Вы тут

Што варта ведаць кожнаму школьніку


Дзеці атрымліваюць асалоду ад апошніх летніх дзянькоў. Час, калі некаторыя з іх дзейнічалі самастойна, падыходзіць да завяршэння. Але не варта расслабляцца. Калі летам ратавальнікі засяроджваюць увагу дзяцей і іх бацькоў на правілах паводзін каля вадаёмаў, у лясах, прагаворваюць усе магчымыя алгарытмы дзеянняў падчас знаходжання непаўналетніх адных дома, то з паходам у школу ўзрастае рызыка трапіць у іншыя непрыемнасці.


Рыхтуючы сваіх дзяцей да навучальнага года, бацькі павінны паклапаціцца не толькі аб тым, як іх апрануць і што пакласці ў новы заплечнік. Важна даць сваім нашчадкам яшчэ і веды аб бяспецы: прагаварыце з дзецьмі ўсе магчымыя небяспечныя сітуацыі, абмяркуйце, які выхад з іх можна знайсці.

Калі нельга, то чаму

З мэтай прыцягнення ўвагі дарослых да праблем траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў у выніку пакідання іх без нагляду з 16 жніўня да 10 верасня па ўсёй краіне ў два этапы праходзіць прафілактычная акцыя «У цэнтры ўвагі — дзеці!» Напэўна, ужо многія заўважылі, што ў буйных гандлёвых цэнтрах і іншых аб’ектах гандлю ў аддзелах з дзіцячым адзеннем на манекенах або вешалках з’явіліся камплекты баявой вопраткі ратавальніка дзіцячых памераў, а ў аддзелах канцылярскіх прылад — вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Так ратавальнікі яшчэ раз спрабуюць нагадаць бацькам, чаму важна расказаць сваім непаўналетнім дзецям аб правілах бяспекі.

Не застанецца гэтае пытанне і без увагі настаўнікаў. Ужо падчас першых школьных дзён для дзяцей пройдуць «Урокі бяспекі», на якіх кожны школьнік атрымае наглядна-выяўленчую прадукцыю ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Настаўнікі, у сваю чаргу, пройдуць інструктажы па пажарнай бяспецы, а бацькі сустрэнуцца з ратавальнікамі падчас прафілактычных гутарак і за праглядам тэматычных відэафільмаў. Самыя яркія мерапрыемствы адбудуцца ў месцах масавага знаходжання людзей. Кожны з удзельнікаў урачыстасцяў, якія арганізуюць супрацоўнікі МНС, запомніць пяць важных крокаў на шляху да выратавання, навучыцца карыстацца вогнетушыцелем і даведаецца аб алгарытмах аказання першай дапамогі.

— Мэта ва ўсіх гэтых мерапрыемстваў толькі адна — яшчэ раз справакаваць бацькоў на размову аб бяспецы з дзецьмі, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Многія дзеці пачынаюць самастойна хадзіць у школу, першакласнікі ўжо таксама не так абмежаваны свабодай, як у дзіцячым садку, таму вельмі важна ўсё прадугледзець. Дзіцяці мала сказаць «нельга». Гэта яшчэ больш падагрэе цікавасць. Трэба патлумачыць, чаму нельга і чым гэта пагражае. Вельмі важна мадэляваць сітуацыі, каб дзіця ведала, да чаго тыя ці іншыя паводзіны могуць прывесці. Дыялог наконт бяспекі павінен быць бесперапынны. Яшчэ трэба быць прыкладам для свайго дзіцяці.

Небяспечныя гульні

Каб пазбегнуць падобных непрыемнасцяў, можна яшчэ расказаць сваім нашчадкам аб сітуацыях, у якія днямі трапілі дзеці. На шчасце, абышлося без трагедый. Аднак да бяды заставалася не так шмат.

Напрыклад, дзесяцігадовы хлопчык, які гасцяваў у сваёй бабулі ў аграгарадку Янавічы, што ў Клецкім раёне, не прыдумаў нічога лепшага, як пайсці гуляць на пустку, дзе складавалі будаўнічыя канструкцыі і матэрыялы. Па неасцярожнасці, як ён сам потым расказваў, школьнік засунуў руку паміж жалезабетоннымі плітамі. Самастойна дастаць яе ўжо не змог — спатрэбілася дапамога ратавальнікаў. Наўрад ці супрацоўнікі МНС былі б карысныя ў сітуацыі, калі, не дай бог, хлопчыка накрыла б той плітой.

