Вы тут

Каварная гіпертанія. Як трымаць ціск пад кантролем?


Артэрыяльная гіпертэнзія — хвароба вельмі каварная і небяспечная. З кожным годам яна выяўляецца ва ўсё большай колькасці беларусаў. Яе нездарма называюць «ціхім забойцам», бо вельмі часта яна працякае бессімптомна і чалавек нават можа не ведаць, што хворы. Калі своечасова не звярнуцца да ўрача і не пачаць лячэнне, то з часам могуць развіцца сур'ёзныя ўскладненні.


Часта пацыент даведваецца пра захворванне занадта позна, калі ўжо знаходзіцца на бальнічным ложку. Што ж трэба зрабіць, каб не даводзіць сітуацыю да крайнасці? Як навучыцца кантраляваць хваробу і своечасова пачаць лячэнне? Якім чынам кожнаму з нас пад сілу змяніць сваё жыццё так, каб высокі ціск не напаткаў і ў старасці? Пра гэта і іншае расказала ўрач агульнай практыкі, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Таццяна ПЕНКАЛЬ.

— Таццяна Уладзіміраўна, чым небяспечны высокі ціск?

— Артэрыяльны ціск — сіла, з якой паток крыві цісне на сасуды і органы, якія яны сілкуюць: мозг, сэрца, ныркі. Працяглая артэрыяльная гіпертэнзія нават пры адсутнасці скаргаў можа прывесці да інсульту, ішэмічнай хваробы сэрца (стэнакардыі), інфаркту міякарда, сардэчнай і ныркавай недастатковасці. Рэзкія і нечаканыя скачкі артэрыяльнага ціску могуць справакаваць моцны галаўны боль і галавакружэнне, якія нельга зняць традыцыйнымі прэпаратамі.

Таму ў першую чаргу, калі вы выявілі ў сябе павышаны артэрыяльны ціск, неабходна звярнуцца да ўрача для ўстанаўлення прычыны гіпертаніі. Нармальнымі лічбамі сісталічнага ціску (гэта сіла, з якой насычаная кіслародам кроў выштурхоўваецца з сэрца і разыходзіцца па целе) лічацца 120—129 мм. рт. сл, дыясталічнага (гэта ціск крыві на сценкі сасудаў у момант, калі сэрца напаўняецца і адпачывае паміж ударамі) — 80—84 мм. рт. сл.

— Чаму артэрыяльны ціск павышаецца?

— Прычыны артэрыяльнай гіпертаніі ў большасці выпадкаў застаюцца невядомымі. Тым не менш ёсць пэўныя фактары, якія павялічваюць рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі. Адзін з іх — узрост. Павышаны ціск найчасцей развіваецца ў людзей, старэйшых за 35 гадоў, і чым старэйшы чалавек, тым, як правіла, вышэйшыя лічбы яго ціску. З узростам сценкі буйных артэрый становяцца больш рыгіднымі, а з-за гэтага павышаецца супраціўленне сасудаў крывацёку, такім чынам, павышаецца ціск.

Важная спадчынная схільнасць. Артэрыяльная гіпертэнзія ў сваякоў першай ступені (бацькі, маці, бабулі, дзядулі, родных братоў і сясцёр) дакладна азначае павышаную імавернасць развіцця хваробы. Рызыка ўзрастае яшчэ больш, калі павышаны ціск меўся ў двух і больш сваякоў.

Фактарам рызыкі з'яўляецца курэнне. Кампаненты тытунёвага дыму, трапляючы ў кроў, выклікаюць спазм сасудаў. Не толькі нікацін, але і іншыя рэчывы, якія змяшчаюцца ў тытуні, спрыяюць механічнаму пашкоджанню сценак артэрый, што садзейнічае ўтварэнню ў гэтым месцы атэрасклератычных бляшак. Яшчэ адзін фактар рызыкі — празмернае ўжыванне алкаголю. Штодзённае ўжыванне моцных спіртных напояў павялічвае ціск на 5-6 мм. рт. сл. у год.

Як вядома, спрыяюць развіццю артэрыяльнай гіпертэнзіі і празмерныя стрэсы. Гармон стрэсу адрэналін прымушае сэрца біцца, перапампоўваючы вялікі аб'ём крыві ў адзінку часу, з прычыны гэтага ціск павышаецца. Калі стрэс цягнецца доўгі час, то пастаянная нагрузка зношвае сасуд, і высокі ціск становіцца хранічным.

Яшчэ адзін фактар — атэрасклероз. Лішак халестэрыну, як вядома, вядзе да страты артэрыямі эластычнасці, а атэрасклератычныя бляшкі звужаюць прасвет сасудаў, што абцяжарвае работу сэрца. Усё гэта павышае ціск. Аднак і гіпертанія, у сваю чаргу, паскарае развіццё атэрасклерозу, так што гэтыя захворванні з'яўляюцца фактарамі рызыкі адзін аднаго.

Празмерная колькасць солі таксама садзейнічае павышэнню ціску. Многія з нас спажываюць з ежай значна больш солі, чым гэта неабходна арганізму. Лішак солі вядзе да спазму артэрый, затрымкі вадкасці ў арганізме і, як вынік, да развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Атлусценне — яшчэ адзін фактар рызыкі. Людзі з лішняй масай цела маюць больш высокі ціск, чым худыя. Падлічана, што кожны кілаграм лішняй вагі павялічвае ціск на два мм. рт. сл.

