маці, сястра, непаўналетні брат, жонка брата-партызана з трохгадовым сынам. Перад прыходам немцаў яны сышлі ў лес, аднак іх хутка знайшоў вораг: сям'ю, у тым ліку маленькага хлопчыка, расстралялі з кулямёта на лясной прасецы. Родныя адшукалі іх толькі праз паўтара месяца пасля трагедыі, апазналі па адзенні.

Цудам выжыла яшчэ адна жыхарка Воўчых Нор П. С. Казак. Калі фашысты прыйшлі ў вёску, жанчына з грудным дзіцём паспела схавацца ў лесе. Сядзелі ў халоднай яме, пакуль немцы не пакінулі вёску. А потым і вяртацца не было куды — не ўцалела ні адной хаты. Часова жылі ў вёсцы Косава. Жанчына часта ўспамінала сваіх суседзяў з Воўчых Нор — сям'ю Вачноўскіх. У полымі сгарэлі муж, жонка, а таксама чацвёра іх дзяцей: усім было менш за 9 гадоў.

Ваенныя злачынствы гітлераўцаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі.

Мясцовыя жыхары расказвалі, што ў Воўчых Норах часта з'яўляліся народныя мсціўцы. Тут знаходзіўся штаб партызанскага атрада імя Шчорса. Хутчэй за ўсё, пра гэта паведаміў гітлераўцам хтосьці са сваіх. Здраднікаў сярод мясцовых жыхароў хапала. Асабіста страляў у сваіх аднавяскоўцаў, а таксама зажыва паліў іх у хатах Фёдар Бакур. У паліцыі служыў яшчэ адзін з яго братоў. Памагатымі ў акупантаў былі і стараста вёскі Іван Федарчук, а таксама яго брат Аляксей. На іх руках — кроў сваіх жа аднавяскоўцаў.

«Чорная» справа эсэсаўцаў

Вядома, што падчас блакіроўкі Косаўскага лесу немцы ўступілі ў бой з партызанамі. Страты былі з абодвух бакоў. Узятых у палон партызан гітлераўцы расстрэльвалі і вешалі. Жорстка распраўляліся з мясцовымі жыхарамі яны і пасля. У верасні 1942 года на Слонімшчыне гітлераўцамі былі поўнасцю спалены вёскі Акуніна, Пляшкі, Баравікі. У кожным з населеных пунктаў загінула не менш за трохсот чалавек. «Чорную» справу рабілі ўсё тыя ж эсэсаўскія часці.

У Нацыянальным архіве захаваліся пратаколы допыту ваеннапалоннага 8-га палка 1-й брыгады «СС» Курта Шарлаха, які ўдзельнічаў у антыпартызанскай аперацыі ў Івянецкім раёне ў жніўні — верасні 1942 года. Па яго словах, 8-м і 10-м палкамі «СС» 1-й «СС» брыгады на Івянеччыне былі спалены 6—7 населеных пунктаў: Новы Двор, Козлікі, Палдарожжа і інш. Следства ўстанавіла, што падчас першага допыту нямецкі салдат наўмысна схаваў у сваіх паказаннях факты здзейсненых злачынстваў.

«Нашымі батальёнамі прачэсваўся лес на захад і паўночны захад ад горада Івянец, пачынаючы ад вёскі Камень, на працягу 5—6 дзён, — расказваў Курт Шарлах. — У апошні дзень праведзенай аперацыі нашаму палку быў аддадзены загад аб высяленні насельніцтва з 6—7 вёсак: Новы Двор, Козлікі, Палдарожжа, Стаськава, іншых назваў не памятаю, а таксама прыкладна з 30 хутароў, якія знаходзіліся ў раёне вышэйзгаданых вёсак. Усё, што заставалася ў гаспадарцы грамадзян, пасля эвакуацыі было загадана спаліць. У насельніцтва вёскі было забрана прыкладна па 2—3 свінні, таксама адбіраліся іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Аб зверствах, якія чыніліся над савецкімі грамадзянамі ў працэсе эвакуацыі з вёсак, як і пра спаленне савецкіх грамадзян жыўцом і іх сем'яў, расстрэлах, мне нічога не вядома».

