Вы тут

Галоўнае — гэта стабільнасць. Так лічаць работнікі «Беларускага Дома друку»


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ завітаў на найстарэйшае паліграфічнае прадпрыемства, каб пазнаёміцца з яго вытворчымі вынікамі, пагутарыць з калектывам, даведацца аб тым, што хвалюе людзей.


Падчас гутаркі з кіраўніцтвам Дома друку парламентарыю расказалі аб росце экспарту на 40% за мінулы год, адсутнасці цякучасці кадраў (у калектыве, дзе працуюць амаль 600 чалавек), сярэднім заробку, які дасягае 1200 рублёў і іншых важных вытворчых паказчыках. Гаворка зайшла і аб настроях у калектыве, маўляў, хістанняў няма. Але, як кажуць, словы словамі, але тое, аб чым думаюць самі людзі, сенатар вырашыў даведацца ў цэхах. Актуальнай тэмай размовы стала абмеркаванне «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» — фактычна цэнтральнай падзеі гэтага месяца. Цікава, але факт: звычайныя людзі ад станка ўважліва сачылі за выказваннямі Кіраўніка дзяржавы, хтосьці глядзеў урыўкамі па тэлебачанні, хтосьці чытаў у сеціве, але ўсе як адзін з парадкам нашай дзяржавы і пазіцыяй яго лідара знаёмыя. Друкар Юрый лічыць, што самае галоўнае — каб эканоміка нармальна функцыянавала і было спакойна ў краіне:

— Тут працуюць шмат адукаваных людзей і яны, як і я, перакананы, што нам трэба згуртавацца, стаць адзіным у памкненнях грамадствам і працаваць на дабрабыт нашай дзяржавы — іншага шляху няма, — перакананы рабочы. — А санкцыі, да якіх заклікае Захад, тыя, хто лічыць сябе часткай беларускага народа, адбіваюцца на простым чалавеку, такім як я, таму мяне яны абураюць.

З ім згодны і калега па цэху — друкар Аляксандр, які працуе тут дзесяць гадоў. Ён расказаў Сяргею Рачкову, што заробак атрымлівае нядрэнны і рады таму, што можа працаваць і ўтрымліваць сваю сям’ю.

— А чаго глядзець у бок Захаду, калі мы жывем тут і зараз? Я лічу, што добра там, дзе мы ёсць, — кажа ён і працягвае тэму санкцыйнай палітыкі калектыўнага Захаду. — Па кім б’юць санкцыі? Ціханоўскай выгадна, каб людзі за талерку рысу выходзілі на плошчы. Ёй абсалютна ўсё роўна, з чаго будуць жыць сем’і беларусаў.

На іншым участку друкар Пётр, які тут працуе 20 гадоў, расказаў сенатару, што галоўная каштоўнасць, якая самая для яго важная — гэта стабільнасць:

— Аб стабільнасці ў краіне залежыць і стабільнасць на прадпрыемстве, — кажа ён. — А што добрага ад санкцый?! Калі яны ўводзяцца супраць краіны, значыць, і супраць мяне.

Ён і астатнія яго калегі, з кім давялося пагутарыць Сяргею Рачкову, былі адзінадушны ў тым, што свая краіна — найдаражэйшая, наймілейшая і самая жаданая. На яе карысць яны і будуць сумленна працаваць, каб і далей мець магчымасць атрымліваць годны заробак.

Акрамя даверлівай гутаркі з рабочымі, старшыня профільнай камісіі на ўчастку спецдруку пазнаёміўся з працэсам вытворчасці новых біяметрычных пашпартоў.

Дарэчы, дызайн новага дакумента распрацоўваўся ў тым ліку і тут. Новы дакумент мае шматфактарную ступень абароны ад падробкі, але візуальна знешні выгляд вокладкі дызайнеры пастараліся захаваць як у папярэдніка. Ужо зусім хутка — на наступным тыдні — першая партыя біяметрычных пашпартоў, надрукаваная ў Беларускім Доме друку, накіруецца ў органы ўнутраных спраў для выдачы насельніцтву.

Падводзячы вынікі свайго рабочага візіту на прадпрыемства, Сяргей Рачкоў у гутарцы з журналістамі расказаў, што ўражаны перш за ўсё ад стасункаў з людзьмі:

— Мы сёння закраналі тыя тэмы, якія паднімаў Аляксандр Лукашэнка падчас 8-гадзіннай сустрэчы з журналістамі, блогерамі, прадстаўнікамі грамадскасці і экспертамі. І я адчуў, што нашы людзі, нягледзячы на іх занятасць, сочаць за падзеямі ў краіне, яе межамі і выступленнямі Кіраўніка дзяржавы, — адзначыў сенатар.

Ён падкрэсліў, што асноўная думка, якая гучала рэфрэнам ад людзей — гэта пытанні эканомікі, нацыянальнага адзінства, тое, што з’яўляецца фундаментам дзяржавы і забяспечвае яе бяспеку, спакой і стабільнасць.

— Людзі хочуць стабільнасці. Вы ведаеце, я задаў пытанне адносна зменаў у Канстытуцыю, людзі аб гэтым ведаюць і разумеюць, што гэта — Асноўны закон жыцця. Яны разумеюць, як будзе працаваць эканоміка, прадпрыемствы, яны на сваім працоўным месцы — ад гэтага будзе залежыць будучае іх сем’яў, дзяцей і ўнукаў. Можа, гэта гучыць некалькі трывіяльна, але ў гэтым — сутнасць жыцця, — рэзюмаваў старшыня профільнай камісіі.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.