Вы тут

Аб прафесіі паштальёна Марыя Хлуд марыла з дзяцінства


Аб прафесіі паштальёна Марыя Хлуд марыла з дзяцінства, і калі надышоў час, змяніла на гэтай пасадзе маці. У родным аграгарадку Вулька-2, што ў Лунінецкім раёне, яна працуе паштальёнам ужо 15 гадоў. І аб нейкай іншай рабоце ніколі ў жыцці не думала.


— На працягу ўсяго дзяцінства, юнацтва і маладосці перада мной быў прыклад добрасумленных, вельмі адказных адносін да работы, — падкрэсліла Марыя Іванаўна. — Прыклад маёй мамы Евы Аляксееўны, якая працавала вясковым паштальёнам аж 26 гадоў. Дарэчы, у дзяцінстве я ёй ахвотна дапамагала, з вялікім задавальненнем і нават з гонарам разносіла аднавяскоўцам газеты і часопісы. І як прыемна было пачуць ад людзей падзяку за выкананне гэтых, на мой погляд, не вельмі значных паслуг.

Праўда, па словах Марыі Хлуд, пасля заканчэння школы яна паступіла у прафесійна-тэнічнае вучылішча на спецыяльнасць мясаперапрацоўшчыка. Але як толькі ў роднай Вульцы з'явілася вакансія паштовага работніка, ні хвіліны не раздумваючы, уладкавалася на гэтую работу. Спачатку працавала начальнікам пошты: афармляла падпіску, прымала плацяжы, выдавала пасылкі і гэтак далей. А потым, калі маці выйшла на пенсію, замяніла яе ў якасці паштальёна.

— Не паверыце, але людзі спачатку блыталіся, — з усмешкай працягвае суразмоўніца. — Сядзяць, напрыклад, бабулі на лаўцы каля хаты. Адна кажа: паглядзіце — вунь Ева да нас ідзе. Другая адказвае: якая ж гэта Ева, яна ўжо на адпачынку. Гэта Марыя, яе дачка. Яна на пошце маці змяніла.

Падыду, і разам з імі смяемся над такім выпадкам, жартуем. А ўвогуле, аднавяскоўцы, у першую чаргу людзі старэйшага ўзросту, мяне паважаюць. І я ім вельмі ўдзячная за гэта.

Самае прыемнае, што ёсць у нашай рабоце, — гэта магчымасць мець зносіны з шырокім колам людзей. У мяне ледзь слёзы не наварочваюцца, калі бачу, як радуюцца майму прыходу пенсіянеры. І не толькі з-за таго, што ім прыношу пенсіі. Ім так не хапае суразмоўнікаў! Я для іх — адзін з самых чаканых наведвальнікаў. У нейкім сэнсе вясковы паштальён — яшчэ і псіхолаг. Я ўвогуле лічу, што мае землякі — самыя ветлівыя людзі ў краіне.

Раней пошту і пенсіі дастаўлялі на асобныя хутары. Іншым разам прыходзілася ў дзень праходзіць пешшу ад 10 да 20 кіламетраў. Цяпер хутароў няма, і няма ўжо такіх нагрузак на мясцовых паштальёнаў.

Вельмі рада Марыя Іванаўна за дзяцей. Яны ўжо дарослыя. Дачка скончыла медыцынскі ўніверсітэт. Цяпер жыве ў райцэнтры, працуе ўрачом-дыягностам. У яе свая сям'я. Сын — студэнт апошняга курса БНТУ, праз год атрымае дыплом інжынера-механіка.

Задаволеная Марыя Хлуд і працоўным калектывам. У паштовым аддзяленні Вулька-2 жанчыны працуюць утрох. Усе — амаль равесніцы, агульную мову знойдуць заўсёды. Ды і кіраўніцтва да вулькаўскага калектыву ставіцца з павагай. Працуецца, карацей кажучы, з задавальненнем.

— Галоўнае маё жаданне — каб хутчэй скончылася пандэмія, — адзначае Марыя Іванаўна. — Гэтая жудасная хвароба столькі пакут людзям прынесла! А яшчэ — каб жылі беларусы пад мірным небам, каб расцілі дзяцей, каб працавалі спакойна і з задавальненнем...

Застаецца дадаць, што за добрасумленную плённую працу паштальён Марыя Хлуд атрымала падзячнае пісьмо ад Лунінецкага РВПС. А ў 2017 годзе яе партрэт з'явіўся на Дошцы гонару Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта». У 2021 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога філіяла

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва Лунінецкага РУПС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».