Па словах эсэсаўца, у той час, як над мірнымі жыхарамі здзяйснялася расправа, ён са сваім узводам знаходзіўся на дарозе, якая ідзе ад вёскі Камень да вёскі Новы Двор. Перад імі стаяла задача — затрымліваць усіх савецкіх грамадзян, якія будуць пераходзіць дарогу з аднаго ўчастка лесу ў іншы. Затрыманых у выніку не было.

«Пасля гэтага ў апошні дзень мне быў дадзены загад са сваім узводам выселіць насельніцтва з трох хутароў і здаць іх цалкам ачышчанымі камандзе, якая іх павінна спаліць», — канстатаваў падчас допыту гітлеравец. — Мной былі выселены тры сям'і ў складзе 20 чалавек, якія былі накіраваны ў вёску Камень. Мы адабралі ў жыхароў хутароў дзве свінні і некалькі курэй. Пасля эвакуацыі грамадзян з хутароў населеныя пункты былі перададзены камандзе з чатырох чалавек, якая адразу ж усе пабудовы спаліла. Як гарэлі хаты, з якіх мы высялялі людзей, я бачыў асабіста».

«Толькі назіраў, як усё гарэла...»

Следствам, якое было праведзена пасля вайны, устаноўлена: у гэтых вёсках, якія згадваў гітлеравец, таксама было спалена насельніцтва. Толькі ў Палдарожжы фашысцкія каты знішчылі не менш за 70 чалавек, у тым ліку дзяцей. Што мог сказаць адзін з забойцаў мірных жыхароў? «Мне аб гэтым было невядома. Я асабіста з узводам спальванне савецкіх грамадзян і іх сем'яў не выконваў». Сцёртыя з геаграфічнай карты населеныя пункты, абарваныя жыцці сотняў людзей — аргумент, які складана аспрэчыць. Немагчыма!

Аднак Курт Шарлах да апошняга спрабаваў пазбегнуць адказнасці. Вось што ён казаў следчаму: «Пасля высялення мной жыхароў з трох хутароў, пры спальванні пабудоў іх я асабіста прысутнічаў. Акрамя таго, быў спалены хлеб, які знаходзіўцца ў капах яшчэ не абмалочаны. Я з узводам у спальванні людзей удзелу не прымаў, а толькі назіраў, як усё гарэла. У гэтай аперацыі камандаваннем было загадана, што падчас ператрусаў населеных пунктаў у тых дамах, у якіх будзе выяўлена зброя і боепрыпасы, іх жыхароў расстрэльваць, што і выконвалася складам палка, а населеныя пункты наогул усе спальваць. Насельніцтву, якому было дазволена эвакуіравацца, дазвалялася часткова забраць з сабой скаціну, хлеб і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты харчавання, усё астатняе ў насельніцтва адбіралася».

Згодна з паказаннямі немца, яго рота ўдзельнічала ў эвакуацыі людзей з вёскі Новы Двор, насельніцтва якой было часткова спалена. «Дакладных даных сказаць не магу, бо ў гэты час па загадзе камандзіра роты капітана Гофмана здзяйсняў высяленне суседняга хутара, назвы якога не ведаю, — усяляк аспрэчваў сваё дачыненне да расправы над мірнымі жыхарамі эсэсавец. — На хутары мной была выселена адна сям'я ў складзе 5—6 чалавек, а затым спалены ўсе пабудовы. Акрамя таго, маім узводам было спалена яшчэ сена, якое знаходзілася ў сцірце. Выселілі насельніцтва ў вёску Камень».

Па словах Курта Шарлаха, у Воўчых Норах, поўнасцю спаленых фашыстамі, было знішчана 30 чалавек. Па сведчанні ж мясцовых жыхароў, ахвяр было значна больш — толькі ў агні загінула 465 чалавек. І гэта гісторыя ўсяго адной беларускай вёскі...

Вераніка КАНЮТА,

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук.

Загаловак у газеце: Вёска, якая знікла з людской памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?