Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваім бачаннем сітуацыі, якая склалася сёння ў Афганістане, і прагнозам развіцця падзей ў гэтай краіне на перспектыву.
— Сяргей Анатольевіч, наколькі змена свецкай улады ў Афганістане на рэлігійна-радыкальную можа ўплываць на наш, беларускі, парадак дня?
— Ведаеце, здаецца краіна геаграфічна знаходзіцца далёка ад Беларусі, але толькі гэаграфічна.
Па-першае, мы звязаны з ёй тым, што ў нас значная частка беларусаў 10 гадоў служыла ў складзе абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане. Мы, як і шэраг краін Савецкага Саюза, панеслі страты — загінулі нашы маладыя хлопцы і мы памятаем аб іх: штогод на Востраве мужнасці і смутку ўскладаем вянкі, кветкі, праводзім жалобны мітынг у памяць аб тых, хто загінуў і аб тых, хто сумленна аддаў свой доўг. Таму існуе маральна-духоўная, гістарычная сувязь.
Другі момант. Мы з’яўляемся актыўным членам АДКБ і мы не можам (нягледзячы на тое, што ў нашай Канстытуцыі закладзены тэзіс аб нейтралітэце Рэспублікі Беларусь) накіроўваць свае ўзброеныя сілы за межы нашай краіны. Але тым не менш у нас ёсць пэўныя абавязацельствы перад краінамі — членамі гэтага ваенна-палітычнага саюза. Таму не дарэмна Прэзідэнт паставіў пытанне аб тым, што на пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ неабходна вызначыцца з пазіцыяй гэтай структуры па сітуацыі ў Афганістане. Гэта сведчыць аб тым, што на самай справе сітуацыя можа сур’ёзна паўплываць не толькі на краіны, якія мяжуюць з Афганістанам — Таджыкістан, Узбекістан, Туркменістан — але на Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю. Бо калі падзеі будуць развівацца па сцэнарыі, што ў Афганістане будзе ўводзіцца шарыят, будзе жорсткае абыходжанне з грамадзянамі, працягвацца рэзкае падзенне эканамічных умоў жыцця (а гэта рэальнасць, і не выключана, што ў хуткім часе там можа быць голад) — зыход людзей з гэтай краіны будзе аб’ектыўна абгрунтаваны, і яны пойдуць на Захад, у тым ліку праз Расію і Беларусь. І тады мы сутыкнёмся з сур’ёзнай праблемай афганскіх бежанцаў. Дарэчы, ужо зараз на польскай мяжы вымалёўваецца пэўная неспрыяльная сітуацыя.
І трэці аспект. Ці спыніцца Талібан і разам з ім спячыя ячэйкі Ігіл, якія існуюць у гэтай краіне, і тэарэтычна «спяць» і ў суседніх дзяржавах? То-бок гэта пытанне схаванай тэрарыстычнай пагрозы.
Таму мы павінны ўспрымаць гэтую сітуацыю не толькі праз прызму ганьбы і правалу палітыкі ЗША і НАТА ў гэтай краіне. Хаця гэта добры ўрок для многіх краін, якія імкнуцца арганізаваць сваё жыццё праз знешняе кіраванне. Мы ў нашай краіне не дапусцім, каб было арганізавана знешняе кіраванне ні кім.
Аднак схаваная тэрарыстычная пагроза існуе, і мы павінны да яе быць вельмі ўважлівыя. Вядома, любой пагрозе, калі яна перарасце са схаванай у адкрытую і гарачую форму, — мы будзем супрацьдзейнічаць. Але будзем рабіць гэта на сваёй тэрыторыі.
— Вы закранулі тэму палітыкі ЗША і ганебных уцёкаў з Афганістана, відавочна, што Злучаныя штаты панеслі каласальную паразу менавіта ў гэтым рэгіёне, а як Вы лічыце, ці будзе спроба рэваншу?
— Афганістан мае важнае геастратэгічнае становішча. Чаму Савецкі Саюз увёў туды ў 1979 годзе абмежаваны кантынгент савецкіх войск? Таму што была пагроза ўстаноўкі з боку ЗША балістычнай ракеты «Першынг», якія закраналі б тэрыторыю СССР, існавала такая версія.
Акрамя таго, краіна багатая на мінеральныя рэсурсы: па ацэнках, якія рабілі геолагі Савецкага Саюза, а потым прадстаўнікі Злучаных штатаў Амерыкі — мінеральных рэсурсаў у Афганістане на трыльёны долараў: золата, жалезная руда, ліцій, рэдказямельныя металы. Прагноз такі, што па запасах ліція краіна можа пераўзысці запасы Балівіі (якая зараз лідзіруе па разведаных запасах). Але тут ёсць складанасць — гэта найскладанейшыя праекты, і ўсе гэтыя мінеральныя рэсурсы знаходзяцца ў цяжка дасягальных месцах, таму патрабуюцца вялікія інвестыцыі для таго, каб іх здабываць. Але тым не менш (зноў жа па адпаведных паведамленнях), талібы штогод мелі з паставак золата і шэрагу мінеральных рэсурсаў да 400 мільёнаў долараў.
Зараз усе звярнулі ўвагу на пазіцыю Кітая і Расійскай Федэрацыі ў адносінах да змены ўлады ў Кабуле — яна нейтральна-станоўчая, нягледзячы на тое што Талібан прызнаны ў Расійскай Федэрацыі тэрарыстычнай арганізацыяй. Мы, дарэчы, у Беларусі не давалі ніякіх ацэнак, не ўключалі ні ў якія спісы, дэманструючы тым самым, што гэтая краіна далёка ад нас.
А як павядзе сябе ЗША ў далейшым? Мяркую, што Злучаныя штаты Амерыкі ўсё роўна будуць працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Афганістане. Я ўпэўнены, што там захаваюцца іх дарадцы (ваенныя дарадцы ў тым ліку) і ў патрэбны момант, калі ў гэтай краіне вельмі заўзята павядуць Кітай і Расійская Федэрацыя, пасля пэўнай паўзы не выключана актыўнае вяртанне ЗША.
Вольга АНУФРЫЕВА
Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.
Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».
Спартыўная сям'я б'е рэкорды.