Вы тут

Як перамагчы паршу на яблыні?


Адным з самых распаўсюджаных захворванняў яблыневых дрэў з'яўляецца парша. Для яблыні гэта лічыцца не смяротным захворваннем, яно не загубіць дрэва, але можа негатыўна ўздзейнічаць на яго ўскосна — зніжаючы імунітэт, паніжаючы зімаўстойлівасць і ўстойлівасць да шкоднікаў і хвароб. Акрамя таго, парша прыводзіць да поўнай страты таварнага выгляду пладоў; есці іх, вядома, можна і ў перапрацоўку пускаць таксама, аднак захоўвацца яны не будуць.


Фота: pixabay.com

Наяўнасць паршы на дрэвах вызначыць зможа літаральна кожны: у вочы адразу кідаюцца плямы (на лісточках, пладах), якія ў самым пачатку свайго развіцця маюць жоўта-зялёны колер, а пазней чарнеюць і часцяком рэпаюцца.

Прафілактыка

Звычайна прафілактычныя апрацоўкі супраць паршы трэба пачынаць не з вясны, а з восені, каб выключыць выжыванне зімуючай стадыі грыба ў глебе і раслінных рэштках.

Восеньская прафілактыка з'яўлення паршы ў яблыні, акрамя апрацовак раслін, павінна заключацца ў выдаленні ўсіх раслінных рэшткаў з участка і прыствольнага круга.

Трэба абрэзаць усе сухія і зламаныя галінкі, сабраць іх і апалае лісце і спаліць за тэрыторыяй участка. Не варта пакідаць і плады, якія вісяць на галінках, усе яны таксама падлягаюць збору і знішчэнню. Старайцеся не пакідаць на ствале і кару, якая адслойваецца. Яе трэба акуратна счысціць і спаліць, а месцы зачысткі апрацаваць медным купарвасам, развёўшы сталовую лыжку у літры вады. Пры надыходзе ўстойлівай адмоўнай тэмпературы пажадана пабяліць ствалы дрэў вапнай (да першага разгалінавання).

Ні ў якім разе нельга загушчаць насаджэнні, паветра павінна свабодна цыркуляваць у садзе.

Акрамя таго, заўсёды прытрымлівайцеся аптымальных дазіровак пры ўнясенні разнастайных падкормак, памятайце, што як недахоп угнаенняў, так і іх лішак не нясуць раслінам нічога добрага і часта моцна аслабляюць імунітэт.

Для прафілактычных апрацовак можна выкарыстоўваць шэраг біяпрэпаратаў. Да распускання пупышак у якасці прафілактычнага апырсквання можна выкарыстоўваць 1%-ны раствор бардоскай вадкасці, а калі будзе такая неабходнасць, апрацоўку можна паўтарыць і пасля цвіцення.

Дарэчы, калі парша ў садзе праяўляецца штогод, цалкам магчыма, што ў вашай глебы павышаная кіслотнасць. На такіх глебах расліны вельмі часта адчуваюць дэфіцыт азоту, а недахоп гэтага элемента рэзка паніжае імунітэт.

Не забывайце, што азотныя ўгнаенні трэба ўносіць штогод (у вясновы час). Акрамя таго, раз на пяць гадоў можна ў якасці прафілактычнай меры ўнесці ў глебу 90-100 г вапны на квадратны метр, а калі глеба з павышанай кіслотнасцю, то, магчыма, вапну прыйдзецца ўносіць штогод і ў двайной дозе.

Як лячыць?

Неабходна праводзіць апрацоўкі фунгіцыдамі з разнастайнымі дзеючымі рэчывамі, чаргаваць іх і ўжываць прэпараты да поўнага знішчэння хваробы, не пакідаючы ачагоў інфекцыі.

Звычайна першую апрацоўку супраць паршы на яблынях праводзяць бліжэй да канца сакавіка. У гэты перыяд, як правіла, ужо стабільна цяпло, але пупышкі яшчэ не распусціліся. Для такіх мэт можна выкарыстоўваць фунгіцыды ці больш ашчадны для экалогіі раствор 1 %-ага меднага купарвасу. Акрамя меднага купарвасу, можна ўжываць і раствор мачавіны (сталовую лыжку на літр вады).

Наступную апрацоўку можна правесці ў перыяд пачатку распускання пупышак, тут падыдуць такія прэпараты як «Гамаір», «Хорус» і «Фіталавін».

Супраць паршы можна выкарыстоўваць калоідную серу, бардоскую вадкасць і медны купарвас у той жа перыяд.

Трэцюю апрацоўку можна праводзіць адразу пасля цвіцення альбо (калі зацягнулі) ўжо пасля збору ўраджаю, а калі паршы вельмі шмат, то і ў абодвух выпадках. У згаданы перыяд таксама можна выкарыстоўваць разгледжаныя вышэй фунгіцыды ці бардоскую вадкасць.

Галоўнае — паспець скончыць апрацоўкі дзён за 25 да пачатку збору пладоў, а ў выпадку з бардоскай вадкасцю — за 15 дзён.

Мала хто ведае, што знізіць актыўнасць паршы, аж да яе поўнага знікнення, можна без дапамогі апрацовак «хіміяй» — простым унясеннем мінеральных угнаенняў. Вядома, унясеннем пад корань праблему, хутчэй за ўсё, не вырашыць, тут трэба выкарыстоўваць пазакаранёвыя падкормкі.

У якасці ўгнаення для барацьбы з шолудзямі можна выкарыстоўваць мачавіну: трэба развесці сталовую лыжку на вядро вады. Самую першую апрацоўку мачавінай варта правесці, як толькі знайшлі прыкметы захворвання, другую апрацоўку — зрабіць праз тыдзень пасля першай. Акрамя мачавіны, можна таксама выкарыстоўваць і аміячную салетру. Дзеянне гэтых угнаенняў заключаецца ў знішчэнні ачагоў інфекцыі і адначасовым павышэнні імунітэту раслін шляхам узбагачэння іх пажыўнымі рэчывамі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.