Недастатковая фізічная актыўнасць, як вядома, таксама садзейнічае павышэнню ціску. Людзі, якія вядуць маларухомы лад жыцця, на 20—50 % больш рызыкуюць захварэць на артэрыяльную гіпертэнзію, чым тыя, хто актыўна займаецца спортам ці фізічнай працай. Нетрэніраванае сэрца горш спраўляецца з нагрузкамі, а абмен рэчываў адбываецца марудней.

— Што ў сілах зрабіць кожны, каб пазбегнуць павышэння ціску?

— Прафілактыка артэрыяльнай гіпертэнзіі падзяляецца на першасную і другасную. Першасная — гэта папярэджанне ўзнікнення хваробы. Гэтага павінны прытрымлівацца здаровыя людзі, у якіх ціск пакуль не перавышае нармальных лічбаў.

Найперш гэта фізічная нагрузка. Любыя фізічныя практыкаванні нават у людзей з мяккай і ўмеранай артэрыяльнай гіпертэнзіяй спрыяюць павышэнню фізічнай працаздольнасці арганізма. Практыкаванні, накіраваныя на трэніроўку трываласці — такія як агульнаўмацавальныя, дыхальныя, заняткі на трэнажорах, плаванне, хадзьба, бег, язда на веласіпедзе, — прыводзяць да прыкметнага антыгіпертэнзіўнага эфекту. Рэкамендуецца займацца па 30 хвілін на дзень, паступова павялічваючы нагрузку ад слабай да ўмеранай (3—5 разоў на тыдзень).

Важную ролю адыгрывае нізкасалявая дыета. Колькасць паваранай солі варта абмежаваць да пяці грамаў (адна чайная лыжка). Варта ўлічыць, што многія прадукты, у прыватнасці сыры, вяндліна, саленні, каўбасныя вырабы, кансервы, маянэз, самі па сабе ўтрымліваюць шмат солі. Таму лепш прыбраць са стала сальніцу і ніколі не дасольваць гатовыя стравы. Замяніце соль вострымі травамі, часнаком. Калі абыходзіцца без солі цяжка, можна набыць соль з паніжаным утрыманнем натрыю, смак якой амаль не адрозніваецца ад звычайнай.

Важна абмежаваць у рацыёне колькасць жывёльных тлушчаў. Паступова замяняйце ў рацыёне сметанковае масла, сыры, каўбасы, смятану, сала і смажаныя катлеты на дадатковую колькасць гародніны і садавіны, расліннага алею і нятлустай рыбы. Аддавайце перавагу абястлушчаным малочным прадуктам. Такім чынам вы зможаце кантраляваць утрыманне халестэрыну ў крыві, нармалізаваць вагу і адначасова ўзбагаціць свой рацыён каліем, які вельмі карысны пры артэрыяльнай гіпертаніі. Крыніцамі калію з'яўляюцца розныя садавіна і гародніна. Пажадана ёсці не менш за пяць порцый агароднінных ці фруктовых салатаў і дэсертаў у дзень.

Як я ўжо адзначала, стрэс — адна з асноўных прычын павышэння ціску. Важна імкнуцца бачыць ва ўсім станоўчыя бакі, знаходзіць у жыцці радасць, працаваць над сваім характарам, мяняючы яго ў бок большай цярпімасці да чужых недахопаў, аптымізму, ураўнаважанасці. Пешыя прагулкі, спорт, хобі і клопат пра хатніх жывёл таксама дапамагаюць падтрымліваць душэўную раўнавагу.

Шкодныя звычкі і артэрыяльная гіпертэнзія — гэта страшнае спалучэнне, якое ў большасці выпадкаў вядзе да трагічных наступстваў. Варта цалкам адмовіцца ад курэння, а таксама скараціць ужыванне алкаголю. Для моцных 40-градусных напояў яно складае не больш за 50 грам у суткі.

— А калі ў пацыента ўжо ўстаноўлены дыягназ артэрыяльная гіпертанія?

— Праводзіцца другасная прафілактыка. Яе асноўная мэта — пазбегнуць ускладненняў высокага ціску — ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту, мазгавога інсульту. Другасная прафілактыка ўключае ў сябе два кампаненты: немедыкаментознае лячэнне артэрыяльнай гіпертаніі і лекавую тэрапію.

Немедыкаментознае лячэнне гіпертаніі адпавядае першаснай прафілактыцы, але праводзіцца ў больш жорсткай форме. Калі спадчыннасць і навакольнае асяроддзе кожны асобны чалавек змяніць не ў стане, то лад жыцця і харчаванне — цалкам. Усе абмежаванні становяцца нязменнымі правіламі паводзін.

Лекавая тэрапія звязана з прыёмам пэўнага комплексу прэпаратаў, якія мэтанакіравана дзейнічаюць на высокі ўзровень ціску, зніжаючы яго. Курс прыёму такіх лекавых сродкаў прызначаецца пажыццёва, папярэджваючы тым самым рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Самастойна адмяняць, мяняць або карэкціраваць дазіроўкі лекавых прэпаратаў нельга. Тут неабходна пракансультавацца з урачом.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.