— Калі мы прыбылі да месца здарэння, дзіця было ў прытомнасці, — расказвае начальнік варты пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 г. Клецка Максім КРЫЖЭВІЧ. — Я пастаянна размаўляў з хлопчыкам, сказаў яму не глядзець на руку, у гэты час старшы пажарны Мікалай Лабажэвіч занёс з тарца пліты інструмент і прыпадняў канструкцыю, што дазволіла дастаць руку. Падчас правядзення ратавальных работ побач з хлопчыкам знаходзіўся яго бацька. Да нашага прыбыцця яны спрабавалі самастойна вызваліць руку, але нічога не атрымалася.

Дзіця перадалі брыгадзе хуткай дапамогі і даставілі ў бальніцу. Пасля абследаванння і аказання неабходнай медыцынскай дапамогі хлопчыка адпусцілі дахаты.

З агнём не жартуюць

А вось іншы хлопчык, якога днямі шпіталізавалі ў адну з устаноў аховы здароўя з апёкамі 11 % цела, дамоў вернецца не так хутка. Такія сур’ёзныя пашкоджанні падлетак атрымаў падчас успышкі сухога лісця, якое разам з галінкамі ён падкідваў у вогнішча.

Ратавальнікі звяртаюць увагу: кантралюйце знаходжанне дзяцей падалей ад вогнішча, не дапускайце самастойнага выкарыстання імі адкрытага агню. Увогуле, пры развядзенні вогнішчаў патрэбна быць надзвычай асцярожнымі. Нельга выкарыстоўваць для падпалу лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Месца кастрышча варта выбіраць падалей ад хат і сельскагаспадарчых пабудоў. Каб выключыць паўторнае ўзгаранне, пасля дагарання вуглёў неабходна заліць вогнішча вадой.

Без ратавальнікаў не абышлося

Даволі часта супрацоўнікі МНС выязджаюць на выклікі, звязаныя з дзіцячай няўважлівасцю і непрадбачлівасцю. У пачатку жніўня ў Барысаве яны дапамагалі дзяўчыне-падлетку, якая не змагла самастойна зняць з пальца пярсцёнак. Дзякуючы спецыяльнаму інструменту праблема была хутка вырашана.

А ў аграгарадку Волма, што ў Дзяржынскім раёне, ратавальнікі даставалі хлопчыку нагу, якая была заціснута ў раме веласіпеда. «Калі мы прыбылі на месца, даведаліся, што ў сваякоў не атрымалася дапамагчы хлопчыку, — удакладняе камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 15 Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ілья РЫНКЕВІЧ. — Левая нага хлопчыка вышэй костачкі была заціснута паміж рамай і педаллю веласіпеда. Разам з кіроўцам паста Андрэем Сацковым мы адкруцілі педаль, але, паколькі нага ўпіралася, прыйшлося пастукваць па дэталі, каб вызваліць хлопчыка». На шчасце, медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

Як і аднагадовай дзяўчынцы, нагу якой заціснула паміж дошкамі лаўкі ў парку адпачынку ў Жодзіне. Ратавальнікам стала вядома, што мама гуляла са сваёй дачкой. Калі яны вырашылі сесці, дзіця засунула нагу паміж дошчачкамі. Самастойна выбрацца не атрымалася.

Прыйшлі на дапамогу супрацоўнікі МНС і тады, калі ў адной з кватэр у аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна знутры зачынілася малое дзіця. Паколькі на балконе ў рэжыме праветрывання было адчынена акно, узломваць дзверы не прыйшлося.

Як паказвае апошняя сітуацыя, важна не толькі забяспечыць сваіх дзяцей ведамі аб тым, як не трапіць у тое ці іншае надзвычайнае здарэнне. Неабходна быць уважлівымі і самім бацькам, каб часовая бестурботнасць у выніку не вылілася ў трагедыю.

Рэкамендацыі для школьнікаў:

  • не забывайся зачыняць за сабой на ключ уваходныя дзверы;
  • не адчыняй дзверы незнаёмым людзям, калі застаешся адзін дома;
  • не карыстайся электрычнымі прыборамі;
  • не гуляй каля адкрытых вокнаў;
  • не размаўляй з незнаёмцамі на вуліцы, не садзіся ў чужы аўтамабіль;
  • не выбірай месцам для гульні будаўнічыя пляцоўкі, закінутыя памяшканні, пусткі, кар’еры, пляжы каля вадаёмаў;
  • уважліва пераходзь праезную частку, не гуляй каля дарогі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.​

Загаловак у газеце: У цэнтры ўвагі — дзеці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.