Вы тут

Сумясціць будаўніцтва і творчасць? Лёгка!


Другакурсніца Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя Дзіяна КАЛЬКІНА — асоба рознабаковая. Дзяўчына — першая сярод усіх навучэнцаў у вучобе. Сёлета яна атрымала дыплом трэцяй ступені ў конкурсе «Найлепшы навучэнец устаноў прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці» ў намінацыі «За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка-творчай дзейнасці». Наогул, творчасць суправаджае гераіню з самага дзяцінства. Суразмоўніца спявае, арганізоўвае мерапрыемствы, выступае ў ролі вядучай. Нядаўна Дзіяна нават прайшла першы этап перадкастынгу на шоу «Х-Фактар» і атрымала прапанову паспрабаваць сябе ў наступным. Аб сваёй будучай прафесіі і любові да творчасці гераіня расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Вучуся па спецыяльнасці «Аздабленча-будаўнічыя работы», буду тынкоўшчыкам-маляром. Улетку прайшла сваю першую практыку, якая доўжылася тры месяцы. Вырашыла спыніцца на вядомай будаўнічай арганізацыі ў Мінску, вельмі спадабаўся атрыманы вопыт! Спачатку, зразумела, было нязвыкла, аднак прайшоў некаторы час, — і стала ўпэўнена сябе адчуваць сярод больш дасведчаных калег, якія, калі было патрэбна, вельмі мне дапамагалі.

Дзіяна вызначылася з прафесіяй яшчэ дзіцём. Справа ў тым, што ў дзяўчынкі перад вачыма заўсёды быў станоўчы прыклад — яе дзядуля.

— Ён будаўнік. Памятаю, як у маленстве расказваў пра сваю прафесію, і мяне гэта вельмі захапляла. Шчыра кажучы, калі б бацькі мяне не падтрымалі ў свой час, я не рызыкнула пайсці вучыцца па будаўнічай спецыяльнасці. Але сёння з упэўненасцю магу сказаць: зусім не шкадую, што абрала менавіта такі шлях. Цяпер у ліцэі мой сярэдні бал складае 9,5, я вельмі стараюся ўдасканальваць свае навыкі і веды па абранай спецыяльнасці. Падабаецца, што тут да ўсіх нас паважліва ставяцца, адно аднаго падтрымліваюць, у нас вельмі дружная група. Што датычыцца конкурсу, у якім я заваявала дыплом трэцяй ступені, то ў ім удзельнічала другі год. Летась таксама атрымала такі ж вынік. Гэтая ўзнагарода вельмі ганаровая для нашага ліцэя і для мяне асабліва. Падчас этапаў нам трэба было расказаць аб прафесіі, паказаць свае навыкі з дапамогай творчасці. Я сумясціла будаўніцтва і спевы. Рыхтавалася з майстрамі і педагогам-арганізатарам. Увогуле, з дзяцінства ездзіла на школьныя, раённыя конкурсы, без гэтага было б нецікава вучыцца, да чагосьці імкнуцца. Не маю за мэту быць першай, у конкурсах мне падабаецца сама атмасфера.

Самае галоўнае правіла Дзіяны — не сядзець на месцы. «Нядаўна купіла гітару і самастойна авалодваю гэтым майстэрствам. Знаёмлюся з аднадумцамі, пакуль ёсць час перед новым навучальным годам, займаю сябе рознымі хобі па максімуме. Любоў да творчасці пачалася з маленства, калі бацькі аддалі мяне ў музыкальную школу. Хор, сальфеджыа, вакал, фартэпіяна... Праз некаторы час усё гэта стала цяжка сумяшчаць з вучобай у школе, таму сканцэнтравалася толькі на вакале. Кожныя выхадныя ездзіла ў Мінск у студыю, дарэчы, стала дыпламантам першай ступені ў конкурсе Маладзёжнага тэатра эстрады. Цяпер працягваю спяваць. А калі даведалася, што ў сталіцы будзе праходзіць вядомы конкурс «Х-Фактар», вырашыла скарыстацца шанцам, — і ўсё атрымалася, я спадабалася журы.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».