Вы тут

БРСМ працаўладкаваў у складзе студатрадаў каля 22 тысяч чалавек


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працаўладкаваў у складзе студатрадаў каля 22 тысяч чалавек, паведаміў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай укладу студэнцкіх атрадаў у развіццё краіны.


Фота: pixabay.com

«Усе найважнейшыя будоўлі, самыя буйныя аб'екты — Нацыянальная бібліятэка, стадыён «Дынама», «Мінск-Арэна», Вялікі тэатр оперы і балета, а таксама аб'екты ў абласных цэнтрах — так ці інакш звязаныя са студэнцкімі атрадамі. На сённяшні дзень каля 22 тысяч хлопцаў і дзяўчат адпрацавала ці прыступіла да работы ў іх. Гэтая лічба вельмі добрая ў параўнанні з 2019 і 2020 гадамі. У рамках рэспубліканскага праекта «Выбіраем студатрад» колькасць ахвотных папрацаваць на працягу года ў нас склала каля 30,5 тысячы з усёй краіны», — распавёў Аляксандр Прохараў.

Трэці працоўны семестр яшчэ не скончаны. «Сёлета мы зрабілі акцэнт на развіцці новага кірунку — рэалізацыі рэспубліканскіх працоўных праектаў. У прыватнасці, гэта «Горад маладосці» — Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы, дзе працуюць 120 чалавек, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі. Мы рэалізавалі працоўны праект «Атлант» на базе Мінскага завода халадзільнікаў, дзе працуюць 235 чалавек. У гэтым годзе ўпершыню арганізавалі сельскагаспадарчы праект «Талачын» на базе мясцовага кансервавага завода. Хлопцы і дзяўчаты займаліся ўборкай чырвоных парэчак», — адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.

Паводле яго слоў, наладжана актыўнае супрацоўніцтва БРСМ з Расійскімі студэнцкімі атрадамі. У прыватнасці, арганізаваны працоўны праект «Арляня» на базе Усерасійскага дзіцячага аздараўленчага цэнтра ў Краснадарскім краі.

«Дзякуючы падпісаным пагадненням з Мабільнымі кадрамі Расіі БРСМ змог рэалізаваць новы праект па будаўніцтве магістраляў М1 Брэст — Масква і М12 Масква — Казань. Першая група ўжо вярнулася. Дастойная заработная плата, добрыя ўмовы, усе задаволеныя. Будзем гэты праект працягваць», — канстатаваў ён.

«Заработная плата, вядома, у першую чаргу залежыць ад колькасці адпрацаваных дзён і ад аб'ёму работы. Найбольш высокая яна традыцыйна ў будаўнічых атрадах. У педагагічных крыху ніжэйшая. У сельскагаспадарчых таксама бывае па-рознаму. У якасці прыкладу прывяду тую ж уборку чырвоных парэчакў рамках праекта «Талачын». Асобныя байцы пры выкананні нормы замест 500 атрымалі 900 рублёў», — распавёў Аляксандр Прохараў.

Паводле яго слоў, у сярэднім зарплата ў студатрадах — 700 рублёў і вышэйшая: «Але, зыходзячы з вопыту мінулага года, магу сказаць, што ў будаўнічым атрадзе ў Салігорску адзін з хлопцаў атрымаў за месяц і сем рабочых дзён 2,3 тысячы. Гэта значыць, усё кажа пра тое, наколькі байцы мэтанакіраваныя. Вядома, такую суму трэба зарабіць. Але магу сказаць адно — заработная плата сёння ў студатрадах дастойная».

Аляксандр Прохараў нагадаў, што на з'ездзе БРСМ прынята стратэгія развіцця арганізацыі да 2025 года. «Вялікая ўвага ў ёй аддадзена развіццю студатрадаўскага руху. У першую чаргу нам трэба паглядзець на інфармаванасць моладзі, работу ў інтэрнэце, развіццё карпаратыўнай культуры. Мы на сістэмную аснову павінны вывесці работу па навучанні адказных за арганізацыю студатрадаў. Сёння Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў павінен стаць своеасаблівым маладзёжным цэнтрам занятасці — ад акумулявання заявак, што паступаюць, да аператыўнага інфармавання ахвотных пра тое, дзе і калі яны могуць папрацаваць, якая заработная плата», — сказаў ён.

«У цэлым мы гаворым аб мэтанакіраванай дзейнасці па папулярызацыі працы як каштоўнаснай катэгорыі. Сумесна з Міністэрствам адукацыі вялікую ўвагу ў найбліжэйшы час аддадзім павышэнню прывабнасці рабочых спецыяльнасцяў і прафесій сярод студэнцкай і вучнёўскай моладзі», — дадаў другі сакратар ЦК БРСМ.

У наступным годзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запусціць працоўны праект у ААТ «МАЗ», паведаміла журналістам камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея Шахоўская.

«Набор у студэнцкія атрады працягваецца, таму што яны, у прынцыпе, працуюць цэлы год. Вядома, асноўны перыяд — летні. Але, тым не менш, яшчэ ў верасні, кастрычніку і лістападзе хлопцы і дзяўчаты працуюць, — распавяла Надзея Шахоўская. — Той атрад, які ўдзельнічае ў міжнародным праекце «Кузбас 300», шчыруе ў Кемераве, будуе там сацыякультурныя аб'екты — гэта найлепшы будаўнічы атрад Беларусі. У цэлым праекты ствараюцца па кіранках дзейнасці. Напрыклад, сёлета ў нас новы падрадчык — «Амега» — у Краснадарскім краі, куды студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання паехалі работнікамі кухні і афіцыянтамі. На будаўнічы праект з Мабільнымі кадрамі Расіі бралі падрыхтаваных хлопцаў будаўнічых спецыяльнасцяў. Налета плануем стварыць асобны праект у ААТ «МАЗ», дзе будуць працаваць аўтаслесары і студэнты аўтамеханічных спецыяльнасцяў».

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Студатрадаўскаму руху — разнастайная падтрымка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».